Вы тут

Унікальная экспазіцыя пра Нюрнбергскі працэс працуе ў музі ВАВ


Галоўны судовы працэс мінулага стагоддзя пачаўся 20 лістапада 1945 года. Доўжыўся ён амаль год — апошняе судовае пасяджэнне адбылося 1 кастрычніка 1946-га. Дагэтуль Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу застаецца найбуйнейшай прававой дзеяй прадстаўнікоў розных краін і ідэалогій, якія аб'ядналіся для суда над нацызмам.


Перад суддзямі паўсталі 24 абвінавачаныя — прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва фашысцкай Германіі. 12 падсудных, якіх прызналі вінаватымі ў цяжкіх злачынствах супраць міру і чалавечнасці, прыгаварылі да смяротнага пакарання праз павешанне. Астатніх чакала пажыццёвае зняволенне або працяглыя тэрміны ў турме.

Сведкамі Нюрнбергскага працэсу, хоць завочна і з адтэрміноўкай праз дзесяцігоддзі, прапануюць стаць супрацоўнікі Музея сучаснай гісторыі Расіі, якія прывезлі ў Мінск унікальную экспазіцыю. Больш чым 200 экспанатаў, прадстаўленых на выстаўцы «Нюрнбергскі набат. Без тэрміну даўнасці», якая адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у нашай краіне дэманструецца ўпершыню. Гэта арыгінальныя дакументы, фотаздымкі і прадметы, звязаныя з падрыхтоўкай і ходам судовага працэсу. Некаторыя з іх належалі генерал-маёру юстыцыі, члену Міжнароднага ваеннага трыбунала ў Нюрнбергу Іоне Нікітчанку, а таксама галоўнаму абвінаваўцу ад СССР Раману Рудэнку. Акрамя таго, прадстаўлены замалёўкі, зробленыя падчас працэсу ўдзельнікамі знакамітай групы мастакоў-графікаў і жывапісцаў «Кукрыніксы». Дэманструюцца рэліквіі, якія адлюстроўваюць усю жудасную сутнасць нацысцкіх канцлагераў: асабістыя рэчы дзяцей-вязняў з Майданэка, тканіна, зробленая з валасоў жанчын, якіх закатавалі ў Асвецыме, малюнкі былых вязняў... Калі глядзіш на гэтыя «экспанаты», сціскаецца сэрца, замірае дыханне — становіцца балюча нават дыхаць.

— Суд у Нюрнбергу быў працэсам дакументаў, — заўважае намеснік загадчыка аддзела навукова-асветніцкай работы Музея сучаснай гісторыі Расіі Аляксандр ФРАЛОЎ. — Абвінавачанне падрыхтавала вялізны масіў самых розных матэрыялаў, звязаных са злачынствамі нацыстаў. Перш за ўсё, гэта вынікі працы Дзяржаўнай надзвычайнай камісіі, якая была створана ў СССР у разгар вайны. Камісія сабрала доказы тых жудасных дзеянняў, якія ажыццяўлялі на акупаванай тэрыторыі нацысты. У судовым працэсе ўдзельнічалі краіны-саюзнікі ў Другой сусветнай вайне: СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя. Работа была сумесная, напружаная і карпатлівая. У выніку падчас трыбунала была прадстаўлена такая база абвінавачвання, каб нават праз гады ні ў аднаго са скептыкаў не павярнуўся язык сказаць, што суд пераможцаў над тымі, хто прайграў, быў несправядлівы.

Гэта быў паўнавартасны суд. Падсудныя мелі магчымасць выклікаць сведкаў абароны, адвакаты нацыстаў карысталіся такімі ж правамі, як і астатнія. Дарэчы, колькасць тых, хто ў Нюрнбергу абараняў фашыстаў, была нават большая за прадстаўнікоў абвінавачання ўсіх краін разам узятых. Гэта яшчэ раз сведчыць аб гуманнасці і адкрытасці міжнароднага трыбунала. Красамоўны факт — менавіта Савецкі Саюз выступаў за арганізацыю судовага працэсу над вышэйшымі нацысцкімі злачынцамі, а не за пакаранне без суда, як прапаноўвалі некаторыя нашы саюзнікі.

Больш за тое, усе 403 пасяджэнні былі адкрытыя. Сотні журналістаў з самых розных краін, мастакі, звычайныя грамадзяне мелі магчымасць прысутнічаць у зале суда. У камандзіроўцы ў Нюрнбергу, у прыватнасці, знаходзіліся і знакамітыя карыкатурысты з групы «Кукрыніксы». Яны рабілі замалёўкі акурат у зале суда. Гэтыя карыкатуры таксама прадстаўлены ў прывезенай у Беларусь экспазіцыі. Тут жа — і партрэты сведкаў, якія прысутнічалі на судзе, намаляваныя членам трыбунала ад СССР суддзёй Іонам Нікітчанкам, які сам быў нядрэнным мастаком. Пратаколы допыту сведак, абвінавачаных сведчаць аб тым, што ўсё было падрыхтавана настолькі дакладна, каб у рэшце рэшт ніхто са злачынцаў не мог пазбегнуць адказнасці.

Вельмі свабодна на працэсе адчуваў сябе Герынг: ён увесь час усміхаўся. «Да таго часу, пакуль у залу пасяджэння не ўвялі фельдмаршала Паўлюса, — расказвае дырэктар Музея сучаснай гісторыі Расіі Ірына ВЕЛІКАНАВА. — Да апошняга моманту ўсе думалі, што Паўлюс, які трапіў у палон пад Сталінградам, загінуў. У любым выпадку, усе былі ўпэўненыя: ён не будзе даваць паказанняў супраць Германіі. Аднак гэтага не адбылося. І калі Паўлюсу задалі пытанне, ці былі падставы сцвярджаць, што Савецкі Саюз рыхтуецца напасці на Германію, ён сказаў: «Не, такіх звестак у нас не было». Такім чынам была пастаўлена кропка ў спрэчцы аб тым, ці ў такой жа ступені вінаваты Савецкі Саюз, як і нацысцкая Германія, у развязванні Другой сусветнай вайны».

Яшчэ шмат цікавых фактаў аб трыбунале ў Нюрнбергу можна даведацца падчас знаёмства з экспазіцыяй, якая працуе ў Мінску да 7 лістапада.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?