Вы тут

Міхаіл Ісакоўскі: шэсць лістоў да Петруся Броўкі


У гісторыі літаратурных стасункаў Беларусі і Расіі асоба рускага савецкага паэта Міхаіла Васільевіча ІСАКОЎСКАГА (1900 — 1973), які нарадзіўся на беларуска-расійскім памежжы, у Ельнінскім павеце Смаленскай губерні, займае адметнае месца. Першы яго зборнік вершаў выйшаў у 1927 годзе — «Правады ў саломе» і надзвычай спадабаўся Максіму Горкаму. Класік пралетарскай літаратуры паспрыяў у некаторай ступені творчаму, грамадскаму, жыццёваму станаўленню Міхаіла Ісакоўскага. 


Ужо ў 1930-я гады песні на словы смаленскага паэта спявалі па ўсіх прасторах Савецкага Саюза. Міхаіл Васільевіч актыўна супрацоўнічаў з Хорам імя Пятніцкага. А ў Вялікую Айчынную вайну паўсюль гучала ісакоўская «Кацюша». Дарэчы, згодна назве песні байцы назвалі імем «Кацюша» самую грозную зброю — рэактыўныя гвардзейскія мінамёты. Вяршыняй песеннай творчасці М. Ісакоўскага лічыцца песня «Ворагі спалілі родную хату». 

І ва ўсе гады сваёй творчай парцы Міхаіл Васільевіч Ісакоўскі быў уважлівы як перакладчык да беларускай паэзіі. У арсенале яго перастварэнняў з беларускай мовы — паэтычныя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Адама Русака... Часам у гэтых клопатах узнікалі і непаразуменні. Як і ў выпадку з песняй «Бывайце здаровы» Адама Русака, якую доўгі час лічылі ці то рускай народнай песняй ці то песняй на словы Міхаіла Ісакоўскага... 

Асаблівае сяброўства звязвала лаўрэата дзвюх Сталінскіх прэмій, Героя Сацыялістычнай Працы Міхаіла Ісакоўскага з народным паэтам Беларусі, лаўрэатам дзвюх Сталінскіх прэмій, лаўрэатам Ленінскай прэміі, Героем Сацыялістычнай Працы Петрусём Броўкам ( 1905 — 1980). 

Захаваліся лісты Міхаіла Васільевіча да беларускага мастака слова. Іх шэсць, калі меркаваць па апошняму, пятаму, тому Збора твораў М. Ісакоўскага ў пяці тамах. Магчыма, перапіска была шмат шырэйшая, але вось вядома пра шэсць лістоў, якія даволі выразна падкрэсліваюць і характар зносін, і дапаўняюць у некаторй ступені партрэт самога Ісакоўскага. 

20 лістапада 1952 года:

«Дарагі Пётр Усцінавіч! 

Памятаючы нашу размову ў Мінску, я, як казалі раней на вёсцы, „падняў кнігі“ і адшукаў некаторыя Вашы вершы ў сваім перакладзе. Усяго я знайшоў тры вершы, якія Вам і адпраўляю. Гэта: 

1. „Раскрой, история, листы“ (урывак) — выразка з „Литературной газеты“ за 9 ліпеня 1936 г.,

2. „На Новый год“ — выразка з газеты „Правда“ за 1 студзеня 1946 г. і 

3. „Сыны“ — надрукаваны ў маім двухтомніку ў раздзеле „Пераклады“. 

Памятаецца, я перакладаў нешта яшчэ, але мне, аднак, не ўдалося адшукаць ніякіх слядоў гэтых другіх перакладаў. 

Увогуле, дасылаю тое, што маецца. 

Карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз падзякаваць Вас і ўсіх беларускіх пісьменнікаў за той прыязны прыём, які нам быў аказаны ў Мінску, за тыя турботы, якія былі праяўлены ў адносінах да нас. 

А адносна аўтамашыны хачу Вам сказаць наступнае: справу гэту, можа быць, варта пачаць, але хіба толькі пры адной умове, калі яна не нагэтулькі складаная і калі яна не прынясе Вам асаблівых клопатаў. А то мне проста няёмка. 

Яшчэ раз вялікі Вам дзякуй. 

Моцна цісну руку. 

М. Ісакоўскі». 

Відавочна, што ў 1952 годзе аўтар «Кацюшы» і перакладчык «Сымона-музыкі» Якуба Коласа прыязджаў у Мінск на юбілей народнага песняра Беларусі. І як тут не згадаць тое, што ў 1930-я гады, сутыкнуўшыся як перакладчык з адным старым вершам Якуба Коласа, Міхаіл Васільевіч паспяшаўся давесці — пісьмова! — да «патрэбных вушэй» нацыяналістычны характар твора класіка беларускай літаратуры. Сам добра не разабраўшыся, калі той верш быў напісаны і што ў ім мелася на ўвазе... 

У Мінску сярод коласаўскіх гасцей быў і другі смаленскі паэт — Мікалай Рыленкаў. Гэта ў яго ў лісце ад 21 лсітапада 1952 г. М. Ісакоўскі пытаецца: «Як ты даехаў з Міснка? Мы спалі, як суслікі, і не бачылі, як ты выйшаў у Смаленску...» Міхаіл Васільевіч сустракаўся ў Міснку і з Аркадзем Куляшовым — у той час ён перакладаў паэму беларускага творцы «Граніца». 

З ліста рускага паэта ад 25 студзеня 1957 года:

«Дарагі Пётр Усцінавіч!

Я атрымаў ліст ад Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР (пісьмо, якое падпісаў ты). У ім заключаецца просьба пра тое, каб я напісаў успаміны пра Якуба Коласа. 

Справа гэтая сапраўды добрая і станоўчая. 

Аднак па цэламу шэрагу прычын (няма сэнсу тлумачыць іх тут) узяцца за ўспаміны ў бліжэйшы час, на жаль, не змагу. Можа быць, зраблю гэта пасля, але зараз ніяк нічога не выйдзе пры ўсёй маёй любові і павазе да пакойнага Канстанціна Міхайлавіча. 

Але паколькі ты сваім пісьмом нагадаў мне пра Канстанціна Міхайлавіча, то я, карыстаючыся выпадкам, хачу выканаць адзін свой доўг па адносінах да пакойнага. У мяне ёсць некалькі пісьмаў, атрыманаых ад Канстанціна Міхайлавіча. Зараз я іх адшукаў і высылаю табе як Старшыні Дзяржаўнай камісіі па літаратурнай спадчыне Якуба Коласа. 

Усяго я пасылаю шэсць пісьмаў. Перадай іх куды трэба. 

Было б добра, калі б узамен арыгіналаў мне даслалі фотакопіі гэтых пісьмаў. Але калі зрабіць гэта нельга ці цяжка, то не трэба. Толькі б пісьмы былі цэлыя. 

Па-сяброўску цісну тваю руку. 

М. Ісакоўскі». 

Цікава, ці думаў тады Міхаіл Васільевіч пра даўні «перакладчыцкі» інцыдэнт?.. Ці ўспамінаў пра яго як пра нешта прыкрае і сарамлівае..? У 1962 годзе, 10 листапада, Міхаіл Ісакоўскі да 80-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа надрукаваў артыкул «Сіла яго слова» у «Литературной газете». А што да перапіскі з Коласам, то яна ўзнікла ў 1935 годзе, калі Ісакоўскі рэдагаваў «Выбраныя вершы» беларускага песняра ў перакладзе на рускую мову. Пісьмы Міхаіла Васільевіча да Коласа загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. 

...26 мая 1961 года М. Ісакоўскі піша свайму беларускаму сябру — Петрусю Броўку:

«Дарагі Пётр Усцінавіч! 

З вялікім спазненнем атрымаў я твой ліст-запрашэнне прыехаць у Мінск для ўдзелу ў Тыдні рускай літаратуры. (Пісьмо праляжала доўга ў Маскве, куды я не ездзіў з лецішча цэлы тыдзень.)

Вельмі ўдзячны табе за сяброўскае запрашэнне. Але, як бачыш, зараз ужо паехаць нельга — позна. Ды і адчуваю я сябе няважна асабліва дрэнна з вачыма). Таму я наўрад ці змог бы паехаць, калі б нават і пісьмо тваё патрапіла мне ў рукі своечасова. 

А за запрашэнне, за памяць яшчэ раз дзякуй. 

Антаніна Іванаўна шле табе і Алене Міхайлаўне вялікае-вялікае прывітанне. Алене Міхайлаўне перадавай таксама прывітанне і ад мяне. 

Будзеце ў Маскве — не мінайце нашай хаты. 

Моцна цісну руку. 

М. Ісакоўскі».

Крыху болей як праз тыдзень Міхаіл Васільевіч ізноў піша ў Мінск: 

«Дарагі Пётр Усцінавіч!

Ты, пэўна, атрымаў мой ліст і ніяк не можаш зразумець, у чым справа. Я і сам толькі сёння ўбачыў, што напісаў табе бязглуздзіцу. 

У тваім лісце было сказана, што з 22 па 29 ліпеня ў Мінску будзе праходзіць Тыдзень рускай літаратуры. На яго ты і запрашаў мяне. А я адказаў, што ліст твой прыйшоў вельмі позна. Усё адбылося таму, што я прачытаў чамусьці не „ліпеня“, а „мая“. Адным словам, пераблытаў. 

Не ведаю, ці змагу я прыехаць у Мінск у ліпені. Але калі будзе хоць нейкая магчымасць, абавязкова прыеду. 

Яшчэ раз дзякуй за запрашэнне. Антаніна Іванаўна просіць перадаць прывітанне Алене Міхайлаўне і табе. Кланяйся Алене Міхайлаўне таксама і ад мяне. 

Усяго табе добрага!

М. Ісакоўскі». 

...У студзені 1962 года Міхаіл Васільевіч пераклаў і два вершы Пятра Броўкі. Адзін зх іх «Александрына» — твор, які Броўка адрасаваў актрысе Зінаідзе Канапельцы. Зараз у інтэрнэце, звязаўшы пошук з песняй «Александрына» у выкананні легендарных «Песняроў» (яны ж яшчэ на пачатку 1970-х спявалі броўкаўскую «Александрыну» па-беларуску), можна знайсці не адзін пераклад цудоўнага верша... Не ўсе перакладчыкі, мусіць, чыталі ісакоўскае пераўвасабленне. Прывяду хаця б пачатак:

Не позабыть мне песню далекой той весны:

«По Муромской дороге стояли три сосны...»

Бродили мы и пели, и с песней ты цвела. 

Александрина, помнишь, какая ты была!..

З ліста М. Ісакоўскага ад 24 студзеня 1962 года:

«Дарагі Пятрусь!

Дасылаю табе свае пераклады двух тваіх вершаў („Камунары жывуць“ і „Александрына“). 

Канешне, я мог бы іх даслаць у якую-небудзь рэдакцыю, але мне гэта цяжка зрабіць без размовы з табою, без твайго дазволу, бо я не ведаю тваіх планаў, не ведаю, дзе ты іх разлічваеш надрукаваць.

Я некалькі запазніўся з перакладамі — ізноў захварэў і давялося некаторы час праляжаць. Вось бачыш, які ў мяне ненадзейны ўзрост. 

Антаніна Міхайлаўна просіць перадаць табе і Алене Міхайлаўне вялікае-вялікае прывітанне. Я таксама далучаюся да яе. 

Прыедзеш у Маскву (а гэта, верагодна, будзе хутка), не мінай нашай хаты. 

Моцна цісну руку. 

М. Ісакоўскі». 

Болей цікавым падаецца ліст Міхаіла Ісакоўскага да беларускага паэта ад 23 снежня 1969 года.

«Дарагі Пятрусь! 

І Антаніна Іванаўна, і я з вялікім сумам даведаліся, што цябе паклалаі ў бальніцу. Мы толькі спадзяёмся(а гэта так, відаць, і ёсць), што паклалаі цябе ненадоўга, паклалі толькі для абследвання, ну, заадно, канешне, ты для некаторага лекавання і што хутка ты з бальніцы выйдзеш і мы ізноў сустрэнемся з табою. Ва ўсялякім выпадку, мы табе шчыра ждаем, каб ты як мага хутчэй апынуўся „на волі“. 

Што датычыць нас, то мы, як ты гэта ведаеш і сам, знаходзімся ў санаторыі імя Герцэна. Усё тут ідзе ціха, мірна, размерана. Я ўсё яшчэ ніяк не магу навучыцца спаць. Некаторую ноч сплю добра, а то здараецца і вачэй не прыжмуру да раніцы. І гэта вельмі пакутлівы стан. 

Ты ведаеш, Пятрусь, я ў апошні час чамусьці ўсё часцей ўспамінаю даўно мінулыя гады і, у прыватнасці, тыя, калі ўпершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурай і з беларускімі пісьменнікамі. Зараз я ведаю многіх беларускіх пісьменнікаў, але для мяне па-ранейшаму беларуская літаратура складаецца з Янкі Купалы, з Якуба Коласа, з цябе, з Куляшова, з Глебкі. Але ні Янкі Купалы, ні Якуба Коласа, ні Глебкі ўжо няма. Атрымліваецца, для мяне застаўся толькі ты ды яшчэ Куляшоў. Астатнія неяк не даходзяць да мяне, я, разумееш, не адчуваю іх. Таму ты мне асабліва дарагі. Вось чаму я не хачу, нават не, не хачу, а прагну і жадаю каб ты хутчэй выйшаў з бальніцы, каб усё ў цябе было добра. 

Хутка наступіць Новы 1970 год. І Антаніна Іванаўна і я шчыра віншуем цябе з Новым годам і жадаем табе, каб у Новым годзе ты рашуча і смела падняўся з бальнічнага ложка і каб табе не пагражалі болей ніякія хваробы — ні вялікія, ні малыя. 

Будзь здаровы, дарагі Пятрусь. Моцна цябе абдымаем. 

Твой Ісакоўскі.

Санаторый ім. А. І. Герцэна. 

P. S. Дарагі Пятрусь! Калі ў Алены Міхайлаўны не будзе атрымлівацца ў Маскве з жыллём, то ведай, што яна заўсёды можа разлічваць на пакой у нас. 

М.І.»

Гэта апошні з вядомых лістоў М. Ісакоўскага да народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі. На крайні выпадак, калі меркаваць па пятаму, «эпісталярнаму», тому пяцітомніка Збору твораў рускага паэта. Але, улічваючы, як ашчадна Міхаіл Васільевіч ставіўся да ўласнага зроку, якія меў праблемы з вачыма з самага дзяцінства, можна здагадацца, што лісты ў Зборы твораў сабраны досыць поўна. Аснову, дарэчы, складаюць пісьмы да Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага ( з 1938 па 1971 гг.). Пра Броўку Міхаіл Ісакоўскі згадвае і ў лістах да А. Твардоўскага. 

Памёр Міхаіл Васільевіч Ісакоўскі 20 ліпеня 1973 года. Пятрусь Броўка перажыў свайго таварыша па літаратуры на некалькі гадоў і пайшоў з жыцця 24 сакавіка 1980 года. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».