Вы тут

Як пагуляць па горадзе 1970-х?


Карчы. Дошкі. Першы Цагельны. Чацвёрты Цагельны... Сучасным маладым людзям, магчыма, гэтыя назвы нічога не скажуць. А вось у іх бацькоў (ці нават бабуль і дзядуляў) могуць выклікаць процьму ўспамінаў. Так яны называлі мясціны, у якіх любілі збірацца. Зазірнуць у мінулае, даведацца, як адпачывалі, адзяваліся, якой касметыкай карысталіся, чым цікавіліся, дзе любілі гуляць маладыя людзі 1950–1980-х гадоў, можна на выстаўцы «Мода. Музыка. Маладосць», якая праходзіць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.


У межах выстаўкі запланаваны сустрэчы з асобамі, якія могуць распавесці больш пра прызабытую гісторыю нефармальнага Мінска. На адну з такіх сустрэч завітаў член Беларускага саюза дызайнераў, рэстаўратар, калекцыянер, куратар многіх выставачных праектаў Ігар Сурмачэўскі. Дарэчы, на выстаўцы можна ўбачыць частку яго ўласнай калекцыі грампласцінак і магнітных стужак, якія ён пачаў збіраць у 1970-х гадах. У той час «пласты», менавіта так моладзь называла пласцінкі з запісамі замежных гуртоў, маглі пацягнуць на 40 рублёў і больш за штуку. Тавар звычайна знаходзілі ў «насельніцтва» з «ін’яза» і БПІ. У гэтыя навучальныя ўстановы прыязджалі студэнты-кубінцы, сірыйцы, іншыя замежнікі, якія часта прывозілі з сабой пашарпаныя пласцінкі. Навінкі ж адшукаць было яшчэ цяжэй і за больш высокія сумы. Афіцыйна валюта лічылася па невялікім курсе, але на чорным рынку долар каштаваў па 5 рублёў.

Наогул у Мінску было багата нефармальных тусовак. І гэта ў гады застою, калі па радыё немагчыма было пачуць «Бітлз», а ў магазіне «Электратэхніка» пласцінкі з запісамі гурта прадаваліся з надпісам «Вакальна-інструментальны ансамбль», а часам і прыпіскай «англійская народная песня». Заморскія хіты на ўсю моц гралі на вяселлях. Маладыя людзі вялі альбомы, якія аздаблялі фатаграфіямі любімых выканаўцаў, а словы замежных песень запісвалі рускімі літарамі, напрыклад «Кант бай мі лав», часта не ведаючы іх перакладу.

Узнікала шмат музычных гуртоў, асобныя з іх стваралі ўласныя кампазіцыі. Прычым у той час эксперыменты са знешнасцю, музычнай творчасцю рабіліся пераважна не для «хайпу». Моладзь атрымлівала задавальненне проста ад пошукаў нечага новага, нестандартнага.

«Мы пісалі музыку не для таго, каб пасля з ёй выступаць. Мы хацелі чыстага мастацтва. Нам патрэбныя былі свае музыка, словы», — заўважае Ігар Сурмачэўскі.

Вырастала пакаленне, якое шукала нестандартныя падыходы да ўсяго, што яго акружае: моды, музыкі, мастацтва, нават камерцыйных адносін. Сёння нікога ўжо не здзівіць такімі пошукамі і стаўленнем, але хто ведае, якое было б наша сучаснае жыццё, калі б не было таго досведу папярэднікаў.

Сустрэцца з незвычайным Мінскам на выстаўцы «Мода. Музыка. Маладосць» можна ў галерэі Савіцкага да 14 лістапада, а ў якасці бонусу вам прапануюць яшчэ і прайсці займальны квэст.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.