Вы тут

Прадпрымальнік дапамог аднавіць храм у вёсцы Віркаве


Белы будынак пад карычневым дахам з залатой цыбулінкай і крыжам наверсе — храм у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёскі Віркаў Клічаўскага раёна адзначыў сваё другое нараджэнне. У суботу епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім асвяціў яго і адслужыў святочную Літургію.


Былую царкву разбурылі яшчэ ў шасцідзясятых гадах. Намаганням праваслаўнай суполкі на тым самым месцы пабудавалі дом і зрабілі ў ім храм. Летась, дзякуючы актыўным прыхаджанам і прадпрымальніку Генадзю Сабалеўскаму, ён быў цалкам акультураны. Унутры — сучаснае пакрыццё пад дрэва, багаты іканастас, кованыя элементы ўпрыгожвання — ва ўсім адчуваецца густ і функцыянальнасць. Звонку храм не менш прывабны. Беларускі мастак Віктар Барабанцаў упрыгожыў яго фасад мазаікай з абліччамі Святых. На тэрыторыі храма пакладзена плітка, зроблена невялікая званіца, наведзены ўзорны парадак. Епіскап высока ацаніў і сам храм, і яго аздабленне, заўважыў, што ён упрыгожыў бы нават горад. Раённае кіраўніцтва лічыць адкрыццё храма добрым знакам. 

— Гэта вельмі цудоўна, бо з вяртаннем храмаў ідзе і духоўнае адраджэнне народа, — адзначыў начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму Клічаўскага райвыканкама Аляксандр Мялешка. — Там вучаць дабрыні, спагадзе, павазе адно да аднаго. Спадзяюся, што з гэтым храмам у нас стане менш небяспечных сем’яў. Наогул я заўсёды спадзяюся, што ўслед за адраджэннем храмаў, пачнуцца адраджацца і школы. На жаль, у Віркава сёння няма ні школы, ні дзіцячага садка. Віракаўскіх дзяцей падвозім у Перакольскую сярэднюю школу. Там створаны ўсе ўмовы для іх навучання. Сёлета быў зроблены капітальны рамонт па дзяржпраграме за конт сродкаў Сусветнага банка. Але, калі колькасць дзяцей ў Віркаве пачне расці, не выключна, што тамтэйшая школа зноў вернецца да жыцця. 

У тым, што храм запрацаваў, вялікая заслуга ўраджэнца вёскі Віркаў бізнесмена Генадзя Сабалеўскага. Ён, дарэчы, перыядычна аказвае дапамогу сацыяльна-педагагічнаму цэнтру, дзіцячаму прытулку. За яго конт мяняліся вокны, набывалася мэбля і бытавая тэхніка. Ён дапамагае збіраць сацыяльна неабароненых дзяцей у школу, набывае для іх цёплае адзенне, цацкі. Ён вельмі трапяткі адносіцца да памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. У Віркаве ён спансіраваў аднаўленне помніка загінулым аднасяльчанам, паклапаціўся пра добраўпарадкаванне тэрыторыі. Зараз вось дапамог аднавіць храм у гонар Свяціцеля Мікалая. 

Для настаяцеля храма іерэя Максіма гэта трэці прыход на тэрыторыі Клічаўскага раёна, які ён будзе апякаць. Ён адзначае, што з адкрыццём храмаў становіцца ўсё больш веруючых. І гэта не можа не радаваць, бо веруючы чалавек ніколі не будзе спавядаць нянавісць, зло і здраду. Айцец Максім паведаміў таксама, што ў хуткім часе ў віракаўскі Свята-Мікольскі храм прывязуць памятную дошку з часткай каменя з турэцкага храма горада Дземрэ, старадаўняй Міры Лікійскай, дзе быў пахаваны святы падзвіжнік.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта Бабруйскай епархіі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.