Вы тут

Будзем рэзаць? У якіх выпадках варта выдаляць адэноіды


Вірусы і мікробы трапляюць у арганізм перш за ўсё праз нос або рот. І хто гэтых прышэльцаў сустракае на ўваходзе? У роце — нёбныя міндаліны (але цяпер не пра іх гаворка), у глыбіні носа — глоткавыя міндаліны (адэноіды). Калі яны здаровыя, то атака прышэльцаў арганізму не страшная, і гэта ўварванне выкліча толькі невялікі насмарк, але інфекцыя далей не пройдзе. Іншая справа, калі дрэнная экалогія, алергія, спадчыннасць і частыя прастуды прывялі да паталагічнага разрастання адэноідаў. У гэтым выпадку «варта» ўжо не спраўляецца са сваёй задачай — і тады «крэпасць» можа ўпасці. Многія бацькі, у якіх дзіця часта хварэе, сутыкаюцца з меркаваннем, што адэноіды лепш выдаліць. Але ці трэба спяшацца? Мы спыталі пра гэта ва ўрача-отарыналарынголага 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Ірыны КОРЗУН.


— Ірына Валер'еўна, растлумачце, што такое адэноіды і для чаго яны прызначаны?

— Адэноідныя вегетацыі, або адэноіды, — гэта лімфоідная тканка насаглоткі. Разам з язычнай і паднябеннымі міндалінамі лімфоідная тканка задняй сценкі глоткі ўваходзіць у склад ахоўнага лімфатычнага кольца. Адэноіды фізіялагічныя для дзяцей, іх актыўны рост пачынаецца з 2-3-гадовага ўзросту і ідзе да пачатку палавога саспявання, а пасля мае адваротнае развіццё. Імунітэт дзіцяці знаходзіцца ў працэсе фарміравання. З-за частых інфекцый адэноідная тканка разрастаецца, павялічваючы выпрацоўку імунных клетак. Аднак часта павялічаная лімфоідная тканка сама становіцца крыніцай інфекцыі.

— Чаму павялічваюцца адэноіды?

— Прычын гэтаму шмат. Асноўныя з іх — частыя вірусныя інфекцыі, дзіцячыя інфекцыі, хранічнае запаленне, алергічныя рэакцыі (алергічныя рыніты, бранхіяльная астма), спадчыннасць, неспрыяльныя фактары навакольнага асяроддзя.

— Чым гэта небяспечна?

— Павелічэнне адэноідаў можа прыводзіць не толькі да парушэння дыхання, але і да змен ва ўсім арганізме. У выніку ўскладненага дыхання з'яўляецца храп, парушэнне сну. З-за таго, што дзіця ўвесь час дыхае ротам, парушаецца рост тваравага шкілета, прыкус. Працяглая гіпаксія можа прыводзіць да змен паводзін, рассеянасці, з'яўлення галаўных боляў і нават парушэнняў паставы. Вельмі часта павялічаныя адэноіды ствараюць умовы для развіцця атытаў, што можа прыводзіць да зніжэння слыху.

Закладзенасць носа на фоне адэноідаў прыводзіць да развіцця ў дзіцяці звычкі ротавага дыхання. Пры гэтым ніжняя сківіца зрушваецца назад і ўніз, у выніку адбываецца звужэнне прасвету глоткі, з'яўляюцца цяжкасці дыхання ў дзённы і начны час. Пры працяглым ротавым дыханні змяняецца і верхняя сківіца, звужаюцца насавыя хады. Усё гэта прыводзіць да фарміравання вымушанага становішча — выцягвання галавы і шыі наперад для аблягчэння дыхання.

— Як лечаць павялічаныя адэноіды? У якім выпадку іх варта выдаляць?

— Лячэнне адэноідаў можа быць кансерватыўным і хірургічным. Кансерватыўная тэрапія накіравана на памяншэнне запаленчых з'яў, падтрыманне імунітэту. Акрамя таго, яна ўключае лячэнне хранічных інфекцый, алергіі, прыём імунамадулюючых прэпаратаў, фізіятэрапію. Важную ролю ў лячэнні адыгрываюць тапічныя стэроіды (у выглядзе спрэю), яны маюць выяўлены супрацьзапаленчы эфект, але не аказваюць сістэмнае дзеянне.

Пры неэфектыўнасці кансерватыўнага лячэння, калі павелічэнне адэноідаў захоўваецца, пры парушэннях сну (храп і апноэ), развіцці атытаў, у тым ліку і гнойных, зніжэнні слыху паказана хірургічнае лячэнне.

— Наколькі гэта складаная аперацыя?

— Аперацыя праводзіцца як пад мясцовым, так і пад агульным наркозам у стацыянары. Умяшанне займае да 30—40 хвілін, пасля яго дзіця застаецца ў стацыянары 2-3 дні для прафілактыкі ўскладненняў. Аднак трэба ўсведамляць, што поўнае выдаленне адэноідаў немагчыма, частка лімфоіднай тканкі, якая застаецца, можа зноў павялічвацца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў. Рэцыдывы ўзнікаюць прыкладна ў 3 % выпадкаў, і чым меншае дзіця, тым вышэйшая рызыка.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.