Вы тут

Чаму грамадства павінна адаптавацца да патрэб і асаблівасцяў кожнага чалавека


Аксана КІРЫЛЮК — эканаміст-міжнароднік па адукацыі, папулярызатар сучаснай навукі, выкладчыца аўтарскага курса і майстар-класа па ландшафтным дызайне, заснавальніца студыі бальных танцаў, займаецца аховай жывёл, прасоўваннем жаночых ініцыятыў, засвоіла прафесію зваршчыка, а яшчэ яна адзіная ў Беларусі жанчына — каваль ручнога кавання. Аляксандр СЕВЯРЫН — выкладчык камп'ютарных навук у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі. Вячаслаў ГРЫНЮК — саўладальнік транспартнай кампаніі, якая з'яўляецца афіцыйным партнёрам «Яндэкс-таксі», мае ў падпарадкаванні каля 100 кіроўцаў з адсутнасцю слыху (сярод іх чатыры дзяўчыны). Студэнт чацвёртага курса з Нігерыі Цімаці КУМАЁН, родная мова — англійская, атрымлівае вышэйшую адукацыю ў нашай краіне і засвойвае беларускія традыцыі. Што аб'ядноўвае ўсіх гэтых людзей? «Эксклюзіўна? Інклюзіўна» — менавіта так была сфармулявана тэма дыскусіі, якая прайшла ў рамках другога Тыдня прафесійнай адукацыі. Як падкрэсліваюць яе арганізатары, гэта была спроба навучыцца казаць пра важнае, бо інклюзія — паняцце вельмі шырокае. Усе мерапрыемствы тыдня прайшлі ў рамках праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца ў партнёрстве з міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны і Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі.


Фота: pixabay.com

Інтэлектуальная работа для невідушчых

Доўгі час у нашым грамадстве лічылася, што інваліднасць — гэта пэўная абдзеленасць лёсам. Але жыццё не стаіць на месцы: паступова грамадскія ўстаноўкі, хоць і марудна, але ўсё ж такі змяняюцца. Цяпер у развітых краінах інваліднасць разглядаюць хутчэй як пэўны лад жыцця пры пэўных абставінах, што склаліся ў чалавека. Вось такое карэктнае і нейтральнае азначэнне — без упору на шкадаванне, без паблажлівага стаўлення і погляду зверху ўніз — хутчэй з пачуццём пэўнага разумення абставін, у якіх апынуўся чалавек і да якіх ён павінен прыстасавацца.

Аляксандр Севярын — сам невідушчы, цалкам страціў зрок у 20-гадовым узросце, але ён вучыць праграмаванню падлеткаў з аслабленым зрокам. На базе Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі ў 2006 годзе быў створаны Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Калі раней падлеткі з інваліднасцю маглі разлічваць толькі на авалоданне прафесіяй майстра па рамонце абутку ці швачкі, то цяпер маюць магчымасць атрымаць высокаінтэлектуальную спецыяльнасць. У цэнтры рыхтуюць тэхнікаў-праграмістаў, аператараў ЭВМ, спецыялістаў па камп'ютарнай графіцы, вымяральнікаў электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі, спецыялістаў па мікра- і нанатэхналогіях. Ёсць і іншыя прафесіі: токар, слесар-зборшчык бытавой тэхнікі, слесар механазборачных работ. Падрыхтоўка ідзе на двух узроўнях: можна атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Групы для асаблівых навучэнцаў — малаколькасныя, па 8-10 чалавек. Зроблена гэта для таго, каб была магчымасць індывідуальнага падыходу да кожнага падлетка. Тут займаюцца хлопцы і дзяўчаты з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, зроку і слыху, з расстройствамі аўтыстычнага спектру.

— Невідушчыя не любяць слова «сляпы», — канстатуе Аляксандр Севярын. — У нас нават арганізацыя, якая аб'ядноўвае невідушчых людзей, называется Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку, а не таварыствам сляпых, як у Расіі. Але інвалідам я сябе таксама не адчуваю. Больш правільна было б казаць, напэўна, пра сацыяльную інваліднасць, а не пра медыцынскую. Насамрэч у невідушчых людзей не так шмат магчымасцяў для атрымання прафесіі і будучага працаўладкавання. І гэта, хутчэй, інтэлектуальная, а не фізічная праца: невідушчыя могуць аказваць юрыдычныя паслугі, псіхалагічную дапамогу, быць музыкантамі, працаваць у дыспетчарскіх службах на тэлефоне. Пры навучанні слабавідушчых рабоце на камп'ютары мы выкарыстоўваем адмысловыя дысплэі, якія дазваляюць выводзіць інфармацыю з экрана камп'ютара ў выглядзе тэкставай інфрамацыі шрыфтам Брайля. Але невідушчыя могуць працаваць і без гэтага дысплея, толькі за кошт спецыяльнага праграмнага забеспячэння — гэта значыць, што для работы ім хапае звычайнай клавіятуры, сістэмнага блока, навушнікаў і гукавой карты.

«Калі вы бачыце чалавека з белым кіем, не кідайцеся яму дапамагаць, не пацікавіўшыся, а ці патрэбная яму ваша дапамога. Не варта думаць, што ён цалкам бездапаможны. Тым больш не вырывайце ў яго з рукі кій. Я гатовы застацца на вуліцы без адзення, а вось застацца без кія — ні ў якім разе, — папярэджвае Аляксандр Севярын. — Да таго ж вы не ведаеце, якую рэакцыю можаце атрымаць у адказ. Правільна будзе падысці, павітацца і запытацца, ці патрабуецца ваша дапамога. Хоць я і невідушчы, але вашы спачуванні мне непатрэбныя. І я ніколі не буду працаваць і адмоўлюся ад любой прапановы, калі буду адчуваць, што гэта робіцца з-за таго, што мяне шкадуюць...»

На мове жэстаў

Вячаслаў Грынюк — інвалід па слыху. Калі з'явілася Uber-таксі, ён працаўладкаваўся туды кіроўцам. Потым у кампанію прыходзілі такія ж, яе ён, хлопцы, і Вячаслаў фактычна працаваў пасрэднікам паміж імі і адміністрацыяй. Тлумачыў іх службовыя абавязацельствы, як кантактаваць з кліентамі, нюансы будучай работы. А затым у яго ўзнікла ідэя адкрыць свой бізнес і дапамагаць хлопцам са стратай слыху. Пасажыры, якія карыстаюцца «Яндэкс.Таксі», напэўна, сутыкаліся ў паездках з маўклівымі кіроўцамі, але з'яўленне сучасных гаджэтаў вельмі спрашчае камунікацыю. Вячаслаў прыгадаў выпадак, калі таксі выклікала сямейная пара. Да кліентаў накіравалі машыну з глухім кіроўцам. Тыя папрасілі павялічыць хуткасць, бо ў жанчыны пачаліся родавыя схваткі. На пытанне, а чаму вы не выклікалі хуткую дапамогу, адказ быў: «Вы прыехалі б хутчэй». Будучая маці трапіла ў радзільню за лічаныя хвіліны да родаў...

Сёння кіроўцы з адсутнасцю слыху і маўлення займаюцца ў кампаніі Вячаслава таксама грузаперавозкамі — і ніводнай скаргі ці заўвагі за год на іх работу не паступіла. У далейшых планах — арганізаваць яшчэ і кур'ерскую службу.

Людміла СТОМА — перакладык з мовы жэстаў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна сталіцы — кажа, што ў ЗША мова жэстаў — трэцяя па папулярнасці сярод тых, што вывучаюцца. І там значна прасцей пры звароце ў тую ці іншую арганізацыю сустрэць спецыяліста, які зразумее чалавека без слыху. На яе думку, было б карысна і ў нашых школах вывучаць хоць бы «азы» жэставай мовы, што дазволіла б разбурыць існуючыя бар'еры. Некалькі гадоў таму была створана экстранная служба сурдаперакладу, дзе кантактаванне адбываецца ў відэачаце. Пры звароце грамадзяніна сурдаперакладчык, выступаючы ў ролі дыспетчара, перадае паведамленне ў экстранныя службы і інфармуе таго, хто звярнуўся, што яго заяўка прынятая і праз які час будзе аказана неабходная дапамога.

Вячаслаў Грынюк канстатуе, што не заўсёды людзі паводзяць сябе карэктна ў адносінах да людзей з адсутнасцю слыху. У перапоўненым грамадскім транспарце часта можна пачуць: «Ты што, глухі?» А чалавек, да якога звяртаюцца, насамрэч не чуе. Можна проста асцярожна дакрануцца рукой, каб прыцягнуць яго ўвагу. А пры іншых абставінах да людзей, якія не чуюць, лепш звяртацца, гледзячы ім у твар, а вось фізічны кантакт непажаданы. Гэта ўсё асновы інклюзіўнага этыкету, якому нідзе ў нас не вучаць.

Насуперак стэрэатыпам

Увогуле, дакладнае разуменне таго, што кожны чалавек мае права і можа быць уключаны ў нармальнае жыццё, — адзін з самых галоўных пастулатаў інклюзіі ў адукацыі. Але інклюзія — працэс, які закранае не толькі сферу адукацыі. Ён закліканы разбураць бар'еры ў свядомасці грамадства, рабіць яго больш талерантным, гуманным і адкрытым да разнастайнасці наогул...

Напрыклад, студэнт з Нігерыі Цімаці Кумаён прызнаўся, што прыкладна два гады не мог адаптавацца ў нашым грамадстве без ведання мовы. Клімат — іншы, ежа — нязвыклая. Ніхто яго не разумеў. Дакладна так, як не разумеюць глуханямых і мову жэстаў. Праблематычна хутка адаптавацца на новым рабочым месцы любому іншаземцу, нават пры адсутнасці праблем з маўленнем, і ім таксама патрабуецца інклюзія.

Аксана Кірылюк сёння займаецца любімай справай — ручным каваннем. Яна ўпэўненая, што не бывае жаночых і мужчынскіх прафесій, і некалькі гадоў таму арганізавала фотавыстаўку «Яе справа» — пра беларусак, якія знайшлі сябе ў рэдкіх прафесіях: падземны рабочы, ляснічы, электраманцёр, зваршчык, кіроўца-выпрабавальнік, мехатронік і іншых. Іх выбіраюць нямногія з жанчын — і застаюцца ў іх нямногія. Беларускі палічылі іх цікавымі і перспектыўнымі, зыходзячы з уласных перакананняў, незалежна ад меркавання акружэння і стэрэатыпаў у грамадстве.

— Людзі, якія займаюцца чымсьці нязвыклым для навакольных, адчуваюць дыскамфорт ад таго, як іх успрымаюць, — кажа Аксана. — А калі спрабуеш давесці ім сваю пазіцыю, неразуменне ўзрастае ў геаметрычнай прагрэсіі. Мне прасцей казаць, што я мастак па метале, чым тое, што я каваль. На жаль, але рэакцыя грамадства на тых людзей, якія выйшлі па-за ўстаноўленыя рамкі, спыняе менш рашучых. Не бывае жаночых і мужчынскіх прафесій — гэты падзел існуе толькі ў нашай галаве.

Новы светапогляд

Інклюзію часта параўноўваюць з культурнай разнастайнасцю. І гэта не дзіўна, бо ў сучасным свеце пад ёй разумеюць усё, што дазваляе акунуцца ў асяроддзе магчымасцяў і пашырыць свой вопыт.

А прыстасоўвацца да рэалій і ўмоў навакольнага свету і грамадства павінен не толькі чалавек з інваліднасцю — грамадства таксама павінна адаптавацца і прыстасоўвацца да патрэб і асаблівасцяў кожнага чалавека, з інваліднасцю ці без яе. Усё гэта называецца інклюзіяй — працэсам рэальнага ўключэння ўсіх людзей, у тым ліку і з інваліднасцю, у актыўнае грамадскае жыццё. Але работа па фарміраванні талерантнасці, інклюзіўнай культуры з'яўляецца, мабыць, адной з найбольш складаных задач.

Пакуль, на жаль, у нас у адносінах да інваліднасці і інвалідаў пераважае медыцынскі падыход, а патрабуецца — сацыяльны. І каму, як не педагогам, быць першымі ў выкараненні стэрэатыпаў? Інклюзіўная адукацыя — гэта найперш новы светапогляд, сістэма іншых адносін, дзе прыярытэтам з'яўляюцца не акадэмічныя поспехі, а фарміраванне здольнасці жыць у грамадстве, дзе прызнаецца і паважаецца разнастайнасць, цэніцца ўнікальнасць кожнага чалавека.

Ад інклюзіі ў адукацыі выйграюць і звычайныя дзеці. У іх развіваецца безбар'ернае мысленне. Інклюзіўнае асяроддзе вучыць знаходзіць моцныя бакі ў кожным і не прычэпліваць ярлыкі. Інклюзіўны вопыт дапаможа дзіцяці ў будучыні, калі яно будзе кантактаваць з кімсьці адрозным ад яго. Сустракаючы чалавека на вазку на вуліцы, ён ужо не будзе адводзіць вочы, пужацца, шкадаваць. Інклюзія — гэта не гісторыя пра шкадаванне...

Ёсць пытанні і па медыцынскім допуску да атрымання адукацыі па той ці іншай спецыяльнасці. З аднаго боку, з прычыны абмежаваных фізічных магчымасцяў патэнцыяльнага абітурыента для медыка відавочная небяспека авалодання ім тымі ці іншымі прафесійнымі кампетэнцыямі. Але, з іншага боку, можа, мае сэнс разглядаць атрыманне прафесійнай адукацыі як самастойную каштоўнасць, без прывязкі да магчымасці работы па атрыманай спецыяльнасці. Проста як адзін з важных этапаў жыцця людзей з асаблівымі патрэбамі?

— Асабіста я лічу, што беларускае грамадства не моцна прасунулася ў пытаннях інклюзіі. Мы любое адрозненне ўспрымаем як падставу выгнаць чалавека з грамадства, — падзяліўся сваім меркаваннем Аляксандр Севярын.

Таццяна ЖУК, дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, расказала, што праводзіла анкетаванне больш як 500 чалавек. На пытанне «Што вы адчуваеце і ці адчуваеце бар'ер, калі бачыце чалавека з цяжкай формай інваліднасці?», 90 працэнтаў прызналіся, што іх ахопліваюць страх, шкадаванне, душэўны боль. «Гэта адмоўныя эмоцыі, перашкода ва ўспрыманні чалавека, які непадобны на цябе, — канстатуе спецыяліст. — Таму нам трэба шмат працаваць у напрамку сацыяльнай інклюзіі...»

Хтосьці вельмі трапна параўнаў інклюзію з вялікім сімфанічным аркестрам, дзе мы ўсе разам рэпэціруем і спрабуем стварыць музыкальны шэдэўр. Сэнс не ў тым, каб усе рабілі ўсё аднолькава, а ў тым, каб магчымасці кожнага разумелі і прымалі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Эксклюзіўна? Інклюзіўна!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».