Вы тут

Качанава: знешнія намаганні па дэстабілізацыі Беларусі становяцца ўсё больш вераломнымі


Знешнія намаганні па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі становяцца ўсё больш вераломнымі, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час пленарнага пасяджэння трэцяга Еўразійскага жаночага форуму на тэму «Жанчыны: глабальная місія ў новай рэальнасці» ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

«Мы жывём у складаны час. Свет праходзіць сур’ёзныя выпрабаванні на трываласць. І справа не толькі ў пандэміі. Узмацняецца канфрантацыя культур і цывілізацый, абвастраецца рыторыка ў міжнародных адносінах, павялічваецца агрэсія ў інфармацыйнай прасторы, ствараюцца рэальныя пагрозы распаўсюджвання радыкалізму і экстрэмізму. І самае страшнае — страчваюцца добрыя чалавечыя сувязі, заснаваныя на любові, даверы і павазе, сціраюцца этычныя межы норм паводзін, — сказала Наталля Качанава. — Усяго шэсць гадоў таму, слухаючы выступленні ўдзельніц першага форуму аб міжусобіцах, агрэсіі, узброеных сутыкненнях у іх краінах, я глыбока суперажывала гэтым жанчынам. І было зусім незразумела, як такое можа адбывацца ў ХХІ стагоддзі. Тады для нашай краіны ўсё гэта было нехарактэрна. Беларусь — маладая, з дынамічным развіццём рэспубліка, дзе ў цэнтры ўвагі заўсёды быў і застаецца чалавек. Пад мудрым кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта праводзіцца паслядоўная палітыка, накіраваная на стварэнне камфортных умоў і паляпшэнне якасці жыцця людзей».

Пад асаблівай аховай дзяржавы ў Беларусі — мацярынства і дзяцінства, шматдзетныя сем’і, старэйшае пакаленне і людзі з інваліднасцю. У міры і згодзе ў нас жывуць прадстаўнікі розных канфесій і нацыянальнасцей. Беларусь адбылася як тэрыторыя сацыяльнай справядлівасці, міру і спакою.

«2020 год стаў для нас выпрабаваннем. Нахабнае і цынічнае ўмяшанне знешніх сіл парушыла прывычнае жыццё. Супраць нашай краіны разгорнута маштабная і інтэнсіўная гібрыдная вайна, у тым ліку шляхам выкарыстання сацыяльных сетак інтэрнэту. На вялікі жаль, у палітычныя гульні былі ўцягнуты некаторыя нашы суайчыннікі. Паддаўшыся на правакацыі варожых медыя, аблудныя сталі інструментам у руках ідэолагаў каляровых рэвалюцый. Яны бяздумна дзейнічалі па чужой указцы, распальваючы варожасць сярод суседзяў, калег і нават у сваіх сем’ях. Балюча было бачыць, як зневажаліся нацыянальныя асновы і каштоўнасці, абражаліся дзяржаўныя сімвалы. У белым адзенні, з чырвонымі кветкамі яны праводзілі акцыі і пад народныя песні пад выглядам мірнага пратэсту на самай справе дзейнічалі супраць дзяржавы. Глыбокае расчараванне і сорам беларускай нацыі — асобныя грамадзянкі. Насуперак прыродзе беларускай жанчыны — быць захавальніцай сямейнага дабрабыту, крыніцай творчага натхнення і духоўнасці, сімвалам міласэрнасці і гармоніі — яны спачатку выйшлі на вуліцы, а цяпер бадзяюцца па чужых дамах. Выпрошваючы гранты і заклікаючы да санкцый, яны гандлююць дабрабытам людзей у нашай краіне», — адзначыла спікер.

Наталля Качанава падкрэсліла: мы, беларусы, не можам прыняць гэта. «У нашай генетычнай памяці жывы ўзрушэнні разбуральных войнаў, развязаных не намі і не па нашай волі. У гэтым годзе роўна 100 гадоў як беларускія землі былі разарваны на заходнія і ўсходнія, і толькі ў 1939 годзе іх удалося ўз’яднаць. Менавіта ў 2020 годзе мы адзначылі 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, дзе загінуў кожны трэці наш жыхар. Усе сілы добрай волі ў нашай краіне з’ядналіся супраць спакойных і асцярожных спроб чарговы раз раздзяліць нас, беларусаў, і зажыва пахаваць нашу дзяржаўнасць. Прадстаўнікі беларускага народа — члены Савета Рэспублікі, дэпутацкі корпус, працоўныя калектывы, прафесійныя саюзы, грамадскія аб’яднанні — заклікалі сусветную супольнасць пакінуць Беларусь у спакоі і не перашкаджаць нам самастойна будаваць свой лёс. Мы заўсёды гатовы да адкрытага і сумленнага дыялогу з усімі. Мы заўсёды будзем імкнуцца захоўваць мір, спакой і парадак на Зямлі, нармальныя чалавечыя адносіны. У абарону сваёй Айчыны ўступіліся беларускія патрыёткі, аб’яднаўшыся на Першым беларускім жаночым форуме ў верасні мінулага года. З крыкам душы мы звярнуліся да ўсіх, каму блізкія чалавечнасць, спагада, клопат пра падрастаючае пакаленне», — адзначыла яна.

Наперакор намаганням нядобразычліўцаў беларусы выстаялі. «Мы захавалі сваю дзяржаўнасць. Бо за намі — праўда. І мы канчаткова зразумелі, хто ёсць хто, — канстатавала старшыня Савета Рэспублікі. — Знешнія намаганні па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі не спыняюцца, становяцца ўсё больш дзёрзкімі і вераломнымі. Радыкалізацыя нарастае — замах на журналіста, спробы падпалаў дамоў дэпутатаў і дзяржслужачых. А нядаўна — забойства супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры выкананні службовага абавязку. Любое адэкватнае дзеянне з боку Беларусі — ці тое прадастаўленне аэрапорта для пасадкі самалёта з-за тэрарыстычнай пагрозы або абарона дзяржаўнай граніцы ад патоку нелегальных мігрантаў — выклікае шмат эмоцый. І гэта амаль адразу пазбаўляе магчымасці абмеркавання нашых дзеянняў у рацыянальным рэчышчы», — сказала спікер.

Але важна, што ў гэтым свеце мы не адны. «Ёсць тыя, хто глядзіць з намі ў адзін бок, для каго добрасуседства і прыстойнасць, гуманнасць і справядлівасць — гэта не проста прыгожыя словы, а прынцып жыцця. Мы ўдзячныя ўсім краінам, якія падтрымалі нас у гэты няпросты час і падтрымліваюць цяпер. І, вядома, нашаму братэрскаму народу — расіянам — і кіраўніцтву краіны. Пройдзеныя выпрабаванні загартавалі нас, памножылі сілу духу, сталі яшчэ адной нацыянальнай скрэпай. Мы ў поўнай меры ўсвядомілі каштоўнасць нашага адзінства. Менавіта таму 2021-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам адзінства. 17 верасня мы ўпершыню адзначылі новае беларускае свята — Дзень народнага адзінства, — дадала яна. — Падзеі 2020 года датычацца не толькі Беларусі. Гэта наша агульная праблема. Паколькі якраз цяпер у аналагічнай сітуацыі можа апынуцца абсалютна любая дзяржава. З дапамогай электронных гаджэтаў і інтэрнэту можна падарваць стабільнасць і спакой у любой кропцы свету. Таму сёння ніяк нельга быць абыякавым. Трэба ісці насустрач, шукаць агульныя падыходы, слухаць і чуць адзін аднаго, дапамагаць у любых цяжкіх сітуацыях. Напрыклад, як гэта адбываецца ў нас з Расіяй і Кітаем у барацьбе з COVID-інфекцыяй. Мы без прамаруджвання накіравалі гуманітарную дапамогу кітайскаму народу, які першым сутыкнуўся з пандэміяй. У сваю чаргу нашы стратэгічныя партнёры дапамагаюць нам процістаяць гэтаму выкліку. Мы бязмежна ўдзячны кіраўніцтву, народам Расіі і Кітая за цеснае, адкрытае супрацоўніцтва з Беларуссю».

Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі і МПА СНД праводзяць 13-15 кастрычніка трэці Еўразійскі жаночы форум у Санкт-Пецярбургу. Форум праходзіць раз у тры гады і прытрымліваецца ідэй інтэграцыі і развіцця супрацоўніцтва для ўзмацнення ролі жанчын у дасягненні мэт устойлівага развіцця і фарміравання новых падыходаў да вырашэння глабальных задач, прадыктаваных палітычнымі, эканамічнымі, тэхналагічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі змяненнямі. У форуме ўдзельнічаюць жанчыны-парламентарыі, прадстаўнікі выканаўчых органаў улады, міжнародных арганізацый, глабальных карпарацый, дзелавых колаў, навуковай супольнасці, грамадскіх арганізацый і дабрачынных праектаў, аўтарытэтныя дзеячы міжнароднага жаночага руху.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?