Вы тут

«Гэта падобна да прыняцця новай Канстытуцыі». У Лукашэнкі абмеркавалі карэкціроўку Кодэкса аб адукацыі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па абмеркаванні пытанняў заканадаўчага ўдасканалення нацыянальнай сістэмы адукацыі, перадае БелТА.


Абмеркаваць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі і змяненні ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы дамовіліся яшчэ 24 жніўня на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Праект кодэкса быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні і падрыхтаваны да разгляду ў другім.

Па даручэнні Прэзідэнта на нараду запрошаны прадстаўнікі нацыянальнай сістэмы адукацыі, як тэарэтыкі, так і практыкі, а таксама эксперты. «Правільна, што тут прысутнічаюць спецыялісты з рэгіёнаў, у тым ліку з глыбінкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разгляд найбольш важных актаў заканадаўства ў шырокім коле ў Прэзідэнта даўно стаў традыцыяй. «Карэкціроўка кодэкса і правіл прыёму ў адукацыі накшталт прыняцця новай Канстытуцыі — толькі, зразумела, у гэтай сферы. Нам і нашым дзецям па іх жыць, вучыцца і працаваць. І галоўнае пры гэтым не нашкодзіць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за апошнія гады ў краіне многае зроблена ў сістэме адукацыі: створана неабходная заканадаўчая база, забяспечваецца стабільнае фінансаванне, навучэнцам і педагогам аказваецца сацыяльная падтрымка.

«І аддачу ад гэтага мы бачым. Вялікіх прэтэнзій да галіны няма. Сведчаннем таго з’яўляюцца ўмацаванне пазіцый нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі на міжнародным узроўні, рост колькасці замежных грамадзян, якія выказваюць жаданне вучыцца ў нас, перамогі нашых дзяцей на міжнародных алімпіядах. Беларускіх выпускнікоў гатовы пасля ВНУ забраць да сябе многія замежныя кампаніі, і ў тым ліку за мяжой», — заявіў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць далейшага павышэння даступнасці і якасці адукацыйных паслуг.

Плануемыя новаўвядзенні былі падрабязна абмеркаваны на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Паралельна праводзіліся грамадскія абмеркаванні і дыялогавыя пляцоўкі, на якіх не толькі прапрацоўваліся прапанаваныя Міністэрствам адукацыі навелы, але і фіксаваліся ініцыятывы ад педагогаў, бацькоў, усіх зацікаўленых.

«Словам, нібыта аб’ёмная работа праведзена. Хацелася б даведацца, ці ўсе прапановы ўлічаны ў ходзе падрыхтоўкі кодэкса і правіл прыёму. Калі не, то чаму? Мы разумеем, што свет мяняецца вельмі хутка і наша сістэма адукацыі павінна таксама аператыўна прыстасоўвацца да павеваў часу», — падкрэсліў беларускі лідар.


Лукашэнка назваў галоўнае патрабаванне да сістэмы адукацыі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свет мяняецца вельмі хутка і нацыянальная сістэма адукацыі павінна гэтак жа аператыўна прыстасоўвацца да павеваў часу. «І галоўнае маё патрабаванне як кіраўніка дзяржавы — справядлівае стаўленне да кожнага чалавека, забеспячэнне роўных магчымасцей для атрымання адукацыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вось у плане справядлівасці тут ужо нікуды не дзенешся. Гэта першыя крокі нашых будучых грамадзян. Таму гэтыя першыя крокі павінны быць сумленнымі, прыстойнымі і справядлівымі, у абстаноўцы сумленнасці і справядлівасці».

Прэзідэнт заявіў, што хацеў бы пачуць пазіцыю кожнага ўдзельніка нарады адносна прапанаваных навацый. Не менш актуальнае, паводле яго слоў, пытанне: наколькі гатова беларуская сістэма адукацыі да новых падыходаў, якія закладваюцца ў кодэкс і правілы прыёму. «Што яны дадуць краіне, вучням, педагогам? Ці не будзе гэта новаўвядзеннем дзеля новаўвядзення? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Напрыклад, хацелася б больш падрабязна пачуць аб увядзенні нацыянальнага дзяржаўнага экзамену, пашырэнні мэтавай падрыхтоўкі. Ці будзе пры такім падыходзе забяспечаны абазначаны мною прынцып?»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за гэтымі змяненнямі важна не страціць магчымасць убачыць кожнага абітурыента. «Давайце вызначымся, як мы будзем прымаць у ВНУ людзей: або мы захаваем цяперашнюю сістэму, што прасцей за ўсё, або ж мы яе істотна мадэрнізуем. Мяне насцярожвае толькі адно: за гэтым цэнтралізаваным тэсціраваннем не заўсёды бачым чалавека. Гэта небяспечна», — лічыць Прэзідэнт.

«Я хачу вас сарыентаваць на шчыры дыялог, паколькі ў сістэме адукацыі дробязей не бывае. Справа ў тым, што мы ўжо не можам дапусціць ніякіх памылак. Сістэма вызначае ў тым ліку развіццё эканомікі краіны, яе ўстойлівасць да сусветных выклікаў. А гэта ўжо пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І яшчэ раз: школа павінна быць школай — гэта храм. Усё гэта ў кодэксе павінна быць адлюстравана».


Прынцыпы дзяржпалітыкі ў адукацыі дапоўняць інклюзіяй і абавязковай агульнай сярэдняй адукацыяй

Ігар Карпенка нагадаў, што праект новай рэдакцыі кодэкса прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне і разгледжаны дэпутатамі ў першым чытанні.

У дакуменце, у прыватнасці, карэкціруюцца нормы, якія датычацца агульных пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі. «Прапануецца іншае азначэнне самой адукацыі. Яе мэтай становіцца не толькі рознабаковае развіццё асобы навучэнца, але і фарміраванне ў яго кампетэнцый, пад якімі разумеецца здольнасць ажыццяўляць дзейнасць у адпаведнасці з атрыманай адукацыяй», — сказаў міністр.

Прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі дапоўнены інклюзіяй і абавязковасцю агульнай сярэдняй адукацыі. «Інклюзіўная адукацыя ўлічвае індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца, а не толькі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, як гэта было раней, — растлумачыў Ігар Карпенка. — Абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі дэ-юрэ замацавала на практыцы тое, што ёсць цяпер: усе выпускнікі дзявятых класаў атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю або ў школе, або ў сістэме прафесійна-тэхнічнай, або сярэдняй спецыяльнай адукацыі».

Навацыяй таксама з’яўляецца рэалізацыя адукацыйных праграм у сеткавай форме: гэта прадугледжвае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі паміж сабой і іншымі арганізацыямі з выкарыстаннем іх рэсурсаў і матэрыяльна-тэхнічнай базы.


Каментарый у тэму

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі і правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ канцэптуальна падтрыманы. Пра гэта міністр адукацыі Ігар Карпенка распавёў журналістам па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, дзе разглядаліся адпаведныя пытанні, перадае БелТА.

«Як і дамаўляліся на Рэспубліканскім педагагічным савеце, што да разгляду ў другім чытанні (праект кодэкса падрыхтаваны да разгляду ў другім чытанні ў парламенце. — Заўвага. БелТА) правядзем нараду ў кіраўніка дзяржавы па Кодэксе аб адукацыі. І паралельна разгледзелі пытанне аб змене правілаў прыёму ў вышэйшыя навучальныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, якія таксама ўвязаны з навэламі кодэкса, — адзначыў міністр. — у цэлым кодэкс і правілы прыёму канцэптуальна падтрыманы. Нам даручана ў профільнай камісіі ў рамках рабочай групы яшчэ раз паглядзець на кодэкс пры падрыхтоўцы да другога чытання. Ёсць некаторыя тэхнічныя праўкі, якія ў бліжэйшы час мы адрэгулюем. А ў цэлым кодэкс гатовы да разгляду. Правілы прыёму фактычна сёння ўжо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі. І ў бліжэйшы час будуць унесены кіраўніку дзяржавы ў выглядзе адпаведнага ўказа на падпісанне».

Што тычыцца перспектыў канчатковага прыняцця новай рэдакцыі кодэкса, Ігар Карпенка адзначыў, што тут справа за дэпутатамі. Мінадукацыі ў цесным кантакце працуе з дэпутацкім корпусам. Да другога чытання яшчэ раз будзе прааналізавана і дашліфавана шэраг навацый. «Кодэкс — 297 артыкулаў. Больш за 200 розных прапаноў, якія былі ўлічаны і ўносяцца. І 17 новых артыкулаў з’явілася. То бок, гэта даволі аб’ёмны дакумент», — расказаў міністр.

Пасля прыняцця ў другім чытанні ў Палаце прадстаўнікоў дакумэнт будзе накіраваны ў Савет Рэспублікі на адабрэнне і затым ужо паступіць на подпіс Прэзідэнту. «Пасля гэтага кодэкс уступіць у сілу. Там ёсць пераходныя артыкулы, з якога перыяду ён уступае ў сілу. Спадзяемся, што да канца гэтага года мы кодэкс разгледзім і паспрабуем разам з дэпутацкім корпусам пакласці яго на подпіс кіраўніку дзяржавы», — дадаў Ігар Карпенка.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.