Вы тут

Адзенне для неданошаных немаўлят вырабляюць у Гомелі


У пражы — міласэрнасць, клопат і спагада... Кранальную ініцыятыву па падтрымцы самых маленькіх пацыентаў Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы распачалі педагогі і навучэнцы медыцынскага каледжа.


Шкарпэткі ад чатырох сантыметраў, шапачка з пялёстак кветкі і коўдра ў пару дзясяткаў сантыметраў — такія камплекты, малыя для некаторых лялечных пупсаў, — вельмі каштоўныя рэчы для неданошаных немаўлят. Але дзе набыць падобнае? Толькі звязаць самім! І ўкласці ў пражу цяпло сваіх рук і душы, вырашылі майстрыхі медкаледжа.

— Звязаныя рэчы павінны быць з натуральнай ваўнянай пражы, і гэта важна, бо трэнне валокнаў аб скуру дзіцяці стварае эфект стымуляцыі рэфлекторных зон, лёгкага масажу. Гэта дае танізуючае, агульнаўмацавальнае дзеянне. Дзеці, што нарадзіліся раней тэрміну, схільны праводзіць амаль увесь час у забыцці. Уздзеянне на рэфлекторныя зоны актывізуе іх, а гэта спрыяе росту і развіццю немаўляці, — расказвае аб важнасці вязаных рэчаў для дзетак намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Ларыса Кавалеўская.

Ларыса Вітальеўна — адна з ініцыятараў дабрачыннай акцыі «Штонікі для спяшонікаў» («Штанишки для торопыжек»). Выкладчык Таццяна Янчанка таксама з радасцю падтрымала калегу — першымі звязалі некалькі камплектаў для дзяцей. Аб чароўнай сіле вязанага адзення для дзетак, якія нарадзіліся раней тэрміну і маюць малую вагу цела, медыкі ведаюць не па чутках. Цікава было аб гэтым расказваць і сваім навучэнцам. Разумеюць будучыя медыкі, некаторыя ўжо і самі маці, што прыгожы малыш у яркай вопратцы або з цацкай — найлепшая падтрымка ў бальнічнай атмасферы для мамы, якая сутыкнулася з нараджэннем дзіця раней тэрміну.

— Выкладчыкі прапанавалі далучыцца да акцыі ўсім ахвотным. Ініцыятыву вельмі хутка падхапілі. Дзяўчаты-навучэнкі яшчэ ўчора вязалі падобнае сваім лялькам, а сёння сваімі рукамі могуць падрыхтаваць камплекты для тых, хто мае асаблівую патрэбу ў дапамозе і ахове, — адзначае педагог-псіхолаг Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Марыя Камарова. Яна таксама актыўна падтрымала дабрачынную ініцыятыву. — Лічу, што падобныя акцыі — гэта першы асэнсаваны акт міласэрнасці будучых медыцынскіх работнікаў. Альтруізм, клопат аб блізкім, спагада ляжаць у аснове прафесіі медработніка. Вось чаму гэта важна як для выхаваўчай службы, так і для мяне асабіста як псіхолага. Нашы навучэнцы прыходзяць у прафесію для таго, каб быць карысным іншым. І такія акцыі дапамагаюць раскрыць у сабе самыя важныя для гэтай прафесіі якасці.

Цяпер сіламі выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа падрыхтаваны 16 вязаных камплектаў у падарунак для самых маленькіх пацыентаў Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Свае вырабы для дзетак перадалі і супрацоўнікі падстанцыі хуткай дапамогі № 2 Гомеля, якія таксама далучыліся да дабрачыннай акцыі. Дарэчы, адзначаюць медыкі, цяпер іх ніткі дабрыні і клопату звязалі ўсіх неабыякавых гамяльчан.

— У каледж пачалі звяртацца жыхары горада, якія таксама жадаюць паўдзельнічаць у акцыі. Сярод апошніх дабравольцаў — мужчына. Ён патэлефанаваў і сказаў, што хоча дапамагчы набыць пражу для рэчаў. Купіў яе ў спецыялізаванай краме і пакінуў для таго, хто наступным падхопіць нашу акцыю. Вось такія цуды робіць дабрыня, — падзялілася Марыя Камарова.

Яна паведаміла, што гатовыя камплекты ўжо перададзены ў дзіцячую бальніцу. Урачы педыятрычнага аддзялення для выходжвання неданошаных дзяцей падарункі прынялі з радасцю. Каля пяці гадоў таму вязаныя камплекты адзення і цацкі для дзяцей, якія з'явіліся на свет раней тэрміну і выходжваюцца у падобных аддзяленнях, сталі выкарыстоўваць па ўсёй Беларусі. У Гомелі таксама з таго часу завіравала сапраўдная дабрачынная плынь. Гомельскія вязальшчыцы перадавалі ў бальніцу для неданошаных дзетак васьміножкаў — звязаныя цацкі са шчупальцамі, якія нагадваюць пупавіну. Абхапіўшы ручкай адну са шчупальцаў, малы ў кювезе супакойваецца. Будучыя гомельскія медыкі цяпер могуць навучыцца вязаць не толькі адзенне, але і такія цацкі.

— Я вельмі рада, што магу падарыць часцінку сваёй душы, цяпла, клопату дзеткам, для якіх гэта жыццёва неабходна. Калі гэта трэба камусьці, то мы гатовыя рабіць, нават нягледзячы на тое, што часу вольнага вельмі мала, — падкрэслівае навучэнка аддзялення сястрынскай справы Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Алеся Торап.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Звязаць на шчасце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».