Вы тут

Журналіст Тамара Вяцкая: Жыць без кахання — гэта нядобра


Тамара Вяцкая — вядомы беларускі радыёжурналіст, аўтар сцэнарыяў і цудоўных, з добрым гумарам кніг. Удумлівая і адначасова лёгкая, дакопваецца да сутнасці, добразычлівая да суразмоўцы, яна захапляе як калега. Заўсёды ў добрым настроі, са стыльнай стрыжкай і ў элегантных уборах, Тамара Вяцкая — прыклад для пераймання.


— Сёння ваша сям'я — гэта...

— Гэта мама Вера Мікалаеўна, ёй 86 гадоў. Мы жывём з ёй удваіх у кватэры, яна пераехала з Украіны вось ужо як тры гады. А яшчэ дзве дачкі і сын, два зяці, дзве нявесткі і дзесяць унукаў. І любімы брат Алег, ён з сям'ёй жыве ў Жодзіне. Шмат, так. Калі хаця б палова ў нас у гасцях — гэта крута. І так бывае часта.

— Усё яшчэ ходкае меркаванне, быццам сям'ю трэба захоўваць любой цаной, асабліва дзеля дзяцей. І вось што такое магло адбыцца, каб вы з трыма дзецьмі на руках вырашылі скасаваць шлюб?

— Проста скончылася каханне. Жыць без кахання, па маім устойлівым перакананні, — гэта нядобра. А чаму яно знікла, я казаць не буду, паразумеліся?

— У савецкі час статус разведзенай жанчыны не адбіўся на вашай кар'еры і на фінансавым дастатку?

— О не, наадварот. Я стала вольная для працы, дзеці толькі падтрымлівалі, яны заўсёды былі дастаткова самастойныя. А ўжо ў фінансавым плане таксама наадварот: стала больш працы і стала больш грошай, у мяне было чатыры аўтарскія праграмы на тыдзень і адна штодзённая на радыё, дзе я тады была палітычным аглядальнікам.

— Як дзеці ўспрынялі развод?

— Дзеці мне заўсёды давяралі. Яны ні на дзень не спынялі зносіны з бацькам, і цяпер гэтак жа. Проста мы не сталі жыць разам, і ўсё.

— Ваша праца прадугледжвала і ненармаваны графік, і камандзіроўкі. Хто дапамагаў вам даглядаць дзяцей або яны з таго самастойнага пакалення, пра якое кажуць «выраслі з ключом на шыі»?

— Выдатная мая праца давала магчымасць дзесьці быць і з дзецьмі, і мы заўсёды былі на сувязі. Цяпер яны мне кажуць часам, што мяне ім не хапала. А я думаю, што мяне ім было нават і зашмат, таму што я такая шумная, лезу ва ўсе дзіркі, трымаю ўсё пад кантролем... Есці заўсёды я паспявала прыгатаваць, памыць-прыбраць таксама, вулічнымі яны ніколі не былі. Нянька была ў Ксеніі, ды і тое толькі пару месяцаў, калі была маленькая. Бацькам часам адвозілі таксама.

Частка вялікай сям'і.

— Тамара Рыгораўна, дзеці раіліся з вамі, выбіраючы прафесіі ці спадарожнікаў жыцця?

— Мы з дзецьмі пастаянна пра ўсё гаварылі! Тады ж не было мабільных, і я ў тэлефоне не сядзела суткамі, як цяперашнія маладыя мамы. Мы ўвесь час размаўлялі. Але вось так выразна не магу зараз сказаць, ці паўплывала на выбар імі прафесіі. Але тое, што абедзве дачкі выдатна пішуць, —
так, думаю, што генетычна перадалося (смяецца).

— На многіх мерапрыемствах вы бываеце з дачкой Ксеніяй. Відаць, што вы яшчэ і сяброўкі. У чым сакрэт? Як атрымалася пабудаваць такія адносіны з дзецьмі?

— Пра тое, што мы з дочкамі сябры, не зусім згодная. Яны ведаюць дакладна межы: я маці, яны мае дочкі. Так, паўтару, я іх паўсюль брала з сабой, дзе можна было. І я іх вельмі люблю, гэта праўда. Цяпер, з вышыні пражытых гадоў, зразумела, што многае можна было б пабудаваць інакш, але — як атрымлівалася. Мы сям'я праваслаўная, можа, гэта і паўплывала на тое, што мы дружныя. У нас падтрымка і прыняцце адно аднаго, хоць часам яны спрабуюць неяк на мяне паўплываць у чымсьці, але я цяпер выдатна трымаю абарону сябе (смяецца).

— Вы працягваеце працаваць пасля выхаду на пенсію. І, гледзячы на вас, я заўсёды разумею, што вы той чалавек, які ніколі не адмовіцца ад работы, спасылаючыся на ўзрост. Маўляў, мне ўжо не самавіта хадзіць на прэс-канферэнцыі ці не паеду ў камандзіроўку. А наколькі вы камфортна адчуваеце сябе ў статусе пенсіянеркі, якая працуе?

— Вось падышлі да нелюбімай тэмы. Не люблю гэты статус, і ён мне вельмі перашкаджае, вельмі. Не ўзрост, яго няма, а менавіта статус пенсіянеркі. Таму што сіл, вопыту, ведаў поўна, а ўжо не трэба... Так, працую і вельмі ўдзячная тым кіраўнікам, якіх гэты статус не бянтэжыць. Але перажыла двойчы адмову ў працы менавіта з-за ўзросту, гэта было вельмі хваравіта. Ёсць такая фраза, што маладыя былі ўсе, а старасць трэба заслужыць. Ну вось заслужыла, і што? Працаваць хачу і магу, цяпер нават да «Литературной газеты» дарасла, і там мае артыкулы друкуюць, гэта гонар мой. А ўзрост перашкаджае...

— Цяперашняе пакаленне пенсіянераў моцна адрозніваецца ад папярэдніх. Але ў нас чамусьці склаўся такі стэрэатып, што па-ранейшаму сфера інтарэсаў пенсіянераў — паліклініка, унукі, лецішча. Што сталыя людзі даношваюць адзенне, а элегантныя пенсіянеры — гэта не пра нашых. Рэальна сутыкалася з сітуацыяй, калі некаторыя індывіды ўслых дзівіліся, бачачы пажылых людзей на канцэртах з дарагімі квіткамі, або тых, якія ехалі на адпачынак за мяжу. Ці сутыкаліся вы з такім стаўленнем або пашанцавала з асяроддзем?

— Маё асяроддзе велізарнае, і сярод маіх людзей усё нармальна са стаўленнем. Мне рады, і ніхто не здзіўляецца. Вядома, у начныя клубы не хаджу, ды і ніколі не хадзіла, а вось у тэатрах і на выстаўках цяпер вельмі шмат маіх аднагодкаў. Мы жывыя, мы здаровыя і цікаўныя. Мы такія ж, як і былі, чаго ўжо хаваць (смяецца). Мне камфортна ў любым грамадстве, і яшчэ раз дзякуй тым СМІ, дзе мяне прымаюць як журналіста. Дарэчы, я зараз і майстар-класы даю.

Мама і трое дзяцей.

— Вы згодныя з меркаваннем, што старасць надыходзіць тады, калі чалавеку ўжо нічога не цікава і нічога не хочацца?

— Цалкам згодная! Хоць дзе яна — старасць? Вось мая матуля глядзіць навіны штодня, у храм ходзіць штодня... Так што старасці няма, ёсць немач па здароўі...

— Наша агульная знаёмая, дарэчы, актыўная пенсіянерка, хатнія клопаты аддала на водкуп хатняй работніцы. А як вы спраўляецеся з бытам?

— Побыт выдатны. Мама вельмі дапамагае, гэта раз. А два — я люблю гатаваць і не люблю нудна харчавацца, таму штодня нешта новенькае. Вось сёння, напрыклад, кутабы з чорнай фасоллю, тушаная капуста з рысам... А што яшчэ ў горадзе? Смешна. Падлогу памыць, вокны працерці, бялізнай пральная машына займаецца, ложак заправіць... Якія памочніцы?

— Тамара Рыгораўна, як вы распараджаецеся сваімі фінансамі?

— О, фінансы... Любімая тэма. Паколькі ніколі не была багатай, то ўмею адчуваць сябе багатай заўсёды! Мая мама прывучыла: хай на стале пустая бульба, але будуць накрухмалены абрус і сталовыя прыборы. Умею гатаваць цікавыя стравы з простых прадуктаў і ўмею радавацца любым дробязям. Ёсць грошы — выдатна, няма — пайшла зарабляць!

— Дзе вы любіце праводзіць адпачынак? Што значаць у вашым жыцці падарожжы?

— Адпачываю заўсёды. Любімая работа — гэта ўжо адпачынак. Практычна не стамляюся. Калі вольная — чытаю. Мора люблю, Егіпет люблю, туды лётаю цяпер ужо раз на год, гэта па фінансах. Бяру кніг па колькасці дзён тура, і наперад. А падарожжа — мая радасць. А хоць у Смілавічы. Чаго і ўсім жадаю. І гэта проста, трэба паспрабаваць і захацець убачыць шмат новага. Проста хацець бачыць.

Журавы, журавіны і Тамара.

— Ваша кніга «Радасці і гадасці дарослага жыцця» мела вялікі поспех і ўжо бібліяграфічная рэдкасць. Калі чакаць працягу?

— Як, вы не ведаеце, што ёсць новая кніга — «Жыццё як нагода»? А яна ёсць! Проста пандэмія, не магу прэзентаваць так, як раней, шырока. І нават яшчэ не аддала яе ў «Белкнігу» на рэалізацыю, рукі не даходзяць. Я вам падару. Гэта вершы і проза і вельмі прыемныя водгукі тых, хто яе прачытаў... Так што пішу-пішу... Ведаеце, за доўгае жыццё шмат зроблена, шмат напісана. І не менш яшчэ наперадзе. Чаго і вам жадаю і ўсім чытачам «Звязды». Жыццё цудоўнае, гэта важна памятаць. І вучыцца бачыць навокал толькі добрае!

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Тамары Вяцкай

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.