Вы тут

Польскі парламент прагаласаваў за легалізацыю выгнання мігрантаў на граніцу


Таксама адобрана будаўніцтва прыгранічнага збудавання коштам 353 мільёны еўра, якое павінна быць абсталявана датчыкамі руху. Змяненні ў закон прадугледжваюць, што мігранты, якія незаконна перасякаюць граніцу і затрыманыя на месцы, павінны пакінуць тэрыторыю Польшчы. Ім таксама будзе забаронены ўезд у краіну на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў, паведаміла Deutsche Welle. Акрамя таго, новаўвядзенне дазваляе польскім уладам пакідаць без разгляду заяву аб выдзяленні прыстанішча, якая пададзена пасля незаконнага перасячэння граніцы, калі заяўнік не прыбыў непасрэдна з зоны, дзе яго жыццё або свабода знаходзяцца пад пагрозай.


У апошнія тыдні Варшава размясціла на граніцы тысячы салдат, узвяла агароджу з калючага дроту і ўвяла надзвычайнае становішча, якое забараняе журналістам і гуманітарным арганізацыям доступ да ўсёй лініі 400-кіламетровай граніцы. Раней шэраг праваабарончых арганізацый звярталіся да польскіх улад з заклікам забяспечыць правы мігрантаў і аказаць ім неабходную дапамогу. Так, міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty Іnternatіonal заклікала Польшчу даць бежанцам, якія шукаюць абароны, доступ у краіну. Як заявіла дырэктар прадстаўніцтва Amnesty Іnternatіonal пры еўрапейскіх інстытутах у Бруселі Іў Гедзі, у арганізацыі ёсць пераканаўчыя доказы таго, што афганскія бежанцы сталі ахвярамі незаконнага прымусовага вяртання ў Беларусь.

Днямі ў прыгранічнай з Беларуссю польскай зоне быў знойдзены труп яшчэ аднаго нелегальнага мігранта. Цела мужчыны было заўважана ў полі экіпажам паліцэйскага верталёта ў ходзе патрулявання тэрыторыі, на якой дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў польскаму выданню Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы бежанец з Сірыі. Паводле інфармацыі ўлад Польшчы, Літвы і Беларусі, увогуле ўжо сем чалавек былі знойдзены мёртвымі на граніцы з той пары, як рэгіён сутыкнуўся з беспрэцэдэнтным наплывам мігрантаў гэтым летам.

Між тым стала вядома, што польскія сілавікі даставілі вялікую групу бежанцаў да граніцы. Пра гэта паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. «Польскія сілавікі на некалькіх транспартных сродках даставілі на лінію польска-беларускай граніцы групу бежанцаў — каля 20 чалавек. У мэтах далейшага гвалтоўнага выцяснення прадстаўнікі пагранічнай варты загадзя часткова дэманціравалі загароду, якая была ўсталявана на польскай тэрыторыі», — распавялі ў ДПК. Спроба непрыкметна выціснуць чарговую групу ў Беларусь не ўдалася з прычыны аператыўнага прыбыцця беларускага пагранічнага нарада. «Нягледзячы на тое, што польскія ваенныя прымушалі замежнікаў незаконна перасекчы граніцу, уся група працягвала заставацца на тэрыторыі Польшчы і адмаўлялася ісці праз дэманціраваную загароду. У выніку польскі бок быў вымушаны забраць усіх бежанцаў. Факты падвозу польскімі сілавікамі бежанцаў з глыбіні сваёй тэрыторыі фіксуюцца штодня. Бесчалавечныя метады і спосабы выцяснення замежнікаў, выкарыстанне ў дачыненні да людзей зброі і дубінак старанна ўтойваюцца ад грамадскасці і тым больш ад еўрапейскіх міжнародных арганізацый, — адзначылі ў ведамстве. — Доказам абыякавасці Польшчы да лёсаў бежанцаў з'яўляецца і той факт, што яе ўлады пастаянна заяўляюць аб неабходнасці дадатковага фінансавання з боку ЕС барацьбы з міграцыйным крызісам. Аднак просяць грошы не на дапамогу людзям, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, а на стварэнне ўзаконенай сістэмы парушэння правоў чалавека».

Еўрапейскі саюз наўрад ці застанецца ўбаку ад дэмаршу Польшчы наконт еўрапейскага права ў адносінах да бежанцаў. Такім меркаваннем у эфіры «Альфа Радыё» падзяліўся палітолаг Аляксей Дзермант. «З юрыдычнага пункту гледжання Польшча парушае свае міжнародныя абавязацельствы, што існуюць у рамках ААН у адносінах да асоб, якія знаходзяцца ў неабароненым становішчы. Таксама яна парушае нормы ЕС, з якімі Польшча пагаджалася, перш чым уступіла ў гэту арганізацыю. У цяперашніх папраўках ёсць такая фармулёўка «...калі асобы не прыязджаюць з краін, у якіх ім нешта пагражае». Дык у тым і справа, што прыязджаюць, паколькі пагражае, бо ў Афганістане і Іраку існуе небяспека вайны, пагроза для жыцця пэўных асоб. Атрымліваецца, што палякі закрываюць вочы на тое, што мігранты маюць сапраўдную патрэбу ў дапамозе і імкнуцца ў ЕС», — заўважыў эксперт.

Ён упэўнены, што ўзвядзенне агароджы польскім бокам на граніцы з Беларуссю не спыніць міграцыйны паток. «Для таго каб спыніць такі паток, павінен быць выбудаваны ланцужок паміж Афганістанам, Іракам, Расіяй, Беларуссю, Польшчай і Германіяй. Калі не будзе выбудавана сістэма супрацоўніцтва праваахоўных органаў, то ніякія дзіркі не ўдасца закрыць такімі агароджамі, гэта відавочна, — адзначыў Аляксей Дзермант. — Польшча, разумеючы, што сапсавала адносіны з Беларуссю, цяпер не можа справіцца з міграцыйным патокам і робіць папулісцкія хады. Яны баяцца, паколькі забеспячэнне еўрапейскай бяспекі — гэта комплекс мер, які датычыцца не толькі стварэння нармальных умоў для прыёму, але і кантролю на граніцы, а гэта немагчыма без Расіі, Турцыі, Беларусі. Польшча разумее, што патрэбны палітычны дыялог, а значыць — прызнаць дзеючую беларускую ўладу, ад якой, між іншым, залежыць бяспека еўрапейцаў».

Аляксей Дзермант лічыць, што з пункту гледжання еўрапейскага права Польшча парушыла яго нормы і сваё нацыянальнае заканадаўства паставіла вышэй за міжнародныя абавязацельствы. «Польшча выводзіць сябе з рамак дзеяння еўрапейскага права, і ўзнікаюць адпаведныя пытанні, яны ж пагаджаліся ўвайсці ў ЕС, атрымлівалі грошы, а цяпер гавораць, што не хочуць выконваць свае абавязацельствы. Брусель, Берлін будуць прымаць пэўныя меры, у тым ліку санкцыі і зніжэнне фінансавай дапамогі», — дадаў палітолаг.

Заходнія краіны сваімі дзеяннямі руйнуюць міжнародную сістэму права. Такое меркаванне БелТА выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч. «Польскі сейм прыняў закон аб бежанцах. Зараз іх будуць выганяць з Польшчы, нават не даючы магчымасці заявіць аб выдзяленні прытулку, — адзначыў дэпутат. — А чаго вы лезлі ў Ірак, Сірыю, Афганістан са сваімі казкамі аб свабодзе і дэмакратыі? Хто даваў вам права бамбіць гарады, расстрэльваць людзей, уводзіць свае войскі, выпампоўваць нафту, газ, рэсурсы? Сёння вы кінулі гэтых людзей! Яны ідуць да вас, вы ж першыя прыйшлі. Хто вас клікаў?» У сувязі з гэтым дэпутат лічыць, што ў Захаду няма маральнага права павучаць іншыя краіны. «І потым вы зберацеся ў Еўрапарламенце і будзеце прымаць смешныя рэзалюцыі па Беларусі і Расіі. І думаеце, нехта ў Мінску ці Маскве будзе ўспрымаць іх без усмешкі. І зараз вы вучыце Беларусь і Расію? Чаму? Мы не бамбілі Ірак і Югаславію. Мы заўсёды толькі ратавалі вас. Вы разбураеце міжнародную сістэму права. Але ў канчатковым выніку гэта ударыць па вас, так было заўсёды», — перакананы Алег Гайдукевіч.

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Нялюдскасць у законе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».