Вы тут

Аб абароне персанальных даных, электрамабілях, пандэміі, росце цэн і фэйках. Лукашэнка правёў нараду з урадам


На парадку сустрэчы — некалькі пытанняў: бяспека персанальных даных у лічбавай прасторы, развіццё электратранспарту, заканатворчасць, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, барацьба з ковідам, рост цэн і ўборка ўраджаю. Кіраўнік краіны адзначае, нягледзячы на ​​тое, што праблемы разнапланавыя, іх аб'ядноўвае адно — актуальнасць рашэння для  грамадства.


Пра інфармацыйную бяспеку

Аляксандр Лукашэнка нагадаў,  што ў маі бягучага года прыняты закон, накіраваны на забеспячэнне і абарону правоў грамадзян пры апрацоўцы іх персанальных даных. Для яго практычнай рэалізацыі і належнага кантролю ў названай сферы неабходна стварыць асобную структуру.

Прэзідэнт падкрэслівае: хацеў бы пачуць вынікі ўсебаковай прапрацоўкі гэтага пытання. «Якія варыянты вывучаліся і што прапануецца зрабіць у гэтым кірунку, у тым ліку з улікам міжнароднай практыкі і нашых магчымасцяў? Чаму не разглядаецца магчымасць ускладання функцый па абароне персанальных даных на адзін з існуючых у нашай краіне органаў?» — заўважае кіраўнік краіны.

Укараненне электратранспарту

Другое пытанне нарады датычылася перспектыўных напрамкаў выкарыстання ў рэспубліцы электратранспарту.

Па словах кіраўніка краіны, сусветная практыка паказвае, што курс на развіццё, апераджальнае ўкараненне інфраструктуры да яго, быў правільны, і практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам.

«Гэта надзённая неабходнасць і для нас — як з пазіцыі адсутнасці дастатковых аб’ёмаў уласнай нафты, так і з улікам запуску Беларускай АЭС. Акрамя эканамічных аспектаў немалаважна і экалагічнае вымярэнне гэтай праблемы. Таму спыняцца ў стварэнні належных умоў функцыянавання гэтай новай сферы нельга ні ў якім выпадку», — сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб рашэнні гадовай даўніны — аб прадастаўленні шэрагу льгот для павышэння зацікаўленасці насельніцтва ў набыцці легкавых электрамабіляў. Як лічыць урад, гэтая практыка сябе апраўдала, а цяпер наспела неабходнасць увядзення дадатковых стымулаў.

Аляксандр Лукашэнка пытаецца, ці дазволяць гэтыя стымулы больш актыўна абсталёўваць паркі электратранспарту як для пасажырскіх, так і для камерцыйных перавозак, ці зробяць яны гэтую тэхніку больш даступнай для нашых грамадзян і бізнесу?

«Акрамя таго, нельга забываць і пра інфраструктуру. На заправачных станцыях па ўсёй рэспубліцы павінна быць магчымасць хуткай зарадкі легкавых электрамабіляў. На сённяшні дзень толькі каля 10 працэнтаў аўтазаправачных станцый ажыццяўляюць такую паслугу. А трэба значна больш. Мы нядаўна размаўлялі з чалавекам, які за гэта адказвае, — кіраўніком „Беларусьнафты“ Ляхавым (Аляксандрам. — „Зв.“). Усе задачы вырашаны. Нічога яго не стрымлівае, каб нарошчваць магутнасці. Тым больш што неабходнае абсталяванне для гэтага Беларусь стварае цалкам. Хацеў бы атрымаць больш выразныя ацэнкі чаканых наступстваў прапанаваных у гэтым кірунку рашэнняў», — падкрэслівае кіраўнік краіны.

Навацыі ў заканадаўстве

На нараду таксама вынесена пытанне аб актуалізацыі асобных актаў кіраўніка дзяржавы з улікам новых кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці, а таксама закона па пытаннях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы.

«Мяркуецца замяніць такі індыкатар, як велічыня мінімальнага спажывецкага бюджэту, на велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму. Ці не атрымаецца, што з-за тэхнічных правак перастануць працаваць даўно адладжаныя механізмы? Гэтага дапусціць нельга, бо атрымаецца, як некалі ў сістэме адукацыі: хацелі, як лепш, а атрымалася, як вядома», — дадае Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначае, што выклікае занепакоенасць інфармацыя аб праблемах у рэалізацыі шэрагу інвестыцыйных праектаў. 

«Мы не можам сарваць устаноўленыя тэрміны, таму што гэта значныя фінансава-эканамічныя страты. А сёння як ніколі на рахунку кожная капейка», — заўважае Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён лічыць, што шэраг пытанняў маглі быць вырашаны і без удзелу кіраўніка дзяржавы. «Прытым што ў нас ёсць больш надзённыя і нават неадкладныя праблемы. Гаворка перш за ўсё ідзе аб барацьбе з пандэміяй», — акцэнтуе Прэзідэнт.

Харчовая бяспека і рост цэн

Па словах кіраўніка краіны, акрамя супрацьэпідэмічных пытанняў стаіць задача стрымлівання росту коштаў, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень. Асабліва гэта датычыцца прадуктаў харчавання.

«Людзі не хочуць разумець, што рост цэн на нейкія тавары — гэта дабрабыт калектываў, што ствараюць гэтыя тавары, — падкрэслівае Прэзідэнт. — Гараджан не цікавіць, калі цэны на бульбу выраслі, гэта значыць, сяляне атрымалі невялікі дадатак да сваёй заработнай платы. Гараджан гэта не цікавіць, людзі так не мысляць».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, важная тэма, якую падымаюць людзі, — суадносіны росту цэн і даходаў насельніцтва.

«Людзям усё роўна, якія будуць цэны ў магазіне. Былі б грошы ў кішэні, каб за гэтую цану набыць тавар. І вось гэтую прапорцыю і баланс неабходна падтрымліваць, чаго б гэта не каштавала. Я хачу, каб ва ўрадзе, прафсаюзах і дэпутаты гэта ўспрынялі», — акцэнтуе Прэзідэнт.

З прыняццем антыінфляцыйных мер павінен быць наведзены парадак там, дзе пачынаецца эканоміка галіны, якая забяспечвае харчовую бяспеку, канстатуе кіраўнік краіны. Яго часам насцярожваюць тэндэнцыі ў аграпрамысловым комплексе, хоць дзяржава падставіла плячо па ўсіх пытаннях, дзе падтрымка была неабходна.

«Уборку ўраджаю ў цэлым завяршылі. Засталося крыху буракоў, яны збіраюцца па плане. Гэта не праблема. Скончылі практычна ўборку бульбы. Кукурузу на сілас амаль завяршылі, засталася кукуруза на зерне. Многія лічаць, што кукурузу на зерне можна збіраць і ў снежні, магчыма, калі будзе сухое надвор’е. Але ў Беларусі такога не бывае, таму рызыкаваць не трэба. Неабходна завяршаць з уборкай кукурузы на зерне. І гэты працэс трэба актывізаваць», — патрабуе Прэзідэнт.

Гэта, заўважае ён, дае дадатковыя тысячы, мільёны тон зерня, якіх не хапае. Таму магчымасць па выніках года будзе выйсці на вытворчасць усіх відаў зерня звыш дзевяці мільёнаў тон.

«Канешне, гэта не 10 мільёнаў тон леташнія, але дзевяць мільёнаў прымальны аб’ём, што забяспечыць цалкам патрэбы нашай дзяржавы. Хопіць і для людзей, і для кармлення жывёлы, каб было мяса і малако. Неабходна актывізавацца», — загадвае Прэзідэнт.

Як адзначае ён, тут жа стаіць і пытанне закладкі стабілізацыйных фондаў. Аляксандр Лукашэнка папярэджвае кіраўнікоў усіх узроўняў: стабфонды з савецкіх часоў выкарыстоўваем як рэзерв для згладжвання скокаў цэн і стабільнага насычэння спажывецкага рынку ў міжсезонны перыяд.

«Капуста, бульба, морква, буракі і іншае, што мы закладаем у сховішчы, — гэта, каб забяспечыць нашых людзей у асенне-зімовы перыяд пакуль не з’явіцца новы ўраджай. Зрабіце так, каб гэтых прадуктаў хапіла. На працягу лістапада нам трэба будзе грунтоўна пагаварыць па гэтых пытаннях: гатоўнасць да зімова-устойлавага перыяду і напаўняльнасць агароднінасховішчаў на зіму», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што пытанняў, якія патрабуюць рашэння, шмат, і іх будуць падкідваць з розных бакоў. 

«Пасля маніторынгу сродкаў масавай інфармацыі розных форм атрымліваю адпаведную інфармацыю. 99,8 працэнта — гэта фэйкі, але ёсць інфармацыя, на якую неабходна звяртаць увагу. Таму праходзіць гэты маніторынг і з выездам на месца. Я не хачу пералічваць усе гэтыя фэйкі. Камітэт дзяржкантролю за ноч і раніцу праверыў некаторыя рэчы: дзіву даешся, калі гэта чытаеш», — абураецца Прэзідэнт.

«І лепш прыняць не зусім дакладнае рашэнне, але дзейнічаць»

Аляксандр Лукашэнка вяртаецца да тэмы ковіду і адзначае, што ўсе яго рашэнні ў гэтай сферы падлягаюць хуткаму выкананню.

«Калі атрымаецца так, як у Бабруйску ці Мінску... Не паспелі адмяніць раней прынятыя, Наталля Іванаўна (Качанава. — „Зв.“), рашэнні ў гарвыканкаме і пакінулі глупства, якое страшна чытаць. Наталля Іванаўна, чаму я пытаю вас, бо Мінск — гэта рассаднік гэтых фэйкаў. Я не хацеў бы з вамі, як з чалавекам адказным, на гэтую тэму больш размаўляць, як і з усімі іншымі. Рашэнні будуць імгненныя і кардынальныя. Не толькі вас гэта датычыцца. Магчыма, і Назарава (Юрыя. — „Зв.“) па Гомелю гэта больш датычыцца, чым вас. Я бяру толькі да прыкладу», — сцвярджае Прэзідэнт.

Па яго словах, у сённяшняй складанай сітуацыі ў свеце і дзяржаве, вельмі важная выканальніцкая дысцыпліна і адзінае кіраўніцтва.

«Калі ідзе вайна не абмяркоўваюцца розныя варыянты на працягу тыдняў, бо за гэты час загінуць тысячы людзей. І лепш прыняць не зусім дакладнае рашэнне, але дзейнічаць. Мною прынятыя вывераныя рашэнні, якія падтрыманы людзьмі, ды і вы не былі супраць. Дык выконвайце! Таму любое невыкананне, інфармацыя на гэтую тэму — не скардзіцеся на мяне, нягледзячы на тое, што вы ўсе мае людзі, але працаваць вы са мной не будзеце. Гэта датычыцца ўсіх, асабліва Мінска», — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважае, што апаненты ўлады чапляюцца да ўсяго, любых выказванняў і дзеянняў кіраўніка краіны. Па яго словах, на нарадзе па ковіду спецыялісты адзначылі: ковід «прыдавіў» сезонны грып і той пакуль амаль не цыркулюе. Плюс за часы пандэміі адбылося рэзкае падзенне захваральнасці на анкалогію і смяротнасці ад яе. Як паведаміў Аляксандр Лукашэнка, вучоныя першы год думалі, што людзі не звяртаюцца з анакалагічнымі праблемамі з-за ковіда, калі працягвалася зніжэнне другі год, спецыялісты зрабілі выснову: ковід паўплываў на цячэнне анкалагічных захворванняў. 

«У нашым цэнтры анкалогіі вучоныя гэта заўважылі. Я пачаў Краснага (Сяргей, намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі і гематалогіі. — „Зв“.) дапытваць, і ён сказаў, што гэта заўважаюць, і рызыкнуў у свеце гэта заявіць. Я сказаў, што ў свеце аб яго ногі вытруць добра: навіна — ковід „прыціснуў“ анкалогію. Я пра гэта сказаў у іншай бальніцы (пры размове з калектывам Мінскай абласной бальніцы ў сераду. — „Зв.“), што пачарпнуў нешта новае: учора, што ковід „прыціснуў“ грып, а сёння, што ковід паўплываў на анкалогію, — расказвае на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. — Я тады адзначыў, што лепш мы будзем лячыць ковід, чым анкалогію. Божа мой, ад Беларусі да Амерыкі, хто толькі ногі не выцірае аб гэтую заяву Прэзідэнта. Я ж не сказаў, што ковід лечыць анкалогію. І кожны чапляецца, няхай амерыканцы, еўрапейцы, але ў Расіі колькі разумных з’явілася: „Прэзідэнт не спецыяліст, кажа, што ковід лечыць анкалогію“. Але ж я так не гаварыў. Гэта кажа пра тое, што на любы чых рэагуюць вакол — Беларусь костка ў горле».

Каментарый у тэму

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман ГАЛОЎЧАНКА пасля нарады акцэнтаваў увагу на стане інвестыцыйнага праекта, пра які ішла размова на нарадзе, — Мёрскі металапракатны завод.

«Урад прапанаваў крокі па стабілізацыі фінансава-эканамічнай сітуацыі на прадпрыемстве, якое апынулася ў цяжкім становішчы па шэрагу прычын. Была вялікая колькасць пралікаў на стадыі інвестыцыйнай. І зараз на прадпрыемстве цяжкасці з абслугоўваннем крэдытнай нагрузкі, — паведаміў прэм’ер. — Нягледзячы на тое, што гэта праект прыватны (дзяржава ўдзельнічала толькі ў стварэнні інфраструктуры для яго), прынята рашэнне: дзяржава прадпрыемства не кіне».

Асноўная прычына — кадры, якіх на заводзе каля 600 чалавек. Раман Галоўчанка запэўнівае, завод будзе жыць.

«Мы будзем адказваць за тое, каб гэта прадпрыемства працавала, захоўвала працоўныя месцы і выйшла на тыя параметры, што дазволяць яму выконваць свае абавязкі перад крэдыторамі», — рэзюмаваў тэму кіраўнік Саўміна.

Аляксандр ЧАРВЯКОЎ, міністр эканомікі прадставіў рашэнні па развіцці электратранспарту ў краіне. Ён расказаў, што за тры гады 5700 электрамабіляў былі куплены са зніжкамі, якія ўстанавіў адпаведны Указ. Па словах міністра, актыўна развіваецца інфраструктура пад электратранспарт — у краіне створана больш за 480 зарадных станцый. Да канца года іх ужо будзе каля 600.

Адзінае, што выклікае турботы ведамства — нізкая колькасць электрамабіляў у беларусаў. Іх доля менш за 1%. Для стымулявання набыцця электратранспарту на нарадзе былі ўнесены наступныя прапановы.

«Было прапанавана некалькі навацый з боку ўрада. Першае — нормы Указа, што ўжо існуюць, будуць распаўсюджаны не толькі на легкавы, але і грузавы, пасажырскі транспарт. Тым самым будзем стымуляваць купляць не толькі фізічныя асоб, але і пашыраем спектр на юрыдычных асоб. Другі момант датычыцца саміх мер стымулявання — гэта нулявы ПДК для вытворцаў электрамабіляў і тых, хто ўвозіць камплектуючыя», — паведаміў міністр.

На яго думку, гэтыя меры дазволяць да 2025 года павялічыць колькасць электрааўто ў Беларусі да 100 тысяч.

Начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Андрэй ПАЎЛЮЧЭНКА паведаміў, што кіраўнік краіны падтрымаў ідэю па стварэнні дзяржаўнага органа, які будзе адказваць за ахову персанальных даных.

«Гэта дзяржорган будзе створаны, каб развіваць заканадаўства, знаходзіць ініцыятывы, узаемадзейнічаць з аператарамі, што апрацоўваюць вялікую колькасць персанальных даных, будзе выдаваць рэкамендацыі нашым грамадзянам, навучаць людзей больш уважлівым адносінам да інфармацыі, што яны пакідаюць у адкрытых крыніцах. Гэта будзе такога кшталту адукацыйная работа з суб’ектамі», — сказаў Андрэй Паўлючэнка.

Будучая структура атрымае назву Нацыянальны цэнтр па абароне персанальных даных і атрымае незалежнасць для свабоднага ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі.

Марыя ДАДАЛКА 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?