Вы тут

Дарогі — мясцовыя, клопат — агульны


Паводле слоў намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Белавуса, урадам станоўча вырашана пытанне дадатковага выдзялення для Віцебшчыны да канца гэтага тыдня 7,6 мільёна рублёў (а ўсяго ў трэцім і чацвёртым кварталах — прыблізна 12,9 мільёна), якія можна будзе выдаткоўваць на бягучы рамонт мясцовых дарог. Іх у Падзвінні ўсяго 3842 агульнай працягласцю каля 15 тысяч кіламетраў. У тым ліку гравійных — больш чым пятая частка ад гэтай лічбы.


Таксама на мясцовых аўтамабільных дарогах вобласці каля 860 маставых збудаванняў агульнай даўжынёй прыблізна 19 кіламетраў.

Уладзімір Белавус нагадаў, што летась, калі здавалі ў эксплуатацыю Полацкі пуцеправод каля Віцебскага аўтавакзала, кіраўнік дзяржавы падтрымаў рэалізацыю многіх планаў па паляпшэнні стану дарожнага палатна на тэрыторыі Віцебшчыны. Сярод рэспубліканскіх дарог, якія запланавана прывесці ў парадак у найбліжэйшыя гады, трэць — аб'екты Віцебшчыны, падкрэсліў віцэ-губернатар.

На працягу бягучай пяцігодкі ёсць намер зрабіць у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі дарогу Лепель — Полацк з будаўніцтвам абходу найстарэйшага горада краіны, узвядзеннем моста праз Заходнюю Дзвіну і рэканструкцыяй існуючага наваполацкага моста. Сёлета з рэспубліканскага бюджэту выдаткавалі 13 мільёнаў рублёў на работы на мосце ў Наваполацку.

Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь прапрацоўвае магчымасць супрацоўніцтва для правядзення такіх маштабных работ з кітайскімі банкамі.

Вельмі даўно на розных узроўнях улады Віцебшчыны казалі аб тым, што дарога з Віцебска ў Оршу патрабуе значнай мадэрнізацыі. І вось урэшце ёсць усё, каб гаварыць пра тое, што да канца пяцігодкі гэтая траса будзе з чатырма палосамі першай катэгорыі. Прэзідэнт падтрымаў і магчымасць стварэння аб'езду абласнога цэнтра.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што дарогі — частка транспартнай бяспекі ўсёй краіны. Яны шмат у чым фарміруюць магчымасці развіцця рэгіёнаў. Рэалізацыя адпаведнай дзяржаўнай праграмы ў мінулай пяцігодцы дазволіла палепшыць стан многіх дарог Віцебшчыны, але вельмі шмат работы наперадзе.

Калі Уладзімір Цярэнцьеў падчас відэаканферэнцыі пачуў скаргі кіраўнікоў раённых Саветаў наконт таго, што не хапае грошай на рамонтныя работы, ён параіў прааналізаваць сітуацыю і прыдумаць алгарытм вырашэння праблемы, якая існуе не першы год. Магчыма, недзе сэканоміць, прыцягнуць на дапамогу мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы, выхадцаў з раёна, якія не забываюць родны край...

Традыцыйна падчас «прамых ліній» дарожнае пытанне — адно з самых праблемных. Таму ўвага да згаданай тэмы і прыняцце канкрэтных мер па паляпшэнні сітуацыі павінны быць адным з галоўных прыярытэтаў у дзейнасці мясцовай улады. Адпаведную задачу шмат разоў агучваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Нямала прыкладаў, калі ён асабіста выязджаў на месца, указанае заяўнікамі, каб на свае вочы ўбачыць, наколькі ўсё сур'ёзна, і потым прыняць адэкватнае рашэнне, каб, калі людзі маюць рацыю, дапамагчы ім. Зразумела, што ад стану дарог залежыць многае, напрыклад, своечасовае прыбыццё без праблем «хуткай», аўтакрамы, паштовай машыны...

Згодна з дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады, прадугледжваецца адрамантаваць каля 1,3 тысячы кіламетраў дарог (у тым ліку каля 25 км па новых тэхналогіях), прыблізна 140 пагонных метраў васьмі мастоў. Што датычыцца грошай, на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы па Віцебскай вобласці запланавана выдаткаваць каля 374,6 мільёна рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?