Вы тут

Скрыначка, прыбітая да столі, і беларускі алфавіт: як прайшоў фестываль «Восень у Завоссі»


Малая радзіма паэта Адама Міцкевіча — невялікая вёска Завоссе, што знаходзіцца пад Баранавічамі. Бацькі разам з маленькім Адамам пакінулі сядзібу, калі хлопчыку споўнілася два гады. Сям'я перабралася ў Навагрудак. Але амаль кожнае лета будучы паэт наведваў маёнтак, нават і ў дарослым узросце... Сёння тут мемарыяльная сядзіба. Пазнаёміцца з калыскай вялікага паэта жадаючым дапамагае традыцыйны літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі». Фэст, які маё сталых прыхільнікаў, праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, арганізатарамі выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Баранавіцкі райвыканкам.


Бацька паэта Мікалай Міцкевіч і сам пісаў вершы. Некаторыя з даследчыкаў мяркуюць, што менавіта ён прывіў Адаму любоў да паэзіі. У сям'і любілі музыку, нярэдка гучалі польскія ды беларускія народныя песні. А з фальклорных апавяданняў слуг хлопчык запазычыў шмат дэталяў, якія потым выкарыстаў у сваёй творчасці, стаўшы каля вытокаў айчыннага гістарычнага рамантызму. Ці захавалі гэтыя мясціны дух казачнасці ды таямнічнасці праз дзвесце з лішнім гадоў?

Двор быў запоўнены разнастайнымі пляцоўкамі: кніжныя міні-выстаўкі, сувенірная прадукцыя ды аўтакрама. У аборы (так называюць хлеў) ладзілі майстар-класы па вырабе паштовак. А каля свіронка адбывалася гістарычная анімацыя: усіх ахвотных вучылі шабельнаму фехтаванню. Можна ўявіць, што знаходзішся сярод падзей паэмы «Пан Тадэвуш».

Падчас адкрыцця фестывалю Сяргей Усік, дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры, адзначыў:

— Мне вельмі прыемна бачыць вас у гэтай таямнічай мясціне. Гэтае свята дапаможа кожнаму з нас раскрыць яшчэ нязведаныя з'явы ў жыцці і творчасці нашага знакамітага земляка.

Шукаем сляды Міцкевіча... І вось «прывітанне» ад яго прыляцела з галоўнай сцэны, на якой у той момант выступаў паэт і перакладчык Серж Мінскевіч. Радкі твораў Адама Міцкевіча асабліва выразна гучаць менавіта тут... Калі крыху стомішся ад уражанняў, вельмі прыемна сесці на лаўку, нагрэтую восеньскім сонцам, ды паслухаць «Свіцязянку».

На фестываль запрасілі мінскія і баранавіцкія музычныя калектывы, якія спявалі слухачам аб роднай Беларусі. Маленькім гледачам Таццяна Лабада, загадчыца філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча «Беларуская хатка», паказвала сцэнкі з батлейкі. А больш дарослая публіка магла пасмяяцца з мініяцюр «Замалёўкі з вясковага жыцця» — падчас іх выступоўцы распавядалі аб сваім побыце і дзівіліся звычкам гарадскіх жыхароў.

Працягваючы шукаць сляды Міцкевіча, завітваем у сядзібны дом. У светлых пакоях размясціліся рэчы таго часу: шлюбная сукенка, якую нібы выпадкова пакінулі на крэсле, печ, абліцаваная пліткай смарагдавага колеру, пісьмовы стол з агаркам свечкі ды пяром. Міцкевічы паходзілі са збяднелага шляхецкага роду. Адзіным напамінам аб прывілеяваным становішчы была прыбітая да столі скрыначка. Размясцілі яе там невыпадкова — каб мышы не пагрызлі дакументы аб шляхецтве, якія там захоўваліся. Менавіта Мікалай Міцкевіч, карыстаючыся старажытнымі граматамі, вывеў радаслоўную свайго бацькі Якуба Міцкевіча. Дакументы даслалі ў Мінскі акруговы суд, а 1 мая 1808 быў выдадзены дэкрэт аб прызнанні Мікалая Міцкевіча дваранінам…

А мерапрыемствы «Восені ў Завоссі» працягваліся. Квэст-гульню «Спадчына роднага краю» зладзіла Цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота. Кожны ахвотны прыняць удзел рэгістраваўся, атрымліваў інструкцыю і пачынаў шукаць ключы да разгадкі. Трэба было адказаць на пытанні крыжаванкі, прачытаць твор Адама Міцкевіча на камеру, адгадаць, што захоўваецца ў засеках пасля ўборкі ўраджаю, і нават успомніць беларускі алфавіт. Заданні былі зроблены такім чынам, што падчас іх выканання ўдзельнікі знаёміліся амаль з усёй экспазіцыяй.

Сядзіба развітвалася з наведвальнікамі даволі рэдкай з'явай для кастрычніка — яркім сонцам. Ці знайшлі тут казачнасць і таямнічасць, якую Міцкевіч пераносіў у свае творы? Думаецца, хто хацеў, той знайшоў, хто прыехаў павесяліцца — атрымаў такую магчымасць... Галоўнае, усе дакрануліся да творчасці і асобы вялікага рамантыка родам з Завосся.

Арына КАРПОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.