Вы тут

Масавае пахаванне савецкіх салдат знойдзена ў Лунінецкім раёне


У мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі «белых плямаў» у мінулым, умацавання канстытуцыйнага строю і нацыянальнай бяспекі сёлета Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу па факце генацыда насельніцтва нашай краіны. У аснову прынятага рашэння пакладзены звесткі аб гібелі мільёнаў суайчыннікаў і іншых людзей па прычыне зверстваў нямецкіх акупантаў і іх памагатых.


— Грамадства недастаткова ўсвядомлена аб шэрагу страшных злачынстваў, учыненых акупантамі і нацыяналістычнымі бандфарміраваннямі памагатых фашыстаў, — акцэнтуе ўвагу пракурор Лунінецкага раёна Юрый Пракапчук. — Гэта, у сваю чаргу, дае глебу для іх гераізацыі і спробаў разбурыць каштоўнасці, на якіх будуецца беларуская дзяржаўнасць. Толькі ўдумайцеся ў лічбы! На тэрыторыі нашага раёна акупанты расстралялі больш як 16 тысяч мірных грамадзян, павесілі 132 чалавекі, спалілі жывымі — 607, у тым ліку больш як 200 дзяцей, 2319 — загналі ў нямецкае рабства, 203 чалавекі загінулі ў выніку паветраных бамбардзіровак. Усяго ад рук фашыстаў пацярпелі амаль 19 тысяч жыхароў. Акрамя таго, у Лунінцы фашысты забілі і закатавалі 3242 ваеннапалонных салдат і афіцэраў Савецкай арміі...

Супрацоўнікі пракуратуры звярнуліся да землякоў з просьбай падзяліцца інфармацыяй аб злачынствах перыяду ваеннага ліхалецця. Пра факт расстрэлу больш як 1300 чалавек каля ўрочышча Мачула паведамілі краязнаўцы. Звесткі праверылі ў архіве і знайшлі пацвярджэнне. Устаноўленае месца ўключылі ў план пошукавых работ, якія ўжо далі свае першыя вынікі.

Падрабязна аб гэтай трагедыі, што здарылася ў жніўні 1941-га, «Звязда» ужо расказвала. Як стала вядома, у ваколіцах райцэнтра вось ужо два тыдні працуюць ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, кіруе якімі лейтэнант Мікалай Еўтух. Тэрыторыя раскопак ачэплена і агароджана. У працэс адразу ўключыліся спецыялісты Следчага камітэта краіны і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. 

— На дадзены момант на глыбіні 2,5 метра знойдзены астанкі больш як 150 мужчын, — зазначыў Юрый Пракапчук. — І з кожным днём лічба расце. Работы працягваюцца. Назначаны экспертныя дасследаванні, па выніках якіх будзе дакладна вызначана прычына іх смерці.

Каб пазнаёміцца з ходам спраў, Лунінеччыну на мінулым тыдні наведаў намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Данііл Дзярабін. Па яго словах, у рэгіёне дапытана больш як 1500 сведкаў і пацярпелых ад злачынстваў фашыстаў. Устаноўлена 21 раней невядомае месца масавага пахавання грамадзян, у тым ліку адно з іх — урочышча Мачула. Калектыў ведамства нацэлены на выяўленне ўсіх фактаў зверстваў нямецкіх акупантаў і іх памагатых.

Сапраўды, вораг у свой час не праяўляў асаблівай літасці да нашых людзей. Ніхто не звяртаў увагі, якога яны полу, узросту, нацыянальнасці, веры... Такія думкі ўзнікалі, калі стаялі побач з вялікімі ямінамі. Адныя салдаты працягвалі капаць, другія — раскладвалі тое, што ўдалося знайсці. Акуратна выконваюць работы старшы сапёр сяржант Яўген Міцкевіч, вадзіцель малодшы сяржант Аляксандр Піліпенка, сапёры-матарысты яфрэйтары Міхаіл Пралыгін і Павел Ражанскі, сапёры яфрэйтары Уладзіслаў Калеснікаў, Кірыл Петэр і Юрый Карпенка.

Позірк міжволі затрымліваецца на знаходках: косці, фрагменты абутку і адзення. Вось акуляры, лінзы і дужкі ад іх. А тут — гузікі, люстэркі, расчоскі, рэшткі рамянёў. Ключ — магчыма чалавек меркаваў вярнуцца дамоў... А нехта прыняў смерць, сціскаючы ў руцэ невялікі медальёнчык з фотаздымкам каханай…

Настаяцель храма іконы Божай Маці «Взыскание погибших» пратаіерэй Сергій Крышталь адказвае за работу Лунінецкага благачынія па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і праваахоўнымі органамі. На нядзельнай літургіі была агучана запіска аб здароўі воінаў-пашукавікоў. Свяшчэннік маліўся за маладых людзей, якія ажыццяўляюць высакародкую справу аднаўлення гістарычнай памяці. 

У тым, што так і будзе, можна не сумнявацца. Як стала вядома ад галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргея Молчана, астанкі ахвяр перазахаваюць і ўстановяць памятны знак.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.