Вы тут

Брыдкасловы ў Царства Божае не ўвойдуць


Аб тым, наколькі нізкі ў нашы дні ўзровень культуры маўлення, сёння кажуць школьныя настаўнікі і выкладчыкі ВНУ, мовазнаўцы і дзеячы культуры. З мэтай павысіць экспрэсіўнасць выказвання да ненарматыўнай лексікі часам не саромеюцца звяртацца ні ў публічных выступленнях, ні ў сучаснай літаратуры, не кажучы ўжо пра блогі і пасты ў сацсетках. А некаторыя нашы сучаснікі літаральна размаўляюць з дапамогай мацернай лексікі — і гэта не маргіналы, а адукаваныя, часам паспяховыя людзі...


Але чаму брыдкаслоўе — зло? Чым яно небяспечнае з духоўнага пункту гледжання і як уплывае на наша жыццё? Пра гэта мы гутарым з настаяцелем храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, айцом Аляксандрам Пальчэўскім.

Ад лішку сэрца мовяць вусны

— Айцец Аляксандр, ці можна, на ваш погляд, лічыць брыдкаслоўе толькі праблемай культуры?

— Зразумела, гэта не толькі праблема культуры. Хоць не варта лічыць выкарыстанне ненарматыўнай лексікі прыкметай менавіта нашага часу. Гэтая лексіка прысутнічае ў жыцці грамадства на працягу многіх стагоддзяў. Проста сёння наша жыццё складваецца ва ўмовах актыўнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, якіх не было раней. Сацыяльныя сеткі і месенджары спрасцілі зносіны, сам працэс зносін стаў больш шырокі, усёабдымны, і праблема брыдкаслоўя, што называецца, «выплыла на паверхню», стала відавочная. А ў цэлым царква звязвае гэтую праблему з духоўным станам людзей. Тое, што чалавек мае ў сваім сэрцы і думках, выходзіць праз яго вусны.

Можна сказаць, што ненарматыўная лексіка — усяго толькі спосаб выкладання думак. Але ж пра адно і тое ж можна казаць па-рознаму. І прычына выбару менавіта гэтых, брыдкіх, кепскіх слоў знаходзіцца ўнутры нас. Калі чалавек брыдкасловіць, лаецца, то спачатку з’яўляецца нейкае ўнутранае адчуванне, імпульс, які мы і выказваем, выбіраючы пэўныя словы. І калі словы кепскія, значыць, імпульс негатыўны.

— Але ж часам з дапамогай падобных слоў чалавек выказвае ў тым ліку станоўчыя эмоцыі. Напрыклад, захапленне...

— Так, але чаму ён не выбірае для выказвання станоўчых эмоцый словы ўзнёслыя, прыгожыя? Усё проста: таму што ў яго ёсць праблемы з унутраным жыццём, з адчуваннем гармоніі ўнутры свайго сэрца. Калі ў душы чалавека мір і гармонія, калі ён адчувае спакой і ўпэўненасць — наўрад ці ён будзе выбіраць падобныя словы. Апостал Іакаў кажа: з адной крыніцы не можа вылівацца і салодкая, і горкая вада (Іак. 3:11-12). Там, дзе ёсць адчуванне шчасця і падзякі жыццю, дзе прысутнічаюць малітва і благаславенне, наўрад ці ў любой сітуацыі знойдуць месца брыдкія словы. Брыдкаслоўе — праблема перш за ўсё духоўная. Гэта праблема адсутнасці або недахопу духоўнасці ў чалавеку, няведання і неразумення духоўных прынцыпаў жыцця. І таксама праблема самапавагі. Само гучанне — «брыдкаслоўе» — паказвае на гэта. Брыдкае — гэта тое, чым можна выпэцкацца. Прамаўляючы такія словы, чалавек прычыняе шкоду перш за ўсё сабе самому.

— Чым небяспечная ненарматыўная лексіка з духоўнага пункту гледжання? Чаму з дапамогай слоў можна прычыніць сабе шкоду?

— Напэўна, вы чулі выказванне: усе хваробы — ад нерваў. Сучасная медыцына пацвярджае: злосць, нянавісць, непражытая крыўда або страх будучыні, да якіх доўгі час вяртаюцца нашы думкі, наносяць здароўю велізарную шкоду, негатыўна адбіваюцца на рабоце органаў і сістэм нашага арганізма. А брыдкія словы, якія прамаўляюцца намі, — свайго роду «сімптомы» гэтай духоўнай неўладкаванасці. Яны і яе вынік, і ў значнай ступені прычына, паколькі пагаршаюць гэты негатыўны стан. Вось вам простая сувязь. Брыдкія словы нясуць у сабе дастаткова магутную сэнсавую і эмацыянальную нагрузку і таму адбіваюцца на фізічным і духоўным стане чалавека, які іх прамаўляе. Калі вы заўважылі, што шмат брыдкасловіце, значыць, прыйшоў час сур’ёзна задумацца пра сваё жыццё. Зразумець, чаму вы няшчасныя, што вы робіце не так, і пачаць з гэтым працаваць, каб у рэшце рэшт гэта выправіць.

Слова — адно з імёнаў Бога

— Брыдкаслоўе — гэта грэх?

— Так, вядома. Гэта далёка не бяскрыўдная слабасць. Брыдкія словы нясуць у сабе, як я ўжо казаў, вялікі зарад негатыўнай энергіі, што наносіць пэўную шкоду стану чалавека — фізіялагічнаму і псіхічнаму, не кажучы ўжо аб маральным і духоўным. Гэта яркая негатыўная эмоцыя, якая ўносіць разлад у душу самога брыдкаслова і навакольных людзей, што чуюць лаянку. Думаю, нікому не трэба даказваць: слова можа быць стваральным і разбуральным. У Бібліі сказана, што словам Гасподнім зацвердзіліся Нябёсы (Пс. 32:6). Ну, а брыдкаслоўе нясе ў сабе разбурэнне. Чалавек павінен імкнуцца быць бліжэй да Бога — у гэтым сэнс рэлігіі. І хрысціянства дае адчуванне прысутнасці Бога ў жыцці. А лаянкавыя словы знішчаюць гэтую прысутнасць. Брыдкімі словамі зневажаецца Божы Дух. Ёсць розныя меркаванні аб паходжанні мацерных слоў. Напрыклад, што яны бяруць пачатак у паганскіх культах, дзе людзі здзяйснялі пакланенне ідалам. Можна сказаць, што з дапамогай мату мы ўпускаем у сваё жыццё цёмныя сілы. Мы звяртаемся да іх, калі гаворым гэтыя словы. А можна патлумачыць гэта інакш. З дапамогай лаянкі мы пакідаем у сваім жыцці злосць і зайздрасць, раздражненне і нянавісць, гнеў, а часам і лютасць замест таго, каб выгнаць іх са сваёй душы. Пагадзіцеся, такі ўнутраны стан аддаляе чалавека ад Бога і набліжае да процілеглага.

— Прынята лічыць, што справы важнейшыя за словы...

— Царква не падзяляе гэтыя паняцці — важна і тое, і іншае. У Евангеллі сказана: «Спачатку было слова, і слова было ў Бога, і слова было Бог...» (Ін. 1:1). Слова — адно з імёнаў Бога. Чалавек мае гэты Боскі дар: дар слова. Ужываць яго варта для стварэння свету. Ставіцца да слоў трэба менавіта так.

— Як словам можна ствараць?

— Правільныя словы, сказаныя чалавеку ў хвіліну адчаю, гора, калі ён стаіць перад складаным жыццёвым выбарам, здольныя выратаваць. З дапамогай слоў можна падарыць або адабраць веру ў сябе, дапамагчы чалавеку (у тым ліку сабе самому) стаць моцным ці зрабіць яго (сябе) слабым. А наогул, стварэнне словам — гэта перш за ўсё малітва, духоўная рэальнасць, здольная мяняць навакольны свет. Калі мы звернемся да Бога і святых са шчырай малітвай, калі знойдзем правільныя словы і патрэбны ўнутраны настрой, рэальнасць здольная змяняцца. Чалавек атрымлівае вылячэнне або знаходзіць выхад, здавалася б, з бязвыхаднай сітуацыі. Словы падзякі маюць велізарную ўнутраную сілу. А дзякаваць заўсёды ёсць за што. Гасподзь заклікае нас адчуваць падзяку за смутак і за радасць. Калі мы дзякуем Богу, чалавеку, Сусвету за тое, што адбываецца ў нашым жыцці, свет вакол нас мяняецца да лепшага.

— Такім чынам, словы не нейтральныя — гэта наша сувязь з навакольным светам. Як брыдкаслоўе ўплывае на жыццё? Што сказаць падлетку, каб пераканаць яго не выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку?

— Мы ўжо казалі аб тым, што лаянкавыя словы — вынік адсутнасці гармоніі з сабой і навакольным светам. І выкарыстанне кепскіх слоў пагаршае гэтыя праблемы. Мат, грубыя выразы — тое, што апаганьвае чалавека, пэцкае яго думкі і душу. І гэта распаўсюджваецца навокал. Як адвучыць падлетка брыдкасловіць? Перш за ўсё асабістым прыкладам. На жаль, сёння нярэдка дзеці становяцца сведкамі таго, як іх бацькі прамаўляюць лаянкавыя словы. Спытайце сябе, ці дазваляеце вы сабе брыдкасловіць? Больш за тое, ёсць ненарматыўная лексіка, а ёсць проста грубыя выразы, якія зневажаюць дзіця, руйнуюць яго самаацэнку. Выключыце іх з вашай штодзённасці. Усё гэта разбуральна ўплывае на наша жыццё, робіць нас больш няшчаснымі, засмечвае думкі і свядомасць.

Чаму не варта клясціся?

— У хрысціянстве існуюць забароны, звязаныя з пэўнымі словамі або выказваннямі. Раскажыце, калі ласка, пра іх. Чаму нельга прамаўляць клятву? Чаму не варта згадваць дарэмна Божае імя?

— Калі чалавек клянецца чымсьці, ён заклікае тое, што ад яго не залежыць, у пацвярджэнне свайго намеру. Але, як кажа Гасподзь, «...не кляніцеся зусім... Але да будзе слова вашае: так, так; не, не; а што звыш таго, тое ад лукавага» (Мф. 5:33-37). Хрысціянін павінен несці адказнасць за любое сваё слова, і таму ў яго не ўзнікае неабходнасці ў нейкіх дадатковых клятвах. Не варта клясціся Богам, дзецьмі або здароўем маці — чалавек не мае ўлады ў кіраванні тым, чым клянецца, усё гэта ва ўладзе Бога, а значыць, любая клятва — пустаслоўе.

Таксама не варта прамаўляць імя Божае дарэмна. Часам даводзіцца чуць, калі ў размове, паміж справай, для прыгожага слоўца або для звязкі паміж сказамі чалавек успамінае Бога. Але імя Божае павінна прамаўляцца з глыбокай павагай, з шанаваннем Бога як Творцы. А згадваць яго імя ў пустых, бессэнсоўных размовах недапушчальна.

— Як устрымацца ад брыдкаслоўя і супрацьстаяць спакусе выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку?

— Проста усвядомце, што брыдкаслоўе наносіць шкоду вам і тым, хто чуе вашу лаянку. Калі чалавек не мае магчымасці выказаць свае думкі па-іншаму, гэта сведчыць аб яго няздольнасці запоўніць пустэчу ў душы прыдатным словам. Зразумеўшы, што наносім сабе шкоду, мы можам пераходзіць да наступнага этапу — выхоўваць звычку казаць іншыя, прыгожыя і правільныя словы. Бо наша жыццё — гэта тое, што мы пра яго думаем і гаворым. Калі мы ўспрымаем жыццё негатыўна і нават у радасці знаходзім негатыўныя словы, то такім наша жыццё і будзе. Нашы словы, думкі, дзеянні фарміруюць нас і тое, што нас акружае.

І яшчэ адна парада. Каб забыцца на зняважлівыя словы, пачніце менш сварыцца. Адна з найважнейшых запаведзяў хрысціянства — палюбі блізкага як самога сябе. Зыходзячы з гэтага, мы павінны будаваць зносіны з навакольнымі — з членамі нашай сям’і, з калегамі, з суседзямі, са спадарожнікамі ў транспарце, у чарзе ў касу ў краме. Негатыўныя эмоцыі руйнуюць, паўтаруся, у першую чаргу нас саміх. Любоў жа стварае гарманічны свет перш за ўсё вакол таго, хто яе выпраменьвае.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».