Вы тут

Дзеткам дар — каляндар...


Аднак не звычайны — адрыўны, насценны, ліставы, — а вясёлы. Менавіта такі падзагаловак — «вясёлы каляндар» — даў сваёй новай кнізе для хлопчыкаў і дзяўчынак «Жыў на свеце дзядзька Тыдзень…», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», Мікола Чарняўскі. Слынны дзіцячы паэтдаўно стаў для малечы добрым літаратурным дзядулем, а то і прадзядулем.


Пачынаў пісаць, па сутнасці, яшчэ равеснікам тых, каму адрасаваў свае творы. У 15 гадоў выступіў з вершамі ў газеце «Піянер Беларусь». У 20-гадовым узросце выйшла першая кніга «Дзе канчаецца лета». Пасля, выдаючы кнігу за кнігай, быў іх старэйшым літаратурным таварышам, бацькам… Не адзін дзясятак іх набралася. Не толькі паэтычных, але і празаічных. І вось гэтая.

Менавіта кніга, а не зборнік вершаў, хай сабе і дасціпных, займальных — колькі заўгодна эпітэтаў можна падбіраць, характарызуючы яе. Творы аб’яднаны адзінствам аўтарскай задумы. Прасякнуты жаданнем Міколы Чарняўскага лішні раз засведчыць маленькім чытачам, як шмат у жыцці незвычайнага. Дастаткова толькі ўважліва прыгледзецца, і яго знойдзеш нават у самым звычайным. Калі ж яшчэ твой «памочнік» такі майстар паэтычнага слова, якім з’яўляецца Мікола Чарняўскі, ад напісанага не адарвацца. Чытаеш і ўвачавідкі бачыш перад сабой таго, пра каго апавядаецца:

Жыў на свеце дзядька Тыдзень,

Працаваць любіў і ўмеў.

Трох сыноў меў дзядзька Тыдзень

І дачок чацвёра меў.

Вельмі дружная сямейка:

Кожны — рупны,

                               усёўмейка.

Кожны — зграбны,

Кожны — ўвішны,

У сваёй сям’і —

Не лішні.

Палічылі, колькі іх?

Правільна —

СЯМЁРА ўсіх!

 

Так і карціць хутчэй даведацца, хто гэтыя сыночкі і дочкі. Найбольш кемны маленькі чытач (кніжка найперш адрасавана дзецям малодшага школьнага ўзросту), безумоўна, пачынае ўжо здагадвацца, пра каго гаворка. Калі для кагосьці гэта яшчэ застаецца загадкай, то падказка не прымушае сябе чакаць. Канешне ж, дзеці Тыдня — асобныя дні. Кожнаму з іх у кнізе прысвечаны верш: «Панядзелак», «Аўторак»… Апошні ў гэтым пераліку, як і мае быць, «Нядзеля».

А калі дзень да дня, то… Пра гэта далейшы аповед: «сталі побач — // Тыдзень, Тыдзень. // Сталі поплеч — Тыдзень, Тыдзень… // І здзівіўся кожны шчыра: // Быў адзін, // А ўжо // ЧАТЫРЫ!». Атрымаўся месяц. Як дагэтуль з днямі, Мікола Чарняўскі знаёміць з імі так, каб атрымалася і займальна, і запамінальна. Выкарыстоўваецца і такі падыход, калі дзіця выступае не толькі сузіральнікам, але і свайго роду ўдзельнікам. Як у вершы «Кастрычнік»:

 

— Дай, асіннік, лісця, дай,

Што зраблю з ім —

Не пытай:

Вогненнае, быццам медзь,

Будзе ўзімку траўку грэць…

 

Вершы добра дапаўнюцца малюнкамі. Дзякуючы мастачцы Галіне Івановай, героі паэтычнага аповеду, а імі і ўспрымаюцца дні дзядзькі Тыдня, месяцы дзядулі Года, набылі такое выяўленчае ўвасабленне, што паказаны у асноўным… хлопчыкамі і дзяўчынкамі. У залежнасці ад таго, назвы іх мужчынскага ці жаночага роду. Яны то ўсмешлівыя, то задуменныя, то засяроджаныя, то гарэзлівыя. Чытай пра кожнага і любуйся ім, успрымай яго жывым, нават сваім равеснікам.

«Жывы каляндар» адметны і тым, што Мікола Чарняўскі запрашае дзетак не проста да чытання, а чытання актыўнага. Каб яны, атрымаўшы пэўную інфармацыю, маглі паразважаць над ёю. У канцы верша гучыць запрашэнне: «Патлумачце, чаму так гавораць…» Пасля гэтага прыводзяцца народныя прыкметы. Пра кастрычнік, прынамсі, такія: «Кастрычнік зямлю балоціць, а лес залоціць», «Гусі ляцяць нізка — зіма блізка, а высока — зіма далёка», «Прыйшла Пакрова — апала дуброва» і іншыя. У канцы, як і ў іншых выпадках, яшчэ адно запрашэнне: «А што назіралі вы самі? Ці ўсё адпавядае гэтым народным прыкметам?»

Магчыма, хтосьці з дарослых чытачоў задумаецца: «Няўжо ў кнізе “Жыў на свеце дзядзька Тыдзень…” усё так бездакорна?». Канешне, як любіў казаць мой светлай памяці сябра Алесь Пісьмянкоў, няма мяжы дасканаласці. Але мушу з чыстым сумленнем паўтарыць, што «вясёлы каляндар» пакідае настолькі прыемнае ўражанне. Ужо ёсць нагода назваць яго найлепшай кнігай для дзяцей сярод сёлетніх навінак.

Спадзяюся, што знойдуцца ахвотныя пацвердзіць маё меркаванне ў годзе наступным, калі будуць называцца намінанты на чарговае прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. А пакуль раю бацькам, дзядулям і бабулям: купляйце гэтую кніжку сваім сыночкам і дочкам, унукам і ўнучкам. Паверце, лепшага падарунка для іх не знайсці. Мяркую, што кнігу не абыдуць увагай і выхальнікі дзіцячых садоў. З задавальненнем пакарыстаюцца ёю ў пазашкольнай рабоце настаўнікі.

Віктар ЗАКРЭЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.