Вы тут

Калапс «краіны кедраў». Чаму Ліван ахапіў найцяжэйшы крызіс?


Ліван перажыў маштабны блэкаўт — ва ўсёй краіне больш за суткі не было электрычнасці. Дзве наймагутнейшыя электрастанцыі дзяржавы — «Аль-Захрані» і «Дэйр-Амар» — спыніліся з-за адсутнасці паліва, якое нельга было купіць з-за недахопу валюты. Мясцовыя чыноўнікі наперабой заяўлялі, што адключэнне святла можа працягнуцца некалькі дзён. Праўда, ужо праз суткі міністр энергетыкі Лівана Валід Фаяд заявіў, што электразабеспячэнне краіны адноўлена да ранейшых магутнасцяў, паколькі знайшлі грошы: Цэнтрабанк дамовіўся пра крэдыт на 100 мільёнаў долараў для закупкі паліва. Месцічы даўно прызвычаіліся да веерных адключэнняў электрычнасці. Пры гэтым энергетычны крызіс — толькі частка праблем Лівана. Жыхары пакутуюць ад катастрафічнага недахопу паліва, лекаў і нават пітной вады. Значная частка насельніцтва краіны, якую некалі па праве называлі «блізкаўсходняй Швейцарыяй», апынулася за рысай беднасці. Чаму Ліван ахапіў найцяжэйшы крызіс, чаго чакаць надалей?


За рысай беднасці

Цяперашні крызіс у Ліване ўваходзіць у тройку самых цяжкіх за апошнія 170 гадоў сусветнай гісторыі. Да такой высновы прыйшлі эксперты Сусветнага банка. Тэндэнцыі, на жаль, несуцяшальныя. Сёлета аналітыкі прагназуюць зніжэнне ВУП на 21 працэнт — пасля падзення на 20,3 працэнта ў 2020-м і на 6,7 працэнта ў 2019-м. У абсалютным выражэнні ліванская эканоміка скарацілася з 55 мільярдаў долараў у 2018 годзе да 33 мільярдаў у 2020-м. ВУП у пераліку на душу насельніцтва ўпаў за той жа час на 40 працэнтаў. Леташняя інфляцыя была роўная 84,3 працэнта, саступаючы толькі паказчыкам Венесуэлы і Зімбабвэ. Сотні тысяч сем'яў апынуліся за рысай беднасці, а курс нацыянальнай валюты на чорным рынку абясцэніўся на 129 працэнтаў. Як заўважаюць эксперты, такія засмучальныя вынікі звычайна характэрныя для ваенных канфліктаў ці нават паўнавартасных войнаў і сталі нечаканасцю ў мірны час.

На думку аўтараў даклада Сусветнага банка, з якімі пагаджаецца большасць назіральнікаў, вострая фаза праблем пачалася восенню 2019 года, калі ўрад прыняў меры жорсткай эканоміі, закліканыя выратаваць краіну і яе бюджэт ад банкруцтва. Былі анансаваныя новыя падаткі, у прыватнасці, беспрэцэдэнтны збор на WhatsApp — шэсць долараў у месяц за магчымасць званкоў у папулярным месенджары. Гэтае рашэнне ўлады неўзабаве адмянілі, але ўвялі іншыя падаткі, адначасова скараціўшы пенсіі і зарплаты дзяржслужачых.

Вельмі непапулярны крок прывёў да масавых пратэстаў: дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на цэнтральныя вуліцы і плошчы найбуйнейшых гарадоў Лівана — Бейрута, Бібласа, Сайды. Непапулярныя меры сталі толькі фармальнай нагодай для выступленняў — незадаволенасць грамадзян назапашвалася гадамі і была звязана з карупцыяй, якая пракралася ва ўсе сферы эканомікі, перабоямі ў пастаўках бензіну, а таксама ў электра- і водазабеспячэнні. Амаль ва ўсіх установах і ў двары кожнага жылога дома тут даўно стаяць аўтаномныя электрагенератары, пры дапамозе якіх людзі чакалі доўгія гадзіны без святла.

Стаміліся ліванцы і ад высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнай няроўнасці, адзначае lenta.ru. Паводле статыстыкі міжнародных арганізацый, адзін працэнт найбагацейшых жыхароў краіны валодае чвэрцю ВУП, 10 працэнтаў найбольш заможных — 55 працэнтамі ад агульнага нацыянальнага даходу. Такое становішча спраў стала пабочным эфектам «ліванскага эканамічнага цуду», аб якім спецыялісты казалі аж да пачатку 2011-га, калі разгарэлася «арабская вясна» — серыя рэвалюцый у Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

Ад дэфолту да выбуху

Ужо ў сакавіку 2020-га новы ўрад пад кіраўніцтвам Хасана Дзіяба аб'явіў пра дэфолт — адмове адказваць па абавязацельствах, якія на той момант складалі 1,2 мільярда долараў. Фактычна краіна стала банкрутам. Далей сітуацыя толькі пагаршалася, чаму спрыяла ўвядзенне карантыну з-за каранавіруса, закрыццё многіх прадпрыемстваў і, як вынік, рост беспрацоўя да 25 працэнтаў. Дзіяб і яго ўрад не карысталіся падтрымкай насельніцтва, якое лічыла іх стаўленікамі ранейшых уладаў. Да таго ж ліванскія бальніцы не спраўляліся з наплывам захварэлых на каранавірус.

Летась у сярэдзіне вясны з'явілася кволая надзея на паляпшэнне, калі ўрад дамовіўся з Міжнародным валютным фондам (МВФ) аб выдзяленні дапамогі ў памеры дзесяці мільярдаў долараў на працягу чатырох гадоў. Сродкі павінны былі пайсці на рэканструкцыю прамысловасці і стварэнне новых працоўных месцаў, але вылучыць іх фонд гатовы быў толькі пры ўмове тэрміновых палітычных рэформаў і поўнай справаздачнасці аб эканамічнай сітуацыі ў краіне, чаго ў выніку так і не было зроблена.

А ў пачатку жніўня 2020-га ў порце Бейрута адбыўся выбух, які быў прызнаны адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва. Выбухнулі 2,7 тысячы тон аміячнай салетры, якая захоўвалася на складах з 2014-га, загінулі 207 гараджан (яшчэ больш за 700 атрымалі раненні), была пашкоджана амаль трэць ліванскай сталіцы. Некаторыя раёны былі цалкам пахаваныя пад заваламі. Але самым балючым наступствам стала разбурэнне склада медыкаментаў і элеватара, дзе захоўвалася каля 85 працэнтаў усяго нацыянальнага запасу збожжа. У цэлым порт забяспечваў каля 60 працэнтаў усяго імпарту Лівана, які практычна цалкам залежыць ад паставак самых неабходных тавараў з-за мяжы.

Тое, што здарылася, прывяло да імгненнай адстаўкі ўрада Дзіяба, але новага прызначыць не ўдалося, таму міністры працягнулі працаваць на сваіх ранейшых пасадах з прыстаўкамі выконваючых абавязкі. Сёлета ў лютым у краіне пачалі працаваць следчыя швейцарскай пракуратуры, заўважыла lenta.ru. Яны спрабуюць разабрацца ў дзейнасці Цэнтрабанка і асабіста яго старшыні Рыяда Саламе. Яго падазраюць у шматлікіх парушэннях і растраце каля 350 мільёнаў долараў. Аб ходзе расследавання пакуль нічога не вядома, паколькі Міністэрства замежных спраў папрасіла яго засакрэціць.

На парахавой бочцы

Увесну ў Ліване амаль не было дэманстрацый: умовамі аднаго найбольш жорсткіх у свеце лакдаўнаў забаранялася свабоднае перамяшчэнне па вуліцах. Але, як толькі абмежаванні былі знятыя, пратэсты аднавіліся з новай сілай. У кастрычніку мінулага года прэзідэнт Мішэль Аун даручыў Сааду Харыры трэці раз узначаліць урад, аднак за наступныя восем месяцаў яны так і не здолелі дамовіцца аб канкрэтных кандыдатурах, і ў ліпені 2021-га Харыры абвясціў аб спыненні спроб сфарміраваць кабмін.

Як лічыць аналітык Тоні Хуры, якога згадвае ТАСС, у цяперашняй сітуацыі, калі Ліван застаецца парахавой бочкай Блізкага Усходу, «любы, хто пагаджаецца заняць крэсла прэм'ер-міністра, рызыкуе здзейсніць палітычнае самагубства». Тым не менш на новы ўрад ускладаюцца асаблівыя спадзяванні. Яго ўзначаліў Наджыб Мікаці — адзін з самых заможных ліванцаў, а ў спісе найбагацейшых людзей планеты ён займае 446-е месца з капіталам не менш чым 2,6 мільярда долараў. 65-гадовы палітык і бізнесмен стварыў 10 верасня ў Ліване ўрад нацыянальнага выратавання, які зоймецца правядзеннем рэформ і рэканструкцыяй Бейрута пасля леташняга выбуху ў марскім порце. 20 верасня новы кабінет атрымаў вотум даверу ў аднапалатным парламенце. Адметна, што раней Мікаці двойчы ўзначальваў урад Лівана: падчас вострага палітычнага супрацьстаяння ў 2005-м, калі быў забіты тагачасны прэм'ер Рафік Харыры (адзін з найбольш адметных кіраўнікоў у найноўшай гісторыі Лівана), а таксама ў 2011—2014 гадах, у разгар крызісу ў суседняй Сірыі.

Агонь на паражэнне

За мінулы год Ліван перажыў яшчэ шмат узрушэнняў. Пачасціліся і сталі нормай масавыя адключэння электрычнасці і вады, перабоі з газазабеспячэннем. Недахоп бензіну, які пастаўляецца з-за мяжы, прывёў да шматкіламетровых чэргаў на АЗС і вымусіў многіх адмовіцца ад паездак на асабістых аўто. Замежныя пастаўшчыкі гатовыя адгружаць паліва толькі на ўмовах поўнай перадаплаты. З-за адсутнасці паліва ліванцы не могуць выкарыстоўваць электрагенератары, што асабліва крытычна летам, калі на вуліцы вельмі горача і кандыцыянеры — проста жыццёвая неабходнасць. У бальніцах востры недахоп медыкаментаў, у той час як многія жыхары Бейрута не акрыялі ад наступстваў выбуху. На вуліцах гарадоў масава знікаюць каналізацыйныя люкі з каштоўных металаў, а паліцыя фіксуе рэкордную колькасць самагубстваў, адзначае lenta.ru.

Банкаўская сістэма перажывае калапс, у выніку якога грамадзяне краіны страцілі доступ да сваіх валютных зберажэнняў, а атрымання наяўных сродкаў у фунтах строга абмежавана. Курс нацыянальнай валюты апусціўся да дзесяці тысяч за долар (у дзесяць разоў ніжэй пакуль яшчэ дзеючага афіцыйнага), а сярэдняя зарплата за апошнія два гады звалілася з 670 да 67 долараў.

Сродкаў не хапае нават на войска — адзіную сілу, якая патэнцыйна можа прадухіліць у краіне новую грамадзянскую вайну. «Як салдат можа ўтрымліваць сям'ю, калі яго зарплата не перавышае 90 долараў? — спытаў у сярэдзіне чэрвеня камандуючы арміі генерал Жозэф Аун (цёзка прэзідэнта) падчас анлайн-сустрэчы, арганізаванай французскімі ўладамі. — Сітуацыя крытычная. Калі не прыняць меры, эканамічны і фінансавы крызіс непазбежна прывядзе да краху ўсіх дзяржаўных інстытутаў, уключаючы ліванскія ўзброеныя сілы». Ад безвыходнасці мясцовыя ваенныя вырашылі зарабляць на турыстах: усе ахвотныя сёння могуць палётаць на ваенным самалёце. Экскурсія абыдзецца ў 150 еўра.

Палажэнне магла б выправіць падтрымка з-за мяжы, і многія краіны, адгукнуўшыся на заклік Францыі, якая адчувае адказнасць за лёс колішняй калоніі, гатовыя даць мэтавы крэдыт. Аднак, як мяркуе аглядальнік саудаўскай газеты Ashsarq al-Awsat Мухамед Шукейр, у найбліжэйшы час Ліван наўрад ці дачакаецца салідных інвестыцый ад Захаду і багатых дзяржаў Персідскага заліва. «Дапамога будзе дазаваная, як кісларод», — лічыць аналітык. Яшчэ ў 2017-м, пасля раптоўнага абвяшчэння аб адстаўцы Саада Харыры, у Парыжы была сфарміравана Канферэнцыя за эканамічнае развіццё і рэформы (CEDRE), мэтай якой была арганізацыя дапамогі Лівану. З урадам заключылі «пагадненне аб даверы», якое павінна было адкрыць Бейруту доступ да крэдытнага траншу, але яго ўмовы так і не былі выкананы.

Весткі, якія паступаюць з Лівана, несуцяшальныя. Так, днямі стала вядома, што тры чалавекі загінулі і дзясяткі атрымалі раненні ў выніку перастрэлак, якія ўзніклі падчас акцыі пратэсту ў Бейруце. Пра гэта паведаміў тэлеканал Al Hadath. Разлютаваныя перастрэлкі сціхлі толькі пасля таго, як вайсковыя патрулі размясціліся ў раёнах, дзе ўзніклі беспарадкі. Камандаванне ўзброеных сіл папярэдзіла, што «ваенныя будуць адкрываць агонь на паражэнне па любым мінаку, які выйшаў на вуліцу са зброяй». Са зваротам да народа выступіў прэм'ер-міністр Лівана Наджыб Мікаці, які заклікаў грамадзян «захоўваць спакой і не дапусціць спаўзання дзяржавы да міжусобіц». Так што калапс у «краіне кедраў» у разгары і выйсця пакуль не відаць.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.