Вы тут

Журналіст «Звязды» пракантраляваў нашэнне масак ў грамадскіх месцах


Чаму наш карэспандэнт у Віцебску прычапіўся да пакупніцы ў краме? Праўда, калі б выклікалі міліцыю, праблемы былі б не ў журналіста. Днямі ў Беларусі ўвялі больш жорсткія патрабаванні да захоўвання супрацьэпідэмічных мер у грамадскіх месцах. Усе абавязаны насіць маскі і трымаць дыстанцыю ў крамах, аб'ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, пры наведванні тэатраў, кінатэатраў, культурна-масавых мерапрыемстваў, стадыёнаў, прадпрыемстваў, устаноў аховы здароўя, аптэк і іншых аб'ектаў. Адпаведныя змены ўнесены пастановай № 105 Міністэрства аховы здароўя ад 6 кастрычніка 2021 года.


Не хадзі далёка

Даведацца, як выконваецца пастанова, — такім прагучала рэдакцыйнае заданне. Пакуль журналіст «Звязды» ў перыяд з васьмі да дзевяці гадзін раніцы дабіраўся ў Віцебскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб далучыцца да ўдзельнікаў тэматычнага маніторынгу, заўважыў шмат парушэнняў. І першыя — у маршрутным таксі: побач з кіроўцам сядзела дама без медыцынскай маскі. У салоне людзей было нямнога, у двух з іх таксама не было на тварах нічога ахоўнага ад распаўсюджвання віруса.

У ларку, дзе вырашыў купіць жвачку, гандлярка была без маскі і не «замаскіравалася», калі працягвала мне тавар і чакала, пакуль разлічуся карткай. У аўтобусе заўважыў пару пасажыраў без масак. А ў некалькіх з тых, хто «экіпіраваныя», сродкі аховы былі спушчаны пад нос.

Спецыяльна вырашыў праверыць усе віды грамадскага транспарту, бо час на гэта быў. У тралейбусе, які ехаў міма, таксама не ўсе былі ў масках, як і ў трамваі.

Пра таксі... Угадаеце з трох разоў? Маскі былі ў кіроўцы і пасажыра! Вау? Але прыспушчаныя. А санітарнымі нормамі і правіламі дакладна прадугледжана абавязковасць насіць маску, якая закрывае нос, рот і падбародак.

Дарэчы, ліфт таксама — сродак транспарту, і калі едзеце вы адзін, гэта ўсё роўна грамадскае месца. Напэўна, людзі не разумеюць, што маскі і сацыяльная дыстанцыя (1—1,5 метра) — каб яны не заразіліся і не заразілі.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач горада Віцебска і Віцебскага раёна, галоўны ўрач дзяржаўнай установы «Віцебскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Мікалай Красоўскі расказаў, што толькі за мінулыя выхадныя яго падначаленыя наведалі сорак грамадскіх месцаў, прыкладна ў палове выявілі парушэнні, склалі пяць пратаколаў. «Адпрацоўвалі» крамы, грамадскі транспарт, вакзалы. Па ўсіх кірунках работа ідзе, падкрэсліў суразмоўца. Наконт пакарання: памер штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка — да 200 базавых велічынь, юрыдычную асобу — да 500. А незаконапаслухмяныя грамадзяне могуць заплаціць да 30 базавых (870 рублёў).

Забыў — падораць

У крамы мы адправіліся разам з урачом-гігіеністам аддзялення гігіены харчавання Людмілай Камлёнак. Мы наведалі крамы «Віталюр», «Еўраопт», «Веста». Людміла Камлёнак адразу прасіла супрацоўнікаў выклікаць кіраўніка, і пачыналася вельмі пільнае назіранне. А перад гэтым звяртала ўвагу, ці ёсць інфармацыя на ўваходных дзвярах пра неабходнасць насіць маску, на тое, ці хутка можна знайсці сродак для апрацоўкі рук, ці зручна ім карыстацца.

Цікавілася тым, як апрацоўваюць рукі работнікі крам, праверыла журналы, дзе рэгіструецца тэмпература цела перад пачаткам працы. Задавала пытанні, як часта мыюць падлогу, як часта даводзіцца нагадваць пакупнікам, што без маскі не абслужаць. Сур'ёзных канфліктаў пакуль не было.

 

У «Весце» аўтар гэтых радкоў вырашыў пацікавіцца ў пакупніцы, чаму яна без маскі. Ветліва, канешне, а ў адказ пачуў, што яе ўсе «дасталі» і іншае. Увага гігіеніста і работніц крамы прымусілі жанчыну змяніць тон. Зрэшты, удзельнікі маніторынгу маглі выклікаць міліцыю, што пацягнула б штраф на вялікую суму.

Цікава, што ў «Еўраопце», самым вялікім у вобласці, асабліва забыўчывым маску вырашылі проста дарыць. Наконт цэн: самая танная — 15 капеек.

І ежу, і грошы… за прышчэпку

У «Еўраопце» завязалася размова аб недастатковай папулярнасці прышчэпак. Прадстаўніцы гандлю выказалі думкі аб неабходнасці больш пісаць і казаць на гэту тэму ў СМІ. Маўляў, трэба развейваць міфы. Напрыклад, некаторыя лічаць, што, калі яны зрабілі прышчэпку, а дамашнія не, апошнія заразяцца, бо «інфекцыя ў прышчэпцы». Другі міф — нізкая якасць кітайскай вакцыны. Вядома, што ў Кітаі нізкая смяротнасць ад каранавіруса і высокі працэнт прышчэпленых.

Сярод гандляроў крам, дзе рабіўся рэпартаж, колькасць тых, хто ўжо зрабіў прышчэпку, можна на пальцах двух рук пералічыць. А ў адной з крам прышчэплены толькі адзін супрацоўнік. Цікава, што там за вакцынацыю можна атрымаць вельмі добры бонус: на 50 рублёў ёсць магчымасць купіць тавары ў фірмовай сетцы і яшчэ 50 рублёў — грошы ад прафкама.

Вельмі цікавы вопыт, бо такім чынам работадаўцы сродкі... эканомяць. Хворы гандляр, рабочы, журналіст — павелічэнне нагрузкі на яго калег, меншы вытворчы вынік, плюс з бюджэту трэба аплачваць бальнічны.

Наўпрост на рабоце можна зрабіць прышчэпкі, калі адначасова пагодзяцца чалавек 15—20. Прыязджаюць агітаваць нават прафесары...

P. S. Пасля рэпартажу зайшоў на «Смаленскі рынак». Маску перад уваходам нацягнуў на твар толькі я, побач людзі заходзілі без яе. Некаторыя пакупнікі на рынку былі ў масках, але не ва ўсіх яны былі надзетыя правільна. Рынак работнікі Віцебскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі абавязкова наведаюць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — важнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — важнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».