Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Выяўлена яшчэ адна крэпасць Вялікай Кітайскай сцяны

Новыя архітэктурныя каштоўнасці былі знойдзены на руінах замка Цынпінбаа ў правінцыі Шэньсі на паўночным захадзе Кітая. Гэта руіны сярэднявечнага замка, які ўваходзіў у сістэму фартыфікацый Вялікай Кітайскай сцяны.


Пра гэта паведаміла кітайскае агенцтва «Сіньхуа», спасылаючыся на Акадэмію археалогіі Шаньсі. Знаходка адносіцца да перыяду Дынастыі Мінь (1368—1644 гады).

Гаворка ідзе пра два брукаваныя двары крэпасці. Сцены, будынкі і каменны мур добра захаваліся да нашага часу.

Археолагі знайшлі на пляцоўцы і каменную таблічку з запісамі. З іх вынікае, што там раней размяшчаўся храм пад назвай Палац Сяньін. Таксама было знойдзена больш за 30 размаляваных гліняных статуй. Яшчэ адна брукаваная пляцоўка — рэшткі падмурка больш буйнога будынка.

Вялікая Кітайская сцяна даўжынёй 8851 кіламетр і 800 метраў лічылася ўвасабленнем тыранаў, а мясцовыя жыхары мелі магчымасць разбіраць яе па цаглінцы для ўласных патрэб. Таму цяпер вялікая частка гэтай архітэктурнай славутасці проста недаступная для турыстаў з-за свайго аварыйнага стану, прычынай якога таксама былі і прыродныя стыхіі.

Часткі, якія мы звычайна асацыіруем з Вялікай Кітайскай сцяной, былі пабудаваныя дынастыяй Мін. Гэта апошняя частка сцяны, яна зроблена з цэглы і ўмацавана многімі вартавымі вежамі.

Да пандэміі Вялікую Кітайскую сцяну штогод наведвала больш за 10 мільёнаў турыстаў у год.


Навукоўцы знайшлі пяць новых відаў павукоў

Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Арганізацыі навуковых і прамысловых даследаванняў Аўстраліі (CSІRO).

«Цяпер мы можам афіцыйна дадаць пяць новых відаў у доўгі спіс аўстралійскіх павукоў-лазутчыкаў — сваякоў тарантулаў», — распавялі навукоўцы.

Так, павукі-самкі, знойдзеныя ў Брысбене, хрыбце Д'Агілар і ў розных іншых абласцях, аказаліся некалькімі зусім рознымі відамі, новымі для навукі. Гэтыя віды нязначна адрозніваюцца памерам і колерам.

Такім чынам, навукоўцы выявілі Euoplos ravenі і Euoplos schmіdtі з нізінных лясоў даліны Брысбен, Euoplos regalіs з высакагорных трапічных лясоў хрыбта Д'Агілар, Euoplos jayneae з нізінных лясоў раёнаў Саншайн-Кост і Euoplos booloumba з высакагорных трапічных лясоў хрыбта Канандалес.

Гэтыя членістаногія хаваюцца ў норках і зачыняюцца «накрыўкамі» з павуціння і гліны. Па словах навукоўцаў, павукі насяляюць толькі асобныя невялікія тэрыторыяі, таму адкрыццё новых відаў дапамагае захаваць іх папуляцыю.

На дадзены момант навуцы вядомыя больш за 4000 відаў павукоў Аўстраліі, аднак даследчыкі лічаць, што, хутчэй за ўсё, большасць існуючых членістаногіх мацерыка яшчэ невядомыя навуцы.


Лекавае злучэнне — у водарасцях мора

Вучоныя навукова-даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут» правялі даследаванне антыбактэрыяльных уласцівасцяў фукаідану — прыроднага злучэння, вылучанага з бурых водарасцяў Баранцавага мора. Эксперыменты на мікраарганізмах паказалі, што злучэнне падаўляе рост хваробатворных бактэрый больш чым на 90 працэнтаў. Акрамя таго, як мяркуюць навукоўцы, рэчыва можна выкарыстоўваць сумесна з класічнымі антыбіётыкамі, нівеліруючы іх пабочныя эфекты.

Для свайго эксперымента супрацоўнікі Курчатаўскага інстытута разам з калегамі з Мурманскага марскога біялагічнага інстытута сабралі ўзоры водарасцяў з участку дна, які агаляецца падчас адліву, недалёка ад вёскі Церыберка Мурманскай вобласці. Утрыманне ў расліне фукаідану склала 10 працэнтаў. Злучэнне вылучылі з марской флоры пры дапамозе апрацоўкі растворам этылавага спірту і ўздзеяння ўльтрагукам.

Дзеянне атрыманага рэчыва выпрабавалі на 12 бактэрыяльных штамах. Было паказана, што ўсяго 4—6 мг/мл гэтага рэчыва дастаткова для спынення росту бактэрый. Навукоўцы ўстанавілі, што эфект фукаідану паддаецца кантролю з дапамогай правільна падабранай дазоўкі.

Аўтары даследавання адзначаюць патэнцыял фукаідану для шырокага спектра медыцынскага прымянення. Ён можа аказацца перспектыўным не толькі для стварэння новых антыбактэрыяльных прэпаратаў, але і для лячэння анкалогіі і іншых захворванняў. Злучэнне добра паказала сябе ў якасці сродку, які стрымлівае рост ракавых пухлін у жывёл. Акрамя таго, раней тая ж група навукоўцаў Курчатаўскага інстытута сумесна з супрацоўнікамі НДІ хуткай дапамогі імя Джанелідзэ правяла выпрабаванні, у якіх фукаідан выкарыстоўваўся для лячэння апёкаў у пацукоў. Пры нанясенні на раны прэпаратаў, прыгатаваных з бактэрыяльнай цэлюлозы, якую дадаткова насычалі растворам фукаідану, апёкі загойваліся значна хутчэй, чым без выкарыстання гэтага злучэння.


Пералічаны здольныя падоўжыць жыццё прадукты

Высокі ўзровень тлустых кіслот амега-3 у арганізме дабратворна ўплывае на агульны стан арганізма, а таксама павялічвае працягласць жыцця. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, праца якіх апублікавана ў часопісе Amerіcan Journal of Clіnіcal Nutrіtіon.

Паводле вынікаў даследавання, амега-3 аказваюць станоўчае ўздзеянне на работу сардэчнай сістэмы, а таксама спрыяюць зніжэнню запаленняў. Пры гэтым было ўстаноўлена, што людзі, у якіх у крыві выяўлена павышанае ўтрыманне амега-3, жывуць на пяць гадоў даўжэй.

Навукоўцы падкрэсліваюць, што ўзровень дадзеных рэчываў у арганізме з'яўляецца не менш істотным фактарам, які ўплывае на даўгалецце, чым курэнне.

Спецыялісты рэкамендуюць узбагаціць рацыён прадуктамі, якія змяшчаюць амега-3. Да іх адносіцца ласось, насенне лёну, палтус, тунец, макрэль, насенне чыа.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.