Вы тут

Наталля Качанава: Мы павінны цаніць мір, спакой і магчымасці, якія ёсць у кожнага для рэалізацыі ў сваёй краіне


У вялікім інтэрв’ю для тэлеканала АНТ спікер Савета Рэспублікі расказала аб фактарах кансалідацыі беларускай нацыі, рабоце над зменамі ў Асноўны закон краіны і адказе заканадаўцаў на санкцыйны ціск Захаду.


Мір і спакой – самае важнае ў жыцці кожнага

Тыдзень выдаўся асаблівым, такім яго робіць Дзень Маці, які вельмі шырока адзначалі сёлета, яшчэ Еўразійскі жаночы форум, у якім Вы бралі ўдзел. Па праўдзе сказаць, гучыць ён дастаткова вузка — жаночы форум, — але тэмы, якія вы ўзнімалі, нашмат шырэй, чым пытанні еўразійскага рэгіёна. Што для нас гэты фармат, улічваючы, што сёння існуе дастаткова пляцовак, на якіх мы можам гэтыя ж пытанні ўзнімаць?

— Ведаеце, на жаль, сёння не так шмат пляцовак, на якіх мы можам паднімаць такія пытанні ў рэжыме рэальнага часу, я маю на ўвазе ў вочным фармаце. Таму што мы, парламентарыі і члены Савета Рэспублікі шмат звярталіся да сваіх калег, каб яны пачулі, што адбываецца ў нашай краіне, але не вельмі жадаюць чуць. А гэтая пляцоўка, на мой погляд, выдатная. Мне давялося быць на першым еўразійскім форуме ў Санкт-Пецярбурзе, які адбыўся ў 2015 годзе (ініцыятыва яго правядзення належыць Валянціне Іванаўне Мацвіенцы), і сёння гэта ўжо глабальны жаночы рух.

Сёлета адбыўся ўжо трэці форум, у якім прымала ўдзел вялікая колькасць удзельніц (прадстаўніц 110 краін з усіх рэгіёнаў планеты) і, ведаеце, заўсёды атрымліваецца дастаткова адкрытая і сумленная размова. Я хачу шчыра сказаць, там мы адчуваем сябе, сапраўды, сяброўкамі. Калі мы знаходзім агульную мову па тых праблемах, якія хвалююць прадстаўніц розных краін. Я была задаволена тым, што мне давялося выступіць на пленарным адкрыцці гэтага жаночага форуму і давесці інфармацыю аб нашай краіне, якую я хацела б, каб пачулі жанчыны ўсіх краін свету.

— Аб санкцыях казалі?

— Там няма тэм, якія б не закраналіся жанчынамі ўсяго свету. Таму што, вы бачыце, сітуацыя ў розных краінах вельмі розная. І сёння нас, жанчын, не можа не хваляваць тое, што з’яўляецца, на жаль, шмат гарачых кропак на планеце, ёсць нераўнапраўе, выкарыстоўваецца дзіцячая праца, топчуцца правы жанчын, гендарная няроўнасць. І аб гэтым кажуць жанчыны сур’ёзна, гучна і заяўляюць аб гэтым на ўвесь свет.

У 2015-м адбыўся першы форум, і напэўна, павінны сыходзіць нейкія праблемы. Аднак з’яўляюцца новыя выклікі і пагрозы, якія хвалююць нас, жанчын. А жанчына — гэта ахоўніца ачага, маці, чалавек, які перажывае за ўсё. Таму што кожны раз прапускаеш праз сябе праблемы, якія існуюць: і там, дзе галадаюць людзі, і там, дзе ідзе вайна і гінуць дзеці, жанчыны, мірныя людзі. Прапускаючы праз сябе гэтыя праблемы, усялякі раз задумваешся: што самае галоўнае ў жыцці для кожнага чалавека? І разумееш, што мір і спакой — самае важнае. Канешне, рэалізацыяй тых магчымасцяў, якія сёння ёсць у нашай краіне, мы па праве можам ганарыцца.

Заклік да санкцый супраць свайго народа — вар’яцтва

— Калі працягваць тэму санкцый, яна, сапраўды, усеабдымная і разумеем, што няма сёння дзяржавы, супраць якой гэтыя рэжымы не выкарыстоўваліся б. З пункту гледжання заканатворчасці: ці ёсць у нас, што супрацьпаставіць і адказаць Захаду?

— Мы разумеем, што мы павінны дзейнічаць на апярэджанне: усе законапраекты павінны быць сённяшняга дня, па якіх законах жыве наша краіна, наша прававая дзяржава (і пра гэта напісана ў Асноўным законе нашай краіны — Канстытуцыі). Але разам з тым, мы павінны бачыць, якія законапраекты нам яшчэ патрэбны, якія пытанні яшчэ заканадаўча не ўрэгуляваны, і канешне, улічваць усе рэаліі сучаснасці, несумненна, маніторыць сітуацыю ў свеце, бачыць, што адбываецца ўнутры нашай краіны і прымаць абсалютна адэкватныя законапраекты, якія будуць неабходны для народа і краіны.

Канешне, мы ўлічваем усё праблемы, што існуюць сёння і не могуць не хваляваць: гэта санкцыі ў адносінах да нашай краіны. Па-сутнасці, разгорнута гібрыдная вайна, якая можа крыху сціхла, але разам з тым метады яе радыкалізуюцца (гэта экстрэмізм — мы аб гэтым можам казаць сёння, на жаль). Таму зусім нядаўна на адкрыцці сесіі Савета Рэспублікі мы разглядалі шэраг пытанняў і адно з іх — прыпыненне дзеяння дамовы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб рэадмісіі асоб, якія не маюць грамадзянства.

Зараз падрыхтаваны змены і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс аб адказнасці за заклікі да санкцый. Гэта будзем таксама разглядаць самым сур’ёзным чынам, бо гэта бязладдзе, калі да санкцый заклікаюць нашы былыя суайчыннікі, разумеючы, што санкцыі будуць накіраваны супраць кожнага чалавека ў нашай краіне. Разумееце, гэта не паддаецца аніякаму асэнсаванню і чалавечай логіцы. На мой погляд, гэта нейкае вар’яцтва. Таму людзі, якія заклікаць да санкцый супраць свайго народа і краіны, павінны несці за гэта адказнасць.

Абмеркаванне навел Канстытуцыі ў грамадстве будзе шырокамаштабным

— Мы загаварылі пра Канстытуцыю: сапраўды, зараз ідзе сур’ёзная заканатворчая работа, і ў першую чаргу, падрыхтоўка да абмеркавання, а потым — прыняцця новай Канстытуцыі. Як вы бачыце гэты працэс?

— Мы не першы год казалі пра гэта: так, сапраўды, час ідзе, змяняюцца многія падыходы ў рэаліях нашага жыцця, і работа над Асноўным законам нашай краіны — Канстытуцыяй — тэма, якая не ўзнікла ў мінулым годзе. Пра гэта мы казалі яшчэ некалькі гадоў таму і ёю трэба займацца...

То-бок, не імем рэвалюцыі, а планавая работа?

— Канешне! Гэта была планавая работа. Калі памятаеце, яшчэ працуючы ў Адміністрацыі Прэзідэнта, мы пра гэта казалі, казаў пра гэта Прэзідэнт нашай краіны, і мы разумелі, што трэба пачынаць, бо ёсць пытанні, якія трэба было вырашаць нават тэхнічна. Але потым пандэмія змяніла гэтыя планы, але мы разумелі, што будзем працаваць над Асноўным законам нашай краіны. Была створана Канстытуцыйная камісія, удзел у рабоце якой прымаюць сенатары, мы прадставілі на разгляд кіраўніку дзяржавы праект, але ж гэта не канчатковы варыянт. Яшчэ ідзе работа над Асноўным законам, і больш за тое, хачу сказаць, мы, выязджаючы ў рэгіёны, сустракаючыся з людзьмі, чуем прапановы, якія агучваюць людзі.

— Я папрашу тут патлумачыць, таму што вы, напэўна, чытаеце апанентаў Канстытуцыйнай камісіі, якія кажуць аб тым, што зараз камісія прыме, Прэзідэнт падпіша і без усялякага абмеркавання мы спакойна прыйдзем у дзень галасавання.

— Не, канешне! Выязджаючы ў рэгіёны і сустракаючы з людзьмі, мы ўжо пра гэта кажам. Зусім нядаўна, у суботу (9 кастрычніка. — Заўв. аўт.) я сустракалася са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і я казала пра навацыі, якія агучыла Канстытуцыйная камісія, заходзячы з прапаноў, што паступалі не толькі ад членаў Канстытуцыйнай камісіі, але на дыялогавых пляцоўках, грамадскіх прыёмных, ад святароў (праваслаўная царква, дарэчы, некалькі разоў уносіла розныя прапановы па дапаўненнях у Канстытуцыю). То-бок, у гэтым удзельнічаюць шырокія слаі насельніцтва. А тое, што гэта будзе абмяркоўвацца ў грамадстве — у гэтым няма нават ніякага сумневу. Перш чым вынесці на рэферэндум абноўленую Канстытуцыю, яна будзе абмяркоўвацца народам і гэта работа будзе разгорнутая шырокамаштабна. Мы разумеем, што будзем з’яўляцца праваднікамі: члены Канстытуцыйнай камісіі з ліку членаў Савета Рэспублікі будуць вельмі актыўна працаваць, каб данесці навелы, прапанаваныя ў новым праекце Канстытуцыі.

Мы – розныя, але ў нас ёсць фундамент

— Сёлета мы ўпершыню адзначылі Дзень народнага адзінства і бачым, што ў грамадстве адчуваецца напружанасць, ёсць чаканне, што з’явіцца аб’ядноўваючы фактар, якога многім не хапае. У гэтым сэнсе, на ваш погляд, што магло б стаць такім цэментуючым фактарам?

— Ведаеце, з аднаго боку вельмі проста адказаць на ваша пытанне, з другога — яно дастаткова філасофскае. Я мяркую, што для кожнага паняцце аб’яднання, адзінства, напэўна, можа ўспрымацца па-рознаму, але мне бачыцца, што ў нашай краіне дасягнуць гэтага, на самай справе, не так складана. Патлумачу чаму. Па-першае, трэба задумацца і паглядзець на гісторыю сваёй краіны. Узгадаць, як сто гадоў таму нашу Беларусь разарвалі жыўцом (нездарма мы святкуем Дзень народнага адзінства 17 верасня), потым адбылася Другая Сусветная вайна... Паглядзець на ўсе падзеі, што адбывалася з краінай нават на працягу гэтага стагоддзя і калі ты прасякнешся яе гісторыяй, будзеш дакладна ўсведамляць: беражы тое, што маеш.

Па-другое. Мне знаецца, што нашы людзі дастаткова разумныя. Беларусы — мудрыя людзі, як бы не казалі, што мы розныя. Канешне, — розныя, але па вялікім рахунку розум заўсёды павінен перамагчы. Мы павінны вызначыць для сябе асноўныя прыярытэты свайго жыцця: камусьці перш за ўсё матэрыяльны дабрабыт, хтосьці жадае рэалізавацца ў прафесіі, нехта — у сям’і. Але ў нас павінна быць асноўнае — любоў да сваёй краіны, сваёй Радзімы, сваёй сям’і — гэта тыя скрэпы, якія павінны нас аб’ядноўваць. Бо не можа быць, каб вы ці я былі супраць міру ў нашай краіне? Канешне, не! Прыклады — Афганістан, Сірыя, іншыя гарачыя кропкі планеты, дзе сёння проста немагчыма жыць, не кажучы аб тым, каб вучыцца, атрымліваць адукацыю, працаваць. І я ўпэўнена, калі кожны добра падумае аб гэтым, ён будзе разумець: трэба берагчы, што мы маем і ганарыцца сваёй краінай, умець вылучаць галоўнае ў жыцці.

Нас павінна аб’ядноўваць наша гісторыя — наш фундамент. Ведаеце, многія кажуць: «так атрымалася, штосьці мы ўпусцілі, дзесьці мы недапрацавалі», але трэба глядзець унутр сябе, разумееце. А калі ўзяць 30 гадоў, па вялікім рахунку — не такая вялікая гісторыя ў нашай незалежнай суверэннай краіны, але якая яна сёння! Мы ўсе ёю ганарымся без выключэння. Ведаеце, добра там, дзе нас няма, так кажуць. Адзінства і тое, што нас павінна аб’ядноўваць — гэта наша славутая гісторыя і тое, што мы зрабілі за гады незалежнасці. Наш народ усё выдатна разумее. І мы павінны цаніць мір, спакой і магчымасці, якія ёсць у кожнага з нас для рэалізацыі ў сваёй роднай краіне, на сваёй роднай зямлі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Савета Рэспублікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

З'ядноўваюцца супрацьлеглыя рэчы: вялікая прыгажосць і вялікі боль...

Грамадства

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

На пенсіі жыццё не спыняецца. А вось якім яно будзе — залежыць ад кожнага з нас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

ЛЕЎ. У вашым жыцці надыходзіць добры перыяд, можна нават сказаць, новы этап.