Вы тут

На што і калі можна патраціць мацярынскі капітал цяпер і ў 2022-м


Указам Прэзідэнта ад 18 верасня 2019 г. № 345 «Аб сямейным капітале» былі зменены некаторыя аспекты, звязаныя з гэтым відам дзяржаўнай падтрымкі. Цяпер грошы можна ўжыць датэрмінова (не чакаючы 18-годдзя дзіцяці) на паляпшэнне жыллёвых умоў, аплату вышэйшай адукацыі, медыцынскіх паслуг. Наступныя змяненні ў заканадаўства аб сямейным капітале, прадугледжаныя Указам Прэзідэнта № 389 ад 12 кастрычніка 2021 года, увойдуць у сілу 1 студзеня 2022 года. На што можна прымяніць мацярынскі капітал цяпер і налета, паведаміла, адказваючы на звароты шматдзетных маці, адвакат Мінскай калегіі адвакатаў Алёна ШМАНАЙ.


Заўчасна пагасіць крэдыт нельга

Дзесяць гадоў таму я, мая маці і мой сын пабудавалі кватэру з ільготным 5-працэнтным крэдытам як асобы, якія стаялі ў чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні ўмоў пражывання. Пазней я другі раз выйшла замуж і нарадзіла дзвюх дачок. Мы сталі шматдзетнай сям'ёй з дзіцем-інвалідам. Аднак у датэрміновым пагашэнні крэдыту нам адмовілі, паколькі першапачаткова чарга была маміна, а пазней, ужо пры крэдытаванні, усё аформілі на мяне: і кватэру, і крэдыт. Цяпер выйшлі папраўкі да магчымасцяў карыстацца сямейным капіталам. Ці падыходзіць наш выпадак пад датэрміновае выкарыстанне гэтых грошай?

Ганна Ч., г. Віцебск.

— Сапраўды, за кошт сямейнага капіталу свае жыллёвыя ўмовы могуць палепшыць сем'і, якія стаяць у чарзе асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (ч. 2 п. 28, Палажэнне аб назначэнні і выкарыстанні сямейнага капітала № 128). Аднак у вашым звароце гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, аб новых змяненнях у заканадаўства аб сямейным капітале, якія ўвойдуць у сілу толькі 1 студзеня 2022 года.

Новыя змяненні дазволяць датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў наступным чынам. Шляхам набыцця долі жылога памяшкання, у выніку чаго шматдзетная сям'я становіцца ўласнікам усяго жылога памяшкання. Можна будзе таксама пагашаць пазыку, якая прадастаўляецца арганізацыямі па месцы работы члена сям'і на будаўніцтва або набыццё жылля. Стане магчымае і пакрыццё запазычанасці па крэдытах, якія прадастаўляліся банкам па дагаворы пераводу доўгу (прыёму запазычанасці).

Аднак ва Указе № 389, які дзейнічае цяпер, няма новаўвядзенняў, якія датычацца паляпшэння жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў за кошт сямейнага капіталу і звязаныя ў тым ліку з прызнаннем чарговасці іншых асоб для датэрміновага выкарыстання гэтага віду дзяржпадтрымкі.

Сёння датэрмінова патраціць сямейны капітал на паляпшэнне жыллёвых умоў можна так. За кошт сродкаў сямейнага капіталу грамадзяне могуць пабудаваць або рэканструяваць жыллё ў складзе арганізацыі забудоўшчыкаў або на падставе дагавора стварэння аб'екта долевага будаўніцтва. Яшчэ можна датэрмінова ўжыць мацярынскі капітал на будаўніцтва ці рэканструкцыю дома або кватэры ў блакіраваным жылым доме падрадным ці гаспадарчым спосабам, а таксама купіць дом ці кватэру, у тым ліку збудаваныя па дзяржзаказе. Акрамя таго, можна пакрыць грашыма мацярынскага капіталу запазычанасць па крэдыце на будаўніцтва, рэканструкцыю або пакупку жылля і выплаціць працэнты па такім крэдыце. Але не датэрмінова.

На газіфікацыю — нельга, на артапедыю — можна

Мы падавалі дакументы на пашырэнне і частку грошай з сямейнага капіталу выкарысталі на будаўніцтва кватэры, аднак зрабіць рамонт нам у гэтым жыллі за сродкі мацярынскага капіталу не дазволілі. Ці можам мы скарыстацца рэштай мацярынскага капіталу для правядзення газавага ацяплення і на што ўвогуле яшчэ можна ўжыць гэтыя грошы?

Адэля В., Брэсцкая вобл.

— Заканадаўствам краіны сёння прадугледжаны наступныя сферы, у якіх датэрмінова (незалежна ад даты прызначэння) можна патраціць увесь сямейны капітал або частку сумы.

Паляпшэнне жыллёвых умоў (гэтыя магчымасці апісаны ў папярэднім адказе).

Аплата сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі І ступені члена сям'і. За кошт сямейнага капіталу аплаціць можна вучобу толькі ў дзяржаўных навучальных установах.

Аплата медыцынскіх паслуг, калі ў іх мае патрэбу хтосьці з членаў сям'і. Грошы прадастаўляюцца на лекі і медыцынскія вырабы пры правядзенні складаных і высокатэхналагічных аперацый у кардыяхірургіі, нейрахірургіі і анкалогіі. Стаматалагічныя паслугі, якія можна атрымаць за сродкі мацярынскага капіталу: пратэзаванне зубоў, дэнтальная імплантацыя з наступным пратэзаваннем, артадантычная карэкцыя прыкусу.

Разам з тым, новыя змяненні ў заканадаўства аб сямейным капітале, якія ўвойдуць у сілу з 1 студзеня 2022 года, прадугледжваюць дадатковыя напрамкі, на якія можна накіраваць сродкі сямейнага капіталу.

Некаторыя аспекты датычацца паляпшэння жыллёвых умоў (прыведзены ў адказе на папярэдняе пытанне). Крыху зменяцца і ўмовы па атрыманні адукацыі. З 1 студзеня 2022-га можна будзе аплаціць вучобу ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі спажывецкай кааперацыі і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (напрыклад, у Міжнародным універсітэце «МІТСО»). А дадатковым напрамкам у выкарыстанні сямейнага капіталу на медыцынскія патрэбы стане выдзяленне медыцынскіх вырабаў для выканання складаных і высокатэхналагічных умяшальніцтваў у артапедыі. Можна будзе таксама набыць інвалідам, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарату тавары, прызначаныя для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.