Вы тут

Шчаслівай дарогі!


З шэрага не вельмі вясёлых навін апошняга часу выгадна выбіваецца адна — палёт у космас здымачнай групы расійскага кіно. Афіцыйна гэта завецца «Навукова-асветніцкі праект «Выклік». А на справе актрыса Юлія Перасільд з рэжысёрам Клімам Шыпенкам 5 кастрычніка накіраваліся ў космас, каб на арбіце зняць фрагменты фільма «Выклік». Па сюжэце стужкі жанчына-хірург ляціць у космас для правядзення тэрміновай аперацыі касманаўту.


Хворага на арбіце, дарэчы, сыграе наш зямляк — касманаўт Алег Навіцкі, які працуе ў гэтым касмічным экіпажы. Вядома, здымачная група доўга рыхтавалася да палёту. Артыстка прайшла адбор з тысяч прэтэндэнтаў. Пасля яго была строгая медыцынская камісія, бо са слабым здароўем адрывацца ад Зямлі дакладна не варта. І вось кандыдатура вызначаная, Юлія і Клім прайшлі падрыхтоўку касманаўтаў на сапраўднай базе.

Адным словам, кіно абяцае быць рэальным, упершыню ў гісторыі сусветнай кінематаграфіі здымкі праходзяць ва ўмовах касмічнай бязважкасці. Але ж пісаць гэтыя радкі падштурхнула найперш тое, што ў інтэрнэце паявілася вельмі шмат негатыўных каментарыяў і меркаванняў. Адны лаюць арганізатараў праекта за трату вялікіх грошай, другія ўбачылі ў падзеі дыскрэдытацыю прафесіі касманаўта, іншыя дагаварыліся да таго, што варта было праводзіць нейкае грамадскае абмеркаванне наконт кандыдатуры артыста. На іх думку, ледзь не рэферэндумам варта было вызначыць, каму з дзеячаў культуры выпадзе гонар пераадолець зямное прыцягненне, і пра каго можна будзе сказаць словамі песні: «Долетайте до самого солнца и домой возвращайтесь скорей!». Хочацца ўпікнуць такіх прыхільнікаў «звышдэмакратыі»: пытанне пра вадкае альбо цвёрдае паліва для касмічных рухавікоў вы таксама будзеце вырашаць на грамадскім абмеркаванні?

Трапляюцца, праўда, і дасціпныя жарты, накшталт: «А на планеце Зямля зняць кіно, за якое не сорамна, не спрабавалі?» Калі ж сур'ёзна, то незразумела, чым жа гэтым скептыкам не дагадзіла Юлія Перасільд. На мой погляд, вельмі здольная актрыса, доказам таму яе шматлікія ролі ў кіно. Фільмаграфія Юліі налічвае пад чатыры дзясяткі стужак. Мне яна найбольш запомнілася за сваю работу ў фільме «Бітва за Севастопаль», дзе сыграла ролю вядомага снайпера часоў Вялікай Айчыннай вайны Людмілы Паўлічэнкі. У нейкім інтэрв'ю Юлія назвала гэту стужку самай важнай у сваёй творчай кар'еры. Думаю, можна назваць удалымі яе работы ў карцінах і серыялах «Зулейха расплюшчвае вочы», «Угрум-рака», «Пятровы ў грыпе» ды многія іншыя. Не выходзіць сумнявацца, што Юлія Сяргееўна зможа таленавіта пераўвасобіцца ў ролю кардыяхірурга, які рызыкнуў накіравацца па выкліку да хворага... у космас.

Тут сапраўды, апроч іншага, патрэбныя былі асабістыя смеласць і адвага. Касмічнае падарожжа — гэта не прагулка, там у любы момант могуць здарыцца любыя сітуацыі, у тым ліку і пазаштатныя. Ну, напрыклад, гэтым разам экіпажу «Саюза» састыкавацца з міжнароднай касмічнай станцыяй у аўтаматычным рэжыме не ўдалося. Камандзіру Антону Шкаплераву давялося перайсці на ручное кіраванне караблём. Паводле яго слоў, яму актыўна дапамагала Юлія Перасільд. На шчасце, актрыса, рэжысёр і касманаўт паспяхова перамясціліся на станцыю з затрымкай усяго на 10 хвілін.

Як адзначыў генеральны дырэктар Дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Дзмітрый Рагозін, дадзены праект і быў задуманы, каб адпрацаваць магчымую пазаштатную сітуацыю, калі, напрыклад, спатрэбіцца падрыхтаваць да палёту чалавека за два-тры месяцы, а то і менш. Кіношны экіпаж рыхтавалі да старту чатыры месяцы, а звычайныя касманаўты рыхтуюцца гадамі. Яшчэ Рагозін заўважыў, што кіношнікі не турысты, яны працуюць вельмі напружана і самааддана.

І гэта сапраўды крута — зняць кіно пра космас у космасе. Трэба ж было некаму пачынаць брацца за новае, што б там ні гаварылі! Як вядома, прагрэс рухалі і адкрыцці рабілі не скептыкі, а людзі смелыя, якія не баяліся рызыкаваць, не зважалі на крытыкаў, не рэагавалі на бубненне зайздроснікаў.

Адразу пасля старту кінематаграфічнага экіпажа ў сацсетках з нагоды выказаліся многія медыйныя персоны. Ала Пугачова напісала коратка і лаканічна — «Шчаслівай дарогі!». Лепш, відаць, і не скажаш. Цяпер можна дадаць яшчэ: «Шчаслівага вяртання!», бо ў нядзелю кінематаграфісты павінны прыляцець. Прывязе іх на Зямлю Алег Навіцкі, астатнія члены міжнароднага экіпажа застануцца на станцыі — выконваць праграму палёту.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.