Вы тут

Аптымізацыя і аптымісты. Уражанні ад паездкі, больш падобнай на атракцыён


На мінулыя выхадныя выправілася ў вёску — кроў з носу трэба было выбраць буракі і моркву. Так склалася, што машыны (а яе наяўнасць здаецца ўжо нечым прывычным і звычайным) пад «пятай кропкай» не аказалася, давялося шукаць варыянты, як дабрацца на грамадскім транспарце. Выбар у нашым прыгарадна-дачным напрамку (ад сталіцы ўсяго сорак кіламетраў), трэба сказаць, ёсць — некалькі маршрутак і аўтобусаў. Падумала і вырашыла ехаць на ранішнім аўтобусе. Па-першае, адпраўляецца з аўтастанцыі, да якой ад дому тры прыпынкі. Па-другое, хоць людзей у ім і будзе ў суботу з раніцы шмат, але ж свабадней, чым у маршрутцы. Чацвёртая хваля «кароны», як-ніяк, трэба ж хоць для самазаспакаення прынамсі мінімальную дыстанцыю з выпадковымі спадарожнікамі трымаць. Так я разважала, бадзёра крочачы ў халаднаватым тумане да прыпынку і ўяўляючы, як вось зараз займу месца дзесьці на заднім сядзенні каля акна ў даволі прасторным прыгарадным МАЗе.


На прыпынку ў чаканні аўтобуса ўжо стаяла чалавек дваццаць. Нічога, супакоіла сябе, у салоне адных сядзячых месцаў амаль сорак. Гармонію з наваколлем развеяла жвавая немаладая кабета з рукзаком за плячыма і дубцамі саджанцаў у руках. Яна на прыпынак літаральна прыбегла і тут жа, не паспеўшы аддыхацца, пачала заклапочана пытацца, хто апошні. Апошняй, напэўна, была я, аб чым і паведаміла ўсхваляванай цётцы, яшчэ і дадала, што хвалявацца няма чаго, бо ўвойдзем усе. Чамусьці мае словы большасць людзей сустрэла скептычна-здзеклівым смехам, а дзядзька, што стаяў побач, паказаў мне на маленькі белы аўтобусік (нават не ведаю, якой ён маркі — ПАЗ ці што?), які сціпла прытуліўся каля жоўтых вялікіх МАЗаў: «Мы на гэтым паедзем...» «А яшчэ колькі людзей зараз каля метро ўваб'ецца! — з веданнем справы дадаў хтосьці. — Так кожную суботу едзем, як селядцы ў бочцы...» Перспектыва ехаць нос у нос з натоўпам амаль паўтары гадзіны падавалася не вельмі вясёлай, і я панеслася на «Пушкінскую», адкуль праз пятнаццаць хвілін адпраўлялася маршрутка.

Там было яшчэ весялей, бо ў мікрааўтобус ужо заходзіў (дакладней, спрабаваў зайсці) апошні пасажыр — дзядзька з вялікім рукзаком (што дачнікі ў тых рукзаках з горада цягаюць, дагэтуль даўмецца не магу). Ён з цяжкасцю ўціснуўся на прыступку забітага людзьмі салона і ўсім сваім выглядам даваў зразумець, што далей не зрушыцца ні на міліметр. Ваша пакорная слуга мела ўсе шанцы застацца за бортам, але ж тады я б увогуле не трапіла ў вёску, хіба што пад вечар, а там жа буракі! Вырашыла браць маршрутку штурмам, дакладней, жартамі: удавана жаласлівым голасам прасіць, каб не пакідалі мяне адну, расказваць, якая я худзенькая, таму месца займу зусім няшмат. Людзі ў маршрутцы, пасмейваючыся, крыху пасунуліся, і запаветная прыступка вызвалілася. Трыццаць пяць хвілін «атракцыёну» — і я выкулілася з душнага салона ў празрыстую сонечную вясковую раніцу. Ад прыгажосці родных мясцін аж дыханне спынілася, і праз колькі хвілін я і думаць забылася, з якімі прыгодамі на радзіму давялося дабірацца. Такая вось я аптымістка.

Праўда, ужо амаль тыдзень кожны дзень мераю тэмпературу і сатурацыю, пільна прыслухоўваюся да ўласнага самаадчування. Бо верагоднасць заразіцца ў той бітком набітай маршрутцы была вялікая, асабліва калі ўлічыць, што не ўсе ў ёй былі ў масках (пра сацыяльную дыстанцыю ўвогуле маўчу). Цьфу-цьфу, пакуль усё добра. Пацікавілася ў мясцовых, што нарабілася, чаму па надзвычай папулярным у дачнікаў асабліва ў сезон маршруце стаў ездзіць такі маленькі аўтобус. Аказалася, справа ў тым, што з сярэдзіны лета нашы маршруты з балансу гарадской транспартнай арганізацыі перавялі ў абласную. У той іншыя магчымасці, іншыя меркаванні, іншы транспартны састаў. І — аптымізацыя. Нібыта вывучылі пасажырапаток і зрабілі тое, што зрабілі: некаторыя маршруты аб'ядналі, некаторыя паадмянялі ўвогуле, па некаторых пусцілі аўтобусы, якія і аўтобусамі назваць складана. Цяпер, напрыклад, без начлегу ў вёску і не паедзеш — апошні аўтобус на Мінск ідзе ў палове пятай, а ці паспееш усё зрабіць да гэтага часу, асабліва калі восень — работ восем. Яшчэ год назад на выхадныя ў сталіцу можна было паехаць у палову дзявятай вечара, і гэты аўтобус ніколі не вазіў паветра. Цяпер жа хоць на аленях, хоць на сабаках, хоць начуй у халоднай хаце. А ў нядзелю зноў наб'ецца поўны аўтобусік народу — ехаць жа ўсім трэба.

Аптымізацыя — зразумела. Тое, што няшмат прыбытку з гэтых маршрутаў, — таксама: большая частка пасажыраў прыгарадных аўтобусаў — пенсіянеры, якія маюць права на льготы... Але, можа, прымаючы рашэнне аб аптымізацыі, пра гэтых самых пенсіянераў усё-ткі падумаць? З папраўкай на пандэмію. Хаця б у самы папулярны час — у тую ж суботнюю раніцу, зрабіць так, каб людзі не ехалі адно ў аднаго на галовах, прынамсі, пусціць у рэйс аўтобус нармальны, а не міні. Хаця б таму, што ездзяць у ім людзі, якія ў самай большай зоне рызыкі. Бо ў маладзейшых машыны, а калі што — дык і таксі можна наняць: да маёй вёскі, напрыклад, трыццаць пяць рублёў. Наша сярэднестатыстычная бабуля-дачніца за руль не сядзе і на таксі не паедзе. Ёй застаецца толькі аўтобус. Няхай бабулі сядзяць дома, скажаце? Вы ўвогуле пра нашых бабуль-аптымістак гаворыце?..

Я наўмысна не пішу канкрэтныя адрасы сваёй паездкі. Хаця, калі хто з адказных асоб пацікавіцца, з задавальненнем іх назаву. Тут гаворка не пра месца дзеяння. А пра элементарную разважлівасць і цвярозы розум пры прыняцці рашэнняў, ад якіх залежаць іншыя людзі. Па сутнасці, пра самыя запатрабаваныя ў наш вар'яцкі час чалавечыя якасці.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.