Вы тут

Пакуты на граніцы


Як паведаміў Дзяржпагранкамітэт, напрыканцы мінулага тыдня на лініі граніцы беларускі пагранічны нарад выявіў групу бежанцаў. «На польскай тэрыторыі паблізу загароды былі зафіксаваны сляды, якія прама сведчылі аб тым, што групу выпхнулі сілай, — заўважылі ў ведамстве. — Замежнікі распавялі, што польскія сілавікі прывезлі іх і гвалтоўна выціснулі праз загароду, усталяваную на польскім баку, нягледзячы на тое, што адзін з іх быў практычна без адзення, прамок, замёрз і меў патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Мужчына знаходзіўся ў непрытомным стане. Бежанцы прасілі не пакідаць іх і аказаць дапамогу, але польскія вайскоўцы чарговы раз проста пакінулі людзей у заведама небяспечным становішчы. Каб выратаваць бежанца, беларускі пагранічны нарад выклікаў брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, якая даставіла мужчыну ў медустанову».


Фота: pexels.com

Днямі беларускія пагранічнікі выявілі групу бежанцаў на лініі літоўска-беларускай граніцы. «Некаторыя з іх змерзлі і настолькі былі знясіленыя, што ляжалі на халоднай зямлі. На працягу ўсяго гэтага часу на сумежным баку знаходзіліся літоўскія вайскоўцы. Замежнікі распавялі, што ў адказ на заяўленае хадайніцтва аб наданні статусу бежанца літоўскі бок запрасіў іх прайсці ў глыб Літоўскай Рэспублікі. Ужо на месцы ў іх адабралі грошы і дакументы, збівалі, абражалі, прымянялі электрашокер, адмаўлялі ў ежы і вадзе, разбілі тэлефоны ў тых, хто не паспеў схаваць, — заўважылі ў Дзяржпагранкамітэце. — Пасля літоўскія сілавікі прывезлі 11 чалавек — грамадзян Судана, Емена, Ірана, Нігерыі і Малі — на лінію граніцы і паспрабавалі выпхнуць на беларускую тэрыторыю».

Бежанцы таксама распавялі, што літоўскія вайскоўцы разбівалі іх тэлефоны, каб фота- і відэаматэрыялы, якія захоўваліся на прыладах, не былі перададзены журналістам і міжнародным арганізацыям. «Публічная агалоска супрацьзаконных спосабаў і метадаў абыходжання з бежанцамі не выгадная ні Літве, ні Польшчы, ні Латвіі», — адзначылі ў ведамстве.

Бежанцы з Афганістана, якія жывуць на лініі граніцы з польскага боку ўжо больш за два месяцы, стаміўшыся ад бяздзейнасці і абыякавасці польскіх улад, нечалавечых умоў, адсутнасці перспектыў атрымання адказу на просьбы аб атрыманні прытулку ў Польшчы, зрабілі крок адчаю. «Усвядоміўшы , што польскі бок насамрэч не разглядае пададзеныя імі прашэнні і ў далейшым будзе абыякава назіраць за іх пакутамі, не зрабіўшы ніякіх дзеянняў для вырашэння сітуацыі, частка афганцаў паспрабавала пераадолець небяспечныя загароды», — распавялі ў Дзяржпагранкамітэце.

У выніку афганцы былі жорстка збітыя і затрыманыя польскімі сілавікамі з выкарыстаннем пярцовага газу. «Пасля паўгадзіны, якія бежанцы, у тым ліку жанчыны і дзеці, пад рулямі аўтаматаў правялі лежачы на халоднай і сырой зямлі, яны былі ў кайданках вывезеныя ў глыб Польшчы.

«Падобныя дзеянні з'яўляюцца сігналам для міжнароднай грамадскасці звярнуць увагу на тое, што на самай справе адбываецца з замежнікамі на польскай тэрыторыі. Асабліва пасля таго, як Польшча перастала пускаць прадстаўнікоў СМІ і праваабарончых арганізацый у памежную тэрыторыю і пачала старанна хаваць ад сваіх грамадзян праўду, замоўчваючы існаванне стыхійнага лагера афганцаў на іх тэрыторыі. Нагадаем, што гэтыя афганскія бежанцы былі затрыманыя ў розных частках Польшчы і вывезены польскімі сілавікамі на граніцу яшчэ ў жніўні, — заўважылі ў ведамстве». Афганцы падалі прашэнні аб атрыманні абароны. Дакументы замежнікаў знаходзяцца ў Польшчы. Яны перадалі іх сваім законным прадстаўнікам, якія неаднаразова звярталіся да польскіх улад з просьбай вырашыць гэтую праблему. Таксама на неабходнасць аказання дапамогі групе афганскіх бежанцаў неаднаразова звярталі ўвагу ААН і ЕСПЧ, а таксама праваабарончая арганізацыя Amnesty Іnternatіonal. Пры гэтым прадстаўнікамі міжнародных праваабарончых арганізацый неаднаразова адзначалася, што прымусовая высылка людзей, якія шукаюць прытулку, супярэчыць еўрапейскаму і міжнароднаму заканадаўству».

Перасячэнне граніцы — наладжаны міжнародны злачынны бізнес. Польскія пагранічнікі затрымалі шасцярых замежнікаў — двух грамадзян Украіны, грамадзяніна Турцыі, грамадзяніна Германіі, грамадзяніна Ірака і грамадзяніна Лівана, якія дапамагалі нелегальным мігрантам перасякаць граніцу, паведаміў тэлеканал TVP Іnfo. Як паведамлялася, 18 кастрычніка ў Польшчы быў затрыманы грамадзянін Украіны, які перавозіў на грузавым аўтамабілі, што належыць папулярнай кур'ерскай кампаніі, 27 нелегальных мігрантаў з Ірака.

Тым часам стала вядома пра смерць мігранта. Цела 19-гадовага бежанца-сірыйца было знойдзена польскімі вадалазамі ў рацэ Буг на польска-беларускай граніцы, паведаміў журналістам прэс-сакратар Люблінскай паліцыі Анджэй Фіёлек. Асобу загінулага пацвердзіў другі мігрант, з якім патанулы спрабаваў пераправіцца праз раку. Паводле інфармацыі паліцыі, двое сірыйцаў спрабавалі пераправіцца праз Буг, аднак ніводны з іх не ўмеў плаваць.

Канчатковай мэтай мігрантаў з'яўляецца не Польшча і не Літва. Такім меркаваннем у эфіры «Альфа Радыё» падзяліўся палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, каменціруючы заяву прафсаюза паліцэйскіх Германіі адносна неабходнасці ўвядзення часовага кантролю на граніцы паміж ФРГ і Польшчай у сувязі з павелічэннем колькасці бежанцаў. «Вядома, іх марай з'яўляецца Германія, а далей Францыя, дзе, у прынцыпе, выкарыстоўваючы калізіі мясцовага заканадаўства, можна даволі нядрэнна ўладкавацца, калі параўноўваць з тымі ўмовамі, якія былі ў гэтых людзей на радзіме», — звярнуў увагу эксперт. Па яго словах, у большасці выпадкаў мігранты, якіх затрымліваюць нямецкія праваахоўныя органы, — язіды з Сінджара. «Гэта рэгіён Сірыі, які быў практычна знішчаны баевікамі групоўкі «Ісламская дзяржава» і дзе мужчын забівалі, а жанчын прадавалі ў рабства, падвяргалі сексуальнай эксплуатацыі. Кошт у Сірыі і Лівіі за аднаго язіда пачынаўся ад $200. Гэта значыць, за $200 можна было набыць чалавека для розных патрэб. Зразумела, што гэтыя людзі будуць бегчы, прадаючы ўсё магчымае, — сказаў Аляксандр Шпакоўскі. — Яны здаюцца на тэрыторыі Германіі, спадзеючыся на абарону. У іх ёсць усе падставы атрымаць статус бежанца згодна з нормамі міжнароднага права, таму што ў рэгіёнах пастаяннага пражывання ім пагражае смерць. Гэта аб'ектыўна, таму што так там утаймавалі часткова «Ісламскую дзяржаву», існуе шэраг іншых ісламісцкіх груповак. Язідаў з-за асаблівасцяў іх веравызнання там за людзей не лічаць. Гэта фактычна паўтарэнне нацысцкай ідэалогіі, толькі ў ролі ахвяр не цыганы і яўрэі, а язіды».

Паводле даных палітолага, да 80 працэнтаў асоб, якія накіроўваюцца праз Беларусь у Еўрапейскі саюз, у выніку дасягаюць сваёй мэты, абыходзячы пасты пагранічнай аховы Польшчы, Літвы і Латвіі. «Таму прафсаюз нямецкіх паліцэйскіх спрабуе прыкрыць граніцу, паколькі разумее, што граніца Еўрасаюза на польскім і літоўскім напрамку зусім не на замку», — рэзюмаваў аналітык.

Пры гэтым авіякампанія «Белавія» ніколі не ўдзельнічала ў арганізацыі перавозак нелегальных мігрантаў. Аб гэтым БелТА заявілі ў Дэпартаменце па авіяцыі ў сувязі з падрыхтоўкай Еўрасаюзам пятага пакета санкцый супраць Беларусі, а таксама заявай вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля аб дачыненні беларускага нацыянальнага авіяперавозчыка да арганізацыі нелегальнай перапраўкі мігрантаў у краіны ЕС. «Я б прапанаваў Барэлю, можа быць, увесці санкцыі супраць Міжземнага мора. Бо тысячы і тысячы мігрантаў прыбываюць у Еўропу праз Міжземнае мора», — заўважыў у эфіры тэлеканала АНТ дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі. Ён звярнуў увагу, што «Белавія» сапраўды гэтак жа стала «пляцоўкай, праз якую гэтыя людзі бягуць за лепшым жыццём». «Яны не да нас прыйшлі, і нават не ў Літву, і не ў Польшчу», — заўважыў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі. «Мы звярнуліся да прэзідэнта Савета ІCAO: дайце нам пералік нацыянальнасцяў, краін — скажыце, хто не мае права карыстацца палётамі авіякампаніі «Белавія», каб прыбыць у Нацыянальны аэрапорт «Мінск», альбо іншымі авіякампаніямі, якія прыбываюць у аэрапорты краіны. І мы гэта апублікуем: «прабачце, гэтыя людзі карыстацца грамадзянскай авіяцыяй не могуць, — акрэсліў сітуацыю Арцём Сікорскі. — І цішыня».

На Беларусь і іншыя дзяржавы Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ідзе гібрыдны наступ. Пра гэта БелТА заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў. «Гэта ціск не толькі эканамічны, але і палітычны, дыпламатычны. Таму мы павінны актыўна працаваць у міжнародных арганізацыях, паслядоўна даводзіць сваю пазіцыю на ўсіх пляцоўках», — падкрэсліў сенатар.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.