Вы тут

Таццяна Кубліцкая: Беларусы маюць арыгінальныя казкі, паданні, легенды


Часта, калі ў поле зроку трапляецца мультфільм беларускай вытворчасці, я лаўлю сябе на некалькіх думках. Па-першае, іх, напэўна, робяць тыя, хто вельмі любіць дзяцей. Па-другое, уменне гаварыць з самай патрабавальнай аўдыторыяй цікавае: прывіваць ім любоў да роднага і вечных каштоўнасцяў — майстэрства вышэйшага пілатажу. А калі ўбачанае на экране яшчэ і кранае, часам нават да слёз, то проста захапляешся сапраўднымі прафесіяналамі. Адным з такіх з'яўляецца і мая суразмоўца — мастак-пастаноўшчык, сцэнарыст, рэжысёр-пастаноўшчык студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Таццяна КУБЛІЦКАЯ.


Кожны раз ствараем новы свет

— Таццяна Васільеўна, сёлета беларуская мультыплікацыя адзначае 50-годдзе. Якія вашы адчуванні і ацэнкі адносна таго, што мы маем і куды рухаемся?

— Добра, што ў Беларусі ёсць студыя анімацыйных фільмаў. Бо кінавытворчасць і анімацыя ў прыватнасці — вельмі дарагое задавальненне. Тут патрабуецца ўвага і фінансавыя выдаткі. І тое, што ўдалося захаваць гэтую вытворчасць (а перажывалі мы розныя часы), гэта вялікі плюс. Для краіны ў тым ліку. Таму што беларуская анімацыя пазнавальная: у нас добрыя майстры, і, пераглядаючы некаторыя работы калег, я адчуваю гонар за іх. Што будзе далей — ніхто не ведае, але тое, што студыя праіснавала паўстагоддзя і працягвае жыць — заслуга ўсіх, хто працаваў і працуе тут. Я бязмежна ўдзячная ўсім, хто меў дачыненне да з'яўлення маіх фільмаў.

Мабыць, калі сабраць іх разам, то нават атрымаецца запоўніць невялікую кіназалу. Часта мы працавалі проста на энтузіязме, і я адчувала такую падтрымку, без якой проста ўвогуле нічога не атрымалася б.

Вельмі ўдзячная за супрацоўніцтва Уладзіміру Кандрусевічу, з якім мы рабілі музыку для некаторых маіх мультыплікацыйных фільмаў, а «Песні жаўрука» і «Паданне пра гуслі» былі б не такімі кранальныя і паэтычныя без жывой музыкі Леаніда Паўлёнка і калектыву «Нагуаль». Акцёры, мае дзяўчаты-мастачкі і ўсе, з кім мы былі адзіным творчым калектывам, яны давалі веру ў поспех і перакананне, што побач тыя, на каго можна разлічваць.

— А як вы прыйшлі на «Беларусьфільм»? Выбар прафесіі быў па закліку сэрца?

— Я апынулася тут выпадкова, па размеркаванні. Гэта былі 1980-я гады. Але на тэлеэкране мне часцей за ўсё трапляліся дастаткова простыя работы (я па адукацыі мастак), і яны не надта ўражвалі. А потым мяне размеркавалі на «Беларусьфільм». Мы рабілі і прамалёўку, і заліўку. І тое, што мы паглыбляліся ў працэс маляванага мультфільма і праходзілі розныя этапы яго стварэння, дало добры вопыт і ўяўленне пра кухню кінадзейнасці.

— Відаць, мультыплікацыя ўсё ж зацягнула...

— Напэўна. Спачатку мы з Алай Мацюшэўскай як мастакі-пастаноўшчыкі зрабілі свой першы лялечны фільм «Як Васіль гаспадарыў», а потым ужо з'явіліся і іншыя карціны. Пайшлі самастойныя работы. З лялькамі было вельмі прыемна працаваць. Спачатку іх заказвалі ў Маскве, майстры-лялечнікі па эскізах рабілі нашых герояў. Так лялька пасля адыгрывала цэлы фільм.

Зараз з'явіліся новыя тэхналогіі аб'ёмнай анімацыі. Але ў любым выпадку пад канец праекта ўсе персанажы ўжо як жывыя, і ты ведаеш, як яны сябе паводзяць, на што яны здольныя.

— Калі фільм зроблены і вы адпускаеце яго ў свабоднае плаванне, што адчуваеце? Ці адсочваеце, як ацэньваюць яго гледачы і калегі па цэху?

— Меркаванне гледачоў, калег, безумоўна, важнае для мяне. Але ёсць моманты прынцыповыя, якіх трэба прытрымлівацца. Інакш губляецца сэнс або стыль фільма.

Бывае, калі нешта ў выніку не атрымліваецца так, як хацелася, то першы час нават не можаш глядзець работу. А пасля альбо прымаеш, альбо адчуваеш шкадаванне пры кожным праглядзе.

— Вы 40 гадоў працуеце ў сферы стварэння мультыплікацыйных фільмаў. Як змяняўся ваш погляд на прафесію і што тут пераважае: творчасць альбо руціна?

— Руціны тут увогуле няма, бо кожны раз мы ствараем новы свет. Адзінае, што заўсёды думаеш, ці ўдасца паспець зрабіць усё ў тэрмін. І гэта пэўны стрэс. Разам з тым трэба ўлічваць і мастацкі складнік, бо пасля ж нікому не патлумачыш, чаму адно не зрабілі, другое не паспелі і гэтак далей. У любых умовах патрэбна знаходзіць нейкі кампраміс, каб на выхадзе атрымаць добры вынік.

Знайсці сваё і не паўтарыцца

— Пераход ад мастака-пастаноўшчыка да рэжысёра вам лёгка даўся?

— У той перыяд у мяне не было работы як у мастака-пастаноўшчыка. З'явілася нагода зрабіць невялікі фільм, я паспрабавала. Дадатковая адказнасць, безумоўна. Але і новыя магчымасці.

— А як адбываецца пошук таго самага свайго непаўторнага вобраза, калі ёсць тэма, якую трэба ўвасобіць на экране?

— Банальныя ідэі, якія ўзнікаюць у першыя моманты (падсвядомасць жа спачатку выдае тое, што ты ўжо недзе бачыў, чытаў, чуў), я адмятаю і заўсёды стаўлю сабе задачу прыдумаць нешта сваё. На мой погляд, тэма вызначае стыль. Для фільма «Вясна ўвосень» па казцы Уладзіміра Караткевіча, вельмі выяўленчай, паэтычнай, рабіла акварэльныя накіды-настроі. Хмуры восеньскі дзень, неспакойнае мора («жах-трызненне») хворага Хлопчыка, Сонца. Часам спачатку працуеш над персанажамі.

Напрыклад, вобраз Бабы-Ягі ў «Піліпку» доўга не магла знайсці. Персанаж гэты вядомы, але вельмі хацелася не паўтарыцца. Там увогуле толькі тры персанажы, і мне было важна кожны з іх прапрацаваць максімальна дасканала. Тая ж казка «Піліпка» дзецям вельмі падабаецца. Толькі мне не хацелася, каб герой варыў кагосьці, пра што я адразу сказала аўтару сцэнарыя. Інакш што ж гэта за персанаж атрымаецца? Ён жа, па сутнасці, будзе паводзіць сябе як Баба-Яга. Калі ў дзяцінстве чытала «Канька-Гарбунка», то добра памятаю адчуванне, што мне вельмі не падабалася, калі цар зварыўся, і ўсе радуюцца.

Я не разумела, чаму нельга было знайсці іншы варыянт. Таму Піліпка ў нас нікога не варыць, а Баба-Яга яго адпусціла, а ў кадры гучыць «Гэты хлопчык такі добры, што, напэўна, зусім нясмачны».

— У вашых работах ярка гучыць тэма беларускай культуры. З самага пачатку разумелі, што хочаце ў такім ключы размаўляць з аўдыторыяй?

— Беларусы маюць арыгінальныя казкі, паданні, легенды, багатую літаратуру. І мы цікавыя іншым сваёй адметнай культурай. Мне важна знаёміць гледачоў з нашымі скарбамі.

— Мне таксама падабаецца ў вашых работах, што можна знайсці шмат сэнсаў. У тым жа «Паданні пра гуслі» гучыць тэма вайны і здольнасці мастацтва аб'ядноўваць людзей. Як прадумваеце падачу такіх момантаў, разумеючы, што ваш глядач — дзіцячая аўдыторыя?

— Калі ўзяць «Паданне пра гуслі», то я раю яго на ўзрост 7+. Мы яшчэ да пандэміі паспелі пабываць на фестывалі ў Беластоку, і там гэты мой фільм стаяў у праграме 10+, і тое добра. Дзеці глядзелі ўважліва і задавалі цікавыя пытанні... Працуючы над гэтым мультфільмам, я ўспамінала і казкі, і беларускую міфалогію. Там ёсць думка пра тое, што найбольш церпяць ад катаклізмаў самыя безабаронныя — жанчыны і дзеці. Згадвала гісторыю сваёй сям'і.

Вопыт — ключ да ўсяго

— Старонкі асабістай біяграфіі, настрой падчас работы над праектам заўсёды ўплываюць на творчасць?

— Гэта непазбежна. Ты ствараеш персанаж, і няма ніякай розніцы: гэты хлопчык з далёкага мінулага ці наш сучаснік. Проста вопыт дае разуменне, як герой можа дзейнічаць у пэўных сітуацыях. У «Паданні пра гуслі» дзевяцігадовы хлопчык сыходзіць на пошукі бацькі, які быў на вайне. А калі сцэнарый прачытаў мой брат, то спытаў: «Ён жа старэйшы мужчына ў сям'і, і сышоў?» І пасля гэтага важнага пытання ўзнікла сцэна, дзе герой выменьвае сваю дудку на бохан хлеба (бо пакідае маці з малодшымі дзецьмі), а толькі тады адпраўляецца ў дарогу. Вядома, фільм мог існаваць і без гэтай сцэны, але тут вельмі важны жыццёвы момант...

— Ці адрозніваецца ўспрыманне вашых фільмаў у залежнасці ад таго, аўдыторыя якой краіны яго глядзіць?

— Рэакцыя на ўбачанае заўсёды крыху розная. Але дзецям цікавы герой, які дапамагае адказаць на свае пытанні, страхі, паказвае прыклад паводзін. У Германіі, напрыклад, вельмі ўважліва ставяцца да адпаведнасці фільмаў узросту гледачоў.

А ў Польшчы мне запомніўся хлопчык, які пасля прагляду «Падання пра гуслі» спытаў: «А чаму хлопчык, які крыўдзіць галоўнага героя, такі злы?» Мне здаецца, калі такія думкі ў дзіцяці ўзніклі, то ў яго ёсць усведамленне каштоўнасці іншага чалавека і для яго важна не нашкодзіць бліжняму.

— З 25 да 27 кастрычніка пройдзе фестываль «Анімаёўка», дзе вы будзеце ў журы дзіцячага конкурсу анімацыйных фільмаў. Што даюць такія мерапрыемствы наведвальнікам, акрамя адкрыцця новых фільмаў і імёнаў?

— Лічу, што «Анімаёўка» для Магілёва — сапраўдны падарунак лёсу. Бо кожны раз адчуваеш, як да гэтага мерапрыемства рыхтуецца ўвесь горад: тут цікавыя творчыя калектывы і ўдзельнікі, праграмы на любы густ і адданая праца арганізатараў фестывалю. І людзі прыходзяць і глядзяць тое, што выклікае ў іх інтарэс. Вельмі цікавы і важны досвед атрымліваюць дзеці, што ўдзельнічаюць у анімацыйным конкурсе альбо ў гуртках выяўленчага мастацтва. Неабавязкова потым яны пойдуць у анімацыю. Але заняткі творчасцю, прагляд добрых фільмаў і іх абмеркаванне абавязкова спрацуе на карысць у будучыні. Незалежна ад абранай прафесіі ўменне глядзець на рэчы з розных ракурсаў і прыдумваць штосьці нестандартнае дапаможа. Важна і тое, што потым мультфільмы з праграмы фестывалю едуць да гледачоў па ўсёй краіне.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва суразмоўцы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.