Вы тут

Нетыповы выпадак. Пра бацькоў і дзяцей без папраўкі на час і абставіны


Кожную восень, як толькі пачынала жаўцець лісце і прыходзілі першыя халады, у нашым двары з'яўляўся дзядуля з сабачкам. У заўсёднай рудой шапцы з цыгейкі з падвязанымі наверх вушамі, у старой, але акуратнай плашчовай куртцы ён штораніцы выводзіў гуляць свайго гадаванца. Павольна, шоргаючы нямоглымі нагамі, ішоў па тратуары, а яго беспародны чорна-белы сябар раз-пораз забягаў наперад, а потым цярпліва чакаў гаспадара, матляючы калматым хвастом...


Выходзячы на працу, я кожны раз назірала, як яны вяртаюцца са свайго павольнага шпацыру. Не ведаю, чаго ў тым назіранні было больш — замілавання ці шкадавання. Бо было зразумела, што дзядуля прыязджае на зіму да кагосьці з дзяцей, што жыве ён у вёсцы адзін, што калматы дварняк — адзіны яго сябар і спадарожнік па жыцці. Далей дадумвалася рознае, не вельмі прыемнае (на тое былі падставы, бо колькі падобных гісторый ведаю, пра некаторыя з іх і пісала). Уяўлялася, як дзядок сядзіць адзін у сваім пакоі і да яго за ўвесь вечар ні дзеці, ні ўнукі не зазірнуць. Як нявестка ці зяць, страсаючы з адзення поўсць, сварацца — «дастаў са сваім сабакам!» Як старому чалавеку даводзіцца, нягледзячы на надвор'е і хваробы, выводзіць ранкам свайго сябра на вуліцу, бо маладзейшыя спяшаюцца, дый нікому справы няма асабліва ні да дзеда, ні тым больш да яго сабакі. Як аднойчы дзеда не стане, вясковую хату прададуць, а цюцьку так і пакінуць у вёсцы, і ён, худы і няшчасны, будзе заглядаць у вочы ўсім, хто будзе ісці па вуліцы, нібы пытаючыся, за што з ім так...

Я памылялася (як бы хацелася заўжды памыляцца менавіта так!). На двары ўжо глыбокая восень, а дзядулі не відаць. Затое яго гадаванца бачу кожны вечар з сярэдзіны лета. Яго гадзін у дзевяць выводзіць гуляць мажны малажавы мужчына, які жыве ў нашым доме на дзясятым, здаецца, паверсе. Здзіўляе, з якім клопатам ён абыходзіцца з сабачкам: ніколі не тузае, не павышае голас, раз-пораз нахіляецца і гладзіць жывёлу па галаве... Убачыўшы іх у мінулую нядзелю ўдзень, не вытрымала, падышла. «Стары гаспадар яшчэ не прыехаў?» —спыталася, ужо амаль ведаючы, які адказ пачую. «Бацька ў чэрвені памёр. Вось толькі Бімка ад яго застаўся ды яшчэ кот. Кату што — прыехаў у цёплую кватэру ды спіць сабе на канапе. А гэты сумуе і па вёсцы, а больш па гаспадару. Мы з жонкай і сынам стараемся з ім часцей гуляць, ласункі ўсякія даём. А ўсё роўна — як пачне скуголіць, хоць ты разам з ім сядзь ды плач...»

Мы пасля мо з гадзіну размаўлялі. Аляксей (жывучы ў адным доме больш за пятнаццаць гадоў, мы нарэшце пазнаёміліся) расказваў пра свайго бацьку. Расказваў з такой цеплынёй, што самой станавілася цёпла нават пад золкім кастрычніцкім ветрам. Бацька ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе трактарыстам, маці была даяркай. Сям'я вялікая — чацвёра дзяцей. Жылі не ў раскошы, але бацькі паклалі ўсе сілы, каб дзеці вывучыліся, выбіліся ў людзі. Усе маюць вышэйшую адукацыю: сёстры ў Аляксея — настаўніцы, брат — урач, ён сам працуе ў падатковай інспекцыі. «Бацькоўскі дом для нас усіх заўжды быў месцам сілы і прыцягнення, і гэта не гучныя словы. Кожнае лета была поўная хата людзей — унукі хацелі ехаць на канікулы толькі да дзеда з бабуляй. Да апошняга бацькі трымалі гаспадарку, садзілі вялікі агарод. А пяць гадоў назад мама памерла. І бацька літаральна за некалькі месяцаў знясілеў. Вырашылі забраць яго на зіму да сябе. Спыталі: да каго, тата, паедзеш. Да Лёшкі, кажа, ад яго да маёй Макараўны бліжэй. Наша вёска тут недалёка, пад Уздой, там маму і пахавалі. А брат аж у Брэсце, сёстры — адна ў Рагачове, другая ў Баранавічах... Так і пераехаў на зіму да нас з усёй сваёй гаспадаркай — Бімкам і Рудзікам. Бедаваў, што няма чаго ў гарадской кватэры рабіць, што не можа нам дапамагчы. З сабакам гуляць нікому не дазваляў, сам ранічкай уставаў, што ні наўгаворваліся. Бімка яму такі адданы быў. Вось, гляньце, я пра бацьку гавару, а ён нібы разумее... Пачакай, мой харошы, пойдзем зараз дадому...»

Я слухала Аляксея, з выгляду зусім не падобнага на чуллівага сентыментальнага чалавека, і згадвала, як падчас нядаўняй паездкі ва Узбекістан гэткі самы мажны брутальны мужчына расказваў мне, чаму ў іх дамы для састарэлых адсутнічаюць як паняцце ў прынцыпе. Бацькі заўжды застаюцца жыць з кімсьці з дзяцей. З кім? «А гэта нашы бацька з маці выбіраюць самі. І кожны з нас, дзяцей, за гэты гонар, можна сказаць, змагаецца...» Гэты чалавек гаварыў шчыра, ён не падманваў. Я з зайздрасцю слухала яго і думала, што вось у нас жа чамусьці ўсё інакш...

«Вы — нейкі нетыповы сын», — сказала Аляксею і толькі пасля засумнявалася, ці прагучала гэта як камплімент. «Я — нармальны», — усміхнуўся ён і пайшоў да пад'езда. Бімка радасна бег за ім, матляючы калматым хвастом.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.