Вы тут

Як пабудаваць дарогу да Выстаўкі... Журналісцкае расследванне


Даўно планаваў зрабіць з вёскі пад назвай Выстаўка рэпартаж, але не думаў, што ён атрымаецца праблемны. Хацелася высветліць гісторыю назвы: ці ёсць там мастакі, мо праводзяць пленэры, мо звязана з назвай прыгожая легенда? Але... вяскоўцы самі паклікалі журналіста да сабе, каб рэдакцыя дапамагла ў пытанні рамонту дарогі, якая вядзе да Выстаўкі.


На вуліцы Сонечнай

Дарэчы, гэту дарогу можна назваць дарогай жыцця, бо ў вёсцы, як высветлілася на месцы, няма крамы, пошты, амбулаторыі і іншых сацыяльна важных аб'ектаў.

Аўтобус прыязджае ў Выстаўку тры разы на тыдзень: у аўторак, суботу і нядзелю. Інтэрнэт працуе не надзейна, ды і якасць мабільнай сувязі пакідае жадаць лепшага.

Па дапамогу ў карпункт звярнуўся жыхар вёскі. Пенсіянеру Валерыю Мікалаевічу Спаткаю, які там жыве на вуліцы Сонечная, за семдзясят. Працаваў калісьці аператарам на студыі тэлебачання, на будоўлях, у тым ліку і ў Маскве. Рукі залатыя — кажуць пра такіх мужчын.

Вяскоўцам ён стаў пасля таго, як прадаў пару гадоў таму ў цэнтры Віцебска двухпакаёвую кватэру і перабраўся ў Выстаўку. Спадабалася, што недалёка: усяго кіламетраў пятнаццаць ад абласнога цэнтра, да таго ж тут нешматлюдна. Пажадаў чалавек жыць бліжэй да прыроды, вырошчваць агародніну і садавіну, трымаць курэй.

Некалькі месяцаў таму, падчас прамой тэлефоннай лініі з памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці Анатолем Ліневічам, ён распавёў аб праблеме, якая паўстала на новым месцы жыхарства. Спадзяваўся, што пасля таго, як сутыкнуўся з бяссіллем прадстаўнікоў мясцовай улады, знойдзе дапамогу на ўзроўні больш высокім.

«Праехалі міма»...

Валерый Спаткай вельмі эмацыянальна расказваў пра тое, як даручэнне Анатоля Ліневіча адказныя за вырашэнне праблемы выканаць не маглі, бо... спачатку праехалі міма праблемнага ўчастка. Пенсіянер абазначыў неабходны адрэзак палкамі.

— Я ж усё растлумачыў. Нумар майго тэлефона запісалі, дык патэлефанавалі б, я б паказаў асабіста! — гаруе пенсіянер.

Ён зноў тэлефанаваў у райвыканкам. Спрабаваў яшчэ раз дазваніцца Ліневічу... Пры гэтым мужчына быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў, што з выкарыстаннем тэхнікі абапал сельскай дарогі абкошваюць кювет. Навошта? Дзеля паказухі?

Нарэшце, у канцы чэрвеня новы жыхар Выстаўкі патэлефанаваў на «прамую лінію» з удзелам губернатара. Мікалай Шарснёў традыцыйна ўзяць удзел у такіх мерапрыемствах запрашае кіраўнікоў упраўленняў, камітэтаў аблвыканкама, арганізацыі, якая рамантуе, абавязана падтрымліваць у нармальным стане дарогі мясцовага прызначэння.

Журналісты тады таксама зафіксавалі вусны зварот Валерыя Спаткая. Сама назва вёскі — Выстаўка — чапляе. Заяўнік распавёў гісторыю сваіх папярэдніх зваротаў да прадстаўнікоў улады. Ён абраў тон спакойнай канстатацыі сутнасці справы. Пенсіянер разумее, што асфальт — задавальненне дарагое, што на шлях да вёскі, дзе ў асноўным валодаюць дамамі дачнікі, немэтазгодна выдаткоўваць столькі сродкаў.

Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады даў даручэнне кіраўніку КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзіміру Мацвееву разабрацца.

У спраўным стане?

Аднак да першай паловы кастрычніка так нічога зроблена і не было. Валерый Спаткай прынцыпова чакаў гэтага тэрміну, бо паверыў у абяцанні адказных асоб.

У лісце ад 9 ліпеня за подпісам старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Аляксандра Шыдлоўскага паведамляецца, што начальнік філіяла «Віцебскае ДРБУ № 144» і старшы майстар 7 чэрвеня высветлілі на месцы, што ўчастак дарогі працягласцю 200 метраў, па якім вясной і восенню падчас бездаражы праезд можа быць абцяжараны, на сёння ў добрым стане... «Праезд транспартных сродкаў забяспечаны», — цытата. Можа, мелася на ўвазе, што, калі пойдуць восеньскія дажджы, тады дарожнікі зноў прыедуць паглядзець?

Вельмі папулярны ў савецкі час кіначасопіс «Фитиль», безумоўна, зацікавіўся б гэтай гісторыяй.

У лісце ад 12 ліпеня той самы генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд», які публічна атрымаў даручэнне губернатара, напісаў пенсіянеру, што з пачатку сезона (вясной) выкананы работы па прафіляванні друзавага ўчастка дарогі Бялынавічы — Войтава праз Выстаўку працягласцю 9,5 кіламетра, «з даданнем новага матэрыялу па асфальтабетонным участку выкананы ямачны рамонт пакрыцця», і што дарога ў цэлым у добрым стане. «Пры выяўленні дэфектаў ліквідацыя будзе праведзена работамі па ўтрыманні», — цытата. На мой погляд, напісана незразумела, але, напэўна, дарожнікі ведаюць «сакральны сэнс» гэтай фразы.

А сабачку было б шкада...

Калі пенсіянер на старой іншамарцы вёз мяне ў вёску спачатку па трасе, якая вядзе ў бок прыгранічча з Расіяй, надвор'е было ідэальным для восені. Сонейка, не толькі свяціла, але і добра прыгравала. Вядома, пры такіх умовах дарога больш-менш у нармальным стане.

Але праз некалькі хвілін, як звярнулі з трасы, як кажуць, пятай кропкай адчуў, што вельмі і вельмі, мякка кажучы, нязручна ехаць па тых самых двухстах праблемных метрах дарогі.

Вадзіцель распавёў, што з-за гэтага прыходзіцца раскашэльвацца на тое, каб рамантаваць аўтамабіль і купляць запасныя часткі.

— У мяне вельмі маленькая пенсія. На аўто ўсё ж зручней, чым на аўтобусе, прывесці нешта ў вёску, унукам у горад адвесці бульбу і іншае. Некалькі падшыпнікаў памяняў пазаўчора, заплаціў за кожны ад 25 да 40 рублёў, — скардзіцца суразмоўца.

А што думаюць аднавяскоўцы?

Пагутарыў я з мужам і жонкай, якія ў цёплы сезон жывуць у Выстаўцы. Вячаслаў Віктаравіч узначальвае філіял фірмы. Пагадзіўся, што дарога нязручная.

— Але ж гэта яшчэ не бяда — па ёй небяспечна ехаць! — дадаў.

Разам з Валерыем Спаткаем яны сталі паказваць праблемныя метры і вымяраць глыбіню, шырыню ямак. Некаторыя больш за дваццаць сантыметраў глыбінёй. Незразумела мужчынам, чаму замест друзу для падсыпкі выкарыстоўваюць пясок і гліну.

Жонка Вячаслава Віктаравіча не ўтойвала крыўды на чыноўнікаў. Успомніла, як выгульвала сабаку, а на павароце дарогі з кузава трактара вываліўся цюк саломы. А калі б нехта пацярпеў? Жанчына кажа, што кожны вялікі дождж ператварае дарогу ў пагрозу для тых, хто ёй карыстаецца.

Незадаволены станам дарогі і малады мужчына Яўген. Жыве ён у Віцебску і тут — у дзедавай хаце. Ды і брат «амаль што вясковец». Сказаў, што апошні раз увесну бачыў тут грэйдар. Каб насамрэч палепшыць стан пакрыцця, рэальна не было нічога зроблена. Дарогу размывае, сказаў, у сельсавет і ён тэлефанаваў, ды яны ж не адказваюць за рамонт дарог — толькі могуць перадаць сігнал. Вельмі незадаволены дарожнай праблемай і пенсіянер Міхаіл Чугуноў.

Скаргаў усё больш

Да кіраўніцтва мясцовай улады Віцебскага раёна штогод усё больш «дарожных заяў».

У 2019-м — 28 абгрунтаваных зваротаў грамадзян, у 2020 — 27, сёлета — 49... З мінулага года застаюцца нявырашанымі 13 зваротаў. Ад колькасці ўсіх зваротаў гэта складае, адпаведна, каля 20 працэнтаў.

Што да працягласці мясцовых дарог, то лічба ўражвае: каля 934 кіламетраў. Для параўнання: ад Віцебска да Мінска — прыкладна 290 кіламетраў, да Брэста — 627, да Гомеля — 330.

Дарэчы, пра дарожныя праблемы нядаўна казаў на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін. З трох аўтагрэйдараў арганізацыі, якая адказвае за мясцовыя дарогі, фактычна працуе адзін, астатнія ў рамонце. На бягучы рамонт сёлета вылучылі 374 тысячы рублёў, на ўтрыманне — больш за мільён. Фінансаванне змяншаецца. На працягу трох гадоў (2019—2021 гады) прадпрыемству не вылучаліся сродкі на капітальны рамонт.

Такім чынам, і без пад'езду да Выстаўкі хапае галаўнога болю. Становіцца зразумелай бездапаможнасць дарожнікаў і прадстаўнікоў мясцовай улады.

Тым не менш бяспека на дарогах — гэта жыцці людзей. Ды і давер да ўлады трымаецца на тым, наколькі адказна выконваюцца абяцанні.

Пра гэта ўвесь час кажуць кіраўнікі абласной вертыкалі, верхняй і ніжняй палат парламента, дзяржкантролю і іншых органаў улады. Даў слова — зрабі, ды так, каб людзі былі задаволеныя. Не можаш — не абяцай, не называй канкрэтны тэрмін выканання.

Старшыня абласнога «парламента» Уладзімір Цярэнцьеў даручыў тым кіраўнікам раённых Саветаў, якія гадамі скардзяцца на дарожныя праблемы, прыдумваць, як іх вырашаць, дзе шукаць дадатковае фінансаванне. Прывёў прыклады таго, як гэта можна зрабіць. Прапанаваў эканоміць на аптымізацыі кіраўнікоў дарожных арганізацый, рацыянальна выкарыстоўваць будаўнічыя матэрыялы, зарабіць грошы на суботніку.

Цуд не адбыўся

А што на сёння ў Выстаўцы? Карэспандэнт «Звязды» патэлефанаваў памочніку старшыні Віцебскага аблвыканкама, у аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб гэтага ж органа ўлады. Высветлілася, што пытанне на кантролі.

Валерый Спаткай паведаміў, што праз некалькі дзён пасля таго, як карэспандэнт прыехаў у Выстаўку, тут з'явіліся дарожнікі. Пазней на дарогу высыпалі тры грузавікі пяску.

— Маўляў, з адной чацвёртай друзу ад аб'ёму, так мне сказаў адзін з дарожнікаў, — удакладніў пенсіянер.

Змагар за якасць дарогі і яго аднадумцы лічаць, што гэтае пакрыццё не тое, якое зробіць праезд бяспечным пры дрэнным надвор'і. Неабходна больш друзу, бо той пясок хутка стане кашай і нельга будзе нармальна праехаць.

Ды і чаму грэйдар выраўняў толькі палову праблемнага ўчастка дарогі — бліжэй да трасы, а ў бок вёскі — не? — здзіўляюцца.

Жыхар Выстаўкі непакоіцца, што ў выніку дарожнікам прыйдзецца ўсё перарабляць, адпаведна, будуць зноў патрачаны грошы, час і нервы...

Чым закончыцца гэта гісторыя, паведамім.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З паўлаўскім караваем і бацькавай булкай

З паўлаўскім караваем і бацькавай булкай

Галоўныя атрыбуты кірмашу «Дажынкі» ў Зэльве здзіўлялі сваёй фантазіяй.

Жыллё

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.

Калейдаскоп

Красоўкі і твідавы гарнітур — не пара

Красоўкі і твідавы гарнітур — не пара

Якія прамашкі жанчын у адзенні выдаюць адсутнасць густу?

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?