Вы тут

Ірына Глазунова: Сэнс майго жыцця сёння — дзеці!


У цэнтры нашай сённяшняй гісторыі Ірына Глазунова — мама Сафіі і Цімафея — калісьці вельмі паспяховая бізнес-лэдзі, якая дзеля сваёй сям'і адмовілася ад перспектыўнай работы ў Маскве і пераехала ў Беларусь. Як выгадаваць самадастатковых дзяцей? Наколькі моцна мама павінна быць інтэграваная ў іх жыццё? І на якім этапе дзяцей трэба адпусціць? Пра гэта і не толькі чытайце далей.


Службовы раман з працягам...

Сёння сям'я Юцэвічаў—Глазуновых» — гэта тата, мама, дачка і сын. Але ж так было не заўсёды. «Збоку можа паказацца, што наш тата ўзяў мяне ў жонкі з дзіцём. З Сафіяй у нас адно і тое ж прозвішча — Глазуновы. Насамрэч, усе дзеці ў нас з мужам агульныя, проста так склаліся жыццёвыя абставіны», — пачынае свой аповед Ірына.

Гісторыя Ірыны і Дзмітрыя пачалася са зносін па рабоце. Праз некаторы час дзелавыя зносіны ператварыліся ў штосьці большае, аднак пытанняў менш не стала. Масква — Мінск, розніца ва ўзросце... Ірына была ўпэўненая: нічога не атрымаецца. «Што мне падабаецца ў маім мужы: нягледзячы на тое, што ён на 5 гадоў маладзейшы за мяне, ментальна ён старэйшы, я і сёння жыву ЗА ім. Ён прымае рашэнні па-мужчынску рацыянальна і спакойна, даводзіць справу да канца, а мне застаецца проста быць побач з ім».

Пасля сустрэчы з Дзмітрыем усё атрымалася хутка і нечакана, перш за ўсё для самой Ірыны. «Акрылавыя пазногці, якія я рабіла на працягу 13 гадоў, раптам пачалі адвальвацца. Спачатку я не зразумела, у чым справа. Загугліла. Аказалася, адна з прыкмет — цяжарнасць. Я доўга не магла паверыць, што гэта здарылася ў маім жыцці!» Дзіма вельмі ўзрадаваўся такой акалічнасці і зрабіў Ірыне прапанову, але да загса пара так і не дайшла. Не было часу. «Я працавала практычна да родаў, работа на той момант для мяне была ўсім». Падчас цяжарнасці Ірына была ўпэўненая, што нараджаць будзе толькі ў Маскве, і не збіралася пакідаць сваё звыклае жыццё ў родным мегаполісе, нягледзячы ні на што. Адносіны «Мінск — Масква» працягваліся. І вось, нарэшце, з'явілася Соня.

Тое самае пачуццё мацярынства

«У раддоме пачуццё мацярынства ў мяне так і не адкрылася. Галавою я разумела, што стала мамай, але на ўзроўні эмоцый не адчувала нічога». Прайшоў месяц. Ірыне патрэбна было зарэгістраваць дачку і зрабіць на яе цэлы пакет дакументаў. У Расіі гэта не толькі пасведчанне аб нараджэнні, гэта медыцынскі поліс, страхавое і пенсійнае пасведчанні. Дзеля такой важнай справы прыйшлося пакінуць маленькую Соню на бабулю. «Памятаю, як выйшла з дому, села ў машыну, гучна ўключыла музыку, еду, атрымліваю асалоду ад першага веснавога сонейка, і чым далей я ад дому, тым горш і горш мне становіцца. Адчуваю, як мяне пачынае «накрываць». І тут я разумею: вось яно, тое самае пачуццё мацярынства! За 20 хвілін я зрабіла ўсе свае справы і вярнулася дамоў, таму што зразумела: там засталася частка мяне». Паколькі Дзіма не змог прыехаць, каб зарэгістраваць Соню, а чакаць яго не было часу, Ірына аформіла дачку на сваё прозвішча — Глазунова — і атрымала статус «маці-адзіночка».

Сардэчна запрашаем у Беларусь!

Адносіны на адлегласці працягваліся. Ірына наведвала Беларусь разам з маленькай Соняй, а гэта была ўжо зусім іншая нагрузка. «У Беларусі я сябе адчувала, як у вечным санаторыі. Усё чужое, нікога не ведаю, вельмі павольны, па маскоўскіх мерках, тэмп жыцця. Прыязджаць сюды на некаторы час — гэта адно, жыць тут — зусім іншае». У рэшце рэшт Ірына прыняла рашэнне: трэба разыходзіцца — і акрэсліла сваю пазіцыю Дзіме. «З адным дзіцем я цудоўна спраўлюся сама. Ты супер-тата, у любы момант можаш прыязджаць і праводзіць час з дачкой. Але жыць на два гарады я больш не магу. Я стамілася». На гэта Дзіма мудра прапанаваў паехаць у адпачынак, апрытомнець і пасля вырашыць, што рабіць далей. Так і зрабілі. З курорта Ірына вярнулася цяжарная. «Дзіма прыняў рашэнне за нас дваіх: мы будзем жыць доўга, шчасліва і — разам! Цімошу я нараджала таксама ў Маскве, і мы ўсё яшчэ не былі жанатыя». Але ж гэтым разам прозвішча для сына не абмяркоўвалася — Юцэвіч, як у таты. Распісалася пара крыху пазней дзеля таго, каб унесці сваіх дзяцей у пашпарты і атрымаць пасведчанне на права жыхарства. Калі Цімошы споўнілася паўгода, жыць на два гарады стала зусім нерэальна, вось тады і было прынята рашэнне жыць разам. Пахрысцілі Цімошу ў Беларусі, і вось ужо шэсць з паловай гадоў Ірына тут.

Жыццё да і пасля нараджэння дзяцей

Ірына шчыра прызнаецца, што са з'яўленнем дзяцей ёй прышлося недзе адмовіцца ад сябе, ад сваіх жаданняў, хобі і сяброў. Але ў той жа час жанчына атрымала штосьці большае, чым усё вышэйпералічанае. «Я б падзяліла сваё жыццё на два асобныя фільмы: да і пасля з'яўлення дзяцей. Не скажу, які з іх мне падабаецца больш. Гэта дзве абсалютна розныя кінастужкі. Да з'яўлення дзяцей я не разумела, дзеля чаго жыву, не цаніла грошы, працавала, таму што люблю мець зносіны з людзьмі, быць у цэнтры падзей. Працавала-працавала — але навошта? Цяпер у мяне ўсё па-іншаму: я ведаю, для чаго і для каго я жыву! Вядома, я штосьці страціла асабіста, запаволіла сваё развіццё, але я разумею, што цяпер я ўкладваю ўвесь свой час і энергію ў самае дарагое, што ў мяне ёсць, — у сваіх дзяцей».

Калі надышоў час дзецям ісці ў садок, Ірына зрабіла спробу вярнуцца на работу. Але сумяшчаць работу і догляд за дзецьмі не атрымалася. Нягледзячы на фінансавыя магчымасці, Ірына зразумела, што не можа даверыць выхаванне сваіх дзяцей няньцы. Як чалавек, для якога не існуе залатой сярэдзіны, вырашыла, што будзе займацца выключна дзецьмі, бо адчувалася, што ім вельмі патрэбная мама. «Але ж я не магу проста сядзець дома. Я ж энергічная. «Ёсць прапанова пайсці на танцы. Спрабуем?» І мы ўсе разам едзем на танцы».

Самае дарагое ў жыцці чалавека — гэта час

Дзякуючы энергічнай маме, дні Сафіі і Цімошы распісаныя амаль па хвілінах. Дзеці спрабавалі ўсё, што толькі можна. Танцы, гімнастыка, выяўленчае мастацтва, каратэ, літаратурны гурток, англійская мова, музычная школа... «Калі мы спрабуем штосьці новае, і я разумею, што ім падабаецца, мы працягваем гэтым займацца. Не падабаецца — я не настойваю, чаго марнаваць час! Тлумачу дзецям: грошы, зносіны з людзьмі — усё гэта крута. Але самае бясцэннае, што вы ніколі не набудзеце, — гэта час, а ён вельмі імклівы. Цаніце свой час, цаніце мой час. Калі ім не падабаецца той ці іншы занятак, адмаўляемся ад яго і далей спрабуем штосьці новае. Калі я адчуваю, што ў іх атрымліваецца, але ёсць нейкія стомленасць і лянота, мы можам зрабіць міні-адпачынак і прапусціць некалькі заняткаў». Акрамя таго, Ірына прывучае дзяцей рабіць любую справу якасна і з самааддачай. «Калі мы прыходзім на трэніроўку па каратэ ці на ўрок музыкі, мы павінны не проста адбыць гэты час, а адпрацаваць яго на 100 %. Галоўнае — быць нацэленымі на вынік. Пасля заняткаў — калі ласка, гутарыце з сябрамі, адпачывайце, жартуйце».

Калі ёсць пэўныя інтарэсы, няма месца дрэнным звычкам

Дрэннае ўспрымаецца хутчэй, добрае трэба ўкладваць. Так пабудаваны чалавек. Таму Ірына асэнсавана робіць усё, што ад яе залежыць, каб засцерагчы дзяцей ад псіхалагачнай, фізічнай і ментальнай дэградацыі. Якім чынам? «Я іх загружаю. Нашы шматлікія актыўнасці фарміруюць пэўнае кола зносін. Напрыклад, навошта нам патрэбен спорт? Я хачу, каб вакол нас былі дзеці спартыўныя, у жыцці якіх ёсць пэўныя інтарэсы і няма дрэнных звычак. Яшчэ адзін момант. Я ненавіджу і не разумею «Цік-ток». Лічу, што ў папулярных сацсетках цяпер, на жаль, няшмат якаснага кантэнту. Акрамя таго, што гэты кантэнт вядзе дзяцей да дэградацыі, яны пачынаюць верыць, што можна стаць міліянерам так проста, нічога не зрабіўшы ў сваім жыцці. Такога не бывае. Каб мець дастатак, трэба працаваць, і вельмі шмат. Калі я бачу «заліпанне» ў смартфонах, то задаю пытанне: «У вас шмат вольнага часу? Тады трэба яго яшчэ чым-небудзь загрузіць». Вядома, Ірына разумее, што не зможа пабудаваць жыццё сваіх дзяцей за іх саміх. Але ўпэўненая, што пакуль можа ім дапамагчы і накіраваць у правільны бок, абавязкова будзе гэта рабіць. Нягледзячы на тое, што сёння Ірына цалкам прысвячае свой час развіццю і інтарэсам дзяцей, яна разумее: чым больш сталыя яны становяцца, тым больш волі ім трэба даваць.

Крыніца энергіі і добрага настрою — у фізічнай актыўнасці

«Калі ты цалкам прысвячаеш сябе дзецям, цябе перастаюць паважаць як асобу. Безумоўна, цябе любяць як маму, але гэта іншае. Перш за ўсё, ты — чалавек-функцыя. Я не ідэальная, у мяне, як у кожнай нармальнай жанчыны, ёсць перыяды стомленасці, але я не магу доўга ныць. Найлепшы выхад — перамена дзейнасці і фізічная актыўнасць». Спорт, лазня, выхады ў тэатр, зносіны з даўнімі сяброўкамі. Як прызнаецца Ірына, усё гэта дае ёй неверагодную энергію. І, безумоўна, моцна саграваюць душу планы па самаразвіцці. «Хачу пачаць вучыць англійскую мову, і ёсць яшчэ адна мара, але гэта пакуль сакрэт».

Самае галоўнае ў адносінах з дзецьмі — шчырасць.

«Спачатку ты патрэбен дзецям, як агонь, паветра і вада. І ты павінен усе свае інтарэсы прыбраць на некаторы час. Твая асноўная задача — залажыць у сваіх дзяцей тыя асновы духоўнасці, якія яны ўспрымуць, пяроймуць і перададуць пазней ужо сваім дзецям». Ірына разумее, што дзеці маюць свой асабісты лёс, яны сталеюць і зусім хутка надыдзе той этап, калі іх трэба будзе адпусціць. Таму з маленства Ірына вучыць: «Для мяне і таты вы — самыя лепшыя. Для астатняга свету па-за межамі нашага дому вы — неідэальныя. Там вы павінны пастарацца быць лепшыя. Дзеля гэтага патрэбна развіваць свае найлепшыя якасці. Жыццё непрадказальнае, таму, што б ні здарылася з вамі па-за межамі дому, вы заўсёды можаце звярнуцца да нас з татам па дапамогу і параду. Разам мы заўсёды знойдзем выхад з любой сітуацыі. Шчырасць у адносінах — гэта самае галоўнае!»

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Ірыны Глазуновай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.