Вы тут

Як зрабіць прышчэпку моднай?


«Уколы» можна зрабіць не толькі ў паліклініках і гандлёвых цэнтрах, але і ў іншых месцах. А мабільныя брыгады медыкаў (на сёння ў Падзвінскім краі іх каля пяцідзесяці) робяць прышчэпкі і дома, у прыватнасці, людзям з абмежаванымі магчымасцямі першай і другой груп. Могуць адкрыць і часовы «прышчэпачны пункт» на тэрыторыі прадпрыемства, арганізацыі, калі кіраўнік калектыву накіруе ў медыцынскую ўстанову адпаведную просьбу. Магчымасць прышчапіцца па месцы работы вельмі папулярная, як увогуле — па-за медыцынскімі ўстановамі.


Калектыў Глыбоцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падчас эстафеты «Мы вакцынаваныя».

У Наваполацку днямі з'явілася магчымасць прышчапіцца ў адным з ЖЭСаў, а таксама ў выставачнай зале музея гісторыі і культуры горада. Адзінае, што трэба прад'явіць медыкам, — пашпарт.

Іншаземцы платна могуць прышчапіцца ў дзясятку пунктаў вакцынацыі: у абласным цэнтры, Полацку, Наваполацку, Оршы, Глыбокім, Лепелі, Верхнядзвінску, Браславе.

Цікавы прыклад мясцовай ініцыятывы — ад рэдакцыі раённай газеты «Веснік Глыбоччыны», якая стала ініцыятарам правядзення эстафеты «Мы вакцынаваныя». На сайце рэдакцыі можна ўбачыць «фотасправаздачы» з выявамі тых, хто ўжо прышчапіўся. У руках удзельнікаў эстафеты аркушы з назвай акцыі. Фота адпраўляюць у рэдакцыю па электроннай пошце. Потым іх можна ўбачыць і ў папяровай версіі газеты. Андрэй Панкрат, галоўны рэдактар «Весніка Глыбоччыны», канстатуе, што эстафета знайшла жывы водгук сярод жыхароў раёна.

Першыя прышчапіліся стваральнікі газеты, яны перадалі эстафету работнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, тыя — супрацоўнікам Глыбоцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва...

Усё менш людзей, якія катэгарычна супраць прышчэпак. «Папулярызатарам» стаў сам вірус, бо цяжка знайсці ў краіне чалавека, чыя б сваякі, сябры, калегі не перахварэлі. Тым не менш, да вакцыны сярод значнай часткі насельніцтва захоўваецца недавер. Жыхары Падзвінскага краю — аўтсайдэры ў пытанні вакцынацыі. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў канстатаваў, што вакцынацыя зроблена толькі 21 % насельнікаў. Ён патрабаваў ад сваіх падначаленых набраць тэмп у прапагандзе мэтазгоднасці медыцынскай прафілактыкі новай хваробы.

Кіраўніцтва мясцовай улады ўвесь час нагадвае людзям пра неабходнасць прышчапляцца, тлумачыць важнасць мер бяспекі, каб мінімізаваць рызыку інфіцыравання ў грамадскіх месцах. Абавязковае нашэнне маскі, сацыяльная дыстанцыя (калі гэта магчыма) — насамрэч трэба не вельмі шмат, каб мінімізаваць рызыку заразіцца і заразіць.

Зразумела, што чым менш людзей захварэе, тым меншая нагрузка будзе на медыцыну, тым большая частка насельніцтва будзе працаваць, а не знаходзіцца на бальнічным. Пахваліў губернатар за клопат пра людзей кіраўніцтва УП «Віцебскаблгаз», дзе амаль усіх пераканалі зрабіць прышчэпкі. У лідарах па колькасці прышчэпленых — калектывы структур сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (каля 90 %) і медыкі (прыкладна 85 %).

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».