Вы тут

Восеньскае абвастрэнне


Гэтым разам абудзіліся еўрадэпутаты. Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў ЕС «узмацніць адрасныя эканамічныя санкцыі з акцэнтам на ключавыя сектары эканомікі Беларусі». У прыватнасці, прапануецца ўвесці абмежавальныя меры ў дачыненні да чорнай металургіі, вытворчасці або апрацоўкі дрэва, хімічнай прамысловасці, а таксама да ўсіх дзяржаўных банкаў і ключавых кампаній, напрыклад, «Беларуськалій» і «Белтэлекам». Таксама дэпутаты запатрабавалі ўвядзення дадатковых мер супраць Расіі, калі яна працягне падтрымліваць Мінск. У дакуменце Еўрапарламент таксама перасцярог Расію і Беларусь ад працягу перагавораў аб большай інтэграцыі.


Вядома, чулі мы такое, і неаднойчы. І ведаем, якім чынам тут дзейнічаць. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае не драматызаваць сітуацыю з заходнімі санкцыямі. Пра гэта ён заявіў на нарадзе аб процідзеянні санкцыйным мерам. «Мы ўжо прывыклі да розных санкцый, не першы раз з імі сутыкаемся. Чарговыя спробы абмежаваць і запалохаць нас працуюць супраць бізнесу і эканомікі той краіны, якая ўводзіць санкцыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ўжо адчулі на сабе і Прыбалтыйскія краіны, і Польшча, і Украіна. Мы па многіх каналах падтрымліваем кантакты з прадстаўнікамі гэтых дзяржаў, і яны ў адзін голас пра гэта гавораць. Ды і не толькі яны».

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь геаграфічна знаходзіцца не дзесьці ў кутку планеты або якога-небудзь рэгіёна, а на самым скрыжаванні. «І закрыць краіну, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, немагчыма. Гэта вар'яцтва», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам на знешніх рынках. «Мы асабліва ўважліва глядзім на Афрыканскі і Азіяцкі рэгіёны, дзе жыве 5,5 мільярда чалавек — 70 працэнтаў насельніцтва», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяперашняя сітуацыя для Беларусі — гэта выклік, пэўны выхад з зоны камфорту. «Але ў той жа час гэта момант адкрыць новыя магчымасці, мабілізавацца і дасягнуць выніку, нягледзячы ні на які націск», — сказаў ён.

Яскравае пацвярджэнне — сітуацыя ў айчынным аграпрамысловым комплексе, адным з відавочных драйвераў беларускай эканомікі, у тым ліку і на экспартным кірунку. Беларускія сельгасвытворцы і перапрацоўшчыкі плануюць перавысіць паказчык у 6 мільярдаў долараў харчовага экспарту. Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканала СТВ намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў. Па яго словах, за 8 месяцаў гэтага года Беларусь экспартавала ў розныя краіны сваю сельгаспрадукцыю на $4,1 млн. Гэта на 10,8 працэнта больш, чым летась.

Адносна магчымага ўплыву еўрапейскіх санкцый намеснік міністра адзначыў, што Беларусь даўно «дыверсіфікавала свой знешнегандлёвы пакет такім чынам, каб немагчыма было нейкай краіне супраць нас нешта зрабіць». «І ніякія санкцыі на нас не паўплываюць», — перакананы Аляксей Багданаў. Ён прывёў характэрную статыстыку: пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання ў ЕС узраслі на 43 працэнты. Акрамя таго, цяпер актыўна развіваецца напрамак краін СНД, азіяцкі вектар. У гэтым годзе, у параўнанні з мінулым, на 40 працэнтаў дадаў экспарт у Кітай (пастаўлена на 216 мільёнаў долараў).

Пакуль складана сказаць, калі Еўрасаюз супакоіцца, яны не могуць саступіць, бо ўкладзена шмат сіл і сродкаў. Такое меркаванне ў эфіры «Альфа Радыё» выказаў палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, каментуючы санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі. «Будзе і пяты, і шосты пакет санкцый. Яны не могуць саступіць, бо ўкладзена шмат сіл і сродкаў. Тут яшчэ і маральны момант, бо Аляксандр Лукашэнка мокрай пальчаткай адхвастаў па мардасах глабальную еўрапейскую вярхушку. Прычым некалькі разоў: і ў сітуацыі з каранавірусам, і пры падаўленні каляровай рэвалюцыі, і калі з самалёта канфіскавалі бандыта Пратасевіча, і ў нядаўнім інтэрв'ю журналісту CNN. Прэзідэнт зараз настолькі моцны, як у свае лепшыя маладыя гады. Ён неаднаразова казаў, што будзе сыходзіць, і я перакананы, што, калі настане гэты момант, вялікая колькасць людзей будзе ўпрошваць Лукашэнку застацца», — падкрэсліў эксперт. Аляксандр Шпакоўскі адзначыў, што Беларусь будуць яшчэ не раз спрабаваць караць, аднак цяпер задача дзяржавы заключаецца ў выбудоўванні схем, якія дапамогуць пазбегнуць негатыўных наступстваў ад санкцый. Акрамя таго, важна пераарыентавацца на тых партнёраў, якія гатовыя працаваць з нашай краінай.

Палітолаг Вадзім Баравік таксама звярнуў увагу на работу беларускай эканомікі ў перыяд санкцый: Захаду не ўдалося дабіцца чаканага эфекту. «Мы, з аднаго боку, развіваемся дзякуючы таму, што маем досвед работы ў перыяд санкцый. Бо мы ўвесь час пад санкцыямі. Па-другое, мы праяўлялі ўменне трымаць сябе ў руках і ўменне лавіраваць. Мы ўмеем эфектыўна ў перыяд санкцый перабудоўваць гандлёва-эканамічныя ланцужкі, прапрацоўваць юрыдычныя схемы, каб нашы тавары трапілі на рынкі», — заявіў Вадзім Баравік.

Рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі накіравана на расхістванне нашых адносін з Расіяй. Пра гэта ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў палітолаг Аляксей Дзермант. Паводле яго слоў, на Захадзе лічаць, што іх саюзы правільныя, у іх дэмакратыя, а ўсім астатнім аб'ядноўвацца нельга. «Пагардлівы падыход у адносінах да ўсіх астатніх. Вядома, з такімі ўстаноўкамі яны не тое што з суседзямі нармальных адносін не будуць мець, але і ўнутры. Усе бачаць, што Еўрасаюз далёка не ідэальны і не з'яўляецца эталонам інтэграцыйных аб'яднанняў, там ёсць сур'ёзныя супярэчнасці. яны бачаць канкурэнтаў у іншых і ставяцца да іншых эгаістычна і непаважліва. Нам, калі мы лічым сябе самастойнымі, ганарымся і шануем свой суверэнітэт, трэба думаць пра свае інтарэсы і выгаду. Мы гэтую цікавасць бачым у саюзе з Расіяй, што апраўдана, лагічна і даказана часам», — падкрэсліў палітолаг.

Прыняцце Еўрапарламентам рэзалюцыі, якая асуджае інтэграцыю Расіі і Беларусі, з'яўляецца беспрэцэдэнтным прыкладам умяшання ў справы суверэнных дзяржаў. Пра гэта заявіў ТАСС дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. Паводле яго слоў, грамадзяне дзяржаў Еўрапейскага саюза, якія абралі дэпутатаў Еўрапарламента, маюць права чакаць ад іх вырашэння вострых, актуальных праблем, якія хвалююць мільёны жыхароў 27 краін кантынента.

Паводле яго слоў, «у Страсбургу быццам не заўважаюць знешніх выклікаў і пагроз сучаснага свету — COVІD-19, тэрарызму і пытанняў кібербяспекі, міграцыйнага крызісу, супярэчнасцяў у рэалізацыі глабальнай Праграмы ўстойлівага развіцця, прапанаванай ААН, шматлікіх іншых праблем і супярэчнасцяў». Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы адзначыў, што прыняцце Еўрапарламентам гэтай рэзалюцыі не зможа негатыўна паўплываць на перагаворы аб інтэграцыі. «Наіўна лічыць, што прыняты Еўрапарламентам дакумент нейкім чынам можа затармазіць перагаворны працэс, які паспяхова вядзе Беларусь і Расію па эканамічным інтэграцыйным парадку дня, як і негатыўна паўплываць на ўзаемадзеянне паміж Масквой і Мінскам на карысць умацавання рэгіянальнай бяспекі і абароннага патэнцыялу», — заявіў Дзмітрый Мезенцаў.

Уменне абараніць свой суверэнітэт і засцерагчы жыццё грамадзян — найвышэйшая мэта любой дзяржавы. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БелТА падзяліўся загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін. «Беларуская мадэль развіцця вытрымала сусветныя сістэмныя трансфармацыі. Прэзідэнт Беларусі, не звяртаючы ўвагі на палітычную істэрыку, ціск і санкцыі, у спакойным дзелавым рэжыме працягвае працаваць у адпаведнасці з Канстытуцыяй над жыццёва важнымі для беларускага народа пытаннямі: канстытуцыйная мадэрнізацыя, бяспека, эканамічная эфектыўнасць і рэалізацыя саюзных праграм, якасць жыцця грамадзян, даступнасць сацыяльных паслуг і гарантый. Беларусь навучылася трымаць удар», — заўважыў эксперт. І ўпарта працаваць.

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».