Вы тут

Што людзі пішуць


Сустрэча была кароткай, але... мела працяг

Многія сёння думаюць над пытаннем, як гадаваць дзяцей, як выхоўваць у іх актыўную жыццёвую пазіцыю і любоў да Бацькаўшчыны, як далучаць да здаровага спосабу жыцця.

На мой погляд, адказ тут просты: трэба развіваць краязнаўства. І тады, вывучаючы мінулае сваёй малой радзімы, дасягненні землякоў, кожны з падлеткаў знойдзе нешта сваё, што здзівіць і захопіць, што выкліча дадатковую цікавасць і стане стымулам да пэўнай дзейнасці.


Так адбылося і гэтым разам. Уражаныя поспехамі зборнай каманды Беларусі на ІІ Еўрапейскіх гульнях, краязнаўцы нашай школы захацелі як мага больш даведацца пра спорт на Дзятлаўшчыне. Ну цікава ж, што было ў яго вытоках, як развіваліся асобныя віды, хто канкрэтна дасягнуў найлепшых вынікаў...

Гэтая цікавасць вылілася ў рэалізацыю праекта «Cіtіus! Altіus! Fortіus!» («Хутчэй! Вышэй! Мацней!»), прысвечанага спартыўнай славе раёна, у стварэнне аднайменнага музея.

Як і варта было чакаць, пошук экспанатаў прывёў да знаёмства з многімі спартсменамі і вельмі цікавымі людзьмі. Адным з іх аказаўся таленавіты кіраўнік і ўвогуле цудоўны чалавек Сяргей Дзмітрыевіч Чудзілоўскі. Яму, кандыдату ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы і мнагаборстве ГТА ў свой час у складзе зборнай давялося абараняць гонар Беларусі на многіх саюзных спаборніцтвах.

Але ж і цяпер Сяргей Дзмітрыевіч не развітаўся са спортам. Нягледзячы на занятасць (працуе дырэктарам Гальшанскага крухмальнага завода), ён адгукнуўся на запрашэнне наведаць школу і падчас сустрэчы вельмі шмат цікавага расказаў пра сябе, пра паездкі на спаборніцтвы і спартыўныя поспехі. Ён жа (што вельмі ўразіла школьнікаў) правёў з імі сапраўдны майстар-клас па выкананні пэўных фізічных практыкаванняў. А да ўсяго на развітанне Сяргей Дзмітрыевіч запрасіў вучняў на фестываль «Ашмянская пяцёрка», які, накшталт «Мінскага марафону», збірае прыхільнікаў актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця.

Сустрэча з госцем праляцела як адна хвіліна, вучням хацелася працягу, таму яны аднадушна вырашылі ўзяць удзел у фестывалі.

А далей былі зборы, прыезд у Ашмяны, стартавы выстрал, пасля якога кожны з удзельнікаў забегу ў сваёй узроставай групе накіраваўся не толькі да фінішу, але і да перамогі над сваёй няўпэўненасцю, над сабой.

У выніку ўсе ўдзельнікі паспяхова ўзялі заяўленыя дыстанцыі. А Софія Ляпешка ва ўзроставай групе да 11 гадоў нават заваявала ганаровае першынство.

...Апроч таго, плануючы ўдзел у фестывалі «Ашмянская пяцёрка», нам хацелася пашырыць свае веды па гісторыі гэтага раёна. Таму ў маршрут мы ўключылі яшчэ два экскурсійныя аб'екты: аграсядзібу «Гіпіка» і руіны палацава-паркавага комплекса «Гальшанскі замак». І ніколькі не пашкадавалі аб гэтым, бо на першым з аб'ектаў нас сустрэла добразычлівая Алена Станіславаўна Юсель, дзякуючы якой вучні даведаліся аб спартыўнай конегадоўлі і яе развіцці ў Беларусі, атрымалі магчымасць падаглядаць коней — пакарміць, пагладзіць, запрэгчы і нават конна праехацца па манежы.

А ў час наведвання руін Гальшанскага замка дзеці з захапленнем паглыбіліся ў Сярэднявечча, пазнаёміліся з гісторыяй заснавання палаца, яго ўладальнікамі, з мясцовымі легендамі і паданнямі, якімі авеяны палац...

У выніку пасля прыезду ўсе выхадныя дні сацыяльныя сеткі і класныя чаты «закіпалі» ад абмену ўражаннямі ад убачанага і пачутага, ад таго, у чым пашчасціла паўдзельнічаць у час паездкі па Ашмяншчыне. Мы вельмі ўдзячныя Сяргею Дзмітрыевічу Чудзілоўскаму за запрашэнне на фестываль, што ў выніку падарыла ўсім вельмі цікавую і змястоўную экскурсію і так шмат незабыўных уражанняў.

Сяргей КАСКО, настаўнік

м. Дварэц, Дзятлаўскі раён.

Фота аўтара


І свята ў нас атрымалася

Так ужо павялося, што людзі заўжды чакалі Пакроваў, рыхтаваліся да гэтага свята, помнілі, што на яго вада можа пакрыцца лёдам, а зямля — снегам, збіралі ўраджай, ладзілі кірмашы.

Вось і ў нашым дзіцячым садку адбыўся чарговы — Пакроўскі...

На яго быў запрошаны святар і вясёлыя скамарохі. Яны забаўлялі ўсіх сваімі жартамі, прымаўкамі ды прыказкамі, заахвочвалі да песень і танцаў, да ўдзелу ў розных конкурсах і гульнях. У выніку ў нас зноў атрымалася прыгожае свята!

А таму хацелася б пажадаць бацькам, педагогам, ды і ўсім людзям, каб бераглі, а калі трэба, то адраджалі традыцыі свайго народа, выхоўвалі дзяцей у пашане да іх.

Алеся МЕДЗВЯДЗЮК, выхавальніца ДУА «Крытышынскі дзіцячы сад»,

Іванаўскі раён.


Калі ўлез у дугу, не кажы «не магу»

У нядзелю Толік сабраўся да каханай. Ведаючы, што ў сям'і там мужчын няма, вырашыў набіць цану — паказаць сябе з найлепшага боку. З парога ветліва павітаўся з Галінай, з яе сястрой і бабуляй, прайшоў у залу.

— Асвойвайся тут. Я зараз, — сказала дзяўчына.

Хлопец паазіраўся, падышоў да магнітафона, нешта скруціў... Затым дастаў засцерагальнік з тэлевізара. Тым часам увайшла Галіна, паабяцала, што зараз будзем піць гарбату.

— А можна ўключыць магнітафон? — спытаў Анатоль.

Дзяўчына мігам шчоўкнула кнопкай і разгубілася: магнітафон чамусьці маўчаў.

— Нясі інструмент — усё што ў вас ёсць. Можа, удасца паправіць?

Зрабіць гэта аказалася зусім няцяжка.

Гаспадыня тым часам паспрабавала ўключыць тэлевізар і ўбачыла, што ён таксама «зламаўся».

— Што б вы без мяне рабілі? — уздыхнуў Толік і з «адной левай» паправіў паломку.

Галя была ў захапленні! З пяшчотай глянуўшы на госця, яна сказала:

— Мілы, я там пасцельнае замачыла. Ты ж памыеш?

... Калі ўлез у дугу, не кажы «не магу».

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.


На дабро — дабром...

Сёлетнім летам ды ў верасні-кастрычніку шмат было радасных сонечных дзён. Цяпер, як выглядае, яны ў мінулым: наступае сезон халадоў і дажджоў, доўгіх змрочных вечароў і такіх жа начэй... Праўда, гэта вось не для ўсіх, бо даўно заўважана, што восень і зіму горш пераносяць тыя, у каго няма цёплых успамінаў, хто не мае побач блізкіх людзей — добрых і шчырых, гатовых заўжды падзяліцца душэўным цяплом.

Вера Валянцінаўна Якаўлева (у дзявоцтве, дарэчы, Ліпень) як быццам нічым такім не адметная — адкрытая, сціплая, абаяльная...

Вырасла яна ў поўнай працавітай сям'і: бацька меў прафесію шафёра, маці — швачкі. Дзеці (а іх было чацвёра) змалку прывыкалі да работы, якой з часам толькі прыбаўлялася. Асабліва пасля таго, як у гады перабудовы, памятнай пустымі паліцамі крам, бацькі памянялі гарадскую кватэру з усімі выгодамі на звычайны сялянскі дом. Пры ім быў участак зямлі, а значыць — магчымасць вырашыць праблему хоць бы з садавінай-агароднінай... Вядома ж, прыклаўшы рукі.

У Веры яны былі не проста спрытнымі, але і досыць умелымі, бо апроч многага іншага яна вучылася ў маці шыць.

Не дзіва, што пасля школы і адпаведнага прафтэхвучылішча дзяўчына стала працаваць майстрам па пашыве лёгкага адзення ў Доме быту. Ёй падабалася работа, падабаўся калектыў...

Не за гарамі было і так званае шчасце ў асабістым жыцці: Вера выйшла замуж і гадоў праз колькі са сваім Рыгорам Цімафеевічам ужо гадавала дваіх сыноў.

А трохі пазней з'явіўся ў яе і новы, прычым вельмі няпросты, клопат — даглядаць ляжачую свякроў. Вось тады яна ўжо на сабе праверыла, што значыць круціцца, як вавёрка ў коле, бо сапраўды круцілася і ўсё роўна многага не паспявала. Баялася, што няўвагай можа пакрыўдзіць хворую, больш часу хацела аддаваць дзецям... Усё гэта падштурхнула напісаць заяву на звальненне.

...Але ж без работы гэта жанчына ніколі не была: хапала клопатаў дома, потым у СШ № 2, дзе яна 12 гадоў вяла ўрокі працоўнага навучання, і нарэшце ў Доме культуры, дзе Вера Валянцінаўна была касцюмерам і майстрам па пашыве касцюмаў для дзіцячага танцавальнага калектыву.

Работа ўсюды — дзе б ні працавала — была ёй знаёмая і любімая, для яе выканання заўсёды хапала ўмельства і, вядома ж, далікатнасці, такту ў зносінах з людзьмі.

Факт, што ў іх дом на вуліцы Азёрнай, яны па-ранейшаму заходзяць — пагаварыць, параіцца, папрасіць Веру Валянцінаўну нешта пашыць альбо падагнаць па фігуры... Гаспадыня — хоць здароўе даўно незайздроснае, часу вольнага не так ужо і шмат — стараецца не адмаўляць. Нават ведае, чаму. «У жыцці мне шчасціла на добрых людзей», — прызнаецца яна.

І гэта, напэўна ж, таму, што сама яна заўжды дзялілася дабрынёй.

Ніна БУРКО,

г. Беразіно.


Купляй «Родны край»!

Сёлета спаўняецца 30 гадоў з той пары, як у продажы з'явіўся беларускі адрыўны каляндар «Родны край». Праект гэты ажыццявіла выдавецтва «Беларусь». Яно ж з 1991-га года падрыхтавала 30 беларускамоўных досыць змястоўных «кніжачак». Самыя цікавыя былі календары, выпушчаныя ў 1990-х гадах. Наклад іх дасягаў 26 тысяч, цяпер, на жаль, у разы менш...

Аднак пры гэтым «Родны край» па-ранейшаму выходзіць (у кнігарнях, дарэчы, з'явіўся каляндар на 2022 год) і працягвае радаваць чытачоў. Аматары беларускай гісторыі і культуры па-ранейшаму знаходзяць там цікавыя звесткі пра жыццё і дзейнасць знакамітых асоб Беларусі: вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, акцёраў... Аматары паэзіі чытаюць вершы беларускіх паэтаў, анекдоты і байкі. Значнае месца ў календары займалі і займаюць матэрыялы на тэмы выхавання дзяцей і медыцыны, спорту і турызму, прыроды і экалогіі, здаровага спосабу жыцця і правільнага харчавання, падабраныя з улікам даследаванняў вучоных і дактароў.

Карысныя будуць і шматлікія парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, гатаванні страў нацыянальнай і сусветнай кухні.

Сяргей ЧЫГРЫН,

г. Слонім.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».