Вы тут

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі


Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі. Прызнаўся, што пачутая ім гісторыя не дае спакою. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нелюдзі ў фашысцкай форме пад знакам барацьбы з партызанамі зажыва спалілі шасцярых дзяцей разам з трыма жанчынамі — іх маці. «І пасля гэтага яшчэ знаходзяцца тыя, хто дазваляе сабе апраўдваць нацызм», — абураецца ён. Пётр Іванавіч паклікаў з сабой яшчэ і школьнікаў, каб пачулі жахлівы аповед з першых вуснаў. Патрыятычнае выхаванне немагчыма без такіх вось сустрэч, уражанняў, прыватных гісторый, дзе ніякіх прыцягнутых за вушы фактаў — адзін суцэльны боль. Каб зразумець нешта, трэба гэтым прасякнуцца. Перажыць эмацыянальнае ўзрушэнне.


Малінаўку спалілі цалкам, у Мікалаеўцы — асобныя хаты

Бялыніцкі раён вельмі пацярпеў ад фашыстаў. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама Ірыны Бяляўцавай, гітлераўцы знішчылі болей чым семдзясят вёсак.

З кнігі «Памяць» Бялыніцкага раёна:

Масавае знішчэнне мірнага насельніцтва Бялыніцкага раёна, якое практыкавалася акупантамі з першых дзён вайны, асабліва шырока вялося ў час карных экспедыцый, калі разам з людзьмі знішчалі цэлыя вёскі. Найбольш буйная з іх «Майкефер» (Майскі жук) і «Адлер» (Арол) правялі ў чэрвені-жніўні 1942 года ў вёсках Барок, Каменка, Карманаўка, Кулакоўка, Рубеж, Эсьмоны, Брэнькаў, Сныткі, Вугольшчына, Пільшычы. Была спалена 360 хат, загінула 217 чалавек. 16 лютага 1943 года была знішчана вёска Малінаўка — спалена 27 двароў, забіта каля сотні жыхароў, палова з якіх дзеці...

Відавочцаў тых страшных ваенных часоў ужо няма. Некалькі гадоў таму памерла апошняя цётка Ларысы Клімянок, якой на пачатак вайны было 13 гадоў. Няма болей і вёскі з прыгожай назвай Малінаўка, якую немцы спалілі разам з жыхарамі. Суседка Ларысы Клімянок Ніна Бялова пераехала ў Мікалаеўку з Малінаўкі ў сямідзясятыя гады. Пасля вайны была спроба аднавіць там жыццё, але не атрымалася. Зараз у Малінаўцы толькі вялікая брацкая магіла — агульная на ўсіх забітых сялян. Да вайны жыхары Мікалаеўкі і Малінаўкі вельмі цесна сябравалі. Таму было і шмат шлюбаў паміж вясковай моладзі.

— Мая маці Вера Міхайлаўна Ільюшына родам з Мікалаеўкі, а бацька — з Малінаўкі, — расказвае Ніна Бялова. — Бацькаву радню ўсю цалкам спалілі — усіх пяцярых братоў. Дзеда Міхаіла Міхайлавіча, у якога стаялі партызаны, карнікі прывязалі да каня і гналі да Пясчанкі некалькі кіламетраў, а там дабілі. Бацька быў у партызанах, таму і жывы застаўся.

— У Малінаўцы згарэла старэйшая сястра майго бацькі — Наста, — дзеліцца сямейнай трагедыяй Ларыса Клімянок. — Немцы не паглядзелі, што яна цяжарная і з шасцігадовым сынам, спалілі і яе, і хлопчыка. Наста на Вугаллі жыла, праз лес трэба было ісці, але цётка яе пашкадавала, не адпусціла ў ноч. А раніцай у вёску прыйшлі карнікі, усіх сагналі ў гумно і там спалілі.

— У Мікалаеўцы таксама шмат людзей знішчылі, — уздыхае суразмоўца. — Дзеда Аўласа, старых бацькоў Невядомскіх, Апатавых... Яны проста па вуліцы ішлі, а немцы па іх стралялі. Ніхто не ведае, за што забівалі, за што палілі...

Жыхароў папярэджвалі ратавацца

Дзявочае прозвішча Ларысы Уладзіміраўны — Каленціёнава. Такое ж было ў яе зводных братоў і сястры — Аляксандра, Рэгіны і Анатоля. Пра тое, як іх забівалі разам з маці, яна шмат разоў чула ад бабулі.

— Бацька быў у партызанах, у атрадзе Асмана Касаева, — расказвае суразмоўніца. — Перад тым, як здарылася няшчасце, ён папярэдзіў сям'ю пра планы немцаў. Зваў жонку Феню ў лес. Яна адмовілася, сказала, што іх там у лесе акружаць і паб'юць, а мы застанёмся ў вёсцы. Дзеці зусім малыя былі: малодшаму два гады, старэйшаму — сем. Куды з такімі ў лес, ды яшчэ зімой. Бацька вярнуўся ў атрад, а на наступны дзень немцы прыйшлі ў вёску. І ў Малінаўцы людзей папярэджвалі. Хто ўцёк, жывы застаўся. Вунь цётцы Ганне Іонавай хутка 90 гадоў, у яе болей чым 10 дзяцей было. Муж запрог каня, пасадзіў іх на калёсы і ў лес завёз. А тых, хто не стаў уцякаць, немцы потым сагналі і спалілі.

Агульнае, што аб'ядноўвае Ларысу Уладзіміраўну з людзьмі, якіх яна, па сутнасці, ніколі не бачыла, — бацька. І гора было такім моцным, што праз гены перадалося і ёй. Як толькі пачынае ўспамінаць тыя жахі, слёзы коцяцца градам. І вядзе да таго самага месца, дзе ўсё адбылося. Вунь тая яблынька, дзе калісьці стаяла стопка (хлеў без вокнаў). Гэта непадалёк ад яе дому, насупраць праз дарогу. Па сутнасці, дом жанчыны стаіць усяго за некалькі метраў ад таго месца, дзе пакутнікі прынялі сваю смерць.

— Жанчыны вырылі ў стопцы лаз і схаваліся разам з дзецьмі, — расказвае Ларыса Уладзіміраўна. — Але не стала хапаць паветра, і дзеці заплакалі. Немцы пачулі, падышлі і сталі крычаць: партызан, вылазь. Але яны не паслухаліся. І немцы падпалілі стопку. Ад дыму жанчыны і дзеці задыхнуліся. Бабуля расказвала, што, калі немцы пайшлі, целы загінулых на санках перавезлі праз дарогу ў дом і паклалі ў радок. Яны белыя былі, нават не пачарнелі. А тут немцы зноў вярнуліся і пайшлі па хатах з аўтаматамі. Добра яшчэ, што бабуля сарыентавалася і пачала немцаў палохаць: «Пан, у нас тыф». Яны паглядзелі, што людзі белыя як мел ляжаць і хуценька збеглі з хаты. А перад домам яшчэ і вартавых паставілі, каб ніхто болей не заходзіў. Бабуліна хітрасць выратавала яе саму, яе дачку Зою і аднавяскоўцаў Хрысціну з Дуняй. Астатнія хаваліся, дзе прыйдзецца. Дзядзя Толя, бацькаў брат, тры дні сядзеў на елцы, пакуль немцы не сышлі. Дзеўкі ў Пясчанку збеглі, там перачакалі.

Другая сям'я

Бацька Ларысы Клімянок моцна перажываў страту. Пахаваў жонку і дзяцей і далучыўся да дзеючай арміі. Вызваляў Магілёў, дайшоў да Польшчы. Пасля сур'ёзнага ранення трапіў у шпіталь у Днепрапятроўску. А пасля вайны вярнуўся дадому, ажаніўся з будучай маці Ларысы Уладзіміраўны. Час быў цяжкі, браўся за любую работу, каб хоць нешта зарабіць. І ў кузні шчыраваў, і мост ў Лямніцы будаваў, і касіў, і паляводам быў. Ад той хаты, дзе калісьці жыла яго сям'я, нічога не засталося. Адно печышча. Разам з новай жонкай пабудавалі побач з ім новае жытло. Потым прыбудову зрабілі, дзе і вырасцілі сваіх чацвярых дзяцей. Калі тыя дарослыя ўжо былі, дабіліся, каб ім фінскі дом далі, потым абклалі яго цэглай.

Сваю першую сям'ю мужчына ніколі не забываў. Дзесяць гадоў таму пахаванне ўзялі на ўлік мясцовыя органы ўлады. Цётка Зоя, якая была відавочцам той трагедыі, напісала заяву ў райвыканкам, дзе расказала ў падрабязнасцях усё, як было. Пахаванню быў нададзены ахоўны статус. За дзяржаўныя і прыватныя грошы зрабілі помнік, агароджу, паклалі бардзюр.

— А мы даглядаем, кветкі носім, — кажа Ларыса Уладзіміраўна. — Бацька па сваіх забітых дзецях сумаваў усё жыццё, прасіў і яго каля той магілы пахаваць. Мы так і зрабілі.

У Ларысы Клімянок сваіх трое дзяцей, адзін сын, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Астатнія жывуць далёка — на Гомельшчыне. Яна таксама там жыла, але вярнулася на радзіму даглядаць маці. Калі тая памерла, засталася ў бацькоўскай хаце. Тым больш што яшчэ жывая была цётка Зоя, трэба было ёй дапамагаць. Некалькі гадоў таму памерла і яна, апошняя з бацькавага роду. Нічога асабліва ўжо і не трымае яе на гэтым месцы, але мяняць яго не хочацца. Вось толькі сэрца стала часцей хварэць і збівацца з рытму. Вельмі шмат прыйшлося за блізкіх людзей перажываць.

— Калі пачынаю расказваць унукам пра тое жыццё, яны толькі адмахваюцца, кажуць, ды ты бабуля казкі гаворыш, — уздыхае жанчына. — Зараз самой часам здаецца, што ўсё тое мне прыснілася. Вельмі цяжка жылі. Памятаю пах хлеба, які бацька прыносіў з горада. Маці пасыпле яго цукрам — і няма лепш ласунку. Аднойчы дзядзька, які працаваў у шахце, прывёз шакаладных цукерак, «Стэпныя» называліся. Раздаў дзецям па чатыры штучкі. Я свае паклала і не чапала. Толькі разгарну, панюхаю, паліжу і зноў схаваю. Потым малодшаму брату аддала, самаму маленькаму. Так і не пакаштавала. Вайна адабрала ў людзей не толькі родных, але і дзяцінства ў малых.

З кнігі «Памяць» Бялыніцкага раёна

З акта камісіі Бялыніцкага раёна па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх пасобнікаў ад 4 снежня 1944 года.

Нямецкія акупанты расстралялі 1471 жыхара, у тым ліку 467 жанчын і 270 дзяцей. Спалілі 215 чалавек, у тым ліку 65 жанчын і 86 дзяцей. Загналі ў рабства 1569 чалавек, з якіх 664 жанчыны. Усяго расстраляна, павешана, спалена і сагнана ў рабства 3315 чалавек. Пры ўскрыцці ям было ўстаноўлена, што людзі былі распранутыя да сподняга, рукі звязаныя, шмат у каго выбітыя зубы.

У тэму

Пётр Хаванскі, старшыня ваенна-пошукавай секцыі рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў, член абласной камісіі па генацыдзе:

— Наша галоўная задача — выхаваць у моладзі пачуццё патрыятызму. Прычым сапраўднага, а не штучнага. Такія тэмы не могуць нікога пакінуць абыякавымі. Пра гэты страшэнны факт я даведаўся каля 11 гадоў таму, калі была жывая яшчэ цётка Ларысы Клімянок — Зоя, відавочца тых падзей. Я ёй і параіў звярнуцца ў райвыканкам. Мяне яе гісторыя моцна ўзрушыла. І я вырашыў прывезці сюды моладзь. Каб яны таксама перажылі тыя адчуванні, што і я. Наша задача — даць моладзі дакрануцца да тых падзей і пачуць тыя жахлівыя гісторыі з першых вуснаў.

Кампетэнтна

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама Ірына Бяляўцава:

— У сувязі з аднаўленнем даследавання аб масавых знішчэннях мірных грамадзян мы падалі ў пракуратуры ўсе зафіксаваныя факты. У раёне працуе камісія, якая займаецца гэтымі пытаннямі. Яшчэ раз прайшліся па дварах, апыталі нашчадкаў. Выявілі адзіны новы факт, але ён не звязаны з генацыдам. Жыхары паведамілі пра пахаванне партызана ў лесе. Зараз вырашаецца пытанне аб перапахаванні загінулага. Усяго ў раёне 124 воінскія пахаванні, у тым ліку 12 звязаных з генацыдам. Усе яны зарэгістраваныя ўпраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі. Нумары пашпартоў гэтых пахаванняў размешчаны ў нас на сайце. Пахаванне, дзе знаходзяцца знішчаныя фашыстамі дзеці і жанчыны з вёскі Мікалаеўка, значыцца ў нас пад лічбай 7218.

Нэлі ЗІГУЛЯ,

Бялыніцкі раён

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «І гора было такім моцным, што перадалося праз гены»

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.