Вы тут

На факультэце ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй


Каб на свае вочы ўбачыць, як праходзяць курсанцкія будні, падрабязна даведацца аб прафесіі афіцэра ўнутраных войскаў, галоўную ваенную ВНУ краіны днямі наведалі школьнікі, кадэты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама вайскоўцы, якія праходзяць тэрміновую службу, служаць па кантракце.


Старшына Максім Кліменка — адзін з тых, хто збіраецца паступаць на факультэт пасля дэмабілізацыі. Дарэчы, для тых, хто прыйдзе вучыцца сюды пасля арміі, ёсць шэраг прывілей. У прыватнасці, ваеннаслужачыя, якія маюць рэкамендацыю ад камандзіра вайсковай часці, трапляюць у курсанты па-за конкурсам.

— Служба стала маім пакліканнем, — прызнаецца малады чалавек. — Гледзячы на сваё кіраўніцтва, я зразумеў, што таксама хачу стаць афіцэрам. Маё рашэнне паступіць на факультэт унутраных войскаў толькі ўмацавалася пасля таго, як пабываў тут. У найбліжэйшы час прыкладу шмат намаганняў, каб дасягнуць сваёй мэты.

На факультэце вучацца чатыры гады. Па заканчэнні курсант атрымлівае спецыяльнасць «Кіраванне падраздзяленнямі ўнутраных войскаў» з кваліфікацыяй «Спецыяліст па кіраванні — юрыст». Выпускніку прысвойваецца воінскае званне лейтэнанта — і, як правіла, яго чакае пасада камандзіра ўзвода ў падраздзяленні ўнутраных войскаў.

— Для таго каб паступіць на факультэт, кандыдату патрэбна да 1 красавіка звярнуцца ў ваенны камісарыят па месцы прапіскі, падаць дакументы і напісаць заяву на паступленне (ваеннаслужачыя падаюць рапарт на імя камандзіра часці да 10 сакавіка), — адзначыў начальнік факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі палкоўнік Уладзімір ЖЫЗНЕЎСКІ. — Грамадзяне могуць паступаць ва ўзросце ад 17 да 21 года, для вайскоўцаў тэрміновай службы тэрмін падоўжаны да 23 гадоў, для кантрактнікаў — да 25. Без уступных выпрабаванняў залічваюцца выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў, якія ў атэстаце маюць адзнакі не ніжэйшыя чым «сем».

Падчас Дня адчыненых дзвярэй абітурыенты наведалі вучэбны корпус і спальнае памяшканне — юнакі ўбачылі, у якіх умовах вучацца і жывуць курсанты. Для іх былі прадэманстраваныя ўзоры вопраткі, узбраення, службовая і спецыяльная тэхніка. Хлопцы прымералі спецыяльныя сродкі абароны, а таксама патрэніраваліся ў стральбе з пісталета на электронным трэнажоры.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы ўнутраных войскаў МУС

Загаловак у газеце: «Хачу стаць афіцэрам!»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.