Вы тут

Лятучыя атрады і доктар-баян Станіслаў Ачапоўскі


Згадкі пра Ачапоўскага — хірурга, акуліста, першага сярод савецкіх вучоных узнагароджанага ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга — марна шукаць у беларускіх энцыклапедыях. Больш пашанцавала аднафамільцу — вучонаму-аграбіёлагу, эканамісту, дзеячу асветы: ураджэнец вёскі Пацейкі цяперашняга Капылькага раёна стаяў каля вытокаў аграрнай навукі ў Беларусі і Літве. А клікалі яго Міхаілам Мікалаевічам. Гэтага ж звалі Станіславам Уладзіміравічам. Нарадзіўся па старым стылі ці то 1 лютага ці то 9-га 1878 года, ў вёсцы Ёдчыцы (сённяшні Клецкі раён). Афіцыйнай лічыцца іншая дата.


У сям’і адстаўнога паручніка Ачапоўскага быў дзявятым дзіцем. У час Крымскай вайны 1853—1856 гадоў Уладзімір Ачапоўскі ўдзельнічаў у 349-дзённай абароне Севастопаля. Неўзабаве пасля нараджэння Стася яго выбралі сакратаром з’езда міравых суддзяў. З сям’ёй пераехаў у Слуцк, цэнтр павета, да якога тады адносілася і Клеччына.

У маленстве Стась любіў чытаць. Калі падрос, зацікавіўся замежнымі мовамі: англійскай, нямецкай, французскай авалодаў хутка… Калі вучыўся ў Слуцкай гімназіі, практыкаваўся ў перакладах. Закончыў яе з залатым медалём. Бацькі вырашылі, каб паступаў у Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію. Сям’я асабліва не раскашавала, а ў акадэміі ўсе медалісты вучыліся за казённы кошт.

Хутка будучая прафесія пачала падабацца. Спатрэбілася і яго цудоўнае веданне замежных моў. Да трох засвоеных раней далучыліся латынь і старажытнагрэчаская. Па просьбе выкладчыкаў перакладаў матэрыялы з замежных часопісаў. Пасля і за кнігі ўзяўся. Заказчыкі шчодра разлічваліся. Рабіў гэта не на шкоду вучобе.

Выкладчыкі пастаянна ставілі яго ў прыклад. А ён яшчэ слухаў і  курс славесных навук на філасофскім факультэце ўніверсітэта. Адзіны з 132 выпускнікоў у 1901 годзе скончыў акадэмію з залатым медалём і званнем «лекар з адзнакай». Для ўдасканалення ведаў пакінулі пры акадэмічнай клініцы. Праз два гады стаў «ганорыс каўзам» медыцыны і расійскай славеснасці. Інакш кажучы — ганаровым доктарам. Такое званне прысуджаецца без абароны дысертацый за найбольш значныя дасягненні ў галіне навукі і культуры.

Станаўленню Ачапоўскага-медыка шмат паспрыяў выдатны акуліст, адзін з заснавальнікаў расійскай афтальмалогіі, лейб-акуліст імператарскай сям’і Уладзімір Белярмінаў. Спачатку Стась быў яго вучнем, а пасля і памочнікам. Паступова сам авалодваў сакрэтамі лячэння вачэй. На радасць настаўніку хутка набываў майстэрства. Карысным стала б праходжанне практыкі ў найлепшых еўрапейскіх клініках. Дзякуючы аўтарытэту Уладзіміра Георгіевіча пытанне можна было лёгка ўладзіць. Але Ачапоўскі даўно вырашыў, што паедзе туды, дзе прысутнасць акуліста асабліва неабходная. Ды і ведаў ужо, што накіруюць на Каўказ.

Прасачыць, як гэты рэгіён паступова прапісваўся ў яго душы, нескладана. Засталіся амаль чатыры дзясяткі агульных сшыткаў дзённікавых запісаў. Першы з іх зроблены ў красавіку 1892 года. І так да 9 красавіка 1945 года ўключна… 53 гады няўрымслівай споведзі перад самім сабой і часам.

Спачатку працаваў у Тыфлісе (цяпер — Тбілісі), потым у Батумі. Пасля ўзначаліў галоўную лячэбніцу Чырвонага Крыжа ў Пяцігорску. А ў снежні 1909 года ўжо ў Екацярынадары (сённяшні Краснадар). Прыехаў па запрашэнні Кубанскага казачага войска і ўзначаліў вочнае аддзяленне вайсковай бальніцы. Адначасова выкладаў у мясцовай фельчарскай школе, затым стаў загадчыкам вочных хвароб медыцынскага факультэта ўніверсітэта.

Кубанская вобласць з’яўлялася лідарам па хваробе вачэй. Асабліва жудаснае становішча назіралася з трахомай. Больш нідзе ў Расіі не было столькі хворых. На 1-м з’ездзе ўрачоў Кубані, што адбыўся ў сярэдзіне красавіка 1911 года, заклікаў адкрываць пункты па лячэнні вачэй, часцей практыкаваць бясплатнае лячэнне, якога былі пазбаўлены ніжэйшыя саслоўі казакоў. Аплаціць жа лячэнне маглі далёка не ўсе. Сам вечарам  прымаў маламаёмасных бясплатна ў сябе на кватэры.

Асабліва складанае становішча назіралася ў Адыгеі, Асеціі, Балкарыі, Дагестане, Інгушэціі… У дзясятках, сотнях аулаў урачы ніколі не бывалі. Шмат дзе не было і самавукаў. Для ратавання катастрафічнага становішча прапанаваў стварыць так званыя «лятучыя вочныя атрады», ідэю якіх падказаў Уладзімір Белярмінаў. 42 калектывы медыкаў з урачоў, медыцынскіх сёстраў, санітарак, пачынаючы з 1921 года, штогод чэрвень-ліпень праводзілі ў гарах. Траплялі і туды, куды да іх ніхто з чужых не завітваў.

«Каўказскія» нататкі, зробленыя ім у час гэтых паездак ці пашыраныя па вяртанні з іх, ахопліваюць перыяд у пяць гадоў. Яны склалі змест аб’ёмнай кнігі — 444 старонкі — «С. Очаповский. “Ты опять поедешь в Карачай…”», якую фонд «Эльбрусоид» у 2009 годзе выдаў у серыі «Карачаево-балкарская историческая серия». Падзагаловак сам гаворыць за сябе: «Дневники и воспоминания 1921—1926 гг.».

Карачаева — перадгор’е Паўночнага Каўказа. У 1922 годзе была створана Карачаева-Чаркеская аўтаномная вобласць (цяпер рэспубліка ў складзе Расійскай Федэрацыі). Непаўторныя краявіды… 3 чэрвеня 1921 года Станіслаў Уладзіміравіч прызнаваўся: «Хочется поработать среди природы. Пожить с людьми и природой общей жизнью, возвращая зрение слепым и давая пищу своим органам чувств. Не поехать ли в Карачай? Там не ступала нога окулиста».

Засталося шмат сведчанняў, як Ачапоўскі сваім скальпелем тварыў цуды. Найбольш красамоўнае сведчанне яго майстэрству як хірурга-акуліста тое, што адбылося ў канцы лета 1921 года. Інфармацыю пра гэта газета «Горская жизнь» у нумары ад 8 верасня невыпадкова назвала «Редкий случай исцеления»:

«В ауле Къарт-Джурт живёт семья Джазаева, у которого все дети — трое детей: 10, 7 и 2 лет родились и всё время оставались слепыми (семейная катаракта). Отец-бедняк обратился к профессору С. В. Очаповскому, который со своим глазным отрядом работал в Карачае. Находя этот случай крайне редким, профессор всё же согласился произвести операцию над всеми тремя мальчиками. Операция была произведена, родители с волнением ожидали её результатов. И что же? В результате операции и дальнейшего ухода, к удивлению всех соседей и окружающих, к бесконечной радости родных и близких, все трое стали зрячими и сейчас хорошо видят».

Нярэдка праца нагадвала канвеер. Натхняла, што людзі, якія мелі слабы зрок ці ўвогуле яго не мелі, змогуць любавацца хараством — звыклым для жыхароў гэтых мясцін, аднак такім нечаканым, дзіўным для прыезджых:

«Мы останавливались, начинали работать в потоке нахлынувших на нас больных, порой забывая об отдыхе, об обеде в жаркой страде трудового дня. Но всегда Кавказ вёл с нами немолчный разговор языком горских народов, шумом и плеском своих горных рек и очаровывал наши взоры картинами своих долин и ущелий. Хребтов и вершин. А когда уменьшался приток больных и в работе наступало затишье, мы сводили с горами близкое знакомство, — с Кавказом и его обитателями».

Лячыў Ачапоўскі і высокапастаўленых асоб. Для абслугоўвання партыйнай эліты за ім у Краснадары быў замацаваны персанальны самалёт санітарнай авіяцыі: вылятаў у Сочы, Кіславодск і Ялту, дзе яны звычайна адпачывалі. Аднак часцей абслугоўваў у кіславодскай лячэбніцы «Пікет», створанай па яго ініцыятыве.

Там аперыраваў і будучага Маршала Савецкага Саюза Васіля Блюхера. Васіль Канстанцінавіч скардзіўся на нясцерпны галаўны боль. Галоўны хірург Чырвонай арміі Мікалай Бурдэнка ўбачыў прычыну ў пухліне мозга. Аднак пасля высветлілася, што запаліўся зрокавы нерв. Становішча Блюхера пагаршалася. Ад немінучай смерці ўратаваў Ачапоўскі...

Плённай была і навуковая дзейнасць Станіслава Уладзіміравіча. Яшчэ працуючы ў Пяцігорску, упершыню выступіў у часопісах «Вестник офтальмологии» і «Русский врач». Усяго напісаў 112 артыкулаў, прысвечаных вочным захворванням народаў Паўночнага Каўказа. Асабліва шмат увагі надаваў лячэнню трахомы. Артыкулы, што мелі манаграфічную напоўненасць, з задавальненнем друкавалі навуковыя і навукова-папулярныя выданні па медыцыне. Пісаў матэрыялы і для 1-га выдання «Большой медицинской энциклопедии». Стаў заснавальнікам новага кірунку ў акулістыцы — краязнаўчай афтальмалогіі. Дылетанту можа падацца, што гэта сумяшчэнне несумяшчальнага. Аднак на хваробу вачэй уплываюць біялагічна-геаграфічныя, кліматычныя, а таксама бытавыя, сацыяльныя-эканамічныя фактары. У жыхароў Кубані і Каўказа яны адрозныя ад іншых рэгіёнаў.

Гэта быў чалавек вялікай эрудыцыі. Падобных яму людзей сёння называюць энцыклапедыстамі. Захапляўся паэзіяй, ведаў многія творы на памяць. Сабраўшыся з сябрамі-аматарамі паэзіі з задавальненнем дэкламаваў Джорджа Байрана, П’ера Беранжэ, Генрыха Гейнэ, Ёгана Гётэ, Уільяма Шэкспіра, Фрыдрыха Шылера — не толькі вершы, але і ўрыўкі з вялікіх твораў. У гэтым спісе асаблівае месца займалі імёны Міхаіла Лермантава, Аляксея Кальцова, Сямёна Надсана, Івана Нікіціна, Аляксандра Пушкіна, Фёдара Цютчава.

Помнік перад надмагіллем С. Ачапоўскага, усталяваны ў 1947 годзе. Скульптар А.П. Сало.

У дзённікавых запісах, зробленых у 1921 годзе, ёсць і такое сведчанне: «Велик Кавказ. Многочисленны его долины и ущелья, бесконечны его горные цепи и нет числа уединенным убежищам среди  первобытной природы. И повсюду встречаются люди с чуткой душой […] Повсюду видна частица души человеческой. Ищи её и всегда найдешь». Асобных з іх Станіслаў Уладзіміравіч згадаў. Але, несумненна, спіс гэты, і так далёка няпоўны, значна прайграе ад таго, што ў ім адсутнічае яго прозвішча...

Затое ў Карачаеве і на Кубані Станіслава Ачапоўскага ведалі ці не ўсе. Ды як не ведаць, калі за 35 гадоў сваёй працы асабіста агледзеў 1 200 000 хворых і правёў 60 тысяч аперацый. Горцы называлі яго «святым доктарам», як і славутага Фёдара Гааза. Яго імя ўключалі ў свае малітвы. А Станіслаў Уладзіміравіч, чалавек веруючы, у сваім рабочым кабінеце ўладкаваў куток, дзе перад іконай Гасподняй пастаянна гарэла лампадка...

Аўтарытэт Ачапоўскага быў настолькі вялікі, што нават тыя, хто знаходзіўся не ў ладах з мараллю і законам, крыўдзіць яго не хацелі. Аднойчы, як звычайна, вяртаўся з работы позна, за некалькі дзясяткаў метраў ад дома яго абрабавалі. Назаўтра, як толькі прачнуўся, — званок. Адчыніў дзверы, а каля іх — скрадзеныя рэчы…

Станіслаў Уладзіміравіч быў ганаровым грамадзянінам Каўказа, аула Учкулан і пасёлка Беслан. Так зросся з гэтай цудоўнай зямлёй, што ад неаднаразовых прапаноў перабрацца ў Маскву, дзе абяцалі адказныя пасады, адмаўляўся.

Калі 17 красавіка 1945 года Ачапоўскага не стала, яго пахавалі не на могілках, а за паўсотню метраў пад вокнамі клінікі, у якой працаваў. Цяпер гэта краявая дзіцячая бальніца, якая носіць яго імя.

Знакаміты рускі ўрач-афтальмолаг Сяргей Галавін назваў Ачапоўскага «баянам рускай афтальмалогіі». Адштурхоўваўся ад старажытнарускага значэння гэтага слова. Аднак Станіслаў Уладзіміравіч — і спявак-паэт беларускай афтальмалогіі. Бо з нашай зямлі.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі