У сённяшнім успрыманні творчай спадчыны Язэпа Драздовіча (1888 — 1954) на першым плане стаіць выяўленчае мастацтва, узоры якога прадстаўлены ў беларускіх музеях, сабраны пад вокладкамі альбомаў. Літаратурная практыка ў значна меншай ступені рэпрэзентавана і асэнсавана, хоць менавіта яна можа паслужыць ключом да расшыфроўкі кодаў незвычайных, касмічных тэм і сюжэтаў аўтара «Нябесных бегаў» (1931).
Непрацяглы мінскі перыяд жыцця і творчасці Язэпа Драздовіча (1919 — 1920 гг.) звязаны з насычанай, разнастайнай дзейнасцю: настаўнік малявання, кніжны ілюстратар, тэатральны дэкаратар, арганізатар культурна-асветнага таварыства «Заранка» і інш. У сталіцы БССР створана серыя малюнкаў гістарычных раёнаў горада, праведзены археалагічныя раскопкі.
У 1919 годзе быў напісаны першы празаічны твор, рукапіс якога захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. У існуючых біяграфіях мастака назва гэтага тэксту фігуруе, але пры гэтым адзначаецца яго незавершанасць і такім чынам апрыёры апраўдваецца адсутнасць публікацыі. У імкненні пабурыць некаторыя літаратуразнаўчыя стэрэатыпы мы звярнуліся да архіўнага арыгінала.
Рукапіс «Нявольніцы кволага сэрца (Гэлькі)» уяўляе сабой самаробны сшытак кніжнага фармату з шэрай нелінаванай паперы на 9 аркушаў; запісы зроблены чарніламі, простым і каляровымі (сінім і чырвоным) алоўкамі. На вокладцы зафіксавана не толькі назва, год напісання, але і аўтарскае вызначэнне жанру — эскізы (паводле ўстаялай канстатацыі — апавяданне), што кардынальным чынам мяняе ракурс асэнсавання тэксту як «незавершанага». Само афармленне твора ў адмысловы сшытак не ў апошнюю чаргу сведчыць на карысць яго прадуманасці і падвядзення пэўнай рысы ў аўтарскіх планах.
Пры ўважлівым знаёмстве з рукапісам не пакідае ўражанне непаўторнага творчага сінкрэтызму ўласна тэксту і яго графічнага афармлення. Асобныя абзацы вылучаны рознакаляровымі алоўкамі, узяты ў рамкі, стылізаваныя пад пергаментныя скруткі або надвершы антычных калон. Частыя шматкроп’і не толькі завяршаюць сказы (дакладней — указваюць на паўзу, пакідаюць прастору для роздуму), але і размяжоўваюць абзацы, пацвярджаюць свядомую мастакоўскую ўстаноўку на эскізны характар пісьма.
Мастацка-графічная аформленасць тэксту не можа не выклікаць тыпалагічныя паралелі з паэтыкай еўрапейскага экспрэсіянізму. Шэрая аснова паперы, кідкія каляровыя праўкі, нават пашкоджанасць сшытка (скразная дзірка ў большасці аркушаў) — усё працуе на візуалізацыю і адпаведнае ўспрыманне твора. Асобныя тэкставыя фрагменты хоць і закрэслены, але іх адметная вылучанасць, паліхромнасць прыцягвае ўвагу, і ў агульным корпусе тэксту яны ствараюць свайго роду другі, факультатыўны план аповеду і адметнай псіхалагічнай нівеліроўкі.
Вобраз галоўнай гераіні створаны выключна праз эмоцыі, сканцэтраваныя ў рэпліках. Лагічным было б чакаць ад Язэпа Драздовіча, удзельніка нацыянальных праектаў у Вільні пачатку ХХ стагоддзя, працягу традыцый беларускай літаратуры нашаніўскага перыяду. Але перад намі прынцыпова адрозны тып гераіні — маладой асобы, якая рыхтавалася стаць «свецкай дамай». Падманутая кавалерам, яна знаходзіцца на стадыі экзістэнцыяльнага надлому псіхікі, містычнага ўнутранага разладу, раздвоенасці (дуалізму), што прысутнічае ў назве, вобразным і кампазіцыйным рашэнні твора.
Вынікам праведзенай тэксталагічнай працы стала ўзнаўленне не толькі першага літаратурнага вопыту Язэпа Драздовіча, але і адметнага, пераходнага этапу ў развіцці нацыянальнага пісьменства, калі нашаніўскі перыяд ужо станавіўся гісторыяй, а новы шлях мастацкай літаратуры на фоне карэнных грамадскіх пераўтварэнняў знаходзіўся ў самым сваім пачатку — на ростанях. Твор прыходзіць да чытача больш чым праз стагоддзе ад моманту напісання. Дарэчнымі пры яго асэнсаванні будуць папраўкі на час, а таксама разуменне гістарычных змен у культурным і моўным ландшафтах Беларусі.
Мікола ТРУС
Язэп ДРАЗДОВІЧ
(Гэлька)
Эскізы
Трамвай шыбаў усё бліжэй і бліжэй наўскос берага да мора. Паабапал трамвайнага шляху мігацелі высокія, галістыя, голыя ад лісту дрэвы садоў, між каторых там ды сям высоўваліся з-за дрэў то чырвонай, то рудой, то шэра-зеленаватай памалёўкі, рознафасоннай дачнай архітэктуры — драўляныя забудовы.
Гэлька ціха сядзела, захутаўшыся ў сваю ратону і апусціўшы ўніз шырока вытарашчаныя, як быццам ад нейкага зляку ці злосці, свае сіняватыя, глыбока ўпалыя пад павеццю маршалявага задуменнага лоба, пасалавеўшыя вочы, і не звяртала ні на што і ні на кога ніякай заўвагі, а вушшу яе ад зыгання колаў і проваднага зачэпу трамвая ілюзініраваліся ясныя, зычныя гукі жалобнага, хаўтурнага марша:
Ахвярай ты ляжаш
Праз кволае сэрца...
Як зараз вагон трамвая вынырнуў з абаполля дрэў і забудаванняў і праз ягоныя вокны заяснілася пад сівою павалокаю туману хвалістая роўнядзь шумячага мора. Гэлька, беспрытомна пачуўшы блізнату мора, нервова здрыганулася, ускочыла са свайго сядзення на ўспінеч і спакойна пайшла асцярожным, мерным поступам, трымаючыся рукамі за раменныя прытрымнікі.
Гэлька напрамлялася да выхаду, пад’ехаўшы да нейкага белага домаваладання, каб уцячы ад гора, бед і нядолі, пануючых над жыццём чалавека...
— Калі мала табе гэтакіх, дык прымі мяне, прымі, зрабі мяне сваёю, бо мне жыццё апастылела. Прымі мяне, няхай хвалі твае апалошчуць, змыюць вялікі грэх з душы маёй пакутнай. Што, прымаеш? Шуміш... Відаць, што мне з адным табою даводзіцца з’яднацца. Я не жыву, а тлею, — дажываю, жыву мінуўшчынай ды снамі. Таго, каго я так горача, шчыра люблю і любіла, мне не спаткаць ніколі, ён для мяне памёр, як паміраюць у жыцці пражытыя дні і мінулыя леты, мне не вярнуць яго, як не вярнуць той вясны...
Бывай жыццё, бывай радня, што не разумела душы маёй, бывай і ты, вясна любові маёй!
Бывай і ты, цябе калісь так шчыра-горача любіла! Можа, не раз уздыхнеш і слёзна заплачаш па мінулым жыцці, тым жыцці, што, як кветку вясна маладая, цябе гадавала твая матулька...
Можа, успомніш калі і мяне, бедную Гэльку, бяздольную Гэльку, тую Гэльку, што ў раннія дні сваёй маладосці палюбіла цябе, палюбіла па-дзіцячы нявіннай і шчырай душою, палюбіла цябе шчырым, верным і чыстым, праўдзівым каханнем дзявочага сэрца, а з чаго і за што — ні за што, ты быў друг, ты быў другам маім, шчырым другам зычлівага сэрца... А цяпер? Ты не знаеш мяне, я не знаю цябе.
Бедная Гэлька, няшчасная Гэлька, ты здурнела, твае клікі і енкі ніхто не пачуе, напрасен твой голас тут, у гэтай пустэльні, нават лес не адгукнецца рэхам, што паводдаль стаіць, над узбярэжжам мора стаіць. Нават кнігаўка гэта, што ляціць у паветры над шумячымі хвалямі мора, не звяртае ўвагі на твой голас прашчальнага крыку ад збалелай душы, збалелага сэрца...
* * *
— Паклічце мне тую сястрычку, што мяне разбудзіла...
— Мілая сястрычка, напішы мне ліст. Пішыце тое, што я буду казаць: «Мілы Адолька! Не пужайся, я жыць хачу, я чула твой голас, каторы стрымаў мяне ад смерці, але...»
— Так і пісаць — «але» ці далей што к гэтаму будзе?
— Пішыце далей: «Дарагі друг мой Адолька, ты дораг мне, ты мне даражэй над усё на свеце, апрыч Бога, катораму я раней гэтага часу хоць і верыла, але не хацела верыць, верыць чыстай і шчырай, адкрытай душою...»
— Прабачце, я перапыню пытаннем. Дзеля чаго і з якой прычыны вы, веручы Богу, разам з гэтым развівалі ў сабе хэнць не верыць?
— Бо гатовілася ў «свецкія дамы» і хацела разыграць сабою вельмі мудрую і модную арыстакратку самага навейшага тыпу. Пішыце далей: «Ты для мяне даражэй, чым само маё жыццё...» Пішыце далей: «Ох, каб я ведала, дзе ты жывеш, здаецца, птушачкай к табе прыляцела б, але не ведаю, дзе ты...» Ой не, гэта апошняе не пішыце.
— А зараз вы не ведаеце, дзе ён, то якім жа ж спосабам вы думаеце пераслаць яму гэты ліст?
— Праз расейскае пасольства ў Вашынгтоне, думаю...
— Добра, не буду спрачацца, але ці вы пэўна ведаеце, што ён у Амерыцы, а не ў Сібіры дзесь ці яшчэ дзе?
— Я чула яго голас з Амерыкі... Я веру гэтаму містычнаму голасу... Веру, што ён там, толькі не ведаю, у якім ён там горадзе. Прашу пісаць!
— Прабачце мне за маю цікавасць. Вось наконт гэтага містычнага голасу, пра каторы вы толькі што ўспамянулі.
— Ага... Голас гэты я чула на круглай адзіноце якраз у тую хвіліну, калі кідалася тапіцца, калі я кінулася к вадзе. У вушшу маім зазвінелі зычныя словы Адолі: «Гэлька, што ты робіш, апамятуйся!» Помню як цяпер...
— А раней вам даводзілася калі чуць гэтыя словы з вусен Адолі?
— Не, здаецца, не помню... А нарэшце, можа, калісь і чула... Я ведаю, вы мне хочаце сказаць, што я галюцыніравала паўторнымі гукамі калісь чутага... Але, я не спрачаюся, вы правы... Але мая шчырая вера ў прыгожую і мілую для мяне ману ў сто раз для мяне вартней за вашу шчырую, нудна-панурую праўду. Яе няма, на кожным кроку толькі здрада і здрада.
— Не плач, даражэнькая, не плач, мілачка, усё магчыма, я вам спачуваю!..
— Далей. Ах, забылася ж я, на якім слове мы застанавіліся?
— «Але не ведаю, дзе ты».
— «Але не ведаю, дзе ты, адзавіся! Калі жыццё табе не спрыяе, дай ведаць мне. Я паплыву-паеду да цябе, мая радасць, надзея, я прыкладу ўсе сілы мае, старанні і працу, каб адабраць цябе, вырваць з рук горкага жыцця, з рук бед і нядолі. Я прыкладу ўсе сілы, сілы духу адвагі, да змогі над нэндзай жыцця твайго, дружа! І зраблю цябе вольным, а жыццё тваё пекным, шчаслівым, багатым. Адзавіся! А пакуль што я малюся, я малю ўсемагутную Божую Волю, каб паслала табе сілу моцы ў душы і здароўі».
Далей будзьце ласкавы напісаць, што я трошкі хвора... Ой! Папраўце мне галаву, палажыце яе сярод падушкі...
Дайце мне трошку чагось выпіць...
Дзякуй, мілачка, дай Божанька вам добрага здароўя... Ой, як гараць рукі, а ног зусім не чую, ой...
Пішыце, мілачка, далей вось гэтак: «Мілы Адолька! Закажы для мяне, пакуль прыеду, абраз (карціну). А выразі ў ім, выразі так: я сяджу на цвітучай траве, між стракаценькіх кветак і зелля; я вяночкі звіваю, пяяю, а ты побач мне песню іграеш на скрыпцы. Помніш? Як гэта бывала даўней, вобак саду, на ўзгорку ля ставу, між калючай шыпшыны кустоў, дзе мы песні пяялі з табою ўдваіх».
— Мілыя сястрычкі, будзьце ласкавы, дастаньце ў мяне з-за пазухі, на грудзёх, на шнурку аблічнік Адолі ў медальёне і пастаўце яго перад маімі вачмі так, каб я магла яго аглядаць...
— Добра?
— Дзякуй, мілачка, добра. Пішыце далей. Будзьце ласкавы, гэтак: «З таго часу ты мой. Хоць жыццём мы разлучны з табою, хоць судзьба нам з табою судзіла разлуку, але ты мой, ты мой, бо я люблю цябе, люблю не целам, не корцямі натуры, а чыстай, прыгожай і шчырай душою як друга, прыязнага друга. За лепшае шчасце і долю тваю, успроціў гора-нядолі я гатова аддаць для цябе і радасць, і спакой, і красу маладосці маёй...»
— (Сама сабе) У думках, і праўда, я люблю цябе, кахаю і даражу больш над усё на свеце толькі ў трызнах мінулага. Толькі ў роянні думак успаміну мінулай быліцы. Я люблю цябе, кахаю такім, якім быў ты калісь. А цяпер?
Цяпер ты для мяне памёр, загінуў, цябе няма...
Ты жыў, жывеш, думаеш, гаворыш, бачыш, чуеш і ходзіш таксама, як і даўней. І з выгляду свайго ты той самы, але цяпер ты мне чужы, бо ты для мяне ўжо нябожчык, каторага любяць і кахаюць толькі па ўспамінах з мінуўшчыны, такога, якім ён быў жывым, а не мерцвяка, трупа, якім ён ёсць. А ты? Ты для мяне цяпер труп, гнілы і страшны труп, з загінулым абліччам асобы мінуўшчыны, труп, расточаны чарвякамі маны і здрады. Хоць я й памру для гэтага свету, чыніўшага вечна мне мукі, пакутныя мукі, але любіць цябе, як друга, прыязнаю душою я не пакіну ніколі...
Ой, ой мамка мая дарагая! Даруй мне!..
1919 г.
Першая публікацыя
Падрыхтоўка тэксту Міколы ТРУСА
Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.