Вы тут

Мінчанка падаравала Радзівілаўскаму палацу раяль, які перажыў блакаду


У экспазіцыі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» з’явіўся антыкварны кабінетны раяль фабрыкі Rönisch.


Як расказалі ў музеі-запаведніку раяль з гісторыяй, вінтавое крэсла з круглым сядзеннем і VIII том (паланэзы) для фартэпіяна поўнага збору твораў Фрэдэрыка Шапэна перадала ў дар мінчанка Тамара Мікалаеўна Астапенка — піяністка, лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік ганаровага дыплома Міжнароднага музычнага форуму «Мастацтва XXI стагоддзя» і дыплома Сусветнай Арганізацыі ЮНЕСКА.

Гэты інструмент у свой час належаў прадстаўнікам вядомай сям’і Бенуа, якая падарыла Санкт-Пецярбургу і Расіі вялікую колькасць дзеячаў мастацтваў — таленавітых мастакоў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў. Пазней раяль трапіў у дом бабулі Тамары Мікалаеўны. Вядома, што музычны інструмент перажыў блакаду Ленінграда ў Вялікую Айчынную вайну.

Раяль, падараваны комплексу «Нясвіж», мяркуючы па серыйным нумары (40509) датуецца 1905-1906 гадамі. На інструменце прысутнічаюць Гербы Германіі, Саксоніі, Расійскай Імперыі, а таксама факсіміле подпісу Карла Рэніша з таўром і надпісам: «Сапраўдным подпісам у таўро засведчваецца, што да гэтай прылады была выкарыстана самая старанная праца і бездакорны матэрыял».

Трэба сказаць, што ў вытворчасці інструментаў фабрыкі Rönisch заўсёды выкарыстоўваліся якасныя матэрыялы: натуральная драўніна ўнікальнага рэзананснага лесу, а таксама высокатрывалыя металадэталі, для аздаблення выкарыстоўваліся каштоўныя і рэдкія пароды дрэва.

Дарэчы, Сяргей Рахманінаў напісаў свой сусветна вядомы трэці канцэрт на раялі фірмы «Рэніш». Яго раяль з серыйным нумарам 59183 прадстаўлены сёння ў музеі-сядзібе Рахманінава ў Расіі ў Іванаўцы (Тамбоўская вобласць). А ўбачыць яго «нясвіжскага» суродзіча цяпер можна ў каміннай зале палацавага комплексу.

Як запэўніў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Дзмітрый ЯШЧАНКА, унікальны музычны інструмент стане не толькі візуальным музейным экспанатам, але і будзе дарыць асалоду прыхільнікам класічнай музыкі падчас правядзення тэматычных вечароў у палацы Радзівілаў. 


Наша даведка

Фабрыка Rönisch была заснавана ў 1845 годзе ў Дрэздэне (Германія) Карлам Рэнішам. Ён памёр у 1894 ва ўзросце 80 гадоў. Кіраванне кампаніяй перайшло ў рукі яго сыноў: Альберту — у якасці бізнес-менеджара і Герману — у якасці менеджара вытворчасці. У 1897 годзе сыны Рэніша адкрылі фабрыку ў Санкт-Пецярбурзе (а зачынілася яна ў 1917 годзе). У 1900-м на Сусветнай Парыжскай выставе «Рэніш» атрымлівае залаты медаль. Іншыя ўзнагароды атрыманы на выставах у Амстэрдаме, Сіднэі, Чыкага, Мельбурне…

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.