Вы тут

Храм Раства Прасвятой Багародзіцы, в. Вялікая Кракотка, Слонімскі р-н.


Аднойчы я знайшла месца, дзе мяне, па сутнасці пылінку грэшную, могуць і жадаюць выслухаць, зразумець, бескарысліва падтрымаць, і пасля гэтага мяне назаўсёды, дзякуй Богу, пакінула думка аб тым, што наш Свет стаў чэрствы, пазбаўлены спагады і чалавечнасці. Бо ёсць месцы, дзе кожная кветачка — маленькае сонейка, а кожны чалавек — любімае дзіцятка...


Так маё сэрца адзываецца пра храм Раства Прасвятой Багародзіцы і Свята-Засіма-Саваціеўскі праваслаўны манастыр, што на Слонімшчыне ў вёсцы Вялікая Кракотка. Шчаслівая, што наведала той куток, дзе па прыступках можна падняцца не проста да дзвярэй прыгожага праваслаўнага храма, а яшчэ вышэй, над мітуснёй штодзённасці, пустымі клопатамі, танным самалюбаваннем і банальнымі лянотай і слабасцю. Падняцца бліжэй да Бога, каб спусціцца назад новай: радаснай, спакойнай, абноўленай сілай споведзі і святога прычасця.

Неаднойчы ў жыцці я задавала сабе разнастайныя пытанні з адценнем крыўды на лёс, расчаравання, смутку. Навошта я «праседзела» тры гады ў гандлёвым вучылішчы? Чаму менавіта я — старэйшая сястра ў сям'і, і мне прыходзіцца несці адказнасць за братоў, бясконца прыбірацца і дапамагаць ім вучыць урокі? Які сэнс пісаць вершы, калі гэта нікому не патрэбна ў наш сумбурны век? Што будзе далей? Адказы на большасць з іх мне прадыктавала само жыццё. Ні адна зарплата, прэмія ці грамата не прынеслі мне большай радасці, чым незабыўная Вербная нядзелька ў Вялікай Кракотцы. Працяглыя богаслужэнні павольна ды надзейна загойвалі душэўныя раны, і я, як дзіця, радавалася магчымасці быць патрэбнай таму храму і людзям, што мяне акружалі.

З удзячнасцю ўспамінаю, як аднойчы даверылі мне вымыць акенца храма. Немагчыма апісаць словамі, што рабілася ў маёй галаве ў тыя хвіліны, але ў выніку мне ўдалося не толькі прывесці ў парадак даручаны аб'ект. З Божай ласкі, я пачала вымываць вокны сваёй душы, прачыняць іх нават для тых, ад каго з самага дзяцінства старанна хавала сваё сэрца. Я зняла з гэтых вокнаў фіранкі старых крыўдаў і замяніла іх на новыя, лёгкія, квяцістыя, як тыя ветразі на вокладцы адной з дарагіх сэрцу кніг, дзе надрукавалі і мае вершы на роднай мове.

З маёй першай паездкі ў храм Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Вялікая Кракотка прайшло пяць гадоў. У той час я была перапоўненая эмоцыямі, хваляваннем, якія паступова спляталіся ў карункі новых вершаў на духоўную тэму. Спадзяюся зберагчы шчырасць, cілу і прысутнасць Бога ў сваіх, нават самых сумных, радках.

Пазней узнікла цікавасць да гісторыі храма. Аказалася, што дата закладкі сучаснага будынка праваслаўнай царквы значылася на купальным крыжы: 11 красавіка 1882 года. Па матэрыялах архіваў удалося ўстанавіць, што ў Кракотку былі запрошаныя нямецкія майстры, пад кіраўніцтвам якіх будаўніцтва храма вялося мясцовымі жыхарамі. Храм быў пабудаваны з трывалага і надзейнага «ахоўніка» ў сцюжу і гарачыню — з валуноў, якія прадстаўлены разнастайнымі горнымі пародамі.

Рознае перажыў храм на сваім вяку. Так, у 1961 годзе ўлады закрылі яго і выкрэслілі са спісаў дзеючых. Маёмасць была разрабавана, іконы не захаваліся. Некаторыя часткі царкоўнай маёмасці былі знойдзены ў Слонімскім краязнаўчым музеі: настаяцель прыхода айцец Аляксандр (Бараўскіх), які займаўся адраджэннем царквы ў 1990-х гадах мінулага стагоддзя, знайшоў там адну са створак Царскіх варот. Першае богаслужэнне ў адноўленым храме адбылося 8 лістапада 1991 года. Сёння храм належыць да Свята-Засіма-Саваціеўскага праваслаўнага мужчынскага манастыра.

Брація манастыра, дабрачынцы і паломнікі з вялікай любоўю займаліся і працягваюць займацца рэканструкцыяй храма. Аказваецца, ад былой царквы засталіся толькі сцены. І тое, што сёння паўстае перад нашым зрокам, — вынік малітоўнага і працоўнага подзвігу.

Да пачатку рэстаўрацыйных работ у будынку манастыра, які, між іншым, з'яўляецца адной з самых маладых абіцеляў у краіне і заснаваны 29 чэрвеня 2009 года, быў абсталяваны дамавы храм. Ён быў асвечаны ў гонар Салавецкіх цудатворцаў Засімы і Савація. Для храма была напісана ікона святых, у якую ўмацаваны капсулы з часцінкамі святых мошчаў Засімы, Савація і Германа Салавецкіх (цяпер ікона з часцінкамі мошчаў святых знаходзіцца ў царкве Раства Прасвятой Багародзіцы, каб кожны паломнік меў магчымасць да іх прыкласціся).

У 2010 годзе брація Дахіярскай абіцелі святой гары Афон спецыяльна для царквы ў Вялікай Кракотцы стварыла спіс цудатворнай іконы Божай Маці «Скорапаслушніца». Перад Яе іконай замірае ў малітве кожны хрысціянін, які заходзіць у мясцовы храм. Так было і са мной.

Асабліва ўшаноўваецца тут і свята Нараджэння Іаана Прадцечы (7 ліпеня), бо непадалёк ад абіцелі знаходзіцца крынічка, асвечаная ў гонар гэтага святога. Крынічка працякае ў маляўнічай мясціне: у сасновым бары на правым беразе некалі малой ракі (а цяпер ручая) Іарданкі. Лекавыя ўласцівасці гэтай крынічнай вады вядомыя здаўна. І сёння таксама ёсць ім пацвярджэнне: вада дапамагае пры захворваннях вачэй тым, хто малітоўна яе ўжывае. Плынь людзей па святую ваду не спыняецца. Тэрыторыя крынічкі добраўпарадкавана, абсталявана месцамі для адпачынку. Так і хочацца застацца тут са сваімі думкамі і надзеямі, памаліцца Богу і Божай Маці, святому Іаану Прадцечу.

Свята-Засіма-Саваціеўская абіцель славіцца выдатным манастырскім пчальніком. Тут можна ўдосталь паласавацца і набыць чыстага і смачнага мёду, які руплівыя пчолы збіраюць з векавых ліп, лясных траў і кветак, засаджаных грэчкаю палёў. Падрастае цудоўны вінаграднік, які раскінуўся па манастырскіх землях і ўпрыгожыў сабою сонечны ўзгоркаў ля храма.

Намеснікам манастыра з'яўляецца ігумен Міхей. Ён сваімі пранікнёнымі пропаведзямі навучае брацію абіцелі, сваіх духоўных дзяцей і шматлікіх паломнікаў, якія прыязджаюць у манастыр, каб памаліцца і папрацаваць у Славу Божую. У вёсцы ёсць адрамантаваныя і спецыяльна пабудаваныя ўтульныя домікі для тых, у каго ёсць патрэба затрымацца тут на некаторы час. Вельмі радасна, што гасцінная Вялікая Кракотка змяняецца і прыгажэе з кожным днём, што становіцца роднай і незабыўнай і для людзей сталых, і для нашай моладзі. Дарэчы, знайшла пра вёску цікавы факт: у 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала тут бібліятэку-чытальню імя Янкі Купалы. Гэта была першая мясцовая ўстанова культуры, якой было дадзена імя песняра.

Дзякуй Богу, што ёсць храмы і манастыры, у якіх з асаблівай сілай веры, уважліва і няспынна моляцца за родную краіну, за людзей, якія стараюцца прытрымвацца Божых запаведзяў. Веру, што непаўторная цеплыня гэтых мясцін, духоўная прыгажосць і празрыстая шчырасць не перастануць вылечваць збалелыя людскія сэрцы, напаўняючы іх святой малітвай, спагадай, верай у Госпада і яго бязмежную дабрыню. Няхай ніколі не зарастае сцежка да храма Раства Прасвятой Багародзіцы і Свята-Засіма-Саваціеўскага праваслаўнага манастыра і да святой гаючай крыніцы на рачулцы Іарданка. Шчасце — хоць аднойчы ўбачыць і адчуць гэтую прыгажосць. Радасць — мець магчымасць пра гэта расказаць. Цеплыня ўспамінаў — той агеньчык, што працягвае гарэць за акенцам маёй душы.

Дзякуй Богу.

За ўсё.

Кацярына РОЎДА

Гістарычныя звесткі і фотаздымкі запазычаныя з архіва Свята-Засіма-Саваціеўскага праваслаўнага мужчынскага манастыра.

Загаловак у газеце: Каб не згасаў агеньчык веры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?