Вы тут

Фінал дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб'ядноўвае гісторыя і вера» прайшоў у сталіцы


Фінал рэспубліканскай міжканфесійнай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб'ядноўвае гісторыя і вера» прайшоў у сталіцы ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.


У Год народнага адзінства праект быў рэалізаваны пад слоганам «Нас аб'ядноўвае гісторыя і вера». Валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца» сумесна з прадстаўнікамі канфесій Беларусі добраўпарадкавалі 341 святыню — храмы, касцёлы, крыніцы, помнікі і абеліскі вайсковай славы.

«Працоўныя акцыі накіраваны на тое, каб кансалідаваць моладзь праз духоўную агульнасць. Каб праз асабісты ўдзел у будаўніцтве, добраўпарадкаванні святынь, храмаў, праз добрыя справы моладзь атрымлівала духоўна-маральнае выхаванне, — сказаў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў. — Гэта ўклад у будучыню, пасланне новым пакаленням. Працуючы на ??тэрыторыі святынь, маючы стасункі са святарамі, хлопцы і дзяўчаты далучаюцца да рэлігіі, закладваюцца каштоўнасныя асновы, якія ў перспектыве становяцца «засцерагальнікамі» ад здзяйснення жудасных, бесчалавечных рэчаў».

Многія гады фінал праекта праходзіў 14 кастрычніка — у Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці. У гэтым годзе арганізатары вырашылі адрадзіць традыцыю, прычым сімвалам фінальных мерапрыемстваў акцыі абраны ручнік — заступнік і абаронца. Унікальны рукатворны сімвал прэзентаваў на адкрыцці навучэнец 8 класа Семежаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа імя М. С. Высоцкага Раман Волкаў.

Усяго ў Мінску на фінал сабраліся каля 70 найлепшых прадстаўнікоў валанцёрскага руху БРСМ «Добрае Сэрца» з рэгіёнаў краіны.

Моладзь дапоўніла новымі саджанцамі яблыневую алею, закладзеную валанцёрамі БРСМ на тэрыторыі храма-помніка, абнавіла малюнак на дызайнерскай лаве, устаноўленай у 2018-м падчас дабрачыннай акцыі Саюза моладзі «Час дабра». Хлопцы і дзяўчаты наведалі з экскурсіяй музей памяці і крыпту, паўдзельнічалі ў майстар-класах «Роднае-народнае».

Цэнтральным мерапрыемствам фіналу стаў міжканфесійны дыялог «Нас аб'ядноўвае гісторыя і вера» з удзелам прадстаўнікоў асноўных канфесій Беларусі. Юнакі і дзяўчаты змаглі атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні ад экспертаў.

Прыемным сюрпрызам для «добрых сэрцаў» стала цырымонія ўручэння падзяк ад Беларускай праваслаўнай і Беларускай каталіцкай цэркваў.

Добрыя справы акцыі на гэтым не скончыліся. Валанцёры — курсанты Інстытута пагранічнай службы — у гэты ж дзень добраўпарадкавалі тэрыторыю шматфункцыянальнага комплексу Дома міласэрнасці.

Рэспубліканская міжканфесійная акцыя «Аднаўленне святынь Беларусі», ініцыятарам якой з 2013 года выступае БРСМ, спрыяе ўмацаванню міжканфесійнага і нацыянальнага адзінства.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Духоўная еднасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».