Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Кукавала зязюля... Не ў зялёным лесе


Некалі даўно жыхары нашай вялікай савецкай краіны з форсам спявалі: «Не нужен нам берег турецкий и Африка нам не нужна».

І сапраўды: у водпуск ды ў падарожжы, у тым ліку вясельныя, мы ездзілі ў найлепшым выпадку ў Сочы, у Кіеў і Піцер, на Браслаўскія азёры, Нарач... А найчасцей (ці трэба казаць?) — дадому, у свае родныя пенаты, да бацькоў, пакуль яны жывыя, да блізкай радні...

Якраз туды пасля вяселля паехала і мая на той час вельмі блізкая сяброўка. Ім з мужам гэта яшчэ і зручна было, бо ў Андрэя радня ў Полацку, а ў Люсі — карані ў Віцебску. Так што адзін цягнік, адзін водпуск! А ўжо ж каханне! Шчасце!

Што далей — са слоў Люсі:

— У Полацку, як самых дарагіх гасцей, нас прымалі сваякі Андрэя. Яго стрыечны брат Валодзя, сустрэўшы на вакзале, прывёз нас дадому. Спехам паказаў некалькі пакояў у абжытай палове досыць вялікай хаты, свой малады садок. Яго жонка Надзя пачаставала-пакарміла, пасля чаго мы зноў вярнуліся ў горад — ужо на экскурсію. Паглядзелі там на знакаміты Сафійскі сабор (а гэта сапраўдны цуд, які трэба ўбачыць!), пахадзілі па вуліцах, па беразе Дзвіны, палюбаваліся...

Факт, што ў дом да Валодзі вярнуліся ледзь жывыя ад стомы і толькі для таго, каб выпіць нейкага чаю ды легчы спаць. Надзея паслала нам у малым утульным пакойчыку з досыць шырокім ложкам, хоць такі і не патрэбен быў — хапіла б і вузкага, бо, толькі прылёгшы, я апынулася ў гарачых абдымках мужа...

На жаль — зусім ненадоўга, бо раптам аднекуль з цемры данеслася досыць нечаканае: «Ку-ку, ку-ку...».

Не на жарт спужаўшыся, я мігам адхінулася на іншую палову ложка. «Дурніца, не бойся, гэта гадзіннік», — прашаптаў мне муж, зноў апынуўшыся побач.

Але і на гэты раз усяго на хвіліну-другую, бо амаль над галовамі ў нас загучала ўжо не ку-ку, а поўнае нейкай трывогі, працяжнае «Бом!.. Бом!.. Бом!..», ад якога ў нашым пакоі запахла ледзь не... вайной.

Андрэй яшчэ раз сказаў, што я дурніца, зноў прытуліў да грудзей і тут жа ціха... захроп. Ён не чуў больш ні новых «ку-ку», ні «бом-бом»... А я — чаго ні рабіла: «лічыла авечак», накрывала галаву падушкай, затыкала вушы, уставала, хадзіла па пакоі, зноў лажылася, але заснуць усё роўна не магла!.. Тым больш што да ўсіх знаёмых гукаў хутка дадаўся новы: наша радня з Полацка трымала курэй, і гучнае кукарэканне пеўня пабудзіла б, напэўна, мёртвага, але не майго Андрэя!..

Раніцай, калі мы з ім выйшлі на кухню, Валодзя спытаў:

— Ну і як вам спалася-начавалася?

— Цудоўна! — не міргнуўшы вокам, схлусіла я, баючыся пакрыўдзіць гаспадара.

— Хацелася б лепей, — глянуўшы на мяне, шматзначна дадаў Андрэй.

І ўжо ў брата свайго спытаў:

— А што гэта ноччу кукавала-бомкала?

— Няўжо чуваць было? — здзівіўся гаспадар. — Гэта ж на іншай, дальняй палове хаты... У мяне там калекцыя гадзіннікаў. Пайшлі, я вам пакажу. Учора не паспеў...

Трэба сказаць, паглядзець там было на што! Паўсюль, дзе толькі можна, віселі і ляжалі старыя гадзіннікі — насценныя, наручныя, кішэнныя... Нейкія з іх стаялі, нейкія Валодзю ўдалося паправіць, і яны па-ранейшаму ішлі, прычым правільна, нейкія — паказвалі абы-што, нейкія перад прыездам гасцей гаспадар спыніў, а нейкія — проста забыўся!

...Такім чынам, мая сяброўка Люся на ўсё жыццё запомніла не толькі сваю першую шлюбную ноч, але і 25-ю, пасля якой мужу не трэ было казаць, што ў асобныя дні ёй «галава баліць». Дастаткова было напомніць пра зязюлю з Полацка і разам пасмяяцца.

Зоя НАВАЕНКА,

г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.


Хацеў як лепей...

Не так даўно мне давялося заключаць, падпісваць адну дамову. Я дастаў сваю любімую самапіску, ліха паставіў «аўтограф». А вось так званы іншы бок замарудзіў: стаў ляпаць сябе па кішэнях, падобна — шукаючы ручку. Але ж навошта?

— Вазьміце маю, — прапанаваў я.

— Не... Прабачце, — адмовіўся мужчына. — Дакументы я падпісваю толькі сваёй. Гэта ў мяне з юнацтва...

Далей, як варта было чакаць, прагучала гісторыя:

— Я тады вучыўся ў тэхнікуме, і неяк жа атрымалася, што на заняткі прыйшоў самым першым, амаль што зацемна...

Хацеў уключыць святло, але вочы ўжо зачапіліся за стол выкладчыка, на якім ляжаў разгорнуты журнал. Гэта ж, думаю, якая халява, які шанс павысіць сваю паспяховасць! А каб жа за ёй — і стыпендыю?!.

Гадоў сямнаццаць тады было, можна сказаць, што дзіцячы розум. Але ж да яго — амаль дарослы «талент» падрабляць чужыя подпісы, почырк. Той выкладчыцы — дык няма прасцей! Значыць, грэх не скарыстацца?! Так я думаў.

А далей сеў за стол, выцягнуў з прыбора (на стале стаяў) адну з самапісак, насупраць свайго прозвішча (яно апошняе ў спісе) паставіў пару пяцёрак. Потым падумаў: чаму б сваім сябрам не паспрыяць? Ім таксама паспяховасць павысіў... Усё, справа зроблена. Я іду да дзвярэй, уключаю святло. А тут ужо і аднакурснікі сталі з'яўляцца, услед за імі выкладчыца зайшла.

Бачу, глянула ў журнал і аж з твару змянілася: вочы халоднымі сталі, злымі... Называе прозвішчы — маё, маіх сяброў. Загадвае, каб усталі і на выхад — у кабінет дырэктара, а ўжо ён нам пакажа, як самім сабе адзнакі ставіць.

Я вушам не паверыў: як так? Хто што ўбачыў?! А калі не (бо гэта немагчыма!), то адкуль яна ведае?..

Усе разам мы схадзілі да дырэктара, і ўляцела мне там (я адразу прызнаўся) па самае першае чысло! Ледзь стыпендыі не пазбавіўся (а хацеў жа павысіць...).

Пасля гэтага разносу мы з сябрамі, павесіўшы галовы, вярнуліся на заняткі. І толькі потым, пасля іх, я падышоў да выкладчыцы, спытаў, як ёй удалося так хутка ўсё ўбачыць і зразумець? Можа, нехта ўсё-такі выдаў?

Аказалася, што дурань я сам, бо адзнакі — і сабе, і сваім сябрам — выставіў чужой самапіскай з... зялёным стрыжнем. Так што цяпер — прабачце — ужо навучаны: карыстаюся толькі сваёй.

...На гэтым мой суразмоўца падпісаў дамову і схаваў сваю ручку ў кішэнь.

Віталь ЖУРАЎСКІ,

г. Жодзіна.


Як у снежні жалі жыта. І было ўсё шыта-крыта

Я ўжо неяк пісаў, што працаваў старшынёй калгаса на Палессі, у Хойніцкім раёне, што лёс там звёў (а Чарнобыль потым «развёў»!) з вельмі многімі цудоўнымі людзьмі, у тым ліку — з дзедам Рыгорам, мясцовым паэтам, гумарыстам, ды што там, можна сказаць, летапісцам, бо шмат якія падзеі з калгаснага і вясковага жыцця ён увекавечыў сваімі адмысловымі двухрадкоўямі.

Да болю шкада, што рубрыкі «...Народ на провадзе!» тады не было, і я нічога не запісваў, а памяць, на жаль, не Гугл: шмат што з яе сціраецца... Да сёння захавалася хіба дзедава: «Гапка, грошы! І не баўся /, Наш Віталь такі пратаргаваўся!», дзе Гапка — гэта Рыгорава жонка, Віталь — іх сын і загадчык сельмага, у якога рэвізія знайшла недастачу.

Помню яшчэ, што здзівіла і зусім ужо нечаканае: «У нас у снежні жалі жыта /, І было ўсё шыта-крыта».

Я спытаў у агранома, якое жыта можна жаць зімою? І пачуў наступную гісторыю.

...У той год надвор'е сялян не песціла. У час уборкі вельмі часта ішлі дажджы, дрэнажная сістэма на асушаным балоце месцамі не паспявала адводзіць ваду, камбайны часта гразлі.

Вось і вырашыў старшыня, што скурка не варта вычынкі, што ад «апошняй нязжатай паласы» лепей будзе адмовіцца, што грэх выпрабоўваць цярпенне механізатараў ды гробіць тэхніку на нейкіх пяці гектарах.

Людзі ў калгасе пра такое рашэнне ведалі і нават лічылі правільным, але ж, як водзіцца, не ўсе: знайшліся «праўдалюбы», якія напісалі ананімку. І не абы-куды, а ў камітэт народнага кантролю (была такая арганізацыя ў Савецкім Саюзе — усёмагутная, можна сказаць).

Праўда, з выездам у гаспадарку яна тады спяшацца не стала. Ліст, як гэта здаралася (ды, відаць, і цяпер здараецца) кантралёры «спусцілі» ўніз па інстанцыях. Такім чынам ён вярнуўся ледзь не туды, адкуль прыйшоў: гэта значыць, трапіў да раённага кіраўніцтва з даручэннем разабрацца (пажадана з выездам на месца) і далажыць.

Зверху сказалі: «Трэба!», — знізу прамовілі: «Ёсць!» і з выездам — значыць, з выездам. А покуль суд ды справа, нейкі добразычлівец пазваніў старшыні, сказаў убраць тое жыта, каб і знаку ад яго не было!

Што заставалася рабіць? Знялі «з прыколу» камбайн, адправілі на балота — збілі салому з рэдкімі ацалелымі каласкамі і такім вось чынам завяршылі «аперацыю» па ўборцы.

А ледзь не назаўтра яшчэ і снег прайшоў з моцным ветрам — сляды замяло. Так што, прыехаўшы на месца, правяральшчыкі на ўласныя вочы ўбачылі і «ў вярхі» далажылі, што «факты, выкладзеныя ў ананімным лісце, не пацвердзіліся»...

Вось такая была перадгісторыя да Рыгоравых радкоў пра жыта і шыта-крыта. Спадзяюся, што помняцца яны не толькі мне?

Валерый ГАЎРЫШ,

г. Чавусы.


P. S. Думка з нагоды. Хойніцкая зямля ўзгадавала не толькі народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Грэх не ўспомніць Барыса Сачанку, Міколу Мятліцкага, Лідзію Адамовіч, філолага і дыпламата Іосіфа Гашкевіча, стваральніка першага японска-рускага слоўніка...

Мяркую, што светлай згадкі заслугоўваюць і многія іншыя асобы, накшталт таго ж дзеда Рыгора.

Не памылюся, і калі дадам: ці толькі хойніцкага? Беларусь не малая — талентаў вельмі шмат! І шчыры дзякуй «Звяздзе», якая знаходзіць іх і адкрывае для іншых.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж заўсёднае «Пішыце!». Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Феномен Максіма Багдановіча

Феномен Максіма Багдановіча

«Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»

Палітыка

Бяспраўе і несправядлівасць. Куды ўлады вядуць палякаў?

Бяспраўе і несправядлівасць. Куды ўлады вядуць палякаў?

Старшыня кіруючай кансерватыўнай партыі Польшчы «Права і справядлівасць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі выказаўся наконт палітыкі Германіі.

Грамадства

Правільнае харчаванне дадому: даніна модзе або клопат аб здароўі?

Правільнае харчаванне дадому: даніна модзе або клопат аб здароўі?

Калі сфера дастаўкі гатовага харчавання перажыла бурны рост з пачаткам пандэміі, калі з офісаў вельмі многія перамясціліся ў кватэры, а пах

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».