Вы тут

Sex-балясы. Жах жахлівы!


І сёння зноў пра сучасную моду і новыя трэнды ў ёй... («— Калі ласка, заходзьце ў нашу краму! Чым я магу вам дапамагчы?» — «Адпужвайце ад мяне іншых кансультантаў».) Але пачну крыху здалёк. У дзяцінстве ў нашай вулічнай кампаніі быў Віталік. Толькі па імені яго ніхто не называў, а толькі па мянушцы — Француз. Справа ў тым, што ён вельмі любіў прыманіць, нават калі карысці ад гэтага не было ніякай. І вось аднойчы сказаў, што ў яго французскія красоўкі. Вядома, гэты было не так, хлопца ўзялі на смех, і ён атрымаў пажыццёвую мянушку. («Пад акном дзеці мірна гуляюць з хлопчыкам па імені Цярэнцій. У добры час ты нарадзіўся, Цярэнцій, падчас майго дзяцінства з такім імем ты б далей пад'езда не выйшаў».) Нагодай для яе магло стаць і не «тое» адзенне, якое нармальныя «пацаны» не павінны былі насіць. Таму зараз я часам гляджу на сённяшніх моднікаў і з жахам думаю, што было б, каб яны апынуліся ў мінулым. («Коратка пра сучасную моду: 1. Рваныя джынсы на каленях. 2. Трэснутыя экраны на гаджэтах».) Але мерапрыемствы кшталту Тыдня моды ў Нью-Ёрку і Лондане — гэта ўвогуле ў маім уяўленні жах жахлівы! («Калі ў вас з'яўляецца спакойная хвілінка без трывог, клопатаў, непрыемнасцяў, не цешце сябе ілюзіямі. Жыццё проста перазараджае стрэльбу».) Нядаўна дызайнеры з усяго свету прадставілі свае калекцыі сезона вясна — лета 2022.


Фота: pixabay.com

Адным з галоўных трэндаў шоу сталі агаляючыя цела ўборы. («Лена была згодная, каб бабулі каля пад'езда лічылі яе жанчынай з нізкай сацыяльнай адказнасцю, абы толькі не даведаліся, што яна — тэрапеўт».) У сутычцы за ўвагу гледачоў мадэльеры выпускалі на подыум дзяўчат топлес або ў напаўпразрыстых сукенках, а юнакоў — у купальніках і туфлях на абцасах. Так, хайлайтам мерапрыемства ў Лондане стаў паказ Эдварда Кратчлі, падчас якога мужчыны дэфіліравалі ў злітных купальных касцюмах з дэкальтэ і мноствам масіўных упрыгожванняў. («Як сфоткацца на агародзе, каб усе падумалі, што я на моры?»)

У эпоху поўнага размыцця межаў гендарнай моды яшчэ адну тэндэнцыю на вуліцах і подыумах прадставілі маладыя людзі ў традыцыйна жаночай вопратцы. («— Цікава, а як пачынаецца новы трэнд у модзе?» — «Спачатку пра яго пачынаюць трындзець...») Пышныя сукенкі ружовых адценняў, батфорты на платформе, стракатыя парыкі і сумкі-клатчы сталі запатрабаванымі (???) прадметамі гардэроба ў мужчынскай паловы гасцей. Вось такія метамарфозы сучаснай фэшн-індустрыі. («Калі ваша жыццё — «пятая кропка», купіце ёй хоць бы прыгожыя трусы».) Так, амерыканскі рэпер Kіd Cudі не прапускае магчымасці прадэманстраваць сваю любоў да спадніц. Напрыклад, у красавіку ён выступіў на шоу Saturday Nіght Lіve ў жаночай сукенцы ў кветачку, а на штогадовым балі Met Gala артыст паўстаў перад фатографамі ў блакітным швэдры і доўгай спадніцы з празрыстай тканіны. Паказ калекцыі вясна — лета 2022 маркі Studіo 189 не стаў выключэннем: рэпер з'явіўся ў пышнай вячэрняй спадніцы ў спалучэнні з паўсядзённым лангслівам. («Лепш краўчыхі без спадніц, чым шаўцы без ботаў».)

На Тыдні моды ў Нью-Ёрку даўжыня кроп-топаў выйшла на новы ўзровень: амерыканская рэперша Брытані Колінз, вядомая пад псеўданімам Coі Leray, з'явілася на вуліцах горада з літаральна аголенымі грудзьмі. Выканаўца наведала паказ у новай версіі класічнага касцюма з аплікацыямі на інтымных участках цела. («Мая дзяўчына выглядае настолькі прыгажэйшай за мяне, што касіры ў крамах раздзяляюць нашы пакупкі».)

Калі калекцыя твайго адзення на Тыдні моды ў Нью-Ёрку не адрозніваецца арыгінальнасцю, у ход ідуць дзіўныя галаўныя ўборы. На паказе брэнда Puppets&Puppets манекеншчыца выйшла на подыум у класічных сініх джынсах, ліловым швэдры з лагатыпам маркі і... чапцы з вялізным кавалкам сыру. («— У цябе ёсць якія-небудзь фантазіі?» — «Часам я мару пра метровы бутэрброд з вяндлінай». — «Не, я мела на ўвазе тыя фантазіі, што «гарачыя». — «О, так, я падагрэў бы хлеб у мікрахвалеўцы».)

Калі мужчыны ў туфлях на абцасах ужо даўно перасталі здзіўляць прыхільнікаў моды, дык да панчох і калготак ім яшчэ толькі трэба будзе прывыкнуць, паведамляе Lenta.ru. («Фраза «прачынацца з пеўнямі» ў наш час набыла зусім іншы сэнс...») Дызайнеры амерыканскага брэнда ThreeASFOUR прадставілі сваю версію сучаснага мужчынскага ўбору: манекеншчык выйшаў на подыум у футурыстычным вобразе, што складаецца з басаножак на платформе, калготак і пальчатак з прынтам, якія нагадваюць афарбоўку матыля, а таксама ў аб'ёмнай сукенцы з элементаў у форме крылаў. («Выдуманае назад не ўдумаць».) Дарэчы, менавіта сімвал матыля, папулярны ў 90-х гадах, стаў яшчэ адным трэндам 2021 года. У моду вярнуліся аксесуары, татуіроўкі і аплікацыі на вопратцы ў выглядзе гэтай казуркі.

Адкрыты жаночы ўбор, аб'ёмны капялюш з вэлюмам, абцасы і яркі макіяж сталі атрыбутамі новага мужчыны XXІ стагоддзя. («Забарона на сварку мацюкамі не пужала Наташаньку. Яна ўмела мацюкамі глядзець».) Прынамсі, прыкладна такая тэндэнцыя шырока распаўсюдзілася сярод мужчынскай паловы гасцей на Тыдзень моды ў абедзвюх сталіцах... Ну што на гэта скажаш... («Усё жыццё тэатр, а я ўпаў са сцэны».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».