Вы тут

Краязнаўчы слоўнік: Так кажуць на Рагачоўшчыне


Журналіста і пісьменніка Міхася КАВАЛЁВА з Гомельшчыны (выступае ў друку з мастацкімі творамі, у асноўным — у жанрах сатыры і гумару, пад псеўданімам Міхась СЛІВА) добра ведаюць чытачы «Вожыка», газеты «Літаратуры і мастацтва». Аўтар многіх кніг, за сваю творчасць адзначаны рознымі літаратурнымі прэміямі. А вось яго кніга «Роднымі сцяжынкамі» адкрыла яшчэ адну якасць літаратара: як увішны і ўважлівы творца Міхась Сліва валодае добрым пачуццём роднага слова. 


У гэтым пераконвае раздзел са згаданай кнігі — «Так кажуць на Рагачоўшчыне». Зазірнем на яго старонкі: «Стары кажа на глум, а ты бяры на вум»; «Хоць хамут без лямца, затое дуга з кальцом»; «Адзін з’еш хоць і вала — адна хвала»; «Не хваліся ідучы на кірмаш, а з кірмашу»; «Дзе гора ні хадзіла, а да вахлака нанач»; «Пад усе бочкі шпунт»; «Твая рэч — пад печ, язык у адно месца ды маўчы!»; «Пашануй адзежынку дома, а яна цябе — у людзях»; «Госць бывае траякі. У першы дзень — золата, на другі — серабро, а на трэці — медзь: збірайся і дадому едзь!»; «З вялікай хмары малы дождж»; «Не абувай ката ў лапці!»; «Што людзям, тое і мне»; «З-за паляжання няма калі і пасядзець»; «Застаўся на моры беўз вясла». 

Трапныя слоўцы, вобразныя фразеалагічныя выразы ўражваюць часам настолькі, што складваецца ўражанне, што, чытаючы кнігу «Роднымі сцяжынкамі», ты трапляеш у нейкі пявучы, напоўнены адмысловымі словамі-вобразамі свет. А пачатак гэтых моўных вандровак сам пісьменнік патлумачвае наступным чынам: «... вёска мая і яе наваколле — найпрыгажэйшы куток на краі Рагачоўшчыны, на мяжы з Буда-Кашалёўскім раёнам Гомельскай вобласці. Бацькі мае працавалі ў сельскай гаспадарцы. Бацька — Мітрафан Фёдаравіч — любіў чытаць казкі ўслых, а ў маці — Марыі Сідараўны — была вобразная, сакавітая мова, багатая народнымі прыказкамі, прымаўкамі, крылатымі выразамі. Многія з іх я цяпер успамінаю і запісваю пад рубрыкай „Так кажуць на Рагачоўшчыне“...» 

«У сабакі вочы пазычыў»; «Не дзіва, што ён такі мудры»; «Гэты хлеб аддадзёны!»; «Яе і шыла брэе, а мая і брытва не бярэ»; «І ў марац адмарозіш палец»; «Каму што, а мельніку — вецер»; «Не да парасят, калі свінню смаляць»; «Калі шанцуе, то і Халімон танцуе». Процьмай знаходак падаецца слоўнік «Так кажуць на Рагачоўшчыне». Зразумела, ствараўся, запісваўся ён не за адзін дзень. Пэўна ж, з часам Міхась Сліва зробіць з гэтых і сёння ўжо досыць багатых запісаў асобную кнігу. Не прамініце яе!..

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».