Вы тут

«Ленінградскае неба»: Прывітанне беларусам


 

У выдавецкай анатацыі да зборніка вершаў «Ленінградскае неба» у перакладах на беларускую мову ўсё адпавядала тагачаснай ідэйна-палітычнай стылістыцы ў ацэнках літаратурных творах: «...творчасць яго вызначаецца глыбокай ідэйнасцю, патрыятызмам, пачуццём шчырай любові да роднай зямлі». 


Так, і «Ленінградскае неба» — кніга, задуманая ў серыі «Паэзія народаў СССР» як знак удзячнасці рускаму паэту, што шмат перакладаў з твораў беларускіх мастакоў слова, пачынаецца вершам «Радзіма». 

Я вырас там, дзе руская прырода. 

Пазнаў я мову мудрае зямлі,

Як мову мужнага свайго народа,

З якім стагоддзі гутарку вялі. 

Як воблік маці, палюбіў чароўны

Прастор яе далінаў і лясоў.

І кожны знак яе, амаль няўлоўны,

Я разумеў, як позіркі сяброў. 

Дыханнем ветру на зары імглістай

Ды хрустам снегу, булькатам крыніц,

Гамонкай ніў, птушыным росным свістам

Яна лістала кнігу таямніц. 

Несумненна, патрыятызм ў М. Браўна быў шчыры, радзіму і вялікую краіну ён, канешне ж, любіў і ў словах, і ў дзеях. Ды вось такі лёс іх сямейнай пары (жонка — паэтэса Марыя Камісарав; яна, дарэчы, і ўклала кнігу для беларускага выдавецтва «Мастацкая літаратура») быў зусім няпросты. Мяркуйце самі. Бацька Мікалая Браўна — дваранін Леапольд Вікенцьевіч Браўн (памёр у 1938 годзе). Ды яшчэ католік. Валодаў з 1900 года купленым маёнткам у сяле Парахіна, вёсках Канаураўскія выселкі і Землякова. У сваёй ранняй творчасці Мікалай Браўн быў аматарм розных эксперыментаў — знаходзіўся пад уплывам Барыса Пастэрнака, Восіпа Мандэльштама, Мікалая Ціханава. Займаўся ў «Цэху паэтаў» пад кіраўніцтвам Мікалая Гумілёва. Першая кніга Мікалая Браўна — «Мір і майстар» — пабачыла свет у 1926 годзе. Пісаў і друкаваўся паэт вельмі шмат. Выдаў болей 20 арыгінальных зборнікаў. Выйшлі і «Выбраныя творы» у двух тамах. 

У паэзіі знайшоў свой лёс і сын з сям’і Мікалая Браўна і Марыі Камісаравай — Мікалай Мікалаевіч Браўн (нарадзіўся ў 1938 годзе). Чалавек па сваіх творчых памкненнях выключна захоплены, таленавіты, ён рана праявіў сябе як перакладчык паэзіі. Перакладаў з нямецкай, англійскай, літоўскай, польскай моў. Некаторыя пераклады ўжо ў 1960-я гг. былі надрукаваны ў часопісах «Звезда», «Нева». Рыхтаваліся да публікацыі вершы амерыканскага паэта Стэнлі К’юніца ў перакладах М. Браўна і ў часопісе «Иностранная литература». Але былі зняты з друку з-за палітычных выступленняў Мікалая супраць падаўлення савецкімі танкамі «свабод у ЧССР». Малады чалавек шматкрат наведваў Анну Ахматаву, чытаў для запісу на магнітафон яе паэму «Рэквіем». Мікалай Браўн заняўся і распаўсюджваннем «тамвыдата», твораў рускай паэзіі, якія былі ў СССР па зразумелых прычынах невядомыя. У красавіку 1969 г. перакладчыка арыштавалі як «асабліва небяспечнага дзяржаўнага злачынца». Яму інкрымініраваліся антыкамуністычная і рэлігійная прапаганда, «тэрарыстычныя замыслы», падрыхтоўка выбуху маўзалея Леніна і падрыхтоўка нападу на Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Ільіча Брэжнева... Набор, што ні кажы, самы сур’ёзны. Калі ішло расследванне, дапытваліся галоўныя рэдактары: «Нового мира» — Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, часопісаў «Звезда» — Георгій Халопаў, «Нева» — Аляксандр Папоў. А таксама — паэты Рурык Іўнеў, Арсеній Таркоўскі, Леў Озераў... Шмат хто характарызаваў Мікалая Браўна-малодшага як таленавітага паэта, прасілі перагледзець «справу М. М. Браўна»... І ўсё ж сына паэтаў Браўна і Камісаравай — паэта Мікалая Браўна асудзілі да сямі гадоў зняволення... 

Канешне ж, гэтая сітуацыя накладвала сваю пячатку на творчасць Мікалая Браўна-старэйшага, на яго асабістыя стасункі з уладай, выдавецтвамі. І тым не меней Мікалай Леапольдавіч актыўна працаваў, шмат перакладаў, у тым ліку — і творы беларускіх паэтаў. 

Праўда, і адпаведных радкоў абставіны патрабавалі ад паэта... Хаця, можа быць, і шчыра ён гэта пісаў: «Я імя тваё ўзняў,/ як свяшчэнны разгорнуты сцяг,/ І выводзіць рука/ запаветны радок мой адзіны:/ Больш старое Расііі няма!/ На прасторы жыцця/ Выплывае Расія магутнай агністай ільдзінай» («Расія»). 

У «Ленінградскім небе» змешчаны даволі вялікі верш, мо нават паэма — «Янка Купала». Народны песняр Беларусі паўстае ў гэтым творы ва ўсім шматабліччы. 

Чэрвень крочыў гаем і дубровай,

Птушак будзячы перад світанкам

Звонкаю жалейкай пастуховай.

Ў гэты дзень на свет радзіўся Янка. 

І калі над лесам сонца ўстала,

Заглянула ў нізенькую хату,

— Будзь ты, Янка, — ласкава сказала, — 

Сэрцам шчыры, розумам багаты! 

Вецер прыляцеў, як светлы веснік,

Водар траў прынёс са сцежак польных:

— Выйдзеш, Янка, на дарогу песні,

Будзь, як я, крылатым ты і вольным, —

так пачынаецца «Янка Купала» Мікалая Браўна. 

Беларусі прысвечана і «Беларуская песня» Мікалая Браўна. Сярод перакладчыкаў твораў, якія ўвайшлі ў «Ленінградскае неба», — Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Шахавец, Алесь Бачыла, Антон Бялевіч, Міхась Калачынскі, Уладзімір Паўлаў, Юрась Свірка, Пятро Прыходзька, Кастусь Кірэенка, Аляксей Зарыцкі, Міхась Стральцоў, Анатоль Вялюгін. Усе яны шчыра паспрабавалі зрабіць кнігу цёплай, сапраўды сяброўскай і беларускай. Дарэчы, наклад зборніка «Ленінградскае неба» — 2000 экзэмпляраў.

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. Надыходзіць дастаткова актыўны, напоўнены падзеямі тыдзень.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.