Вы тут

Выйшла ўнікальнае выданне пра беларускія вадзяныя млыны


Калі ў чалавеку спалучаюцца якасці прадпрымальніка, мецэната і цікаўнага даследчыка, то вынік можа быць вельмі плённы. Добры таму прыклад — асоба Францішка Жылкі. Нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі была прэзентавана яго кніга «Млынарства Беларусі: гісторыя і сучаснасць». Але гэтае выданне — своеасаблівы працяг добрых спраў, якія робіць яе аўтар для нашай краіны і для сваёй малой радзімы ўжо не першы год.


Вадзяны млын у Жодзішках адноўлены дбаннем нашчадка яго гаспадароў.

— Вельмі прыемна ад таго, што ў Беларусі ёсць людзі, якія могуць дасягнуць поспеху ў асабістай справе, зрабіць свой бізнес, але пры гэтым вельмі трапятліва ставіцца да малой радзімы. Стварыць музей побыту, аднавіць млын, пабудаваць капліцу для тых, хто ўжо з прычыны ўзросту не можа трапіць у касцёл... Насамрэч гэта ўсё дарагога варта, — адзначыла падчас прэзентацыі генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава.

Новае прэзентаванае выданне — гэта ўнікальная магчымасць зацікаўленым чытачам паглыбіцца ў гісторыю роднага краю, у гісторыю млынарства. У кнізе сабраны сотні фотаздымкаў тых мясцін, дзе працавалі некалі і захаваліся да сёння вадзяныя млыны. Тут адлюстравана багацце разнастайнай архітэктуры вадзяных млыноў, прыведзены творы мастакоў, змешчаны звесткі пра млыны з архіваў.

— Вадзяныя млыны — эта вельмі важная гісторыка-культурная спадчына Беларусі. Амаль забытая, занядбаная, якая патрабуе сёння пільнай увагі. Таму што, як вядома, млыны (а вадзяныя млыны складалі большасць) на Беларусі з'яўляліся вельмі важнымі не толькі прамысловымі, але і сацыяльна-культурнымі аб'ектамі, дзе людзі збіраліся не толькі зрабіць канкрэтную справу, але і падзяліцца навінамі, абмеркаваць нешта... Я ўспамінаю, калі мае бацькі ехалі на млын, тата збіраўся нібы на свята. Ён рыхтаваўся, бо вёз туды самае дарагое — збожжа, якое ён сам вырасціў, каб дамоў прывезці муку, што стане потым асновай для хлеба, — распавядае старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Да таго ж уладальнікі млыноў заўсёды былі не толькі заможнымі, але і вельмі адукаванымі людзьмі. Яны карысталіся заслужанай павагай сярод аднавяскоўцаў, сярод жыхароў мястэчак, гарадоў. Таму гэтая гісторыка-культурная спадчына патрабуе сёння пільнай увагі. Ёсць яшчэ магчымасць многія млыны аднавіць і ператварыць іх у цікавыя аб'екты для мясцовых жыхароў, для турыстаў. Спадзяюся, што кніга будзе вельмі добрым штуршком і для мясцовых улад, і для краязнаўцаў па аднаўленні і вывучэнні мясцовых млыноў, па стварэнні там турыстычных маршрутаў і новых цікавых аб'ектаў.

Менавіта так аўтар прэзентаванага выдання і зрабіў тады, калі даў «новае жыццё» вадзяному млыну, які некалі належаў яго сям'і. Дзякуючы неабыякавасці і жаданню пакінуць важныя сведчанні мінулага на роднай зямлі Францішак Жылка стварыў Музей вадзянога млына ХVІІІ стагоддзя ў аграгарадку Жодзішкі ў Смаргонскім раёне. Мясціны там маляўнічыя, і гісторыя ў іх цікавая. Жодзішкі размешчаны на беразе ракі Віліі і вядомыя з пачатку ХVІ стагоддзя. Вадзяны млын тут пабудавалі ў 1781 годзе. І сёння кожны наведвальнік ці то з Беларусі, ці то з замежжа можа не толькі ўбачыць яго ў дзеянні, але і здабыць непаўторны вопыт працы на ім. Пры жаданні любы чалавек здольны тут сваімі рукамі змалоць збожжа на муку, з якой потым выпякаецца хлеб... Такое відовішча нікога, мяркую, не пакіне без эмоцый і новых ведаў. Як і кніга аўтара пра млынарства на беларускіх землях. Сам аўтар на прэзентацыі кнігі, дарэчы, таксама згадваў той час, калі прыходзіў на млын шасці-сямігадовым хлопчыкам і заставаўся пад вялікім уражаннем ад таго, як усё там працавала...

— Для мяне было важна зафіксаваць, у якім стане знаходзяцца будынкі млыноў на пачатку ХХІ стагоддзя. Кніжка беларускамоўная, і пры чытанні вы заўважыце, што ў ёй шмат тэхнічнай лексікі, але па-беларуску мне было нават прасцей падабраць патрэбнае слова, — дзеліцца аўтар выдання «Млынарства Беларусі: гісторыя і сучаснасць» Францішак Жылка. — У гэтай кнізе адлюстравана больш за 150 млыноў. І гэта неабавязкова будынкі, могуць быць і падворкі. Бо сёння ёсць розныя варыянты, дзе такія млыны былі. Ёсць млыны, дзе сёння жывуць людзі. Там пад падлогай цячэ вада, але ўмовы для жыцця нармальныя, і вільгаці таксама не адчуваецца. Але ёсць млыны, дзе будынак у добрым стане, і ніхто не можа вырашыць, пад што яго прыстасаваць. А можна было б іх для розных мэт выкарыстаць: для жылля, экспазіцыі цікавыя ладзіць...

Аўтар згадаў і складанасці, што былі падчас яго вандровак-даследаванняў. Прыязджаеш млын шукаць, а няма ў каго пра яго запытаць, бо ўсе хаты пад замкамі. Лёс гаспадароў млыноў для аўтара кнігі — вельмі прыцягальная тэма. Ён успамінае, што заўсёды памятаў дзядулеў млын, а пасля аднойчы адважыўся паабяцаць сваім дзядзькам, што ўратуе яго ад знікнення. І слова сваё стрымаў. А новая кніга — як яшчэ адна цаглінка ў імкненні захаваць гістарычную і культурную спадчыну роднага краю.

— Францішак Жылка падняў у гэтай кнізе цэлы гістарычны пласт, паказаў тую самую эканамічную жылку, якая была ў жыхарах Беларусі ва ўсе часы, прадэманстраваў дух і ролю гаспадарчага збудавання, паказаў гідралагічную ролю самых цікавых аб'ектаў, якія ёсць, — плацін, рэк, азёр, сажалак. Аўтар ацаніў тую гаспадарчую дзейнасць, якая на працягу некалькіх соцень гадоў вызначала напрамак развіцця нашай краіны, — зазначае старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў.

Дарэчы, экзэмпляр кнігі падчас прэзентацыі ўрачыста перадалі і ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Кола млына, плынь гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».