Вы тут

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус


З першых дзён у людзей, якія заразіліся каранавірусам, часта назіраюцца сімптомы, падобныя на востры грып. Пры гэтым хвароба цяпер развіваецца больш імкліва. Як змяніўся каранавірус з першых хваляў і як ён сябе праяўляе? Ці можна заразіцца паўторна? Праз які час імунітэт аслабляецца і варта рабіць паўторную прышчэпку? Якія памылкі мы робім, калі лечымся ад COVІD-19? Пра гэта і іншае распыталі ўрача агульнай практыкі, загадчыка аддзялення агульнай урачэбнай практыкі № 3 31-й гарадской паліклінікі Мінска Надзею КУЛІКОЎСКУЮ.


Пачынаецца як грып

— Надзея Робертаўна, ці змяніліся сімптомы COVІD-19?

— Цяпер ён стаў больш падобны на тыповую вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю ці на грып. Больш з'явілася пацыентаў з рынітамі, болямі ў горле. На мой погляд, менш сталі скардзіцца на дакучлівы сухі кашаль. Па-ранейшаму пацыенты нярэдка скардзяцца на адсутнасць нюху — анасмію. Магчыма, больш частым сімптомам стала гарачка, прычым менавіта высокая тэмпература. Калі ў першыя хвалі шмат пацыентаў звярталася са скаргамі на анасмію, з-за чаго мы пачыналі падазраваць каранавірусную інфекцыю, то цяпер многія звяртаюцца з высокай тэмпературай — 38-38,5.

— Як сябе праяўляе захворванне? Як яно пачынаецца?

— Рэч у тым, што ва ўсіх захворванне пачынаецца па-рознаму. У большасці — па тыпе ВРВІ, у прыватнасці, грыпу. Першыя пераважна з'яўляюцца насмарк, заложанасць у грудной клетцы, болі ў горле і павышэнне тэмпературы. Анасмія, як правіла, далучаецца не адразу. Яна ўвогуле стала больш тыповая для пацыентаў з лёгкай і бессімптомнай формамі, бо з больш цяжкім ходам хваробы на яе менш звяртаюць увагу, непакояць больш цяжкія сімптомы.

— Ці часта здараюцца пнеўманіі?

— Частата ўзнікнення пнеўманій не мяняецца, бо асаблівасць віруса ў тым, што ён паражае лёгкія, працэнт такіх выпадкаў вялікі. Пнеўманіі сталі больш раннія: калі ў першыя хвалі пік захворвання прыходзіўся часцей за ўсё на 7-8-ы дзень, то цяпер ён змясціўся на 3-5-ты дзень. Але паколькі пнеўманіі лечацца працяглы час, мы іх убачым і на 7-8-ы дзень.

— Захворванне стала больш небяспечнае?

— Дакладней будзе сказаць, што вірус стаў больш кантагіёзны — заражаецца больш людзей. Многія, хто не хварэў у першыя хвалі, заразіліся менавіта цяпер. Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя жанчыны і дзеці. Дзеці раней увогуле практычна не хварэлі ці пераносілі хваробу ў лёгкай форме, цяпер яны нярэдка трапляюць і ў стацыянар. Сімптомы таксама падобныя на ВРВІ.

Некаторыя хварэюць на COVІD-19 ужо трэці раз

— Ці можна заразіцца каранавіруснай інфекцыяй паўторна?

— Так, любы чалавек можа захварэць паўторна. Ёсць пацыенты, якія хварэюць ужо трэці раз. Асаблівасць імунітэту ў тым, што ён няўстойлівы і паступова згасае. У большасці людзей ён аслабляецца да 6-9-га месяца, таму мы і рэкамендуем вакцынавацца дзесьці праз 3-6 месяцаў пасля хваробы, калі яна была ў цяжкай форме, праз 2-8 тыдняў — калі ў больш лёгкай. Пасля поўнага курса вакцынацыі мы таксама рэкамендуем паўтараць прышчэпку праз дзевяць месяцаў. У нас ёсць такія пацыенты, якіх мы ўжо накіравалі на рэвакцынацыю.

— У такім выпадку робіцца адна прышчэпка?

— Так, паўторна мы прышчапляем аднакампанентнай вакцынай расійскай вытворчасці «Спадарожнік Лайт». Таксама ёй прышчапляюць маладых людзей да 25 гадоў.

— Ці праўда, што самы моцны імунітэт выпрацоўваецца, калі чалавек прышчапіўся, а пасля яшчэ і перахварэў?

— Тут складана сказаць, наколькі ўстойлівы імунітэт у чалавека, які і прышчапіўся, і перахварэў. Вынікі даследаванняў на гэты конт пакуль невядомыя.

— Калі раней казалі, што вірус перадаецца праз паверхні, рукі, то цяпер вядома, што асноўная крыніца — хворы чалавек...

— Так, вірус перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам. І верагоднасць заражэння залежыць ад імунітэту таго, хто кантактуе з хворым. Таксама ад стадыі хваробы, бо ў канцы ізаляцыі пацыент лічыцца не такім заразным. Калі ж людзі размаўляюць без маскі, то хапае і некалькіх хвілін, каб атрымаць дастатковую вірусную нагрузку і заразіцца.

— Ці высокая верагоднасць заразіцца прышчэпленаму чалавеку?

— Трэба сказаць, што сама вакцына не можа выклікаць захворванне. А вось інфіцыравацца ад хворага чалавека можна і вакцынаванаму. Але прышчэпленыя пацыенты хварэюць у больш лёгкай форме. Да таго ж менш імавернасці ўскладненняў. Эфектыўнасць вакцыны «Спадарожнік V» — каля 92 %, у кітайскай крыху меншая — больш за 70 %.

— Што гэта значыць? Імавернасць не заразіцца 92 %?

— Не, эфектыўнасць ацэньвае выпрацоўку імунітэту. Але нават калі ён выпрацаваўся, усё роўна можна заразіцца і перахварэць у лёгкай форме.

— Колькі цяпер у сярэднім цягнецца хвароба?

— Усё залежыць ад цяжару інфекцыі, наяўнасці спадарожных хвароб, агульнага стану здароўя і іншых фактараў. Калі гэта пацверджаная бессімптомная форма, то ізаляцыя складае сем дзён. Калі гэта пнеўманія, то яна лечыцца ў сярэднім 21 дзень.

— Вы казалі, што цяпер часта хварэюць сем'ямі. Калі захварэў нехта з блізкіх, высокая верагоднасць, што перахварэе ўся сям'я?

— Так, высокая, але неабавязкова. Калі меркаваць па візітах, то хварэюць па 3-4 чалавекі ў сям'і. Аднак бываюць выпадкі, калі людзі, якія жывуць у адной кватэры, не заражаюцца.

Адна з галоўных памылак — адразу прымаць антыбіётык

— Што людзі робяць няправільна, калі лечацца ад каранавіруса?

— Да чацвёртай хвалі і ўрачы, і насельніцтва сталі нашмат больш ведаць пра каранавірусную інфекцыю. Аднак адна з галоўных памылак — пацыенты часта пачынаюць піць антыбіётык, літаральна з першых дзён, мяркуючы, што такім чынам яны вылечаць каранавірусную інфекцыю. Па ўсіх пратаколах рэкамендавана прызначаць антыбіётык толькі пры падазрэнні на далучэнне бактэрыяльнай інфекцыі.

У цэлым жа пацыенты ў пераважнай большасці паводзяць сябе правільна — своечасова звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, ведаюць, што ісці спачатку трэба ў інфекцыйны кабінет. Праўда, некаторыя ўсё роўна прыходзяць у аддзяленне, дзе прымаюць пацыентаў з хранічнымі захворваннямі.

— Што з'яўляецца паказаннем для шпіталізацыі?

— Гэтак жа, як і раней, — сатурацыя, ніжэйшая за 95 %, высокая тэмпература — вышэйшая, чым 38,5, якая не купіруецца гарачкапаніжальнымі прэпаратамі, ды і ў цэлым ацэньваецца стан пацыента. Калі нават тэмпература не вышэйшая за 38, але ў пацыента складаныя спадарожныя захворванні, выражаны інтаксікацыйны сіндром, безумоўна, яго таксама шпіталізуюць. Вось сёння на прыём у інфекцыйны кабінет прыйшоў малады мужчына, у яго са спадарожных хвароб толькі артэрыяльная гіпертэнзія, але сатурацыя — 92-93 %, вядома, яго накіравалі на шпіталізацыю.

— Як трэба сябе паводзіць людзям, якія хварэюць дома, калі пагаршаецца стан? Якую тэмпературу трэба збіваць?

— Да 38,5 збіваць не рэкамендуецца, калі ўжо вышэйшая — прымаць парацэтамол. Калі пагаршаецца самаадчуванне — нарастае аддышка, узмацніўся боль у грудной клетцы, з'явілася моцная слабасць, некаторыя пацыенты нават кароткачасова страчваюць прытомнасць, трэба або выклікаць урача, або (калі гэта не рабочыя гадзіны паліклінікі) хуткую дапамогу.

— Ці сталі больш вакцынавацца падчас чацвёртай хвалі?

— Важна адзначыць, што вакцынаваныя пацыенты нашмат радзей хварэюць у цяжкай форме, гэта адзінкавыя выпадкі. Але важна, каб чалавек прайшоў поўны курс вакцынацыі. Паміж першай і другой прышчэпкамі можна захварэць, бо імунітэт яшчэ не сфарміраваны.

Так, у чацвёртую хвалю цікавасць да вакцынацыі павялічылася. Калі раней пацыентаў з груп рызыкі — з цукровым дыябетам, ішэмічнай хваробай сэрца, захворваннямі органаў дыхання — даводзілася часам угаворваць, то цяпер, калі мы прапануем прышчапіцца, як правіла, людзі пагаджаюцца, а многія прыходзяць і самі.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: «Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці»

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.