Вы тут

Памёр вядомы мастак, стваральнік мемарыялу I Сусветнай вайны Барыс ЦІтовіч


Гістарычная памяць захоўваецца дзякуючы людзям неабыякавым, якія здольныя ахвяраваць свае час, сілы, матэрыяльныя даброты дзеля яе аднаўлення. Менавіта такім чалавекам быў мастак Барыс Цітовіч, звестка пра смерць якога з’явілася сёння. Барыс Цітовіч, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», кавалер ордэна Францыска Скарыны, неаднойчы рабіўся героем «звяздоўскіх» публікацый. Бо пры ўсёй сваёй сціпласці быў чалавекам, які ўвесь час прыцягваў захопленую увагу сваймі справамі. Паўстагоддзя таму Барыс Цітовіч, вядомы кніжны мастак, і ягоная жонка, рэжысёр тэлебачання Валянціна, пакінулі тлумную сталіцу і перасяліліся ў вёску Заброддзе Вілейскага раёна. І за гэты час ператварылі мала каму вядомую вёсачку з паўтара дзясятка хат у культурны цэнтр, куды штогод прыязджаюць тысячы турыстаў. 


Фота: onliner.by

А пачыналася так... Як распавядаў Барыс Цітовіч, аднойчы яны з Валянцінай збіралі ў лесе ля Заброддзя грыбы і заўважылі дзіўныя ўзгорачкі... Аказалася — гэта магілы воінаў, якія памерлі ў дывізіённым шпіталі 29-й пяхотнай дывізіі 2-й Рускай арміі падчас Першай Сусветнай вайны... А пра тую вайну тады не прынята было нават згадваць... Між тым яе вялікія бітвы адбываліся на Беларусі, меліся свае героі, незаслужана забытыя…

Мастак і яго жонка вырашылі аднавіць забытыя могілкі. І гэта быў толькі першы крок. Сёння дзякуючы Барысу Цітовічу памятных знакаў у раёне дзясяткі, у тым ліку Барыса-Глебская капліца на беразе ракі Нарачанкі, узведзеная па блаславенні уладыкі Філарэта — мастак ахвяраваў на яе ўзвядзенне сваю прэмію «За духоўнае адраджэнне». А ёсць яшчэ капліца-брама на могілках у Вілейцы, памятны крыж ля вёскі Рускае Сяло, капліца на лазарэтных могілках... 

Мне давялося пабываць у тых памятных мясцінах і пазнаёміцца з Барысам Цітоівчам дзякуючы гісторыку і калекцыянеру Уладзіміру Ліхадзедаву, які здзейсніў з мастаком шмат сумесных праектаў. Мы пабывалі тады ля прыдарожнага помніка-крыжа, усталяванага ў памяць падзей 1812 года, і ля кургана з вялізным белым крыжам на магіле салдат, што загінулі ў Першую Сусветную — на крыжы Барыс Цітовіч зрабіў выяву Спаса Нерукатворнага, які прысутнічаў на вайсковых штандарах. Наведалі і музей Першай Сусветнай вайны, зладжаны ў капліцы ў вёсцы Заброддзе. На маё здзіўленне, як фактычна адзін чалавек мог столькі зрабіць, Барыс Цітовіч з усмешкай адказаў: «Выпала мне такое паслушэнства, што зробіш». Але экспазіцыя не абмяжоўвалася тым, што ў музеі — побач таксама было на што падзівіцца, там і мадэль самалёта пачатку ХХ стагоддзя ў натуральную велічыню, якую стварылі для здымкаў фільма «Уратаваць імператара», і старыя аўто... Далучыўся нават паравоз з вагонамі тае эпохі — вагоны пасля рэканструкцыі ператварыліся ў музейныя залы... НЕ ўсё было лёгка — любы энтузіязм сустракае як спыянне, так і неразуменне. Але ў Барыса Барысавіча было шмат аднадумцаў і сяброў. У садзе Перамогі ў Заброддзі, закладзеным у 1984-м у памяць пра загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны сваякоў, ёсць дрэвы, пасаджаныя Васілём Быкавым і Алесем Адамовічам. 

Карацей, не дзіва, што ў гэтыя мясціны прыязджаюць не толькі з усіх куткоў Беларусі, але і з бліжняга і дальняга замежжа. А яшчэ вельмі важна, што Барыс Цітовіч на справе паказваў, як трэба займацца патрыятычным выхаваннем — не фармальна, не для галачкі, а жывой працай з моладдзю. З ягонай ініцыятывы адбываліся рэканструкцыі баёў, аўтапрабегі, квэсты, пленэры, фестывалі... І ў сваёй сям’і Барыс Цітовіч вырасціў аднадумцаў, якія будуць працягваць ягоную справу.

Паралельна са сваёй выбітной грамадскай дзейнасцю Барыс Цітовіч займаўся мастакоўскай працаю. У ягоным афармленні выйшлі творы Шамякіна, Мележа, Быкава, Адамовіча, Броўкі, многіх класікаў Цітовіч ведаў асабіста. Не дзіўна і тое, чаму мастака так кранала тэма вайны. Згадаць хаця б ягоную ўражлівую працу — графічную серыю «З альбома бацькі», створаную па ўспамінах бацькі мастака, які ваяваў на Курскай дузе, вызваляў Варшаву і Прагу, браў Берлін. Як тлумачыў аўтар, яго працы — «тое, што заклікана ўплываць на вашы сэрцы, даць вам магчымасць зразумець, чаму не павінна быць вайны».

Невыпадкова і тое, што Барыс Цітовіч быў яшчэ і іканапісцам. 

У кожнай асобы ў гісторыі рана ці позна з’яўляюцца дзве даты, аб’яднаныя рысачкай... З’явілася другая дата і ў звестках пра мастака Барыса Цітовіча: ён памёр 20 кастрычніка 2021 года. Давайце ўспомнім словам удзячнасці гэтага светлага чалавека, які назаўсёды зойме месца ў пантэоне рупліўцаў беларускай гісторыі. 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.