Вы тут

Прэзідэнт: Толькі аб’яднаўшы намаганні, мы зможам паспяхова супрацьстаяць усім выклікам і пагрозам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Традыцыйна сустрэча прайшла у фармаце відэаканферэнцыі.


На парадку дня — 11 пытанняў. Вядучая тэма пасяджэння — узаемадзенне краін ў фармаце Садружнасці, старшынства ў СНД у 2022 годзе, якое пераходзіць да Казахстана. У цэнтры ўвагі таксама Пагадненне аб стварэнні Савета старшыняў вярхоўных (вышэйшых) судоў. Прынята рашэнне аб аб’яўленні малдаўскага горада Камрата культурнай сталіцай Садружнасці на 2023 год. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі заявы аб супрацоўніцтве ў сферах біялагічнай бяспекі і развіцці супрацоўніцтва ў сферы міграцыі, рашэнне аб кіраўніку Антытэрарыстычнага цэнтра СНД. 

Адкрываючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менш за тры месяцы застаецца да завяршэння адказнай і ганаровай місіі Рэспублікі Беларусь — старшынства ў органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ён заўважыў, што на працягу года беларускі бок паслядоўна рэалізуе палажэнні Канцэпцыі і мерапрыемствы Плана старшынства, адаптуючы іх выкананне да новых рэалій. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ажыццяўленню ініцыятыў краін-удзельніц. Важнае значэнне надаецца пытанням развіцця агульнай эканамічнай прасторы, пашырэння і павышэння эфектыўнасці ўзаемнага гандлю.

«Вядзецца работа па пагадненні аб свабодным гандлі паслугамі, скарачэнні да мінімуму абмежаванняў і выключэнняў з рэжыму свабоднага гандлю таварамі, а таксама па пытаннях ліквідацыі тэхнічных бар’ераў, уніфікацыі правілаў і працэдур дзяржаўных закупак. Асноўныя намаганні ў культурна-гуманітарнай сферы былі накіраваны на далейшае развіццё супрацоўніцтва і ўдасканаленне арганізацыйна-прававых асноў маладзёжнай палітыкі, культуры, навукі, адукацыі, аховы здароўя, спорту, турызму, працы і сацыяльнай абароны. Як бачна, сфера дзейнасці СНД вельмі шырокая», — расказаў Прэзідэнт. Безумоўна, працягваецца работа па мінімізацыі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і яе наступстваў. 

«Рабочыя дакументы нашага пасяджэння датычацца такіх важных тэм, як развіццё супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння біялагічнай бяспекі, у сферах міграцыі, абароны выбарчых правоў грамадзян і гарантый электаральнага суверэнітэту краін СНД. Патрабаванням сённяшняга дня цалкам адпавядае абноўлены Дагавор аб супрацьдзеянні легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння», — паведаміў ён.

Беларускі лідар звярнуў ўвагу, што размовы аб павышэнні судовай сістэмы СНД працягваюцца столькі, колькі існуе Садружнасць. «На пашырэнне функцый і магчымасцяў судовай сістэмы з улікам сучасных рэалій накіраваны праект Пагаднення аб утварэнні Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў краін Садружнасці», — заўважыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца актыўным удзельнікам рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў. Ён выказаў асаблівую ўдзячнасць Рэспубліцы Казахстан і Рэспубліцы Узбекістан, якія сёлета выконвалі функцыі састаршынь у Садружнасці, і ўсім краінам СНД за садзейнічанне Беларусі ў выкананні функцый старшынства. 

«Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы да канца года выканаем намечаныя мерапрыемствы на карысць нашых краін і народаў» — запэўніў Прэзідэнт. 

Універсальнасць, добраахвотнасць, раўнапраўе

Беларускі лідар назваў пасяджэнне знакавым для Рэспублікі Беларусь і ўсіх краін Садружнасці. Яно праходзіць напярэдадні трыццацігоддзя СНД, якое фармальна наступіць 8 снежня.

«Існуюць розныя пункты гледжання аб спыненні існавання Савецкага Саюза, а калі больш дакладна, то яго прымусовым развале. Маё адмоўнае стаўленне да гэтых падзей усім добра вядома. Але ў той крытычнай сітуацыі стварэнне інтэграцыйнага „купалу“, які ўкрыў былыя саюзныя рэспублікі ад хаосу і эканамічнага калапсу, было, хутчэй за ўсё, правільным рашэннем», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за тры дзесяцігоддзі Садружнасць прайшла няпросты шлях станаўлення і стала прызнанай міжнароднай супольнасцю рэгіянальнай арганізацыяй. «Універсальнасць, добраахвотнасць, раўнапраўе — асноўныя прынцыпы, якія спрыялі стрымліванню многіх разбуральных працэсаў, дапамаглі стабілізацыі эканомік, захаванню гандлёвых сувязяў паміж нашымі краінамі», — падкрсэліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што па традыцыі ў юбілейны год прымаецца адпаведная Заява кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці. Паводле яго слоў, у прадстаўленым праекце падведзены вынікі трыццацігадовай дзейнасці арганізацыі, вызначаны задачы па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, адаптацыі СНД да цяперашніх рэалій, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка вылучыў некалькі тэм, якія, на яго погляд, заслугоўваюць асобай увагі. 

Захаванне кантактаў

Кіраўнік дзяржавы назваў адным з ключавых дасягненняў СНД захаванне цесных чалавечых кантактаў, даверных палітычных адносін, шматпланавых гаспадарчых сувязяў з прыцэлам на далейшую інтэграцыю. 

«Ва ўмовах нестабільнасці ў свеце кааперацыя узаемадапаўняльныя эканомікі дзяржаў СНД мае вырашальнае значэнне. Трэба разумець, што нідзе ні на якіх рынках нас ніхто не чакае. Рынкі даўно ўжо падзеленыя. Таму дай бог утрымаць свае і таму тут нам трэба шукаць сваё шчасце», — падкрэсліў ён. 

Канкрэтныя крокі па спалучэнні рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў

«Мяркую, што актуальныя пытанні парадку дня ў фармаце СНД павінны перш за ўсё ўлічваць тое, што адбываецца ў Вялікай Еўразіі. А па асобных тэмах маглі б быць сінхранізаваныя з праблематыкай, што абмяркоўвалася ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Супраціўленне ціску

«Год ад года з-за беспакаранасці і праславутага права сілы меры, якія прымаюцца да нашых краін, становяцца ўсё шырэйшымі і не такімі бяскрыўднымі для нацыянальных эканомік. Вы ўсе ведаеце, з якім беспрэцэдэнтным санкцыйным ціскам сутыкнулася ў гэтым годзе Беларусь. І не толькі Беларусь», — заўважыў Прэіздэнт.

Абарона інтарэсаў на сусветным рынку

Неабходнасць далейшых крокаў па аб’яднанні намаганняў для сумеснай абароны інтарэсаў на сусветным рынку Аляксандр Лукашэнка звязвае з мэтамі па ўмацаванні ролі і вагі Садружнасці. 

«Нам неабходныя актывізацыя ўзаемнага гандлю і інвестыцый, звядзенне да мінімуму штучных бар’ераў. Толькі аб’яднаўшы намаганні і павысіўшы ролю Садружнасці як рэгіянальнага гульца, мы зможам паспяхова супрацьстаяць усім выклікам і пагрозам», — упэўнены беларускі лідар. На яго думку, у існуючых умовах Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі зноў можа выступіць «лакаматывам» інтэграцыйных працэсаў, прапанаваўшы для ЕАЭС і СНД лепшыя напрацоўкі. Ён звярнуў увагу на рознаўзроўневую інтэграцыі, якая складваецца на поставецкай прасторы. 

«Думаю, гэта будзе рэальным укладам у гарманізацыю падобных працэсаў з суседнімі рэгіянальнымі аб’яднаннямі ў мэтах эканамічнай кансалідацыі Еўразіі і фарміравання вялікага еўразійскага партнёрства», — заявіў Прэзідэнт. 

Рэаліі сённяшняга дня дыктуюць неабходнасць кансалідацыі намаганняў

Падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў ўдзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні, якія тычацца іх краін у прыватнасці і Садружнасці ў цэлым. 

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў акцэнтаваў увагу на тым, што вайна і канфлікт засталіся ў мінулым. «Мы гатовыя пачаць перамовы з Арменіяй па дэлімітацыі мяжы пры ўмове ўзаемнага прызнання тэрытарыяльнай цэласнасці і гатовы таксама пачаць перамовы па мірнай дамове з Арменіяй. Спадзяемся, што кіраўніцтва Арменіі не ўпусціць гэты гістарычны шанец», — заявіў ён.

Прэм’ер-міністр Арменіі Мікол Пашынян пацвердзіў гатоўнасць сваёй краіны пачаць працэс дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы з Азербайджанам. З гэтай нагоды Мікол Пашынян прапанаваў канкрэтныя меры. Галоўным пытаннем ён назваў падпісанне мірнай дамовы паміж Арменіяй і Азербайджанам. «Мы лічым важным аднавіць перамоўны працэс у межах састаршынства Мінскай групы АБСЕ. Састаршыні неаднаразова адзначалі неабходнасць аднаўлення мірнага працэсу па рэгуляванню нагорнакарабахскага канфлікту», — падкрэсліў ён. 

Аднак прэм’ер-міністр Арменіі падкрэсліў, што лічыць пляцоўку саміта СНД зручным месцам для вырашэння сумесных праблем Арменіі і Азербайджана. Старшыня пасяджэння Аляксандр Лукашэнка з ім пагадзіўся і падзякаваў прадстаўнікам Арменіі і Азербайджана за інфармацыю аб сітуацыі ў рэгіёне. 

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў галоўнай задачай для СНД назваў нарошчванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Ён прывёў статыстычныя дадзеныя: аб’ём унутранага гандлю ў СНД складае больш за 91 млрд. долараў, гэта ўсяго 0,5% ад ўзроўню сусветнага гандлю. Пры гэтым доля Садружнасці займае каля 20% ад агульнага тавараабароту дзяржаў са знешнімі рынкамі. «Гэтыя паказчыкі сведчаць аб наяўнасці вялізнага патэнцыялу для нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязяў», — падкрэсліў Касым-Жомарт Такаеў. Таксама Прэзідэнт Казахстана прапанаваў краінам Садружнасці распрацаваць новую праграмы развіцця прамысловых комплексаў. 

Садыр Жапараў, прэзідэнт Кыргызстана, выступіў з ініцыятывай пад эгідай СНД аказаць гуманітарную дапамогу Афганістану. «Рэаліі сённяшняга дня дыктуюць неабходнасць кансалідацыі намаганняў для своечасовага рэагавання на выклікі і пагрозы.

Наяўнасць такіх дэстабілізуючых фактараў, як міжнародны тэрарызм, экстрэмізм, нелегальная міграцыя і трансгранічная злачыннасць, а таксама наступнае абвастрэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, харчовага крызісу могуць прывесці да сапраўднай гуманітарнай катастрофы ў Афганістане. Гэта ў сваю чаргу можа запаліць і грамадзянскую вайну ў гэтай краіне, што будзе дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёнах Цэнтральнай Азіі і Бліжняга Усходу», — растлумачыў ён. Паводле слоў Садыра Жаправа, СНД можа выступіць як важкі фактар рэгіянальнай стабільнасці. Таксама Прэзідэнт Кыргызстана звярнуў увагу, што краінам Садружнасці неабходна праводзіць сумесную працу па ўмацаванні даверу ў раёнах межаў дзяржаў. 

Сваю заклапочанасць сітуацыяй у Афганістане выказаў і Уладзімір Пуцін. Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што сітуацыя патрабуе сумесных намаганняў, у першую чаргу ў контртэрарыстычным і антынаркатычным накірунках. Паводле яго слоў, каля межаў СНД назіраецца канцэнтрацыя экстрэмісцкіх і тэрарыстычных груповак. 

Уладзімір Пуцін звярнуў увагу, што створаны талібамі пераходны ўрад не прадстаўляе афганскае грамадства. Разам з тым абвешчана аб планах правесці агульныя выбары, прымаюцца меры па аднаўленні работы органаў дзяржкіравання. Ён падкрэсліў, што ў межах СНД будуць назіраць, каб гэтыя абяцанні падмацоўваліся справамі. «Не трэба пакуль спяшацца з афіцыйным прызнаннем талібаў. Мы разумеем, што з імі трэба ўзаемадзейнічаць. Але і спяшацца таксама нельга. Будзем разам абмяркоўваць», — заявіў Уладзімір Пуцін. 

Неабходнасць сумеснай працы ў падтрымцы рэгіянальнай бяспекі, супрацьдзейнасці тэрарызму і экстрэмізму падкрэсліў і Эмомалі Рахмон. Прэзідэнт Таджкістана прапанаваў стварыць адзіны спіс тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, забароненых на тэрыторыях краін-членаў Садружнасці. 

У сваім выступленне Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў падкрэсліў, што дзяржавы-члены СНД павінны паспрыяць вяртанню ў сусветную палітыку павагі да права, даверу і прадказальнасці ў адносінах паміж краінамі. Узбекістанскі лідар Шаўкат Мірзіёеў прапанаваў правесці сістэмны аналіз дзейнасці СНД, каб выпрацаваць рэкамендацыі работы ў новых умовах з улікам узаемадпаўняльнасці. 

Як паведаміў старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, наступнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД пройдзе 14 кастрычніка 2022 года ў Нур-Султане. Акрамя гэтага, па яго словах, магчымыя і нефармальныя сустрэчы лідараў краін. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».

Грамадства

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Бібліятэк, што функцыянуюць ў маленькіх населеных пунктах, ужо амаль не засталося.

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.