Вы тут

Ксенія Галецкая перамагла ў міжнародным фестывалі «SanRemo Junіor»


Юная спявачка Ксенія Галецкая атрымала Гран-пры на міжнародным фестывалі «SanRemo Junіor», што сёлета адбыўся ў Італіі. Гэта вакальны конкурс, удзел у якім прымаюць дзеці да 15 гадоў.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў Ксеніі віншаванне, у якім гучаць такія словы:

— Ты праславіла Беларусь, паказала ўсяму свету, якая ў нас таленавітая і працавітая моладзь і як яна любіць сваю краіну. Словы падзякі і павагі хачу перадаць бацькам, педагогам, прадзюсарскаму цэнтру «Спамаш» і ўсім, хто дапамагаў табе заваяваць высокую творчую вяршыню.

Ксенія нарадзілася ў Гомелі ў шматдзетнай сям'і. Але ў 2018 перабралася ў Мінск, каб займацца ў студыі мастацтваў прадзюсарскага цэнтра «Спамаш». Дзяўчына перамагае ў музычных конкурсах далёка не першы раз. Яна заваявала Гран-пры на XVІІ Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «ВІЦЕБСК-2019». Узнагароду конкурсу Ксеніі ўручыў Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску — 2019». Акрамя таго, спявачка стала фіналісткай Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага песеннага конкурсу «Дзіцячае Еўрабачанне — 2019» і фіналісткай Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага дзіцячага вакальнага конкурсу «Новая хваля». Дзяўчына з'яўляецца лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі за 2019 год.

Юная спявачка ўжо вярнулася на радзіму. Ксенія адзначыла, што вельмі рада таму, што прывезла перамогу ў любімую Беларусь:

— Калі паставіць мэту, вельмі шмат працаваць, то абавязкова яе дасягнеш. Наша вялікая каманда зрабіла гэта. За кулісамі крыху хвалявалася, паколькі разумела: трэба зрабіць усё, каб максімальна выкласціся перад публікай. Калі выйшла на сцэну, убачыла залю, то адчула вялікую падтрымку з роднай Беларусі. Мне гэта дапамагло выступіць на 100 %. Я ўдзячная за гэта.

Зараз Ксеніі 14 гадоў, гэта значыць, што яно ўжо выходзіць з дзіцячай лігі музычных конкурсаў і пераходзіць у дарослую. Аднак прыгожае атрымалася «развітанне» з дзяцінствам. Дзяўчыну чакалі не толькі бацькі і сябры — на ўрачыстай сустрэчы, якую ёй зладзілі пасля прылёту, прысутнічаў міністр культуры Анатоль Маркевіч, прадстаўнікі дзяржаўных структур, а таксама настаўнікі і вучні цэнтра «Спамаш».

«Звязда» пацікавілася ў дырэктара цэнтра «Спамаш» Анжаліны Мікульскай пра ўражанні ад перамогі выхаванкі.

— Гэта велізарная радасць! — адказала яна. — Адчуванне таго, што ўсё, чым мы займаемся, вядзе нашых дзяцей да перамогі. Мала навучыцца прыгожа спяваць — трэба яшчэ быць адкрытым чалавекам, умець прывабліваць публіку да сябе. Складана апісаць тыя эмоцыі, якія мы зараз перажываем. Але я хацела б адзначыць, што гэта вялікая перамога — агульная для ўсёй нашай краіны і кожнага яе жыхара.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Звонкая песня з Беларусі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.