Вы тут

Днямі спаўняецца 75 гадоў празаіку і паэту Ганаду Чарказяну


Нарадзіўся Ганад Бадрыевіч 18 кастрычніка 1946 года ў Арменіі. (Па нацыянальнасці курд-езід). Там вучыўся ў школе, падлеткам надрукаваў сваё першыя творы ў рэспубліканскай дзіцячай газеце. Там прадстаўнік вялікага працалюбівага роду Чарказянаў пачынаў свой працоўны шлях сярод такіх жа добрых і зычлівых людзей. Затым служба ў Савецкай Арміі. Зноў вучоба, работа будаўніком, якую сумяшчаў з творчай. І — пераезд на пастаяннае жыццё ў Беларусь, на радзіму каханай дзяўчыны Людмілы Хількевіч, якая стала яго жонкай, сяброўкай, дарадчыцай (1968). З таго часу Ганад Чарказян жыве ў Мінску.


Фота: miasin.by

На беларускай зямлі прызнанне да яго як таленавітага паэта прыйшло ўжо з першымі публікацыямі на рускай і беларускай мовах. Заўважылі многія калегі, а найперш класікі Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін: талент. Яны, між іншым, на многія гады сталі яго сябрамі. А перакладалі і перакладаюць Ганада Чарказяна Валянцін Тарас, Фёдар Яфімаў, Валерый Ліпневіч, Казімір Камейша, Глеб Артханаў, Барыс Крывялевіч... Адметна: самі таленавітыя, але вельмі розныя творцы, калі ўважліва чытаць іх пераклады, адзначаюць у паэзіі і прозе Ганада Чарказяна такую адметнасць, як імкненне гаварыць з чытачом пра чалавечую дабрыню ў жыцці людзей не толькі тых, сярод якіх жыве, а ўвогуле на планеце Зямля. І адзначыў бы, што людская дабрыня ў яго творчасці — як жыццядайная традыцыя ўсіх народаў (кепскіх народаў не бывае, бываюць асобныя кепскія людзі там ці тут) ці душэўная і духоўная патрэба, без якіх жыццё немагчымае.

А ўсё для кожнага пачынаецца, як сцвярджае Г. Чарказян, здавалася б, з простага: са штодзённай рэчаіснасці і тваіх дзеянняў у ёй. З той рэчаіснасці, такой блізкай нам, бо яна для кожнага, але такой складанай, бо калі схібіш, спасуеш, адыдзеш ад яе... Таму, ведаючы ўсе яго кнігі, выдадзеныя ў нас, заўважу: у творах Ганада Бадрыевіча — добрае асабістае паступова злучаецца з агульначалавечым. Так, прага яго лірычнага героя да дабрыні, яго жаданне дарыць яе людзям.

Вось верш «Дзень дабра» з кнігі «У обрыва» (2021) — пераклад на беларускую мову Казіміра Камейшы.

Было вядома і да нас,

Што ў зла свой круг шырокі.

Усе баяліся яго —

І збаўцы, і прарокі.

Гублялі часам праз яго

І дабрыні вытокі...

Спыняю цытаванне. Сапраўды, як трапна пазначана! Спрадвеку на зямлі сярод людзей побач з дабрынёй ідзе зло. Яно імкнецца знішчыць дабро, як святло, што азарае чалавечы шлях ад пакалення да пакалення і ў будучыню. І, напэўна, у жыцці кожнага з нас часам здараюцца сітуацыі, калі здаецца, трапляеш у безвыходную сітуацыю, калі думаеш, што зло перамагае. Але як бы там ні было, а найчасцей знаходзяцца людзі, якія прыходзяць на дапамогу — знаёмыя і блізкія або «чужыя і далёкія». Зрэшты, так неаднойчы было і з самім пісьменнікам на розных яго жыццёвых дарогах, у тым ліку і на нашай зямлі. (Пра гэта чытайце, у прыватнасці, у яго кнізе публіцыстыкі і паэзіі «Дорога на Ушачи» (2020). Пра яе я падрабязна пісаў у «Сельской газете» № 38 ад 3.04.2021 г.

Увогуле ж і на нашай зямлі ў яго было шмат дарог. І не толькі на радзіму класікаў, пра што ён піша ў гэтай кнізе, але і па ўсёй Беларусі. Мне, напрыклад, успамінаецца расказ Ганада Бадрыевіча аб яго наведванні Хатыні, як толькі быў адкрыты комплекс, і вяртанні ў Мінск. Уражаны трагедыяй нашага народа, ён пайшоў дадому пешшу... Адзін. Але шлях няблізкі... Цямнела. Ужо недзе на паўдарогі каля яго спыніўся «Масквіч». Вадзіцель запрасіў да сябе: «Ноч, як жа адзін?» Сеў. Разгаварыліся. І гэтае адчуванне, што цябе аднаго тут, на зямлі, якая стала роднай, як і тая, што нарадзіла, ніхто не пакіне ў бядзе, назаўжды ўвайшло ў яго свядомасць. І зразумеў курд Чарказян, паступова адчуў, што Беларусь — яго другая маці. Пра гэта ён напіша ў сваіх творах неаднойчы. І калі ўжо я сказаў па кнігу «Дарога на Ушачы», дык зноў вяртаюся да яе. У прыватнасці, таму, што, расказваючы ў ёй пра дабрыню сяброў-класікаў, пра яго дарогу на іх радзіму Ушаччыну, наогул згадваючы дабрыню людзей нашай зямлі, пісьменнік кажа і пра іншае. Пра горкае... Так, з таго часу, калі ён вяртаўся з Хатыні і калі незнаёмы чалавек не пакінуў яго ў адзіноце, чамусьці нямала што змянілася ў паводзінах некаторых людзей: не зважаюць на іншых, абражаюць Айчыну... Але чаму да нас прыйшло такое наноснае, якое імкнецца парушыць усё тое добрае, чым жылі папярэднікі, жывём мы?

Дадам: калі пісьменнік, яго творы ставяць такое пытанне — ёсць пра што задумацца. Зрэшты, такое пытанне ставіць само жыццё...

Але вернемся да верша, які я цытаваў . І што б ні было — у ім надзея і перакананне, што тое зло, і зло наогул, якое імкнулася і імкнецца панаваць над дабром, не пераможа. Бо:

А зло...

Ды гэта той туман,

Што не збярэш у жмені.

І там, дзе болей

Дабрыні,

Там зла заўсёды меней.

Увогуле, калі гаварыць коратка пра сэнс творчасці паэта, дык у яго — выразнае імкненне да дабрыні, спагады, дапамогі іншым. І калі ўжо так, Ганад Бадрыевіч сам заўсёды, калі трэба, дапамагаў і дапамагае людзям. Помніцца, у 1990-я, калі паўсюль усё пад апладысменты пэўных сіл марнавалася і прысвойвалася імі ўсё агульнанароднае, калі і ў літаратуры было няпроста, ён, працуючы ў выдавецтве і займаючыся распаўсюджваннем кніг беларускіх пісьменнікаў, рабіў усё, каб нашы творы даходзілі да чытача. (Тады некаторыя выпадковыя людзі, якія былі там, патрабавалі, каб самі пісьменнікі збіралі тыражы, замест таго каб пісаць...)

І зноў пра зло, якое яшчэ нядаўна рабіла спробы панаваць на зямлі нашай Айчыны:

Цягучы, слізкі ён, туман,

Ды і яшчэ няўлоўны.

Усюды, дзе дабра няма,

Там самы ён галоўны.

Ці мала свят у нас было,

Вы ведаеце самі.

А ўсё ж святкуем, злу на зло,

Дзень дабрыні мы з вамі...

Творчасць Ганада Чарказяна ахоплівае самыя розныя бакі чалавечага жыцця. Для гэтага пісьменніка ў рэчаіснасці няма нічога другаснага, бо ўсё, што адбываецца з намі, — або асабістае, або пад уздзеяннем учынкаў і паводзін іншых людзей. І калі тваё суадносіцца з людскім, а людское — з тваім, то, на думку творцы, трэба быць не проста абачлівымі ў сваіх паводзінах, а рабіць усё абдумана, каб не разбіваць тую прыродную дабрыню, якая закладзена ў цябе ад нараджэння. А яна, калі ты слабы, можа зачахнуць у варунках жыцця, а на яе месцы з'явіцца зло. Вось як, напрыклад, пра гэта сказана ў анатацыі да яго кнігі «У обрыва», у якую ўвайшлі вершы, напісаныя за апошнія два гады. «Вока ў паэта вострае, ды яшчэ падмацаванае мудрасцю продкаў і сваім уласным вопытам. Вось і спрабуе ён сваім удумлівым, па-філасофску ўважлівым позіркам зазірнуць у самую глыбіню падзей, рэчаў і з'яў, нават развязаць тыя складаныя вузлы супярэчлівасці і безвыходнасці, што часта завязваюць нам час ды жыццё». І далей: «Толькі на вагах дабрыні ўзважвае аўтар усё перажытае, ім самім і ўсімі людзьмі свету». І гэта сапраўды так: для пісьменніка Ганада Чарказяна, жыццё і лёс якога цесна звязаныя з нашай зямлёй, яе самымі рознымі людзьмі — ад класікаў літаратуры і да творцаў-пачаткоўцаў, ад навукоўцаў да хлебаробаў (пра гэта ў яго напісана шмат), важна, які ён сам сярод людзей. А ён піша для іх, і людзі паўсюль чытаюць яго. У Беларусі, Расіі, Арменіі, іншых краінах свету... Таму што таленавіта. Таму што, як прызнаецца ў адным са сваіх вершаў, ніколі не імкнуўся прысвойваць чужое, а ўсё, што яму «дадзена Богам» ад нараджэння і што не страціў у жыцці, «у рукі людскія» аддае.

Выдатнаму чалавеку, таленавітаму творцу Ганаду Бадрыевічу Чарказяну жадаю моцнага здароўя, творчых поспехаў. І як таварыш нагадваю, што рана падсумоўваць створанае: сапраўдны талент — дар нязгасны і невычэрпны. Чакаем новых твораў!

Уладзімір САЛАМАХА, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».