Вы тут

Супрацоўнікі музея гісторыі ВАВ да яго 77-годдзя — пра любоў да справы, якой прысвяцілі жыццё


Беларусь першая ў свеце стварыла музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыю пачалі збіраць тады, калі краіна знаходзілася пад акупацыяй. Хто ў вайне будзе пераможцам, было невядома... У год 70-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музей набыў новы дом, які ўжо ахрысцілі храмам памяці. Дзякуючы вялікай працы і прафесіяналізму шырокага кола людзей, была створана экспазіцыя, якая аб'ектыўна распавядае аб гераічных і трагічных падзеях у лёсе не толькі Беларусі, а і ўсяго свету.

Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з яго найстарэйшымі супрацоўнікамі. Ім пашчасціла працаваць побач са стваральнікамі ўстановы, збіраць калекцыі, якія дагэтуль з'яўляюцца візітоўкай музея. Менавіта гэтыя людзі клапаціліся, каб падчас пераезду ў новы будынак ні адзін экспанат не быў страчаны ці пашкоджаны, распрацоўвалі канцэпцыю экспазіцыі ў новых умовах, зрабілі ўсё дзеля таго, каб гісторыя даўно мінулай падзеі зацікавіла сучасніка, прымусіла задумацца, што вайна больш ніколі не павінна паўтарыцца.


Найстарэйшая супрацоўніца музея амаль з паўвекавым стажам Наталля ФІЛІПОВІЧ і ўдзельнічае ў стварэнні часовых выставак, і экскурсію можа правесці.

Лёс праз сябе

Нягледзячы на свой паважны ўзрост, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Наталля ФІЛІПОВІЧ па-ранейшаму ў страі — у пачатку 2022 года найстарэйшы супрацоўнік музея адзначыць 80-гадовы юбілей. Яна — дзіця вайны, нарадзілася ў акупаваным Мінску. На днях споўніцца 49 гадоў, як яна прыйшла працаваць у музей. Па тым часе Наталля Іосіфаўна з'яўлялася ўжо вопытным навуковым супрацоўнікам: за яе плячыма было дырэктарства ў адным з музеяў горада Варкута. Прапанова вярнуцца на Радзіму і прыступіць да работы ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны паступіла на навуковай канферэнцыі ў Ленінградзе ад Веры Раманоўскай, якая стаяла каля яго вытокаў. З таго часу Наталля Філіповіч месца работы больш ніколі не мяняла, пра што зусім не шкадуе.

— Музей — гэта ўсё маё жыццё: гэта мой дом, а калегі — мая сям'я, — прызнаецца яна. — Не кожная жанчына можа пахваліцца тым, што мае любімую работу. Задача музейнага супрацоўніка — не толькі збіраць экспанаты, захоўваць іх, а яшчэ і прапагандаваць памяць аб той жудаснай вайне, якая прайшла па нашай беларускай зямлі. Вывучаючы канкрэтны прадмет, апісваючы яго і ўносячы ў фонды, кожны лёс чалавека, каму ён належаў, мы прапускаем праз сябе. Па-іншаму проста немагчыма.

За сваю працяглую кар'еру Наталля Філіповіч сустракалася з вялікай колькасцю ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны прыходзілі ў музей, перадавалі на захоўванне асабістыя рэчы. Яе заўсёды ўражвала, што і франтавікі, і партызаны гаварылі аб тых агнявых гадах без смутку, нават з аптымізмам. Нягледзячы на тое, што навокал была смерць, шматлікія страты, нягоды, гэты страшны час яны згадвалі як найлепшы ў сваім жыцці — а ўсё таму, што тады яны былі маладыя.

«За кожным экспанатам — чалавек»

Галіна ПАЎЛОЎСКАЯ, загадчыца аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц, прыйшла ва ўстанову 32 гады таму. Дзеля жадання працаваць у адным з вядучых музеяў краіны ёй нават давялося змяніць прафесію. Быўшы краўчыхай на вытворчасці, у вольны час рыхтавалася да сесій у БДУ, дзе завочна вучылася на гістарычным факультэце. Аднойчы яна даведалася, што ў ваенны музей патрабуецца спецыяліст, які добра валодае роднай мовай: беларускамоўных экскурсаводаў не хапала. Дырэктар Аляксандр Ульяновіч, які ў гады вайны дайшоў да Берліна і нават распісаўся на рэйхстагу, зладзіў для Галіны Уладзіміраўны экзамен, які тая паспяхова вытрымала.

— Тэма вайны была блізкая для майго пакалення: у адных ваявалі бацькі, у іншых — дзяды, — расказвае Галіна Паўлоўская. — Асабліва на слыху тыя падзеі былі ў сельскай мясцовасці. Мая вёска Вялікія Хальнявічы, што ў Крупскім раёне, знаходзілася пад акупацыяй, у мясцовых лясах з ворагам змагаліся партызаны. Усё сваё дзяцінства я чула аповеды пра вайну. Тады я нават яшчэ не здагадвалася, што ўсё гэта мне вельмі спатрэбіцца ў маёй працоўнай дзейнасці.

Загадчыца аддзела расказвае, што нават у цяперашні час у музей перадаецца шмат прадметаў, дакументаў, звязаных з гісторыяй вайны. «Кожная рэч мае сваю энергетыку, яна прасякнутая мінулымі падзеямі, асобай чалавека, які ёю карыстаўся, — заўважае музейшчыца. — За кожным экспанатам — чалавек, яго гісторыя».

Нямала было і сустрэч, якія ўплывалі на свядомасць і пакідалі след у душы. Адну з іх Галіна Уладзіміраўна не можа забыць дагэтуль. «У экспазіцыі захоўваецца няпоўны спіс ваеннапалонных, якія загінулі ў Шталагу-352 у Масюкоўшчыне: іх складалі ўрачы з ліку вязняў, — расказвае Галіна Паўлоўская. — У свой час супрацоўнікі музея распаўсюдзілі яго па ўсіх рэгіёнах Савецкага Саюза. Вельмі шмат было водгукаў. Людзі прыязджалі ў Масюкоўшчыну, каб убачыць месца, дзе загінулі іх родныя, і пакланіцца. Аднойчы ў наш музей завітала старэнькая бабуля з Ровенскай вобласці, якая з'яўлялася інвалідам дзяцінства. Яна была зусім кволая, нават размаўляла няшмат, таму тое, што жанчына даехала ў Мінск, было подзвігам: бабуля вельмі хацела наведаць месца, дзе спачывае яе родны брат (пра гэта даведалася менавіта з нашых спісаў). Мы суправадзілі яе ў Масюкоўшчыну. Бабуля прывезла сюды зямлю са сваёй радзімы, дзякавала, седзячы на камнях каля брацкай магілы, брату, за якога шмат гадоў атрымлівала пенсію. На гэтым вялікім пахаванні яна чамусьці спынілася менавіта на адным канкрэтным месцы. Гэтая сустрэча сястры з братам мяне ўразіла на ўсё жыццё...»

«Музей для новага пакалення»

Намеснік галоўнага захавальніка фондаў Галіна СКАРЫНКА аддала музейнай справе, а таксама гісторыі вайны амаль паўстагоддзя (47 гадоў): працоўная кніжка не забіралася адсюль ні на адзін дзень! Музей без перабольшання стаў яе другім домам. Вельмі балюча Галіна Васілеўна ўспрыняла «змену жыхарства». Не магла стрымаць слёз, калі перадавала ў сучасны будынак апошні ордэн. Каб лягчэй прывыкнуць да новых умоў, падчас стварэння экспазіцыі шукала знаёмыя твары на фотаздымках, экспанаты, якія змяшчаліся яшчэ ў старым музеі.

Нягледзячы на пандэмію, у музеі па-ранейшаму шматлюдна.

— Настальгія мяне доўга не пакідала: перад вачыма стаялі цэлыя турыстычныя цягнікі з ветэранамі, якія прыязджалі да нас на экскурсіі з усяго Савецкага Саюза, — успамінае Галіна Скарынка. — Дагэтуль мурашкі па скуры, калі ўспамінаю ўдзельнікаў вайны, якія ішлі па залах, а на іх грудзях звінелі ўзнагароды. Яны маглі плакаць толькі ад таго, што знайшлі ў экспазіцыі назву свайго вайсковага злучэння. Сённяшніх жа наведвальнікаў, у асноўным моладзь, уражваюць поўнамаштабныя копіі франтавых самалётаў, сапраўдныя танкі, гарматы — безумоўна, гэта музей для новага пакалення. Усё мяняецца, і так павінна быць.

Галіна Скарынка расказвае, што ў савецкі час была вельмі дружная музейная супольнасць. Каб без чаргі трапіць на тую ці іншую выстаўку, па ўсім Савецкім Саюзе, дастаткова было паказаць працоўнае пасведчанне. Па яе словах, ранейшаму пакаленню было лягчэй працаваць у музеі: яшчэ ў дзяцінстве яны чыталі ваенную літаратуру, часта гутарылі з ветэранамі, жывыя былі бацькі, якія прайшлі вайну. Цяперашнім жа экскурсаводам, асабліва маладым, на яе думку, трэба старанна рыхтавацца да сустрэч з наведвальнікамі — у музей прыходзіць зацікаўлены, добра інфармаваны народ.

Расказваць пра вайну — цяжка

Загадчыца аддзела гісторыі партызанскага руху Наталля ЯЦКЕВІЧ, якая працуе ў музеі ўжо 43-ці год, пра вайну таксама чула з першых вуснаў, прычым з самага дзяцінства — праз гэтае пекла прайшлі і маці, і бацька музейнай супрацоўніцы. Калі пачалася вайна, маці Наталлі Яцкевіч вучылася ў Бабруйскай школе медыцынскіх сясцёр. Сямнаццацігадовай дзяўчыне выдалі вінтоўку, шынель і адправілі на фронт. Удзельнічала ў першых абарончых баях, была моцна параненая: тое, што Наталля Анатолеўна і яе брат з'явіліся на свет, — вялікі цуд. Бацька сустрэў вайну першакурснікам чыгуначнага тэхнікума ў Томску. Яму таксама не было 18-ці, але па ўласным жаданні пайшоў у ваенкамат. Пасля кароткай вучобы ў артылерыйскім вучылішчы яго накіравалі пад Харкаў, дзе ў той час была проста «мясарубка». Удзельнічаў у баях на Курскай дузе, там быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Дэмабілізаваўся толькі ў 1949 годзе.

Аднак былі ў сям'і і страты. Бабулю па матчынай лініі гітлераўцы забілі ў роднай вёсцы. Дзядзька, родны брат маці, загінуў пад Варонежам. Доўга не ведалі, як склаўся яго лёс. Брацкую магілу, дзе той спачывае, адшукалі не так даўно.

Наталля Яцкевіч доўгі час вадзіла экскурсіі па адным з найбольш эмацыянальных залаў музея, дзе распавядаецца аб акупацыйным рэжыме. Яна не хавае, што часта, расказваючы пра тыя жахі, якія здзяйснялі на нашай зямлі фашысты, цяжка было стрымаць слёзы. «Было вельмі складана прывыкнуць расказваць пра вайну, — прызнаецца загадчыца аддзела. — Наш музей заўсёды быў на вяршыні папулярнасці: каб даведацца ўсю праўду аб тых падзеях, людзі ехалі ў Беларусь.

У той час іх цікавіла тэма гераізму савецкага народа, і менш за ўсё мы гаварылі аб акупацыі. Былі тэмы, пра якія увогуле доўгі час не прынята было казаць: прымусовая праца грамадзянскага насельніцтва, калабарацыя, ваеннапалонныя... Цяпер жа ўсё памянялася: адкрыліся архівы, адбыўся інфармацыйны прарыў — людзі пачалі глыбока вывучаць тэму вайны».

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.